epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Друкарам

Люблю я друкароў,

Люблю лінатыпістак,

Ратацый грозны роў

З трывожным, тонкім свістам.

 

І свежай фарбы пах,

Што ўперамешку з газай.

Тут навіна, як птах,

Ляціць у друк адразу.

 

У друкароў запас

Навін на ўсе гучанні:

Часамі цешаць нас,

Часамі засмучаюць.

 

І ведалі яны

Куды раней за бога,

Калі канец вайны

Пратрубіць перамога.

 

Я з вамі фронт прайшоў,

Жыў у зямлянках душных,

Я рад, што вас знайшоў,

Такіх адданых, мужных.

 

Хацеў вам пажадаць

Хвіліны той сардэчна,

Каб вы змаглі набраць,

Што мір заключан вечны.

 

Ды чую: «Не пылі!»

Дык набярыце заўтра,

Што нашы адплылі

На Месяц касманаўты...

 

Калі ж вам прынясуць

Радок аб маёй смерці,—

Не стаўце ў паласу,

Хоць пару дзён не верце.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан