epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Сонца

Сонца ўзышло. Пералівамі грае,

Мірыядамі іскраў у росах заззяла,

І збудзіла гудкі над азораным краем,

І радасць палям на праменнях паслала.

 

Кожны ў працы герой, кожны з сэрцам агністым

Будзе шчасце каваць на штодзень, на вякі,

Бо тут сонца знайшло сваю мірную прыстань,

Яно іскрамі пырскае з кожнай рукі.

 

Няхай ведаюць — чуюць у свеце пачвары,

Як зямля харашыцца пад нашай нагой,—

Гэта нашыя радасці, нашыя мары,

Гэта сонца радзімы маёй дарагой!