epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Украіне

(Абразкі-фрагменты)

І

Ў чыстым небе — месяц

З усмешкай жартаўлівай,

А ля плятнёвых весніц

Юнацкі смех гуллівы

 

Баіцца шэпты ночы

Спалохаць пад таполяй,

Хоць сэрца... сэрца хоча

Бяскрайняга раздолля.

 

ІІ

Чумацкі шлях.... Дарогі...

І стэп да небасхілаў...

Ідзе сляпец убогі

Між курганоў-магілаў.

 

За кожным сваім крокам

Сумуе ў струнах шчыра,

І стогне Днепр шырокі

Шаўчэнкаўскаю лірай.

 

ІІІ

Галопы... І трывогі...

Сцягі на ветры сінім,

Крывавыя разлогі

У стэпе белым, зімнім.

 

Ігралі грозна сурмы,

Складаліся быліны...

На сход склікалі шумны

Працоўных Украіны.

 

IV

На шлях народнай буры

Ішлі на бой Астапы,—

Дзянікіны, пятлюры

Падмазвалі кульцяпы.

 

Нястрымнаю лавінай

Імчалі коні ў пене —

За волю Украіны

Павёў вялікі Ленін!

 

V

Прайшлі баі, трывогі...

Ўжо гоман плыў вясёлы,

Зарою перамогі

Яснелі далі, сёлы.

 

Гудкі гудзелі спеўна

Па гарадах Данбаса

Прысягаю на вернасць

Для будучыні шчаснай.

 

VI

Квітнее праца ў славе

Для міру і для шчасця,

Каб з доляю крывавай

Не знацца нам, не знацца.

 

А толькі ў дружбе вечнай

Быць сілаю адзінай...

Прымі паклон сардэчны,

Сястрыца Украіна!