epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Ветэран

Потам прамокла кашуля,

Кроплі сцякаюць з вусоў...

Спёка парыжскага гулу

Глушыць паток галасоў...

 

Ён — непакорны, суровы —

Кіркай дзяўбе тратуар,

І панахмураны бровы,

На струджаным твары загар.

 

Спыніцца часам на момант,

Твар рукавом абмахне

І, пастарэлы ад стомы,

Цяжка навокал зірне.

 

Потым бадзёра адразу

Для хараства парыжан

Кіркай пракладвае трасу

Сівы, стары ветэран.

 

Думкі плятуцца паволі...

Не, не сціхаюць ад бед —

Колькі ж рабочага болю

Францыя носіць ў сабе?

 

Дзень дагарыць. І пад вечар

У нейкі закінуты бар

Пойдзе, распростаўшы плечы,

Сівы, нястомны змагар.

 

З люлечкай там падружыўшы

У гомане, горачы тэм...

Будуць заўзята кружыцца

Словы над «Юманітэ».

 

І на маршчыністым твары

Блісне кіпучы парыў —

Поступ байцоў-камунараў

Пачуецца ў бляску зары.

 

«У ногу вы, хлопцы, бадзёра!

Не забывайце ахвяр!» —

Крыкне, нарэшце, з задорам

Ён — нашых дзён камунар.