epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Зорная быль

Зорнае неба над Волгай —

Зорная быль у глушы

З болем, імклівай трывогай

Грэлася, спела ў душы.

 

Зорнае неба над Волгай,

Рускіх прастораў туга

Ў цемры пустыннай дарогай

Слалася ўдаль, як смуга.

 

...Стаў на абрыве мурожным

З шэрым плашчом на плячы

Рускай зямлі падарожны

З воклічам: «Русь, не маўчы!»

 

Пільна ўслухаліся зоркі

Ў стогны вялікай ракі...

Слухай, затужаны Горкі,—

Гэта пяюць бурлакі...

 

Мары пад зор карагоды

Хай расквітаюць, як мак,

Споўняцца — з песняй свабоды

Рухне народаў турма!

 

Зорнае неба над Волгай...

Зорная быль у глушы

Стала крылатаю, вольнай —

Гімнам народнай душы!