epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Усемагутная эстрада..."

* * *

Усемагутная эстрада,

Для моладзі ты цар і бог.

А для мяне ты ўжо не радасць,

Я ад цябе крыху знямог.

 

І я журыўся і смяяўся,

Калі спявалі «Песняры»

І пра Алесю, і пра Яся,

Пра тры дарожанькі ў бары.

 

Але найшла на сцэну пошасць,

І з мікрафонам у руках

Крыўляецца і скача пошласць...

 

Дзе зніклі вы, грымотны Бах,

І шчодры зорны Шастаковіч,

І дзіўны сонечны Равель?

 

Скажыце, што гэта такое,

Адзін сіпіць, другі раве

Нібы пра нас, а дапатопна:

То рэха шлягераў чужых —

І аднастайна, і падобна,

І пачынае мучыць слых.

 

Іх сёння тысячы — нахабных

Кляпальшчыкаў халтурных нот

І тэкстаў,

Ім бы толькі хапнуць

Ды мікрафон знайсці, ды рот...

 

А мы былі ўпартыя,

Спявалі песні, вартыя

Салдат і партызан:

Мы маладая гвардыя

Рабочых і сялян!

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан