epub
 
падключыць
слоўнікі

Пімен Панчанка

"Жнівеньская ноч як звар’яцела..."

* * *

Жнівеньская ноч як звар’яцела,

Развязала чорныя мяхі.

Сотні тысяч зорак пераспелых

Сыплюцца на мокрыя імхі.

 

Галаву і сэрца мне працяла

Млечным Шляхам.

Край сасновы мой

Сёння ноччу нейкім стаў працягам

Зорнай таямніцы векавой.

 

Балбатня пра атамы — пустое,

Бо у прыгажосці — свой закон.

Толькі гэта неба залатое

Назаўжды ўзяло мяне ў палон.

 

Загадайце, хлопцы і дзяўчаты,

Спраўдзіцца усё ў жыцці у вас...

Зоркі, не пагасніце дачасна,

Я люблю вас,

Я кахаю вас.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 351 с.
Крыніца: скан