epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Верасы

То не кветкі на бэзе нам шчасцем зардзелі —

Ў нарачанскіх лясах верасы расквітнелі.

 

Дыванамі паслаліся ціхімі днямі,

Паплылі, прытаіліся ціхімі снамі

 

Па шырокіх лагах і утульных палянах,

Пры дарогах-шляхах і па ўзгорках-курганах.

 

Так у цішы плывуць і задумай ласкавай

За сабою вядуць гэты бор велічавы.

 

І як толькі калі пачынаецца золак,

Верасы напаўняюцца шэптамі пчолак,

 

Верасы аддаюць меданосныя сокі —

Свой апошні для лета, свой дар сінявокі.

 

Бо не льецца ужо птушак спеў галасісты,

Не шуміць ужо сонечны ранак расісты.

 

Верасы, верасы... Яны нешта хаваюць,

Верасы па-асенняму ціха ўздыхаюць...

 

То не кветкі на бэзе нам шчасцем зардзелі —

Ў нарачанскіх лясах верасы расквітнелі.