Пімен Панчанка

Крык сойкі

Рыжаватая, чарнапёрая,

А на крылах — блакіт для красы...

Кожным летам ад тлуму і зморы я

Уцякаю ў твае лясы.

 

Ды заўсёды такі насцярожаны

Крык твой, сойка.

Птушыны гнеў.

Можа, мне тут хадзіць няможна?

Не крану я ні гнёздаў, ні дрэў.

 

Ты ахоўвай, што ахоўваеш.

Хто спакою табе не дае?

I яловыя, і альховыя,

I дубовыя — ўсе твае.

 

Што ты крыкам мяне сустракаеш?

Мы маглі б падружыцца, бадай.

Ці то ворагаў многа маеш?

Ці то мне пагражае бяда?

 




Крыніца: Беларуская літаратура : Падручнік для 8 кл.агульнаадукац.шк.з бел.і рус.мовамі навуч. / [Аўт.-склад.: В.Я.Ляшук,У.А.Сенькавец,Г.М.Снітко. - Мн. : Аракул, 2001. - 559с.

Беларуская Палічка: http://knihi.com