epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

«Дождж ідзе праменісты і дробны...»

Дождж ідзе праменісты і дробны,

Пахнуць мятай мокрыя лугі.

Вось ён, свет, як сэрца, непадробны,

Да дажджынкі кожнай не глухі.

 

Росная зялёная айчына!

На цябе, паўнюткую святла,

Пазіраюць круглымі вачыма

Птушаняты з цёплага дупла.

 

З гнёздаў мы даўно павыляталі,

Ды не развучыліся глядзець,

Як па спелым полі, па атаве

Дождж грыбны на дыбачках ідзе.

 

Самы раз цяпер з лазовым кошыкам

Па сцяжынках рысяў і ваўкоў

Выправіцца з раніцы на пошукі

Маладых тугіх баравікоў...

 

Я стаю, гады свае гартаю,

І сціскае сэрца нейкі боль,

Быццам я на Месяц адлятаю,

Быццам я лугоў не ўбачу больш.

 

Не, не развітаюся ніколі

З родным краем, дзе так светла нам.

Проста я люблю яго да болю

І з любоўю дзецям перадам.

 

1960

 


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая