epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Вулей

Забыты...

Здаецца, нікому нязнаны,

Вулей пануры павіс на сасне.

Ён, шумам іглістых вяршынь калыханы,

Нібыта заслухаўся ў восеньскім сне.

 

Не чутна і пчолак руплівага рою...

Ад грэчак мядовых, далёкіх прысад

Цяпер не лятуць ціхазвонныя мроі —

Пустуе тут маткі-царыцы пасад.

 

Тут дрэмле зацішша.

А з ночы украдкам

Туман закурыцца ў блакітную рань,

Дазорам глядзіць апусцелая хатка,

І побач павалены плот у бур’ян.

 

Мне цяжка і сумна стаяць пры дарозе

І слухаць лясную асеннюю ціш.

Не ведаю, што мне рабіць у трывозе —

З табою астацца ці далей брысці?

 

Я знаю, народзяцца новыя пчолкі —

Яны прыляцяць на сялібу сваю,

І шум баравы,

ранніх росаў вясёлкі

Па-даўняму зноў прывітаюць сям’ю.

 

Я знаю, расстанемся з кожнай бядою,

І росамі раны залечыць зара,

І бабчыну байку аб рэках мядовых

Дзеці палёў будуць зноў паўтараць.

 

Усё гэта ведаю, ціш залатая,

Але адкажы мне...

не прамаўчы,

Чаму тут уцеха мяне не вітае?

Як крыўду цяжкую мне перамагчы?