Дзівіліся мы, і дзівіліся фрыцы:
Такое у сне толькі можа прысніцца
На сене духмяным.
З-пад лесу на поўдзень, нібы у пагоні,
Імчаліся коні, без коннікаў коні,
Па лузе вячэрнім.
Ці травы прынадна сінелі ў балоце,
Ці вострыя кулі пасеклі аброці,
Што коні пабеглі?
Наперадзе белы. Здавалася, нібы
Ён цалкам са снегу. За ім вараны бег,
А трэці - буланы.
Імчаліся коні па травах, па кветках,
Паслаліся дымам іх грывы на ветры.
І стрэлы замоўклі.
Гулі капытамі, як бубнамі, глуха.
Дванаццаць падкоў замігцелі над лугам
Кавалкамі сонца.
Ды выраслі раптам, як чорныя дрэвы,
Смяротныя выбухі справа і злева -
Нямецкія жарты!
І коні пабеглі у пене і мыле
На міннае поле, к уласнай магіле.
Мы сціснулі зброю.
Няма варанога, і белы канае,
Іх грывы густыя пясок засыпае
І попел гарачы.
Не, гэта не сон, не вячэрняя казка:
Мы біць пачалі з аўтаматаў па касках.
І ноч наступіла.
А трэці буланы, з крываваю ранай,
Ўсё бегаў між куляў і сініх туманаў
З трывожным іржаннем.
1943