epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Так сказаў капітан...

— Нёман цячэ праз рэспублікі дзве,—

Так мне сказаў капітан парахода,—

Ніжняя доля належыць Літве,

Верх беларускаму служыць народу.

 

На параходзе відны два сцягі,—

Чырвань з зялёным — то сцяг беларускі,

Ў тых жа колерах таксама другі,

Хоць і падзелены белаю стужкай.

 

Розніца ў колерах трошачкі ёсць —

Гэта не шкодзіць для дружбы вясёлай,

Наша на сцягах гарыць маладосць,

Ўсіх нас вянчае на іх серп і молат.

 

Вось, як імчымся да Гродна уверх —

Сцягам літоўскім уквечваем Нёман,

А як да Каўнаса ўніз паплывем —

Сцяг беларускі для ўсіх там знаёмы.

 

Быццам у госці ўзаемна штодня

Мы прыязджаем, збіраем прыветы,—

Знаць, немагчыма сябровак разняць,

Раз яны шчасцем аднака сагрэты.