epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Агрызаецца, ды звужаецца..."

* * *

На выгарах цёмных ваенных,

На сонечных лядах

Б’е грэчка малочнаю пенай

У ельнік кашлаты.

 

Зямлі нашай белы настольнік,

Пчаліны заказнік.

І светлае поле настолькі,

Што й ноччу не гасне.

 

Яно адцвіце — і на свеце

Крыху пацямнее.

А потым снягі ўжо засвецяць,

Успыхнуць завеі...

 

Ды часам мядовым настоем

Вяртаецца лета,

І белы кужэльны настольнік,

Як грэчкі палетак.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан