epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Слова пра Мінск

І
ІІ
ІІІ
IV


 

 

50-годдзю Савецкай Беларусі прысвячаю

 

І

Даўнасць ціхая сэрца варушыць

І вядзе, як да вешчых былін...

Бачу — едзе абоз беларусаў

У свой даўні застоены Мінск.

 

Мне і вокам ніяк не абмераць

Гэты дзіўны сялянскі абоз,

Што вось цягнецца ў кураве шэрым

Па шляху між зялёных бяроз.

 

Саматканыя шэрыя світкі,

Хто ў лапцях,

а хто ў ботах, хто — так,

Кожны конік такі невялічкі

Цягне воз, як цярплівы бядак.

 

Хто з глухое, забытае пушчы,

Хто з далёкіх жвіровых палёў,—

Везлі дзежкі, цабры і кадушкі,

Везлі выраб сваіх ганчароў.

 

Абады ясянёвыя, колы

Гурбай, скруткамі цяжка плылі —

Вытвар працы майстэрскай, мазольнай

У лясах беларускай зямлі.

 

І што хатняя рупнасць прыдбала

Ў закарэлым бяднячым кутку,—

Везлі трохі духмянага сала

З пахам кмену і часнаку.

 

Сустракалася часам і масла —

Мо найменш... Бо ад нашых кароў

Мо нідзе не было больш няшчасных,

Хоць і шмат было лесу, лугоў.

 

А у кошыках круглых, лазовых

Можна яйкі было прыкмячаць...

Гэта ўсё той ашчадак вясковы,

Што так пільна збіраўся на час.

 

Не шукайце на продаж пшаніцы,

Не шукайце вы тут табуноў —

Ехаў плён саматужнай зямліцы,

Абяссіленай з ласкі паноў.

 

І яшчэ не ад кожнае хаты

Было трохі жывёлы на торг —

Дзесь вішчалі ў мяшку парасяты,

Дзесь карова рыкала ў прастор.

 

Бульба ехала — наша скарбніца,

Жыта — першы з-пад цэпа ўмалот,

Былі яблыкі, грушы, брусніцы,

Сустракаўся часамі і мёд.

 

Так хадою скрыпучай, няхуткай

Ўсё плылі і плылі ў далягляд...

І мільгалі жаночыя хусткі,

Быццам макам расквечаны шлях.

 

За абозам у кураве шэрым

Людзі пешшу ішлі талакой —

Хто з пілою, хто з гэблем, сякерай,

А хто так — толькі з доляй ліхой.

 

У шуканні надзённага хлеба

Гнала іх злыбяда кожны год...

Ўсе апрануты ў світкі і зрэб’е,

Сваю працу няслі на завод.

 

За плячыма у кожнага клунак,

А ў душы рой няясных надзей —

Дзе ж ім трапіцца ў Мінску прытулак,

Лёс няшчасны куды завядзе?

 

Мо прыйдзецца папасці ў гарбарню,

Ці ў дражджовы завод, ці куды,

Ці ў якую мо там сыраварню,

Ці мо сторажам дзе ад бяды.

 

Так ішлі, ажыўлялі размовай

У бярозах уквечаны шлях...

Эх, скажы ты нам цёплае слова,

Прытулі нас, радзіма-зямля!

 

* * *

Заціхаў аддалёны іх гоман...

Адышлі і знікаюць ўдалі —

Ім услед у задуме на момант

Сіратой пазіралі палі.

 

Са званочкам вось тройка прамчыцца

Наўздагон за абозам паспець,

У карэце кукарда ільсніцца

І жандарскі мільгнуў партупей.

 

Потым зноў апусцела дарога,

Знік лавінаю шумнай народ...

Ціха зноў. Мо не будзе нікога,

Можа, скончыўся гэты паход?

 

Але не... Бо вось нехта паволі

Выпаўзае, брыдзе з-за гары,—

Можа, людзі адменнае долі,

Можа, з казак там багатыры?

 

Ўсе без шапак і вочы сляпыя,

Накрыж торбы вісяць па баках,

І паплёў валасы ім сівыя

Розны вецер на розных шляхах.

 

Раптам ліры жабрачае струны

Хтось кранае прывычнай рукой...

Хто ж не знаў гэты голас пануры,

Хто ж не ведаў у нас жабракоў?

 

Былі гэта яны — не іначай,

Доўгім, ціхім натоўпам ішлі,

Па краіне хадою бадзячай

Скаргі людскай нядолі няслі.

 

Спачувалі ім бедныя людзі,

Разважалі і гэтак, і так,

Што мо з іх не адзін заўтра будзе

Такі самы на свеце жабрак.

 

* * *

Эх, забытай была ты, старонка,

Сумны быў твой цярплівы пагляд,—

Недарма роднай песняю звонкай

Ліўся боль на квяцістых палях.

 

Па прыгожых лясах і палетках

Ўсё тырчалі палацы паноў,

А паны раз’язджалі ў карэтах,

Палявалі на людскую кроў.

 

Падпявалі у тон «дабрадзеі»,

Спраў прыгнечання вартаўнікі,

Што бяздольным няма ўжо надзеі,

Запануюць яны — кулакі.

 

Ці ж не мела ты скарбаў, багаццяў,

Ці ж не мела, краіна, скажы?

Хто ж зрабіў цябе краем няшчасцяў

І нядолі кляймо налажыў?

 

Ад сахі быў твой скарб саматужны,

Але кожны павёз селянін

Яго з верай, імклівасцю дружнай

У свой даўні застоены Мінск.

 

Бо глядзіш на абоз, і здаецца,

Пакідаецца гора ў палях,

І надзеяю поўняцца сэрцы

На той светлы, на заўтрашні шлях.

 

Раздаюцца бадзёрыя гукі,

Пераклікам плывуць на прасцяг,

І дымяцца цыгаркі і люлькі

У вусатых дзядзькоў у зубах.

 

Пазбыліся, здаецца, нядолі

Хоць на момант свабодны адзін,

Як пакінулі хаты і поле

І паехалі шумна у Мінск.

 

Кожны з тайнаю думкай-надзеяй

На удачу, на літасны лёс,

Кожны бога маліў, «дабрадзея»,

Каб ён шчасце на рынку прынёс.

 

Так імкліва плылі... Ужо блізка

Быў чуцён паравозны гудок...

Сустракала іх сонца пад Мінскам,

І спыняўся паволі паток.

 

Паязды... Гэта ім не да твару —

Земляробам сярмяжным, касцам,

Ім чыгунку ўкладаць — гэта справа

Для раскошы панам і купцам.

 

Пазіралі з гары урачыста

З-пад рукі на нізіну ўдалі,

Дзе ў смузе па-над Мінскам імглістым

Гулы раннія ў неба плылі.

 

І з трывогай святою у сэрцах

Адбіваўся няведамы гул...

Што там кожнаму зведаць прыйдзецца?

Што здабыць на жыццёвым шляху?

 

Так часамі ішлі й пілігрымы

З невядомых якіх далячынь

І спыняліся з тайнай любімай

Перад горадам даўніх святынь.

 

* * *

Горад, горад! Ты свежасцю нейкай

Патыхаеш у вочы сялян,

Ажыўляеш часовай уцехай,

Навіною для ўсіх, дзе ні глянь.

 

Тут не хаты, саломаю крыты,

Не збуцвелы, пахілены плот,—

Вось у цэнтры стаяць камяніцы,

І жыве тут іначай народ.

 

Непазнанаю нейкаю тайнай

Гэты свет гарадскі апавіт —

Чаму ўсё так багата і спраўна?

Як здабыліся людзі на спрыт?

 

Вось пытанні, што думкаю цяжкай

Усё кладуцца усім на душу...

І стаіць селянін, як мурашка,

Акунуўшыся ў велічны шум.

 

І з павагай, здзіўленнем ён рады,

Хоць са страхам, няведай, а ўсё ж

Ён як быццам знайшоў Эльдарада,

Дзе купляецца шчасце за грош.

 

Недарма мо і быў так імклівы

У няяснай надзеі іх марш,

Што блісне, можа, доляй шчаслівай

Родны Мінск і жаданы кірмаш.

 

* * *

А кірмаш... Не акінуць і вокам...

Як шуміць і клякоча прыбой,

Стогалосая мова шырока

Усё ўбірае і тлуміць сабой.

 

І чаго тут няма для прыманкі —

Стужкі, пацеркі, хусткі вісяць.

І «Разлуку» іграе шарманка

Сярод віску свіней, парасят.

 

На шарманцы заморская птушка

Пазірае звысоку вакол,

Вабіць людцаў шарманшчык-дакука:

«Падыходзьце, хто з лёгкай рукой!

 

Вам заморская птушка, пабачце,

Ўсё раскажа, хоць што запытай,

Дасць у рукі білецікі шчасця,

Разгарні, пра свой лёс прачытай».

 

Падыходзяць дзяўчаты і хлопцы,

Маладзіцы, старыя ў чаргу,

Кожны шчасця даведацца хоча,—

Мо там злыдні каго сцерагуць?

 

Ці мо трапіць ў кішэню капейка —

Станеш раптам шчаслівы, багат,

Хлопцу трапіцца мілая дзеўка,

А к дзяўчыне навернецца сват?

 

Так пісьменны чытае галосна

Непісьменным на школьніцкі лад...

Эх, наіўная, цёмная вёска,

Да чаго ж ты была дажыла!

 

* * *

Прадалі свае скарбы сяляне...

Што ж далей? Трэ падумаць крыху,

Бо ніколі даходаў не стане,

Каб дзіравую згораць страху.

 

Гэтых дзірак вялікая колькасць —

На адзежы, у пуні, ў хляве,

І дзесятнікі ў вокны галосяць

Несці грошы у воласць, павет.

 

Расплаціцца з царом за падаткі,

Доўг па вэкслях аддаць ліхвяру,

Даць ураднікам добрыя ўзяткі,—

Што ж застанецца гаспадару?

 

Але як ні было там, а трэба

Штось для радасці дзецям купіць —

Трохі мінскага сітнага хлеба,

Абаранкаў узяць — не забыць.

 

А пасля трэба чаркаю горкай

Свае ў корчмах заліць «барышы»

І прыяцельскай п’янай гаворкай

Выліць скаргі збалелай душы.

 

І пайшлі так сусед і знаёмы

За карчомны, гарэлачны стол,

Загудзелі ўсе корчмы, як звоны,—

Даў народ свайму сэрцу прастор.

 

Дзе гаворка, дзе песня, дзе сварка,

Дзе абдымкі ў слязах, дзе праклён,—

Ўсіх жаданні, як клятва, над чаркай

Новых лепшых і радасных дзён.

 

Потым п’янай ішлі талакою

Па выбоях, каменнях-ілбах,

Ўсё шукалі для сэрца спакою,

Пазіралі чагось па баках.

 

Розных крамаў з таварамі столькі —

Ўсё мінаюць, ідуць напралом,

Ім патрэбны яшчэ манаполькі

З гэтым царскім двудзюбым арлом.

 

Падымаліся к роту бутэлькі,

Разбіваліся потым аб брук,—

Манапольныя царскія меркі

Дадавалі ім сілу і рух.

 

Загараліся сэрцы пажарам,

Рвалі к бунту мяшчанам на здзіў,

Аж на конях звісалі жандары —

Свіст нагаек і крык: «Разыдзісь!»

 

Хто пабег, хто пайшоў, а хто падаў,

Ад каменняў згінаўся жандар...

Не адзін адшукаў «Эльдарада»

У турме «за публічны скандал».

 

Дзесь хілілася ў полі бярозка,

Слёзы ціхія доля ліла...

Эх ты, царская цёмная вёска,

Да чаго ж ты была дажыла!

 

* * *

У гэты час па Захар’еўскай, можа,

Ехаў сам губернатар адзін,

Ехаў царскі надзьмуты вяльможа,

Тае «знаці» дваранскае сын.

 

Мо патомак які Мураўёва,

Што для шыбеніц майстар слупоў,

Ці пагромца свабоднага слова —

Яры шчэдрынскі барын Глупоў?

 

За ім світа жандараў на конях

Капытамі вылясквала ў брук,

Каснікі чырванелі, пагоны,

І спыняўся на вуліцы рух.

 

...Нам цяпер вось блішчаць прад вачыма

Даўніх вуліц каменні-ілбы,

І якаясь у сэрцы прычына

Хіліць думкі мае да кляцьбы.

 

На тых плошчах ілбастых, няўклюдных

Загараліся волі агні —

Тут народ сваім гоманам дружным

Біўся горда за лепшыя дні.

 

Нараджаліся воі-трыбуны,

Аддавалі сябе за народ,

Ў дзень расправы крывавае судны

Падымаліся на эшафот.

 

Тут свісталі нагайкі па спінах,

І дыміла рабочая кроў,

Як расстрэламі царская сіла

Забівала не раз змагароў.

 

І як гляну на брук, дык часамі

Мне здаецца на момант, на міг,

Што галовамі плошчы усланы,

Чалавечымі свецяць касцьмі.

 

І таму зараз родзяцца тоны

Ад закураных мінскіх руін —

У асфальце і плітах бетонных

Сніцца мне адбудованы Мінск.

 

Каб у ім наша гордае племя

Расквітала ў душы хараством —

Ідучы па бліскучай панелі,

Песняй славіла кожны свой дом.

 

А па даўнасці бруку хай едзе

Па Захар’еўскай вуліцы ўдаль,

Самадурныя вусы цярэбіць

Царскіх часаў сібірны ўладар.

 

Нешта, мусіць, яму неспакойна,

Хоць не ведае, дзе гэты стан,

Скуль плыве сіла думкі народнай

З грозным заклікам: «Брацця,

паўстань!»

 

* * *

Там над Свіслаччу ціхай, журботнай,

Прыхаваны у зелені дрэў,

Стаіць домік звычайны, работны,

Дзе агонь незвычайны гарэў.

 

Там кавалася зброя для Мінска,

Для працоўных усіх гарадоў,

Стуль агністая Леніна «Іскра»

Далятала да фабрык, палёў.

 

Закладалася гмаху цаглінка,

Шляху слаўнага ВКП(б),—

Гэты дом, запаветны для Мінска,

Стаў нам гордасцю у барацьбе.

 

...Насцярожана сочаць жандары,

Непакоіць іх вулічны рух,

Не пазбегнуць «крамольнікам»кары —

Чуе штось губернатарскі нюх.

 

Знаем, знаем — былі адшуканы

Тыя веснікі новых дарог,

Губернатарам арыштаваны,

Пад канвоем пайшлі у астрог.

 

Але ўсіх губернатараў сіла

Гэты домік здалець не змагла —

Яго песня аковы скрышыла,

Да свабоды народ давяла.

 

Нават той, што расстрэламі сыпнуў

У паўстаўшы у Мінску народ,

Калі песняй свабоднаю клікнуў

Да баёў дзевяцьсот пяты год,—

 

Нават той не здалеў домік знішчыць

Самадур-губернатар Курлоў,

Ў яго Пуліхаў бомбаю пырснуў —

Наш між соцень другіх змагароў.

 

Тут зламаўся і Гітлер-пачвара

Аб цвярдынны савецкі уцёс —

Вырас домік нанова з пажараў,

Сваю славу патомкам панёс.

 

І на вуліцах новага Мінска

Ўжо не б’е капытамі жандар —

Гэты домік, як першая іскра,

Як па царскіх цвярдынях удар,

 

Гаварыць будзе нам аб тых вехах

Шляху слаўнага ВКП(б),

Аб народных змаганнях, уцехах,

Аб вялікай народнай жальбе —

 

Ў час цямрычны, глухі, жывадзёрскі,

Што трывожыў, як жудасны сон,

Гарады нашы, цёмныя вёскі —

Даўні час губернатарскіх дзён!

 

ІІ

Я блукаю ўспамінам па Мінску,

Юнаком сябе бачу у ім,

Помню, промень знаёмы мне бліскаў,

Пахнуў вогнішча роднага дым.

 

З аддалення званкі, быццам гонгі,

Даляталі у вуліцы ціш,—

Гэта дзесь мітуслівая конка

Ад вакзала у горад ляціць.

 

Штось забаўнае ў гэтай карціне,

Штосьці свойскае ў нашай бядзе:

Людзі цешацца — што за навіны,

Што за выдумка хітрых людзей!

 

Конка пнецца... Як бачу сягоння...

Мне так смешна цяпер ўспамінаць,

Як хвастамі вымахвалі коні,

Як галёкаў на іх паганяч.

 

Ах, забаўная ты, саматужнасць,

Як ты цешышся гэтай яздзе,

Ты не знала, што ў будучым мужнасць

Да навін не такіх прывядзе.

 

Што не будзе драмаць тут зацішша,

Дзе тады юнаком я стаяў,

У застоеных подыхах Мінска

Лёсу знак навакол адчуваў.

 

Ўдаль па вуліцы ціхай, жвіровай,

Па размытым дажджамі пяску

Нехта шчыльна рукою суровай

Ўсё сляды свае клаў на вяку.

 

І адкуль цішыня ў свежым ранку?

Нават пуста, людзей не відаць...

Часам пройдзе ў задуме мяшчанка,

Як аскеткі маўклівая здань.

 

Недзе глуха пастуквалі кросны,

Праспяваў сонна певень адзін...

І пад гонтамі, мохам аброслымі,

Сніў аб чымсьці задуманы Мінск...

 

Эх ты, доля, нашто ж тыя звоны

Пераліўна плылі ў перабой:

Праваслаўны — басісты, знаёмы,

І касцельны выенкваў жальбой.

 

Йшлі яўрэі ў свае сінагогі,

Неслі рабіну модлы на здзіў,

А з мячэці свой голас убогі

Недзе зводдалі ліў муэдзін.

 

Ці ж на тое, каб вечна ў паклонах

Чысціню ўсю аддаць алтарам,

Каб пасля ў сваім быце пакорным

Спадзявацца дарма на цара?

 

«Непатрэбна нам спадчыны бруднай,—

Адказала ліхое быллё,—

Мы ў паходзе вялікім, культурным

Змыем ўсё, што на карак лягло!»

 

ІІІ

Вецер, вецер, Кастрычніцкі вецер

На бязмежных расійскіх палях!

У вялікім народным прывеце,

У вялікіх народных баях.

 

Прада мною тамы думак зорных —

Кнігі слаўных вялікіх падзей,

Кожнай літары подых дазорны

Да гісторыі нашай вядзе.

 

Гэта крокі і дні эпапеі,

Векапомны для ўсіх летапіс,

Дзе ў народнае мужнасці спеве

Сэрца Леніна клічам кіпіць.

 

Помню, помню цярпенні салдата

У пажарышчах царскай вайны,

Помню, як беларускія хаты

Ўсім прытулкам былі ў тыя дні.

 

Па шляхах плылі маршы і маршы...

Іх праводзіла жонак сляза...

Эх, салдацікі родныя нашы,

Многа можна пра вас расказаць!

 

Цераз грудзі шынелі у скатку,

А ў руцэ ён — сувораўскі штык,

На рамні кацялок і лапатка,

А пад ногі... спадалі лісты

 

Нашай восені, ціхай, задумнай,

Ў прыдарожных бярозах, лясах...

І ваеннаю песняю дружнай

Надрываліся грудзі ў пясках.

 

Помню, помню трывожную муку,

Нібы што перад тайнай якой,

Як аркестры ігралі «Разлуку»

Для паходу ў няведамы бой.

 

І ішлі з гэтай песняю горкай,

Выліваючы болі да дна...

«Эх, нашто разлучыла з старонкай

Нас нямецкая пошасць-вайна?!»

 

І тады вось пайшлі нашы хлопцы,

Цягнікамі паехалі ў Мінск,

Каб у гэтай нахлынуўшай бойцы

Стаць на фронце пад кулі грудзьмі.

 

А вятры ім прадказвалі глуха:

«Вам далёкі прадбачыцца шлях,

Пойдзе іншая ў свет завіруха,

Хоць дрыжыць яшчэ ў громах зямля».

 

* * *

Вось бясконцыя едуць абозы

Ўсё на ўсход і на ўсход — ад вайны,

Іх услед наганяюць пагрозы,

Томяць душныя роспачы дні.

 

І ўкрадаецца ў сэрца трывога —

Немец люты на край наступіў,—

На якіх жа шляхах і дарогах

Наша доля народная спіць?

 

«Не сумуйце, народы Расіі,—

Кажа вецер пры ўсходах зары.—

Ёсць! Не дрэмлюць вялікія сілы,

Заўтра нашага гаспадары».

 

Нехта чуе народа тамленні,

Нехта ў сэрцы трымае дазор —

Па народных слядах ходзіць Ленін,

Піша грозны панам прыгавор.

 

Ці ў Швейцарыі дзе ён спыніўся,

Ці ідзе у магутнай красе —

У паходзе Камуны Парыжскай

Ціхім поступам па Пэр-Лашэз?

 

Усё роўна чуцён яго подых

На прасторах радзімай зямлі,

Дзе чакаюць збаўлення народы

Ад памешчыцка-царскай пятлі.

 

І ў кварталах забытага Мінска

Тлелі іскры на кліч агнявы —

Піцер ленінскі стаў нам калыскай

Разам з песняй рабочай Масквы.

 

* * *

Знаю, знаю,— прыйшло тое «заўтра»,

Той чаканы народамі дар —

Ў Магілёве хіснулася Стаўка

І пакінуў прастол гасудар.

 

Знаю, знаю,— казацкія сотні

Абкружалі узбураны Мінск,

Калі спешна чырвоныя роты

Да баёў рыхтаваў бальшавік.

 

Чую голас трыбуннага грома,

Звон парваных няволі акоў —

На трыбуне кіпучы, знаёмы

Бальшавік Аляксандр Мяснікоў.

 

І па кожнай краіннай акрузе

Да сялян, пакідаючы Мінск,

Ездзіў з словам прыветлівым Фрунзе —

Гэты сціплы мудрэц-бальшавік.

 

Так прыйшлі яны, дні веснавыя,

Чарнасоценным зграям на скон...

Так, з’яднаўшы рады баявыя,

Стаўся Мінск сцягам ленінскіх дзён.

 

Уцякаў авантурны Карнілаў

Ад чырвоных паўстаўшых байцоў,

Хоць уся меншавіцкая сіла

Ратавала яго «храбрацоў».

 

Генеральскія зніклі пагоны,

Разгубіў у дарозе палкі,

Правакатар-святошка Духонін

Смерць знайшоў ад матроскай рукі.

 

А ўжо ў Мінску, сцягамі аздобным,

На чале пераменных палкоў

Сталі горда прад вечам народным

Фрунзе, з ім бальшавік Мяснікоў.

 

Па Захар’еўскай болей не ехаў

Царскі кат — губернатар-сатрап,

Ён, астрашаны вольнасці рэхам,

Змыўся ў свіце цара ў Петраград.

 

А той домік над Свіслаччу ціхай

Святкаваў, што у сэрцы таіў,—

Ведаў ён, што пазбудзецца ліха

Родны Мінск у апошнім баі.

 

IV

То не хмары павіслі, як пошасць,

Над краінаю стомленай зноў,—

Загуляла шляхецкая Польшча,

Заблішчалі жупаны паноў.

 

З сваіх логаваў выйшлі магнаты

Шавінізмам атручваць народ,

На паслугі крывавай Антанты

Стаў шляхецкі раз’юшаны зброд.

 

Пацярпеў наш народ беларускі

Ад знаёмых яму бізуноў,

Калі шабляй вымахваў Пілсудскі

На чале бутафорных паноў.

 

Польшчу прагнуў зрабіць да Смаленска —

Мо вярнуць нам шаснаццаты век,

Каб ізноў над зняволеным Менскам

Езуіцкі паношыўся здзек?

 

З языком самадурным, шляхецкім

Ён у Мінску пакручываў вус,

Называў горад «Мінскам Літэўскім»

І з гразёю таптаў Беларусь.

 

Ды не тое, паны дабрадзеі,

Рыхтаваў вам вякамі народ —

Для яго ў змаганні, надзеі

Надышоў перамогі чарод.

 

Не кружыся ты хцівай назолай,

Воран, воран... Не вырвеш наш плён —

Мудры Ленін — гісторыі волат

Даў шляхі нам да радасных дзён.

 

І у нашай пакутлівай кнізе,

Як у сэрцы, запісан той час,

Як прыехаў Арджанікідзе

З воляй ленінскай, шляхта, на вас.

 

Ў сваёй працы магутнай, штодзённай

Наш народ славіць песняй-хвалой,

Як змагаў вас у стэпах Будзённы

Штурмам конніцы слаўнай сваёй.

 

Эх вы, мары, шляхецкія мары,

Атруцілі вы польскі народ —

Ў нас палову краіны забралі

Аж на дваццаць пакутлівых год.

 

Так закончыўся бой... Адгрымелі

Ўсе франты грамадзянскай вайны,

Сэрцы шчасцем жыцця праяснелі,

Вольным гімнам народнай вясны.

 

Гэта крокі і дні эпапеі,

Векапомны для ўсіх летапіс,

Дзе ў народнае мужнасці спеве

Сэрца Леніна клічам кіпіць.

 

* * *

Помню... Навалач нехта мне кінуў

На душу... Як атрутным нажом,

Нехта ў сэрцы разрэзаў краіну,

Нехта штучным разбіў рубяжом.

 

І з вачэй задуменных, трывожных...

Помню, Мінск светлай мараю знік,

Калі спешна ў завеі дарожнай

Паімчаў нас на захад цягнік.

 

Заняслі мяне ветры змагання

Да народнага гора глыбінь...

Кожны чуўся там як на выгнанні,

Свайго краю і сын і не сын.

 

І ці ўвечар, ці ў роснае ранне,

Ці у шуме баёў-барыкад,—

Нам, як сцягам, на прывітанне

Сніўся Мінск, новы ленінскі лад.

 

І праз турмы, этапы, кайданы,

Праз баі, што ўзнімаў наш народ,

Я вярнуўся у Мінск скатаваным

Цераз дваццаць пакутлівых год.

 

Ціха стаўшы на плошчы ўжо новай

Пасля зморы крывавых трывог,

Кветкі радасці, клятвы суровай

Палажыў я да ленінскіх ног.

 

...Па дарогах, крывёю палітых,

Я прыйшоў да цябе, родны Мінск...

Я гляджу новым сэрцам адкрытым

І прашу: «Свайго сына прымі!..»

 

 




Тэкст падаецца паводле выдання: Пестрак П. Збор твораў. У 5-ці т. Т. 1. Вершы, паэма, апавяданні, аповесці/ Аўт. прадм. К. Р. Хромчанка; Падрыхт. тэкстаў і камент. Т. Р. Строевай. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 430 с., 4 л.іл., 1 л. партр.