epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"На Палессі восень..."

* * *

На Палессі восень...

Гусі белыя

Выскублі мядовую траву.

І вятры, ад сцюжы ашалелыя,

То журботна свішчуць,

То равуць.

 

Смех і кветкі,

Вы куды падзеліся?

Навакол

Стагі, стагі, стагі.

Чым жа ты цяпер са мной падзелішся,

Прыпяць, пачарнелая з тугі?

 

Ліст пажоўклы да плашча прыколеш?

Ці на момант вернеш мне ізноў

Каснічок зары,

Світальны колер

Тапалёў, буслоў і туманоў?

 

А сама замкнешся ў лядоўні,

Лета у стагі паклаўшы спаць...

Будуць коні сніць лугі мядовыя

І, як людзі, цяжка уздыхаць.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан