epub
 
падключыць
слоўнікі

Піліп Пестрак

Жураўлі

Станьма. Цішыня. Як адпачын зямлі.

Ледзь чутны дзятла стук у гушчыні далёкай...

Як толькі можа ўвысь заглянуць вока,

У вырай цягнуць ў небе жураўлі...

 

Ўсё чуе тут асеннюю пару:

Бяроз на ўскраіне задума расставання,

Ў някошанай траве вужакі шалястанне

I сумнае пад небам: кру-кру-кру.

 

Ляціце, родныя! І я б хацеў мець вашы

крыллі,

Аб чым у цяжкі час не раз душой згараў.

Мае й цяпер к палёту мары не астылі —

Я ж мушу тут адкрыць нязнаны рай!

 

І што б часы нам ні судзілі,

Я не пакіну родны край!