epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Ткачыха

Ты тчэш неаглядныя мары

Ў жаданнях сваіх залатых,

Хоць люта палаюць пажары

Яшчэ на прасторах тваіх.

Усё тая ж панадная постаць,—

У песнях аб ёй расказаць! —

Усмешкі стрыманае роскаш

І шчырая ў горы сляза.

Імклівая ў працы ухватка,

І ціхасць задумнай красы,

І ветлая тая аглядка,

І трэпет шаўковай касы.

Ізноў твае веі упалі

На твой сонцам тканы уток,

Ізноў, як у вершах Купалы,

Ідзеш за сяўбою ў прастор.

Змагаеш наследкі няволі...

Размахам сваім маладым

Абдымеш шырокае поле

І ў песні сальешся ты з ім.

Я знаю, ты вытчаш на дзіва...

За поступам лёгкай хады

Я з вершам імкнуся, шчаслівы,

Кажу: «Беларусь, гэта ты!»

Свой зрок задуменны і ціхі

Вясною схілі нада мной,—

Я поясам роднай ткачыхі

Хацеў бы бліснуць над зямлёй.