epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Сярод чаротаў

Я іду па канале сярод чаротаў. Тарфяная вузкая сцежка ўгінаецца пад маімі нагамі. Адбіткі розных слядоў так значны, што можна іх разглядаць нават без павелічальнага шкла. Сярод босых ног і ножак, падэшваў ад ботаў найбольш прыкметны адбіткі лапцей і лапцікаў, так знаёмых і тут ад вякоў прывычных. Падплёт — адзін за другім — адбіваецца па сцежцы, як кратачкі — стройнымі вузенькімі радочкамі.

Я іду сярод чаротаў. Канал свежы, нядаўна закончаны генеральскімі экскаватарчыкамі, нават быстравата нясе ў сваім рэчышчы прасвечаную сонцам, рудавую ваду. Яна нагадвае настой з векапомных раслін вось гэтай навакольнай зямлі, на якой яшчэ і цяпер можна адчуць дыханне сівой, шматмільённай даўнасці старыны нашай матухны-зямлі. Тут ля ног шалешчуць па далінах буйныя хвашчы, як маленькія далікатныя елачкі. Яны вядуць свой род ад ледавіковага перыяду. Тое самае трэба сказаць і пра духмяны ядловец. Ну, вядома, і пра чароты, з якіх праз многія стагоддзі стварыўся торф — залёг урадлівымі пластамі на шырокай і, як-ніяк, яшчэ таямнічай палескай нізіне.

Я іду сярод чаротаў... Лёгкі ветрык плыве па асушанай даліне і сваім подыхам злёгку лашчыць чароты і мяне. Яны бясконцыя — гэтыя чароты. Трэба думаць, даходзяць яны аж да самай Прыпяці — гэтай маці неабдымных балот і лясоў. Чароты злёгку хвалююцца, а часам хіляцца ніжэй, і тады льсняцца пад сонцам шэра-шаўкавістыя блікі вострага задумнага лісця, каб потым выпрастацца зноў.

Колькі могуць ахапіць мае вочы ўдалечыню, насустрач мне ўсё плывуць у бляску сонца япы, вастралістыя чароты. Коцяцца хвалямі, пераліваюцца сонечнымі фарбамі і ў высокіх сваіх гушчах датыкаюць майго твару.

Нідзе нікога навокал. І пачынае здавацца, што наогул на свеце няма ні душы. Толькі чароты і я плывём пад сонцам. І ў сваім ільсняным пераліве чароты шэпчуць мне вялікую быль зямлі, якая пачынаецца ад тых парогаў, якія завуцца першабытнасцю. Адтуль чароты на сваіх хвалях нясуць нястомную, непазбежную, як праўда, казку вялікага тварэння.

Я іду сярод чаротаў. І, відаць, мне не хопіць дзён, каб прайсці праз іх да далёкага канца. Нідзе нікога... Я іду — і ў душы святкую нейкі нязведаны гімн прыродзе. Я люблю... люблю...

Я спыняюся і ўслухоўваюся ў перашэпты чаротаў. А яны, перашэпты, такія выразныя, вострыя і жорсткія, быццам нажавыя. Выраслі ж яны на суровай зямлі, прабіліся к сонцу з першабытных глыбінь. І цяпер расказваюць пра свой жорсткі шлях. Казка іх доўгая, бясконцая. Вокам акінуць — яны ўсё шэпчуць і шэпчуць. І здаецца, толькі я адзін заслухаўся ў іх перашэпты. Прыклаў далонь над вачыма, нібы шукаю чагосьці ці кагосьці. І там далёка мільганула нешта белае і раптам знікла. Я гляджу — мільганула зноў — і зноў знікла. Нехта ці нешта набліжаецца да мяне. Я пайшоў насустрач — не ведаю каму ці чаму.

Угінастая сцяжынка — чорная — віецца, як змейка, перада мною і вядзе ўсё ў больш высокія і густыя чароты. І на нейкім павароце сцяжынкі мільганула з чаротнай, зялёнай гушчыні маладая жанчына, убраная не па-вясковаму. Можна сказаць, нават па-гарадскому. Але сціпласць убрання згладжвала вастрыню гарадской моднасці і рабіла ўражанне нейкай свойскай прыемнасці. Шэрая куртачка па таліі, падобная да мужчынскага пінжака, такая ж шэрая спаднічка, крыху ніжэй каленяў, і звычайныя жоўтыя туфлі на нізкіх абцасах. Белая, чысценькая хусцінка, павязаная вузлом на патыліцу, прыадкрывала вачам цёмна-русыя валасы. Мне тут жа адчулася гармонія паміж яе хусцінкай, валасамі, шэрымі задуманымі вачыма і гэтымі навакольнымі чаротамі. Адкуль ты ідзеш і куды, загубленая ў чаротах? Пад правай рукой сціснуты ахапачак кніжак. Я ўглядаюся ў жанчыну і пачынаю квітнець душою. Адчуваю нешта харошае, шчаслівае.

— Куды ж вы? — пытаюся.

— А вось у сяло. Брала кніжкі ў тутэйшай бібліятэцы сярэдняй школы. А цяпер нясу назад.

— Ага... Вы — настаўніца?

— Настаўніца... пачатковай школы.

— Зразумела. Дык гэта, відаць, вы пратапталі гэтую чорную цудоўную сцежку праз чароты?

— Трошкі і я,— усміхнулася настаўніца.

І раптам дадала:

— Ну, а цяпер і вы...

Мы хораша засмяяліся. Чароты то закрывалі нас на сцежцы, то адкрывалі свету. А мы гутарылі, глядзелі адно другому ў вочы, быццам пазнавалі адно другога пасля доўгай разлукі.

Я пытаўся пра яе школу, пра колькасць дзяцей у ёй, пра самую вёску, пра звычаі мясцовых людзей, пра калгасную гаспадарку і нават, як людзі тут адзяюцца і пра шмат чаго яшчэ ў жыцці палешукоў.

Яна расказвала павольна, не спяшаючыся, часам акідаючы позіркам чаротныя далі. І тады здавалася, што на момант прыціхалі чароты.

Яна пяць год працуе ўжо настаўніцай — гэтая сціплая паляшучка. Працуе тут сярод чаротаў, дзе, здаецца, нікога няма, дзе толькі шумяць першабытныя лясы і чароты. Не, тут жывуць, туляцца ў абдымках суровай прыроды людзі, — цэлыя вёскі і вёсачкі. І вось у гэтыя гушчы лясоў і чаротаў прабіўся прамень, каб асвяціць народныя глыбіні. Гэта яна, у шэрай куртачцы, сціплая, ласкавая, з ахапачкам кніжак пад рукою. Яна ўжо развітваецца са мной і адыходзіць. Я доўга гляджу ёй услед, аж пакуль чароты не схавалі яе. І мне хочацца ісці далей і крыкнуць ёй наўздагон: «Мая краіна! Ці ж гэта ты, такая доўгачаканая, благаславёная?» І я спыніўся і крыкнуў. А яна чаротным рэхам зычліва адказала: «Так, гэта я... я!»