epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Сябры

Няспынна шум плыве з імглы

З цяжкім салёным ветрам,

Імкне да сонечнай зямлі,

У зелені адзетай.

 

А я задуманы сяджу,

Прад зрокам даль марская,

На хвалі светлыя гляджу,

Сваіх сяброў чакаю.

 

З-за небасхілу будзе знак —

Устане з хваляў кропка,

А потым мачта

На маяк

Скіруецца таропка.

 

Сябры прыедуць з далячынь,

У сэрцы столькі свята!

Нам ёсць пагутарыць аб чым,

У дружбе дні багаты.

 

Сябры — мой родны рускі брат,

Сын шчырай Украіны,

Масква, Батумі, Ленінград —

З усіх куткоў краіны.

 

У нас усіх адзін узлёт

Душы крылатай, шчырай

І мары смелае палёт

У роднай вольнай шыры.

 

Для нас не здолее нішто

Закрыць прыгожых даляў

І закаваць той дум прастор,

Які мы раскавалі.

 

Бо наш гартоўны экіпаж

Да новых мкне падзеяў,

Натхнення поўны кожны з нас

Ад ленінскіх ідэяў.

 

...Сябры мне будуць гаварыць,

Як песняй менестрэля,

Пра мора, што ўдалі шуміць,

Пра ўсё, што дзе сустрэлі.

 

Аб палыханні ціхіх зор

У цішыні світальнай

І што казаў марскі прастор

У магутным калыханні.

 

Пра спеў, з якім у свет плылі

Пад сцягам славы, дружбы

Сыны суровае зямлі —

Савецкія Калумбы.

 

...У думках пройдзем па зямлі

Вялікай, прамяністай,

Дзе штурмы слаўныя прайшлі

Пад сцягам камуністаў.

 

Мы ўсіх адважных сабярэм,

Сыноў сям’і крылатай,

І наплывём пад спеў сірэн

Шляхамі арганаўтаў.