epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Вячэрнія далі

(Памяці Веры Харужай)

 

Вячэрнія далі вялі за сабой

Вячэрняю, шэрай задумай,

Нямой пуцявінай, знаёмай журбой,

Сірочаю казкаю сумнай.

 

Сярод камяністых палёў праляглі

Любімыя сэрцу дарожкі,

Па долах да ціхай стаптанай зямлі

Прыпалі дрымучыя вёскі.

 

Туды ты ляцела з гарачай душой

І сыпала кветкі уцехі,

І гул захаплення з табою ішоў —

Цвілі саламяныя стрэхі.

 

Быў сэрцам адданы народны гушчар,

Ён знаў залатыя праменні —

Цану непадкупных, крывавых ахвяр

І гарт запаветных імкненняў.

 

Ён ведаў і ведае, чым ты была

Для долі кайданнай, цямрычнай,—

Ты ўсё для народа нясла, аддала,

І смерцю сваёй гераічнай

 

Ты памяць пакінула ў сэрцах жывых,

Святую пакінула памяць,

І ведай — у буднях і днях баявых

Наш край нашай славы не спляміць,

 

І там над шляхамі, дзе шум баравы

Пра штурмы і смерці гаворыць,

Не згасне шырокі прастор агнявы,

Што выткалі ціхія зоры...