epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

Святочныя салюты

Грымяць, грымяць святочныя салюты...

І феерверкі зырка рассыпаюцца,

І дзетвара да батарэй збягаецца,

І смех, і крык на кожнай плошчы люднай.

 

А мне заўсёды страшнавата робіцца,

Як неба засцілае дымам шызым,

І жаласна звіняць у вокнах шыбы,

І нечыя матулі сумна горбяцца.

 

Руіны пад асфальтам ціха стогнуць,

І прывіды мінулага ўстаюць,

І б’юць гарматы ў маладосць маю,

І вусны ад пякельнай смагі сохнуць...

 

Вам весела, шчаслівыя дурніцы,

Вас цешаць халастыя перуны,

А я ўвесь век нясу ўсё ад граніцы

Трывожныя калючыя зарніцы,

І плач, і хрып, і грукаты вайны.

 

Нявесела, як сто гармат бабахне...

Нясцерпна горка гарадам згараць,

Нялёгка і героям паміраць,

І кожны подзвіг кроўю душна пахне...

 

Сябры мае,

Прашу цішэй паліць:

Зямлі яшчэ баліць.

І мне баліць.

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан