Ты і я на возе
Лугавога сена.
Вечар па дарозе
Пах рамонкі сее,
Сцелецца туман,
І цвіце курган
Кветкай сосен вышняй,
Ў воблачкі прыбран.
Знемаглася, спіш ты?
Па шаўковай плыні
Шырыні нябёс
Месяц-серп няспынна
Хмарак жне пакос.
І зубчаты бор
Дакрануўся зор,
Думай ціхай сніць,
Дыхае ў прастор.
Ах, устань, не спі!..
Стужкаю ружовай
Ноч зара вітае,
З кожным павяваннем
Косы расплятае.
Грушы ціхі сум,
Сведка даўніх дум,
Сэрцу б’ецца весткай
Аб сірочым дню.
Ты не спіш? Прыгледзься!
Ў змучаныя грудзі
Кветкаю дыхні,
Хай нам шчасце будзе
Песняю вясны,
Каб яна шумела
Над зямлёй збалелай.