epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

У ціхім гімне

Лес шуміць задумна, адзінока,

Нібы згадкай ціхаю пяе,

І глядзіць наўкол людское вока,

Нешта роднае балюча пазнае.

 

Раптам людзі чуюць гром далёкі,

Гром гарматны і ў нябёсах гул,—

Бачаць людзі: полымем высокім

Хаткі ўспыхнулі ў цямрычную імглу.

 

У хатках тых бацькі застольным святам

Абдымалі дзетак чараду,

Дзеткі шчабяталі: «Мама, тата,

Сёння школу нашу павядуць

Ў лес зялёны,

дзе так многа птушак,

Дзе растуць прыгожыя грыбы...»

Дзеткі йшлі,

каб радасці паслухаць

У лясных праменістых глыбінь.

 

Помніць кожны —

паспявала жыта,

Сонцам расцвітаў калгасны шлях,

Цешыліся ўсе,

што ўсё здабыта

Залатою дружбай на палях...

 

Вось так было, паляна міжлясная,

Вось так, Хатынь —

сірочыя званкі,—

Твая трывога болем далятае,

Яна ў народы пойдзе праз вякі...

 

А людзі йдуць,

нібыта ў ціхім гімне,

І пілігрымную зямельку у руках

Нясе з іх кожны —

дар святы, радзімны

Кладзецца на магільны прах.