epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

«А мову ледзь не затапталі...»

А мову ледзь не затапталі

I асмяялі, як раней.

А вы ў народа запыталі,

Якая мова нам радней?

 

Бацькі (яшчэ не ўсе),

I Дурні,

I хамы (хамам не пярэч!)

 

Сцвярджаюць:

«Руская — культурней

I прагрэсіўней.

Нашу — прэч!»

 

Так мова руская —

У сіле!

Яна багатая...

Але

Мы бульбай дзелімся з Расіяй,

Шлём сала, мяса і алей.

 

Мацуем нашу роднасць працай,

Дзе цяжка —

Мы туды ідзём.

Над кожнаю магілай брацкай

Мы кветкі памяці кладзём.

 

А мову родную заўсёды

I ўсюды вучыць першы клас.

А ў нас стыдаюцца: «Не модна...»,

Як і калісьці ў царскі час.

 

Усе сыны усіх народаў

На памяць помняць родны верш

I ганарацца песняй роднай,

3 якой з калыскі ты жывеш.

 

Ну, а салдаты з Беларусі

Ці служаць, ці ідуць на бой,

Саромяцца ў юнацкай скрусе:

Не знаюць спадчыны сваёй...

 

Мілей мне «кнігаўка», чым «чыбіс»,

Бо голас кнігаўкі ў душы.

I бульбу смажаную чыпсам

Ты зваць па модзе не спяшы.

 

I я на «клюкву» «журавіны»

Не прамяняю, не аддам.

I светлы край наш жураўліны

Я дзецям ціха перадам.


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Родная літаратура: хрэстаматыя для 11-га кл. агульнаадукац. шк. / склад.: У.А.Дзіско, М.І.Мішчанчук, Т.М.Саўчук. – Мінск: Універсітэцкае, 1998
Крыніца: скан