epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Вярнуўся

Як у пашпарце, так і ва ўсіх канцылярскіх паперах гэты дзядзька пісаўся Даніла Цецярук. Але людзі перахрысцілі яго па-свойму. Відаць, яны зыходзілі з таго, што да такога шчабятлівага прозвішча, як Цецярук, не падыходзіць гучнае імя — Даніла. І таму Даніла ператварыўся ў Данілку. Ды як жа не назваць так дзядзькі Цецерука, калі ён, апрача ўсяго, нізкі ростам, нават вельмі нізкі, з круглым тварам, такім круглым, што каб яго памераць удоўж і ўшыркі, то меркі, напэўна, выйшлі б роўныя. І на гэтым твары, пад носам, размясціліся вусы... Ой, што ж гэта за вусы... Прадмет насмешкі жартаўнікоў, якія празвалі іх кітайскімі.

Дзядзьку Данілку ўжо год пад шэсцьдзесят, але, нягледзячы на гэта, ніхто ніяк не хоча згаджацца з тым, што ён сур’ёзны. Як ні хмурыць бровы ў гутарцы Данілка, як важна ні разводзіць ён рукамі, усё роўна Цецярук ёсць Цецярук...

Арганізоўваўся ў вёсцы калгас. Хто першы запісаўся ў яго? Данілка. Хадзіў гэты маленькі чалавек па вуліцы ад адной грамадкі людзей да другой і ўсё размахваў рукамі, як ветрачок крыламі, — угаворваў уступаць у калгас. А людзі насцярожваліся і казалі: «Вецер у галаве Данілкі... Ці ж нам патрэбны яго ўгаворы?»

Але вось прыехала з раёна начальства. Данілка, набраўшыся духу, апрануўся, каб ісці на сход. Тут жонка яму наўпоперак:

— Ты куды?

— Як куды? Не ведаеш? — сурова ўставіўся на жонку Данілка. — Начальства прыехала, у калгас будзем запісвацца.

— У калгас? Навошта ён табе? Хай хто іншы пішацца. А то, як той матыль...

— Дурная ты, — разважліва гаварыў Данілка, павучаючы сваю жонку, — начальства прыехала. А каля яго заўсёды можна пажывіцца.

Гэтае «пажывіцца» было для Данілкі нібы лозунгам, здаецца, праз усё яго жыццё. Часам і сапраўды здаралася Данілку пажывіцца. Калі жылі яшчэ пры панах, аднаго разу прыехаў шляхціц Чвартоўскі наймаць людзей выкарчоўваць лес. Хто ўгаворваў усіх ехаць? Данілка. Сам першы запрог каня. Людзі паехалі, поўзалі на каленях увесь дзень са стогнам і пракляццем навокал грабовых кустоў і зарабілі толькі тое, што паклалі сабе галлё на калёсы і павезлі. А Данілку перапала ад Чвартоўскага не толькі грошыкаў, але і чарка гарэлкі. Данілка ехаў дахаты вясёлы і ўсё хваліў шляхціца:

— Гэта, брат, не нам роўня... Гм... Галава, брат, галава...

Некаторыя адказвалі:

— Вядома, крыху разумнейшая за тваю.

Прыехаў другім разам аканом з маёнтка наймаць на жніво — тое самае атрымалася з Данілкам. Судзілася вёска з панам за сенажаць — Данілка падбухторваў усіх «стаяць гарой», а сам уначы, крадучыся, бегаў да пана для нейкіх перагавораў. Калі ў вёсцы ніхто не хацеў быць намеснікам солтыса, Данілка згадзіўся. Ацірацца каля начальства — ого! Карысці можа быць нямала.

Ну а цяпер, пры савецкай уладзе, таксама ёсць начальства. «Чаму ж і з ім не падружыць? Як кажуць, рука руку мые,— разважаў Данілка.— Дагаджу я, дагодзяць і мне». І ён шпарка пакрочыў на сход з намерам крычаць, каб людзі ўступалі ў калгас.

На сходзе, задраўшы галаву, Данілка сапраўды крычаў:

— Што вы страціце? Вы нічога не страціце, усё будзе ваша — і зямля, і коні, і бароны, і плугі. Ды яшчэ трактар дадуць. Нашто нам гэтыя палоскі?!

Данілка крычаў і адным вокам час ад часу паглядаў на начальства — сакратара райкома і старшыню райвыканкома, хочучы пазнаць, якое ўражанне робіць на іх такая хвацкая яго агітацыя.

Было прыкметна, што начальства задаволена Данілкам — вось знайшоўся актывіст!

Але людзі толькі пасміхваліся... Нехта з кутка крыкнуў Данілку:

— Мы-та запішамся ў калгас, але пабачым, ці запішашся ты. Дарма, што так распінаешся...

— Хто? Я не запішуся? Хто табе казаў? — адсек Данілка і тут жа звярнуўся да сакратара райкома: — Таварыш сакратар, дайце паперы, я першы падаю заяву...

Сход заціх. Людзі затаілі ўсмешкі, гледзячы на Данілку. А Данілка, паморшчыўшы лоб, ставіў каракулі на паперы: «Я прашу прыняць мяне ў калгас першым». Скончыўшы, узняў заяву пад галавою і паказаў усім:

— Глядзіце! Напісаў ці не?

Сакратар райкома запрасіў Данілку сесці за стол. Данілка сеў, і трыумф пераможцы разліўся на яго круглым твары.

А ў далёкім кутку хаты нехта перашэптваўся і хіхікаў.

У гэты вечар многія сяляне запісаліся ў калгас. Данілка думаў, што на гэтым уся цырымонія і скончыцца, ва ўсякім выпадку, для яго. А там бог-бацька. Як хвосцік, ён валачыўся за сакратаром райкома след у след.

Але падышоў час абагульнення інвентару. Данілка падтрымліваў:

— А як жа! Трэба... Што трэба, то трэба...

— Дык вось пачнём з цябе, — сказаў абраны старшыня калгаса. — Ты першы запісаўся ў калгас, у першага ў цябе і абагулім інвентар.

Данілка нахмурыўся, як быццам аслупянеў ад нечаканасці. Глянуў на сакратара райкома, чакаючы ад яго ратунку. А сакратар дадаў услед за старшынёй:

— Так, так, таварыш Цецярук, ты выявіў сябе як добры актывіст. Паслужы прыкладам.

Чырвань раптам заліла твар Данілкі. «Няўжо гэты сакратар нічога не разумее — што і да чаго? Я яму дапамог, а ён мне дапамагчы не хоча. Някемісты сакратар. Ці ж калгас не мог бы абысціся без майго інвентару?»

— Таварыш сакратар, — наважыўся сказаць Данілка, — няхай ужо хто другі паслужыць прыкладам. Я ж за ўсіх не павязу.

— Павязеш, павязеш, — адказваў сакратар.

— Тады дазвольце мне адлучыцца дахаты.

Дома Данілка абходзіў павець і сам з сабою гутарыў:

— Барана новая — ды аддаць! Не... Пастронкі нядаўна павіў... Аддаць? Не... Яшчэ і калёсы забяруць. Дык што тады застанецца? Ну і сакратар... Някемісты. Не зварыш з ім кашы. А я думаў, што... Эх!.. — уздыхнуў Данілка і паплёўся ў хату.

У хаце сеў за стол, падумаў, потым выняў сшытак з школьнай сумкі дачкі, вырваў адтуль лісток паперы. Наслініў карандаш і пачаў пісаць... Дачакаўся Данілка вечара і пайшоў на сход у канцылярыю калгаса. Цішком прабраўся праз натоўп сялян да стала. Там паклаў перад сакратаром райкома сваю заяву і сказаў:

— Таварыш сакратар, звольце мяне з калгаса...

— Чаму? — здзівіўся сакратар.

— Як пайшоў тады ад вас дахаты, дык так закалола ў бакі, што думаў — канцы будуць мне. Вось каб я з гэтага месца не сышоў, што гэта праўда...

Увесь сход грымнуў смехам, аж вокны задрыжалі. Нехта крыкнуў з кутка:

— Таварыш сакратар! Мы ведалі, што так будзе!

А сакратар і не згледзеў, як Данілка прапаў з вачэй. Дзе ён падзеўся? А людзі крычалі: «Дайце яму дарогу!»

Данілка ўцёк.

...Непакояць Данілку ў сне каровы. Розных масцей, яны праходзяць перад вачыма чародамі і не даюць спаць.

Ужо тры месяцы працуе Данілка на бойні ў мястэчку — падводзіць каровы пад нож. Пасля свайго правалу ён уцёк з вёскі.

Праўда, тут, у бойні, можна пажывіцца, але... вось гэтыя сны. Сварыцца часта з жонкаю Данілка:

— Гэта ўсё праз цябе...

А жонка сваё:

— А ці ж я цябе выганяла з вёскі?

Мінуў год, мінуў другі. Крыху абжыўся Данілка на бойні, але ўсё роўна думка аб вёсцы не давала спакою. Як там? Што там? Калі сустрэнецца з аднасяльчанамі, гутарцы няма канца. А калгаснікі гавораць яму і пра канюшні, і пра такі, і пра трактары, і пра тое, што хутка ў вёсцы будзе школа-сямігодка.

— Здорава ў вас пайшло, — круціць галавою Данілка і вушам сваім не верыць.

— Па тры кілаграмы жыта атрымалі на працадзень,— кажуць яму калгаснікі, — кожны мае досыць хлеба і да хлеба.

— Няўжо так? — дзівуецца Данілка. — Гэта ж столькі нідзе і не заробіш.

— Вяртайся, Данілка,— кажуць яму сябры.

Данілка слухае, раздумвае, уздыхае, але нічога не кажа. Як яму вяртацца, калі ён там стаў пасмешышчам? Як яму на вочы паказацца людзям?

І з таго часу стала грызці Данілку туга. Уначы прачынаецца, думае, пераварочваецца з боку на бок, уздыхае. Пасяліўся тут у мястэчку з сям’ёю ў такой маленькай бакоўцы, што і павярнуцца няма дзе, а ў вёсцы стаіць хата прасторная. І садок пры ёй, і гарод. Людзі добрыя спажываюць. «Эх... нарабіў я сам сабе», — уздыхае Данілка.

Адзін выпадак на бойні зусім вывеў Данілку з раўнавагі. Давялося яму падводзіць адну карову пад нож, ды такую, што проста кропінка ў кропінку падобна да той, якую некалі меў сам. Рукі аслабелі, калі ён яе вёў, нібы сваю колішнюю карміліцу Кветку.

Прыйшоў Данілка з работы дахаты і ўсё расказаў жонцы. Бедаваў, наракаў на сябе, на другіх і казаў:

— Не, цяпер начальства іншае, не такое, як пры панах. Дагэтуль здавалася, што ўвесь свет на няпраўдзе пабудаваны... А цяпер... не, нешта не так...

І пасля дадаў:

— Ого, каб усё папраўдзе рабілася, не тое было б! А можа яно так і выйдзе? Што ж, дай божа...

Уздыхнуў Данілка і зноў успомніў пра сваю Кветку. Нямілай яму стала бойня. Вочы хацелі глянуць на поле, рукі хацелі ўзяцца за плуг. Але... як тут адважыцца вярнуцца назад у вёску?

Назаўтра зайшлі да Данілкі аднавяскоўцы. У гутарцы расказалі, што цяпер такі ўраджай збіраюць, колькі людзі жылі — не бачылі.

— А там, Данілка, дзе быў твой хутар, шуміць канюшына, роўная з ячменем.

— Няўжо? — усхапіўся Данілка. — Колькі я ні стараўся развесці канюшыну, не расла, а цяпер — бачыш...

— Так, брат, шуміць, хутка касіць пойдзем...

— Гэта дзіва... Гэта дзіва... — пакручваў галавою Данілка і думаў, які тут ход знайсці, каб вярнуцца ў вёску. Мацаваўся, мацаваўся перад сваімі аднавяскоўцамі і ўрэшце сказаў:

— Ну... Мусіць, трэба пазычыць вачэй у сабакі і вярнуцца назад.

...Данілка вярнуўся ў вёску, каб жыць па-новаму.