epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Рабінавы гай

Восень, жоўтым крылом не махай,

Не ўзляцець табе ўслед за зязюлямі.

Я прыйшоў у рабінавы гай,

Гай мой ціхі,

Як сам я, зажураны.

 

Лета справіла шчодра памінкі:

На рабінах — чырвоны агонь.

Гэта гронкі маіх успамінаў,

Гэта колер болю майго.

 

Гэта след і зары, і кахання,

Знак праклятай замовы,

Дрэў апошняе красаванне

Перад белаю карай зімовай.

 

Зноў зямля стане белым экранам.

Дык няўжо, што было,— упустую?

І чырвоныя гронкі, як раны,

Снегапад забінтуе?

 

Птушкі чырвань усю раздзяўбуць

Па ягадцы, па ягадцы,

Каб вясною рабінам вярнуць

Па песеньцы, па песеньцы.

 

А ці вернешся ты, дарагая,

Да гэтага гаю?

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан