epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Запавет маладосці

Я помню сцежкі вернай маладосці,

Яны ішлі з далін да стромых гор,

Туды высока — да арлоў у госці,—

І клікалі ў нязведаны прастор.

 

Па сцежках крокам мералі ва ўпор

Вышэй, вышэй, што аж трашчалі косці,—

Так мецілі да сонца, і да зор,

І да арлінай гордай высакосці,

 

Каб дасягнуць сваіх крыштальных мэт,

Дыхнуць надакіянскімі вятрамі

І спалучыць у сэрцы цэлы свет

З будучымі вернымі сябрамі...

 

Я помню той юнацкі запавет —

Імкнуцца ўвысь, каб стаць самім арламі!