epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Петрусю Броўку

Пад старасць мы, як жабракі,

Збіраем успаміны:

Святло зары,

І пах ракі,

І нават выбух міны.

 

Імгненні даўныя сустрэч,

Дзіцячы свой ласунак.

На кожную старую рэч

Глядзім з лагодным сумам.

 

Усё запомніла душа:

І конаўкі, і лыжкі.

Яшчэ быў пах карандаша

І самай першай кніжкі.

 

Былі радоўкі у жыцці,

Начлег, туман і коні...

Ці ты прыпомніў гэта, ці

Я даўны час прыпомніў?

 

На схіле розных летніх дзён

Параніў нас да болю

Спеў берасцянкі,

Ціхі звон

На матыльковым полі.

 

І кожны з нас успомніць, як

Пярун страшэнны грымнуў

На Кацярынінскі бальшак

З бярозамі старымі.

 

У нас жыве ва ўсе часы

Зялёны родны гоман.

«Ушачы»,— шэпчуцца лясы,

Гудуць лясы: «Бягомль...»

Чытаю вершы я твае,

Напоеныя лесам.

І гэтыя, дзе кожны б'е

І гневам, і жалезам.

 

Мы ўсё прайшлі: агонь і дым,

Каб злыдні пацішэлі.

Былі ў акопе мы адным,

Былі ў адной траншэі...

 

Нас час, як дзяцел той, дзяўбе

Усё мацней з гадамі.

Гляджу я сёння на цябе

І думаю: адданасць.

 

І ўнукам некалі скажу,

Што лёс у нас адзіны.

На твой і мой бальшак гляджу

І думаю: Радзіма.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан