epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

У сорак першым

Жоўты месяц у пчаліных сотах,

І ляціць ад зор пчаліны звон.

Спіць на лузе пыльная пяхота,

Бомбы не ірвуць салдацкі сон.

 

Перш чым леглі, цэлы месяц беглі...

Адпачынак крохкі і малы.

Над ракой туман узняўся белы,

Маскіруе чорныя ствалы.

 

Камандзір чакае данясення,

Думае аб жонцы маладой:

«Эх, навошта паспяшыў з вяселлем...»

Смерць і рэўнасць ходзяць над вадой.

 

Ёсць вінтоўка і махоркі пачак.

Ёсць ватоўка, хлеб і зрэдку боршч.

Б’ешся чэсна ты, а людзі плачуць,

І на сэрцы ўсё цяжэй і горш.

 

Будзе ганьба. Будзе акупацыя.

Будзе потым пераможны май.

А пакуль што вокліч: «Акапацца!»

Уставай, салдат, і зноў капай.

 

Тэхніка пазней загрукатала.

А найбольш запомнілася нам,

Як сапла, варочала, крахтала,

Ціха мацюкалася вайна.

 

Ноч капалі моцныя акопы,

На світанні — зноўку адступаць...

Мы перакапалі паў-Еўропы,

Перш чым перамогу адкапаць.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан