epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Спагада

Нібы той конь у пене,

Імчыць шалёны час.

Чаканне і цярпенне

Пакінулі ўжо нас.

 

Ніхто чакаць не хоча:

Хутчэй, хутчэй, хутчэй!

Нястача — заякочуць,

Памёр ты — прэч з вачэй

 

І з памяці...

Спагада

Ўжо дыхае ледзь-ледзь.

Закон у многіх хатах —

Хутчэй пабагацець...

 

Спагаду ў сэрцах мелі

Матулі ўсё жыццё.

Спагада — разумелі —

Святое пачуццё.

 

А як яны цярпелі,

Рабілі за дваіх;

За працаю гарбелі,

Гадуючы малых.

 

А як жа нас чакалі

Матулі з той вайны!

Што доля іх цяжкая,

Не енчылі яны...

 

Вось тут, пад гэтым небам,

Па-людску мы жылі,

Спагада сёння трэба

Лясам і ўсёй зямлі.

 

І кволай балаціне,

І рэчачцы малой,

Мужчыну і жанчыне,

Прыціснутым бядой;

 

І ўсім, хто добра робіць,

Жыве сумленна сам,

Хто лішняе не ўхопіць,

Не пазайздросціць вам.

 

І людзям небагатым,

І кожнай удаве...

Хай матчына спагада

Ва ўсіх у нас жыве.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан