epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Сон аб аграноме

У плыні месячнай

ноч сцеле перламі расы,

Звініць крыніца аб карчы,

За чаротамі

хаваюцца лясы,

І пушча побач... думае, маўчыць.

 

І што ж ты тоіш, пушча?

Што ў сваіх нетрах захавала?

Каму калыскаю была праз век прыгонны,

век дрымучы?

Скажы, каму ты песні шумныя спявала?

Звініць крыніца аб карчы...

Скажы мне, пушча, не маўчы.

 

Твае мне ведамыя сны,—

Я знаю, сніш ты згубу гору...

Тут кожны корч, і кожны куст,

І шопат кожнае сасны

Душою нашаю гавораць —

Душой народна-беларускай,

Што лахманом трасла вякамі

Над паншчыннай палоскай грузкай,

Над шляхам, плыўшым жабракамі,

Душой, раздзёртай ад трывог,

Раскрыжаванаю на ростані дарог!

 

З табою разам сню

Аб родным аграноме нашым, блізкім,

Які народную вясну

Уквеціць сонечнымі лісцьмі.

 

Калі зары чырвонай шквал

Змяце сляды навалы панскай,

Сваім праменнем стрэльне ў лоб

Усёй навале акупанцкай,—

Не будзем, пушча, гараваць,

Лятунак наш не будзе сном:

Ударны прыйдзе аграном!

 

Збярэ сыноў сям’і бядачай,

З-пад цёмных стрэх збярэ паход

І на сцягу усім назначыць:

«Усё для народа і ўсё праз народ...»

 

Рухавіком, нібы стралой,

Пратне балоты, мхі і лозы

І разам з плесняй векавой

Затопіць мукі, здзекі, слёзы.

Шашою блісне з краю ў край,

І край наш стане быццам рай.

 

Люд-пралетар, люд песні працы

Заб’е прыгоннае пракляцце,—

Па рэках новых і па шынах,

Уздыхнуўшы вольнымі грудзьмі,

Сталёвым туркатам машыны

Па пушчы рэхам загрыміць!

І ўторыць будзе перабіўны

Крыніц радзімых спеў турбінны!

 

Як будуць змыты ўсе сляды

Амшэлай, дзікай, горкай плесні

Краіны нашай, век забранай,—

Прыйду, праменны, я тады

З той падарожы барацьбянай

На свята трактарнае песні.

 

І на чале брыгад адважных

У паходзе мнагасцяжным,

У дзень квітнення ясны, чысты.

Дарогай — беллю камяністай,

Б’ючы паходным смелым крокам,

Сустрэне з песняю мяне

Круглавіды, сінявокі,

Рассмеяны і жвавы піянер.