epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Іх вечныя агні

Да болю можа кожны прыцярпецца

І да няшчасця, толькі не яны,

Што страцілі дзяцей...

Гарыць для іх цяпельца

На тым далёкім беразе вайны.

 

Ці зойдзе сонца, ці на дзень займецца,

Адны сярод вялікай цішыні

Старыя маці ў печах старасвецкіх

Штодзённа паляць вечныя агні.

 

У печах, быццам небасхіл, паўкруглых

Зара ўсё разгараецца ярчэй.

А за акном — свет цёмны і аглухлы,

А пры агні суцішней і лягчэй.

 

І бульбу абяруць, і ўсё згатуюць.

Пасля сядзяць, пакуль не грукне дзень.

Апроч дзіцячых галасоў, не чуюць

Нічога...

Толькі полымя гудзе.

 

Уюцца каснікі агню і скачуць.

І твары узнікаюць з небыцця.

Цалуюць іх кабеты, ціха плачуць

І не клянуць самотнага жыцця.

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан