epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Заходняй Беларусі

Краіна родная! Вітай зару збаўлення!

Ўжо мы прыйшлі з астрожных брам,

Скаваных дум прастор і радасць вызвалення

Нясём сваім затужаным братам.

 

Хай песня зазвініць.

Ланцужныя аковы

Насіла ты ў цямрычнай духаце,

Складала ў барацьбе крывавых песень словы

І громам сеяла,— і сцяг твой зіхацеў.

 

Хай згіне жаль тых вузенькіх палосак

І песня сумная гаруючай жняі,

Хай згіне крык душы забітых вёсак,

Няхай пагроза ката закляйміць.

 

Рассей, радзімая, па ўсім сваім прасторы

Ўсю моц сваю ў размаху новых дум.

Ўжо нам не жаліцца аб нашым вечным горы,—

Збірайся ў шумную да працы грамаду!

 

Рубеж крывавы змыт.

Дзяржаўны крок грыміць.

Свабодных дзён краса у зорах пяцікутных

Да сонца сцеле шлях для радаснай зямлі,

Руйнуе ўсе сляды народнае пакуты.

 

Шукаю цёплых слоў.

Мы выйшлі з цёмных брам,

І грудзі нашыя пяюць аб гібкай сталі,—

Пароль на збор усім вызволеным братам,

Чаго так доўга ў змроку мы чакалі.