epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Лінія высокага напружання

На прасторах

Між вялікіх гарадоў,

Над зямлёй,

Спакойнай і натруджанай,

Іней асыпаецца

З калматых правадоў

Лініі высокага напружання.

 

А падпоры —

Як гіравікі:

Ні на хвілю

Зняць цяжар той

Нельга ім.

У гушчар жыцця

Не дні —

Вякі

Ленінскую

Несці ім энергію.

 

Быццам нежывыя

Правады,

А кранеш —

І ў момант будзеш спалены...

Тым агнём і нашыя рады

Непрыкметна для чужынцаў

Спаяны.

 

Адчуваем мы сябе заўжды

Маракамі,

Нават касманаўтамі,

І зямля, як карабель,

І правады

Звіслі карабельнымі канатамі.

 

І святлей, святлей

Наш кожны дзень,

А ўжо рэкі новыя

Запруджаны.

І ад сэрца ў сэрца

Ў нас ідзе

Лінія высокага напружання.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан