epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Яблыкі

Ёсць пытанне ці няма пытання? —

Формула кіруючых мужчын.

Ад напору яблык на світанні

Пахіснуўся наш палескі тын.

 

Папацелі садаводы трошкі:

Яблыні — агульная любоў.

Падстрыгалі іх, бялілі ножкі,

Апраналі ў кажушкі з кулёў.

 

Урадзіла сёлета не скупа

Белых, бурштыновых, залатых.

І плыве ўначы пад зорны купал

Смачны пах садоў, як мёд густы.

 

Як жа гэтым яблыням цудоўным

Да сталіцы рукі дацягнуць?

Яблыкі галлё у дугі гнуць,

Іх — куды ні глянь — усюды поўна.

 

Хрубастаць іх будуць не мінчане,

Над ападам горбіцца наш сад.

Тут кароў салодкае мычанне,

Яблычнае свята ў парасят.

 

Самазвалы на прасёлках грузнуць.

Восень.

На зямлі і ў небе муць.

А па Чорным моры сухагрузы

Яблыкі заморскія вязуць.

 

Звар’яцелы вецер свішча рэзка,

Недзе ціха тупае зіма.

Хочацца антонаўкі палескай...

Ёсць, сябры, пытанне ці няма?

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан