epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

У змаганні...

Гэты невялікі рэстаран быў трэцяга разраду. Тут падавалі селядцы з бульбай, харошы капусны боршч з мясам, бульбяныя, грыбныя супы, гарохавы, фасолевы, грэцкую кашу, а пасля — добрае тушонае мяса, гуляш, — словам, стравы больш сялянскага густу і, галоўнае, даволі танныя.

Таму сюды заходзілі абедаць і вячэраць людзі сярэдняга дастатку: будаўнікі — хлопцы і дзяўчаты, шафёры, сакратаркі з устаноў, бухгалтары, студэнцкая моладзь і іншыя.

Ад некаторага часу стаў наведваць рэстаран высокі чалавек у асеннім чорным паліто, у такога ж колеру кепцы. Ён заўсёды ўваходзіў, абапіраючыся на палку, ішоў павольна, паважна. Увайшоўшы, распранаўся, здаваў вопратку ў гардэроб і з палкаю ўваходзіў у адзіную залу гэтага рэстарана. Заўсёды шукаў месца ў кутку, каб быць незаўважаным, сядаў тварам да кутка, абапёршыся абедзвюма рукамі на палку. Гладка ляжалі на яго галаве прычэсаныя русыя, злёгку залацістыя валасы. Вочы нерухома глядзелі ў куток.

Наведвальнікі мала звярталі на яго ўвагу — у кожнага свае справы — паабедаў, павячэраў і хутчэй, як кажуць, на свой пост. Толькі дзяўчаты-падавальшчыцы ведалі гэтага чалавека, і часам падыходзіла да яго высокая статная маладзіца, знаёмым поглядам заглядала яму ў вочы, часам сурова нахмурыўшы бровы, а часам з раз’ясненай усмешкай. Ён маўчаў, прыкрываў вочы, не хочучы глянуць на яе. Тады маладзіца абрывістым тонам скажа, як ударыць:

— Што? Ізноў напіўся?

Сказаўшы так, адыдзе да сваёй працы, бо ж трэба людзям падаць — каму якой, але ўлюбёнай яды.

А ён сядзіць, прымгнуўшы вочы. І мроіцца яму партызанскі стан — начны гул сосен, далёкія разведкі, разгромы паліцэйскіх, гітлераўскіх гарнізонаў, пераплывы цераз рэкі, стаянкі ў сёлах, пачастункі за сялянскім сталом. І вось ён, Аляксандр Іванавіч Сідарчук, храбры камандзір партызанскага атрада, сядзіць цяпер у рэстаранчыку, дзе працуе яго жонка Ніна, пра якую шушукаюць яе сяброўкі па працы, што яна хоча пакінуць свайго Сашу, бо Саша не можа перастаць піць.

А Саша пасядзіць, пасядзіць, больш прымгнуўшы вочы, паслухае ў сваёй душы шуму партызанскіх лясоў, уздыхне недзе з самых глыбінь, тады ўстане і, апрануўшыся, пойдзе ў цёмную гарадскую ноч з дрэмлючымі ліхтарамі. Ніна, пачакаўшы крыху, выскачыць на вуліцу, часам паспее ўбачыць яго ў бляску блізкага ліхтара, тады пакліча. Саша паслухмяна вяртаецца, абнімае сваю Ніну, выцалоўвае яе бялявы прыемны твар, а яна заліваецца шчодрымі слязьмі, упаўшы тварам яму на грудзі.

Яго таксама падмывае яна — гаручая, але ён яе не дапускае да вока, хутка авалодвае сабою і толькі туліць да сваёй высокай мужчынскай постаці статную Ніну, падругу партызанскіх дзён.

А яна таксама ўрэшце выпростваецца і пытаецца ціха, сурова:

— Куды ж накіраваўся?

Ён паспешліва адказвае:

— Нікуды, Ніна, нікуды, толькі дахаты...

— То можа пасядзеў бы трошкі, пайшлі б разам?

— Ты псуеш мне часта настрой, калі я да цябе прыйду.

— Не буду псаваць. Ідзі, вярніся...

Бывала не раз, што Саша вяртаўся. Ніна давала яму што-небудзь павячэраць, прысаджвалася пагаварыць.

Але так было не заўсёды. Аляксандр Іванавіч прападаў начамі ў дружбакоў — таварышаў па партызанскім лесе. Прыходзіў не раз у рэстран да Ніны ў нецвярозым стане і грубіў ёй, асабліва калі было мала людзей у зале. Ніна, вяртаючыся з работы дахаты, часта не заставала яго дома. Дачка спала адна. Калі ж ён прыходзіў позна, зноў-такі ў нецвярозым стане, то не звяртаў увагі на тое, што суседзі спяць, біў палкаю па дзвярах, каб гук быў мацнейшы. Ляскат раздаваўся вострым рэхам у начной цішыні калідораў і сходаў так, што часам спрасонку выскаквалі людзі і, высунуўшы галовы з дзвярэй, бурчалі з абурэннем.

Дзе працаваў Аляксандр Іванавіч? У людзей складвалася ўражанне, што ён не працуе нідзе, бо прыходзіў дахаты ўдзень у розныя часы так, як і ноччу. Не, Аляксандр Іванавіч працаваў — займаў пасаду старшыні арцелі шчотачнікаў. Туды прывяла яго недысцыплінаванасць па службе на іншых вышэйшых пасадах.

Ніна вырашыла ўрэшце яго пакінуць. Перайшла з дачкою жыць тымчасова да сяброўкі, таксама работніцы рэстарана.

Аляксандр Іванавіч прыходзіў вечарам у рэстаран, перапрашаў Ніну, прасіў, каб вярнулася. Аляксандр Іванавіч быў добрай душы чалавек, але вось гэтая немач — немач, насланая вайною... Там на ваенных дарогах былі не раз крутыя гадзіны, дні, калі яна — гэтая гара — памагала перабыць не адно выпрабаванне і выйсці з перамогай. І тады прыяцелямі былі — і вятры, і нягоды, і слоты. А цяпер? Нават жонка не хоча быць прыяцелем, не толькі што. Таварышы паглядаюць на яго з маўклівым дакорам, хоць нічога не кажуць — шануюць Аляксандра Іванавіча за яго храбрае мінулае, за яго таварыскую душу.

Калі Ніна адкінула яго просьбы, Аляксандр Іванавіч запіў на некалькі дзён напавал. Спаў дома без прасыпу, аброс барадою, хадзіў вечарамі да дружбакоў, а найбольш туляўся бязмэтна па горадзе і стомлены, а часта і прамоклы, прыходзіў дахаты і валіўся з ног у касцюме, не разуты.

Так цягнулася два тыдні.

Частыя наведвальнікі рэстарана былі ўжо ў курсе спраў Ніны. Яна сяму-таму нават пажалілася на сваю долю. Аб Аляксандру Іванавічу пайшла тая раздвоеная слава, калі адны цікавіліся больш яго храбрым мінулым, а другія — яго цяперашнімі паводзінамі.

Але вось надышоў вечар, звычайны мокры асенні вечар, калі імглой дымяць ліхтары. У рэстаране людзі, групкамі па чатыры-пяць чалавек, там-сям паселі за сталамі. Павольна прахаджваліся падавальшчыцы. Ніна, абслужыўшы сваіх, села ля сцяны і, падпёршы шчаку рукою, задумалася. У рэстаране амаль зусім прыціх гоман.

І вось скрыпнулі дзверы і ўвайшоў ён — Аляксандр Іванавіч Сідарчук. Аддаў паліто і кепку ў гардэроб. Абапіраючыся на сваю нязменную палку, накіраваўся ў свой куток. Там сеў, як заўсёды, тварам да кутка, а спіною да залы. Усе, хто быў у гэты час у рэстаране, падпялі галовы і правялі Аляксандра Іванавіча вачыма. Усім кінулася ў вочы, што твар у яго быў памяты, вочы запалі і выглядалі як выплаканыя. А касцюм? Ён выглядаў нібы стаптаны нагамі, са знакамі засохлай гразі на локцях.

Правяла Аляксандра Іванавіча вачыма і жонка. Убачыўшы яго ў такім стане, ірванулася з месца і ў адзін міг стала каля яго і тузанула за плячо. Ён прыўзняў галаву і скоса так глянуў на яе, як глядзяць глухія, якіх нехта штурхае.

— Ідзі за мной! — сказала Ніна ўладарным шэптам.

Аляксандр Іванавіч устаў і, як паслухмянае дзіця, паплёўся за ёю — туды недзе ў службовыя пакоі рэстарана.

Ніна хутка вывела яго адтуль ужо ў ачышчаным касцюме, падвяла да гардэроба, апранула, надзела яму кепку і паказала на дзверы. Аляксандр Іванавіч паслухмяна адышоў і ўслед за сабою пачуў смех, хіхіканне. Хтосьці нават сказаў: «Так яму і трэба...»

Ішоў ён дахаты павольнаю хадою, выпрастаны, нахмураны, і ў душы нараджаліся суровыя думкі. Яны былі настолькі суровыя, што, здавалася, змаглі б асудзіць увесь свет. «Ага... — думалася, — усе зашушукалі мне ўслед... А вы хто? Багі? Не, я вам дакажу, хто я...»

Аляксандр Іванавіч ішоў, спыняўся, услухоўваўся ў глухі гул горада і рухаўся далей. Прыйшлі яму па памяць дакорлівыя позіркі ды нават і заўвагі сяброў. Потым слёзы Ніны, яе такая харошая, жаночая, цярплівая дружалюбнасць... Многа чаго ўсплыло... У душы варушылася крыўда, пякло агнём і ніяк не сціхала. Яна, відаць, даўно набіралася — крыўда, можа быць, на самога сябе. «Чаму ж не могуць зразумець, што я... што я — чысты чалавек... Паблыталі нейкія дні, можа і недарэчнасці побач з сапраўднымі крыўдамі. Дык што ж? Так і будуць мне хіхікаць услед? Да чаго ж ты, Сідарчук, дажыўся? Няўжо твая слава не насіла цябе на крыллях па зямлі? Чым ты стаў? Гэтага табе ніколі не снілася...»

Сідарчук спыніўся ў цяньку сквера пад мокрым бязлісным клёнам і адзін сам з сабою гаварыў, гаварыў... Непадалёку на тратуар падала святло з вялікіх акон другога рэстарана — ужо не трэцяга, а першага разраду. Як магнітам пацягнула туды. Аляксандр Іванавіч нават памацаў кішэню для праверкі... І ўміг хацеў рынуцца наўпоперак вуліцы... запіць, запіць крыўду. Вось ужо ступіў адзін крок і — спыніўся, як на тармазах. Стукнуў палкаю аб тратуар, скрыгануў зубамі. Хацелася крыкнуць: «Ноч-мачыха недружалюбная! Ты бяссільна на лекі! Я толькі сам... Я толькі сам!..» І высокая постаць імкліва пакрочыла ў цёмную глыбіню сквера.

Назаўтра Аляксандр Іванавіч прыйшоў у рэстаран увечары ў той жа самы час, што і ўчора... Але ж якое было ўсіх здзіўленне! На Аляксандру Іванавічу блішчаў новы касцюм, як кажуць, з іголачкі. Твар Аляксандра Іванавіча паголены, памыты, русыя з залацістым налётам валасы блішчалі, прычэсаныя. У вачах іскрылася нейкая адвага. Ён цвёрдаю хадою пайшоў на сваё месца і сеў за стол, як і ўчора, тварам у куток.

Ніна падышла распагоджаная, ласкава зазірнула яму ў вочы, нешта спыталася. Аляксандр Іванавіч кіўнуў галавой. Яна паставіла яму гарачыя біткі і бутэльку нарзану. Потым аблакацілася на яго стол і неяк дапытліва, з усмешкай разглядала яго твар, час ад часу аб чымсьці гаворачы.

— Калі ёсць справы, ідзі, — сказаў Аляксандр Іванавіч, — не затрымлівай людзей.

Скончыўшы есці, партызанскі ваяка абняў сваю галаву, паставіўшы локці на стол, і моцна заплюшчыў вочы. Потым выняў з кішэнькі, адкуль тырчала насавая хустачка, нешта, патрымаў у кулаку і прычапіў да лацкана касцюма. Хутка абапёрся аб палку і ўстаў — высокі, прыгожы, з разумным тварам. Неяк па-ваеннаму адвярнуўся да залы, да публікі, каб ісці к выхаду. Усе глянулі на яго грудзі і ахнулі. З грудзей Аляксандра Іванавіча асвячала залу Залатая Зорка Героя Савецкага Саюза.

Яна прыгожа ляжала на яго грудзях, калі Аляксандр Іванавіч, былы храбры партызанскі камандзір, асаніста ішоў да выхада і адчуваў, што нават сталы адсоўваліся к сценам, каб даць яму дарогу.