epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

З асенніх матываў

Іду дарожкай ціхаю,

Лясною гушчынёй,

Спакоем восень дыхае

І сцелецца за мной.

 

Ні рэха і ні гоману,

Таемна лес застыў,

І шэлест насцярожаны

Кладзе на дол лісты —

 

Дубовыя, кляновыя

Апошняе красы,

Мядзяныя, шаўковыя

Ляцяць на верасы.

 

Бярозанькі задумныя

Льюць залатыя сны,

Яліны ціха-хмурныя

Замерлі ў цішыні...

 

О восень, восень любая,

Ў тваіх лясах, палях

Табою прыгалублена

Ўся нашая зямля.

 

З табой дарожкі сходжаны

Ў задуманую даль,

Лятункам упрыгожаны,

Будзілі ў сэрцы жаль.

 

Вялі у свет за доляю,

За промнямі красы,

Каб клаліся мядоваю

Расой на верасы.