epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Беларуская мова

Ільняная і жытнёвая. Сялянская.

Баравая ў казачнай красе.

Старажытная. Ты самая славянская.

Светлая, як травы у расе.

Вобразная, вольная, пявучая,

Мова беларуская мая!

Дратавалі, здзекваліся, мучылі...

Ты жыла і ў працы і ў баях.

Пра цябе, як сонечнае дзіва,

I Купала, ды і ўсе мы снілі сны...

Ад цябе, ласкавай і праўдзівай,

Адракаюцца цяпер твае сыны.

Пра народ мой, церпялівы, працавіты,

Помняць партызанскія лясы...

Хто за намі? Пакаленне прагавітых.

Халуеў я чую галасы.

Я спяваў пра жыта і пра жаўранкаў,

Ненавідзеў акупантаў і прыгнёт,

А сягоння — вялікадзяржаўнікаў,

Што разбэсцілі вялікі мой народ.

 

Навучылі не рабіць —

Хлусіць і красці.

Дзеці ў школы з іншай моваю бягуць.

Я хацеў, нашчадкі, вас праклясці,

Ды люблю сваю зямлю... і не магу.


1986

Тэкст падаецца паводле выдання: Родная літаратура: хрэстаматыя для 11-га кл. агульнаадукац. шк. / склад.: У.А.Дзіско, М.І.Мішчанчук, Т.М.Саўчук. – Мінск: Універсітэцкае, 1998
Крыніца: скан