epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Святое маўчанне

Дымы плывуць з каміноў роўна, непахісна і там, бліжэй да сіні нябёс, разыходзяцца карункамі. Сонца ціхае, ласкавае, павольна сягае праменнямі ўсюды — у росныя разоры поля, у травы сенажацяў, у густы лес і праз вокны свеціць у хаты — лыпае праменнямі па лавах, падлозе, па кутках.

У хаце на пасцеленай саломе на падлозе расцягнуўся ў ботах, у кепцы шафёр генерала — Ваня. Учора прыйшоў дахаты пазнавата, падгуляўшы, і зваліўся як сноп, выцягнуўшы свае цыбатыя ногі. Храпе на ўсю сваю маладую моц, падставіўшы спіну сонцу. Побач з ім спіць, згарнуўшыся ў клубочак, яго хлопчык, якому ўсяго год жыцця. Яго пачынаюць ужо даймаць мухі. Ён гэтага не чуе. Жонка ўжо недзе падалася — відаць, на ферму.

У печы зырка палаюць дровы, трашчаць, страляючы іскрамі. Старая — маці Вані — недзе на момант выйшла. Яна павінна зараз вярнуцца.

Яна вось і вярнулася з бярэмечкам сухіх сасновых дроў на руцэ. Толькі кіўнула мне галавою на прывітанне, нічога не сказаўшы. Палажыўшы дровы, падышла да дзіцяці, узяла яго соннага асцярожненька ў свае касцістыя далоні і палажыла ў лубкавую калыску. Паспрабавала будзіць Ваню і махнула рукою — надарэмна.

Я выйшаў на надворак — відаць, Ваня яшчэ няхай паспіць, цяжка яго цяпер абудзіць. І я стаю на падворку сярод сонечнага ззяння, якое залівае ўсё наваколле, трымаючы яго ў цёплай цішыні. Не чуваць нідзе не толькі чалавечага голасу, але нават голасу пеўня ці рохкання свінні за плотам. Усё, як знарок, прыціхла, перажывае цяпло свежага ранку. На страсе, на самым хрыбце, селі два белыя галубкі і сядзяць, нікуды не хочуць ляцець, сядзяць у сонечных праменнях, без руху, ціхія...

Выйшла з хаты старая і пайшла да свайго старога, які абчэсвае сякерай слуп для плота тут жа за вуглом хаты. Старая села на бярвенца, падпёрла сваю маршчынную шчаку рукою і так застыла ў маўчанні. Стары — сівы і шчуплы — дзяўбне сякерай некалькі разоў і сядзе, палажыўшы рукі на калені, і таксама маўчыць. Хоць бы што прамовіў да старой, а то не. Пасядзіць, зноў возьмецца за сякеру, адчэша некалькі трэсак і сядзе. Седзячы, маўчыць. Гэтае маўчанне выдаецца не то адпачынкам, не то нейкім услухоўваннем у гэткую ранкавую сонечную цішыню. Найхутчэй — апошняе. І думкі ў старых міжвольна плывуць свае, асаблівыя. Яны кранаюць сэрцы старых. На свеце ж такое хараство, а ногі ўжо не могуць хадзіць, рукі хутка стамляюцца ад работы, яны ўжо спрацаваныя, асталася невялікая рэшта іх сіл. Усяго толькі ўцехі, што пасядзець вось такім ласкавым ранкам на бярвенцы і памаўчаць. Толькі памаўчаць. Бо толькі тады адчуваецца — калі радасна, а калі балюча праплываюць гарачыя струменьчыкі на душы і апякаюць сэрца.

Так і сядзіць старая — маці Вані, — падпёршы шчаку касцістым кулаком, сядзіць непарушна, як статуя, затапіўшыся думкамі ў свае перажытыя гады, пра якія пад ласкай ранняга сонца так добра памаўчаць. І старая маўчыць. Маўчыць і стары. Маўчаць і галубкі на страсе. І, здаецца, усё жывое навокал не хоча перашкаджаць маўчанню старой і старога. Гэта — святое маўчанне.