epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Дом творчасці

Не на узрыхленай дзялянцы,

Не на курорце распісным —

Пішу на сонечнай палянцы

У доме творчасці лясным.

 

Жыву у цэнтры шчабятання

Мільёнаў птушак на зары,

Сярод будзённых прывітанняў

І сапылятай дзетвары,

 

Між добрых баб,

Крыху занудных

У дні залётных халадоў;

Паміж старых яўрэяў мудрых,

Паміж затурканых удоў.

 

Блукаю па ласіных сцежках,

З трыма сабакамі дружу.

У бранірованых адзежках

Садзіцца на паперу жук.

 

Тут хіпаватыя ялінкі

На мох страсаюць росны звон.

Падсоўвае транзістар Глінку,

А дзеці ў крык:

— Няхай Кабзон!

 

Альбо Вуячыч ці Ратару.

Не супярэчу.

Сам люблю.

Праз соснаў чуйныя радары

Навіны лесу ўсе лаўлю.

 

Я не ідылію шукаю,

І тут, паміж дубоў і хвой,

Жыццё з усіх бакоў гукае

І выклікае неспакой.

 

Калі ж размякну я ад шчасця,

Пісаць пачну пра ціш ды ноч,

Рабіна пахлусіць не дасць мне,

Сучком пастукае ў акно.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан