epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Сірэны

Латвія... Шчаслівы я ў тваёй гасціне,

Стаю на беразе марскім,

Дзе небасхіл бязмежны, сіні

І тоне сонца круг у ім.

 

Блакітнасць вод паволі стыне,

Каб даць пачуць цудоўны гімн —

Звон галасоў напеўнай плыні

Пад кругам сонца залатым.

 

Спявае хто там? Мо сірэны

Карагодам усплылі

У бляску серабрыстай пены?

 

Успышкі-зоры павялі...

Так па краіне шляхам спеўным

Латышкі песню пачалі...