* * *
Першыя раны жанчына лячыла,
Травы збірала з відна да цямна.
Першых звяроў прыручыла жанчына,
Першай пасеяла зерне яна...
Той і шчаслівы, хто зведаў каханне,
Хай потым беды, хвароба і золь,
Мы не скупіліся на абяцанні,
Ўсё ім далі:
ад пярсцёнкаў да зор.
Ведаю:
час раўнадушна імклівы,
Дзьмухне у твар скразнячок ледзяны.
Лісце ў садах ападае маўкліва,
Зноўку ў кватэрах жанчыны адны.
І субяседнік адзін — тэлевізар,
Кветак няма,
ды і ласкі няма.
Я правяду сорак восем рэвізій
І аддалю тваю сцюжу, зіма.
Не паціскайце, мужчыны, плячыма,
Не спасылайцеся хітра на час.
Першых звяроў прыручыла жанчына,
Можа, як-небудзь прыручыць і вас.
1973