epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Куляшову

Прыціхнуў боль,

Адна туга тупая...

Не пазваніць табе,

Не адшукаць...

Як шчырасці тваёй

мне не хапае,

Як не хапае мне цябе, Аркадзь.

 

Лісток, з галінкі адарваны, шаснуў

Ля сэрца,

Паляцеў —

не здаганю...

Гарыць касцёр твой

Ля шашы Варшаўскай,

І кожны дзень

Бягу я да агню.

 

Штодня жыву

Між кніг тваіх і песень,

І ціха на зямлі тваёй плывуць

Любімыя табой

Віхра і Бесядзь

І ў акіян жыццё тваё нясуць.

 

Цяжкім ты пры жыцці быў

ці інакшым,

Каго ты не любіў,

Каго любіў,—

Пачнуць хлусіць

Мемуарысты нашы...

А праўда ўся:

Ты Куляшовым быў.

Ты мудры быў —

І тут мне не пярэчаць —

І ўсё аддаў

праўдзіваму радку...

Ты марыў зноў

праплыць па роднай рэчцы,

Каб сонца з вёслаў

капала ў раку.

Асенні дзень.

Лятуць на поўдзень гусі.

Над Свіслаччу стаю я

пад вярбой,

І скарджуся,

І радасцю дзялюся,

Я, як заўсёды,

раюся з табой.

Пад сонцам

І пад небам перуновым

Цяжэй нам без цябе пісаць і жыць.

І кружыцца планета Куляшова,

І песня пра Алесю ўсё звініць.

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан