epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Хадзіў я па лесе і сведчу..."

* * *

Хадзіў я па лесе і сведчу:

Ад звонкіх аглух галасоў.

На соснах зялёныя свечкі

Зарніцай запалены зноў.

 

Ды што старасвецкія свечкі!

Інакшы агонь той лясны:

Бушуе зялёная вечнасць,

Бясконцасць жыцця і вясны.

 

Не любіць жыццё аднастайнасці,

А прагне штодня навізны.

І цёплыя фарбы вясны —

На змену сцюдзёнай крыштальнасці...

 

Вясна пачынаецца з мод,

Шаўковым павеяла шэлестам.

І самы занудлівы жмот

На плацце адно раскашэліцца.

 

А кветкі ідуць нарасхват:

Усюды вяселлі, заручыны.

І дзецьмі засыпаны сад —

Усе каруселі раскручаны.

 

І новы заселены дом —

Вясёлая, добрая тэма.

І ластаўкі селі радком

На тэлевізійных антэнах.

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан