epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Слухайце, пушчы, паляны...

Цёмная ноч агарнула

Пушчы, дарогі, палі,

Але нідзе не заснула

Нічога на роднай зямлі.

 

Там па лясах непраходных

З позняй да ранняй зары

Полымя мсціўцаў народных

Помстай вялікай гарыць.

 

Слухайце, пушчы, паляны,—

Тупаты ног паплылі;

Гэта ідуць партызаны,

Сыны беларускай зямлі.

 

Туліцца вораг агідны,

Туліцца немец, як звер,

Ноч для яго — гэта гібель,

Ноч для яго — гэта смерць.

 

Кроўю заплыўшыя хмары

Стынуць над краем руін,—

Гэта палаюць пажары

Ў бунце народнай крыві.

 

За папялішчы, за раны

Слухайце ўзрывы ўдалі,—

Помсціць пайшлі партызаны,

Сыны беларускай зямлі.

 

Мацеры нашы і дзеці...

Нам не забыцца пра іх...

Знішчым заразу на свеце,

Прыкончым фашыстаў усіх.

 

Ў помсце святой і магутнай

Выкаваць волі зару

Ўзняўся народ беларускі

За родны свой край — Беларусь.

 

Пушчай, дарогай, палянай

Рэха удараў грыміць;

Гэта ідуць партызаны —

З боем па роднай зямлі.