epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Сінія касачы

А калісьці і я прачынаўся ў бацькавай хаце.

Чэрвень. Раніца. Росы і цішыня.

На гародзе спявае паціху маці

Пра маладога жаўнера, пра гнядога каня.

 

А пад вокнамі мята п'е сонца гарачае,

І глядзяць мне у вочы красой нерастрачанай

Сінія касачы.

 

Маладосць з краю ў край мяне весела кідала,

Колькі кветак дзівосных пабачыў і змяў!

Ля адных вырашаў, што бадзяцца абрыдла,

Каля іншых шаптаў я чыёсьці імя.

 

Любаваўся, глядзеў на краіны я розныя,

А пісьмо ад сястры напявала пра росныя

Сінія касачы.

 

Не паспелі у шчасці як след пакупацца мы, -

Бомбы свіснулі, пырснула першая кроў.

Хата вочы закрыла дашчанымі пальцамі,

Каб не бачыць гора гаспадароў.

 

Прашаптала матуля на ростані: «Лёс такі!..»

І прыніклі журботна да градак пялёсткамі

Сінія касачы.

 

Пяць франтоў мяне пылам гарачым абсыпалі,

За вайну перамерана тысячы вёрст.

З успамінамі крочыў над ветрамі сіплымі

І з надзеяй на студзеньскім холадзе мёрз.

 

І заўсёды здалёк, праз прасторы вялікія

Усміхаліся мне і дамоў мяне клікалі

Сінія касачы.

 

Нехта бруднымі ботамі, пэўна, іх вытаптаў,

Выбіў градкі, спаліў невысокі паркан.

І не мае аздобы зямля працавітая,

І сумуе па кветках маўклівы туман.

 

Прыйдзе час - зноў збудуем мы хаты утульныя,

А цяпер - біць дык біць! І за слёзы матуліны,

І за сінія касачы.

 

1942

 


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая