epub
 
падключыць
слоўнікі

Пётра Палягошка

Успаміны з жыцьця пад савецкай уладай і з пабудовы Беламорскага каналу

АД ВЫДАВЕЦТВА

 

Дня 14 кастрычніка 1961 году ў Саўт Рывэры, штату Нью Джэрсі ў ЗША, памёр Пётра Палягошка, прыхаджанін мясцовай Беларускай Праваслаўнай Царквы імя Сьв. Эўфрасіньні Полацкай. Ад пачатку акупацыі Беларусі Савецкай Расеяй у 1917 г. і да 1944 г. ён пражываў у Ўсходняй Беларусі. З собскага горкага дасьведчаньня ён поўнасьцю пазнаў бальшавіцкую ўладу. На твары гэтага ціхага і спакойнага чалавека была выпісана бездань прасьледаў, пакутаў і цярпеньняў, якія ён ператрываў за гэту пару бяз ніякага поваду са свайго боку. Адзіным «праступствам» яго было тое, што праваслаўнае беларускае сумленьне не дазваляла яму стацца камуністым і бязлітасна зьдзеквацца і вынішчаць беларускіх сялян, з якіх ён сам паходзіў.

Бальшавізм быў прынесены ў Беларусь з Расеі на штыхох чырвонай арміі. Інтернацыяналістычная бальшавіцкая зграя, пад кіраўніцтвам Леніна, Троцкага, Зіноўева, Каменева, Ліцьвінава, Радэка, Карахана, Вароўскага, Сьвярдлова, Мэхліса, Кагановіча, Сьцяклова, Сьліўкіна, ды ім падобных, у кастрычніку 1917 г. захапіла дзяржаўную ўладу ў Расеі. Разагнаўшы збройнымі сіламі Першы Ўсебеларускі Кангрэс у Менску дня 17 сьнежня 1917 г., зьнішчыўшы Беларускую Народную Рэспубліку, праклямаваную дня 21 сакавіка 1918 г., - бальшавіцкі ўрад у Маскве, на дробнай частцы беларускіх земляў, стварыў Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (БССР) і ўключыў яе ў склад Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). У запраўднасьці БССР зьяўляецца фікцыйнай дзяржавай, існуючай толькі на паперы. Фактычна БССР поўнасьцю падпарадкаваная цэнтральнаму бальшавіцкаму ўраду ў Маскве, як звычайная калёнія.

Усё кіраўніцтва ў БССР: палітычнае, гаспадарчае і культурнае ад пачатку было захопленае небеларусамі інтернацыяналістымі. Яны станавілі пануючую і кіруючую ўпрывілеяваную клясу краю. Беларускі народ фактычна пастаўлены ў становішча працуючай, бяспраўнай і прыгнятанай клясы. Беларускі нацыяналізм быў абвешчаны бальшавікамі сьмяротным ворагам і бязлітасна вынішчаўся. Зразумела, што гэта вынішчаньне беларускага нацыяналізму было толькі прыкрыцьцём для ўмацаваньня на векі вечныя пануючага становішча інтэрнацыяналістых у Беларусі, а таксама - для разбудовы магутнасьці мэтрапольнай часткі бальшавіцкай імпэрыі - Расейскай СФСР.

У пэрыод Другой Сусьветнай Вайны ў кіраўніцтва СССР адбыліся зьмены. Інтэрнацыяналістыя былі поўнасьцю адсуненыя ад улады праз шавіністычныя расейскія нацыянальныя дзейнікі. Для Беларусі гэта не дало палёгкі. Мейсцы інтэрнацыяналістычных прыгнятальнікаў занялі расейскія. Апэруючы камуністычнай фразэалёгіяй яны таксама жорстка змагаюцца з праявамі беларускага нацыянальнага духа, уважаючы іх за варожыя для ўтрыманьня цэласьці імпэрыі.

Мінулыя 50 год панаваньня бальшавізму-камунізму над Беларусяй зьяўляюцца самымі цяжкімі і трагічнымі з усей гісторыі Беларусі.

Рэлігійнае жыцьцё ўсіх веравызнаньняў у Беларусі было поўнасьцю зьнішчана савецкімі ўладамі. Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква была цалком зруйнаваная ў 1937 г. Усё духавенства і шмат вернікаў былі расстраляныя, або высланыя на загубу ў канцлягеры. Цэрквы і манастыры былі часткова зруйнаваныя, часткова замененыя на склады, гаражы і г.п., або стаялі парожнымі без ужытку. Аднак, бальшавікі ня былі ў стане зьнішчыць веры ў людзей і яна захавалася ў душы народу, як найдаражэйшы скарб. Гэта вера адбудавала Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву, як і шмат сьвятыняў: падчас 2-й Сусьветнай Вайны. Аднак, маскоўскі ўрад, заваяваўшы Беларусь, ізноў зачыніў іх, пакідаючы толькі дробную частку, якую падпарадкаваў Маскоўскаму Патрыярху. Гэтыя цэрквы ня служаць справе веры, а выкарыстоўваюцца савецкімі ўладамі для паліцэйскага сачэньня за народам.

Дзесяткі тысяч палітычных і грамадзкіх дзеячоў, вучоных, прафэсароў, настаўнікаў, паэтаў, пісьменьнікаў, артыстых, дактароў, інжынераў, аграномаў і інш. інтэлігэнтаў было вынішчана бальшавіцкімі ўладамі, а іх мейсцы занятыя небеларускімі, якія праводзілі русыфікацыю беларускага народу.

Некалькі міліёнаў беларускіх сялян было дэпартавана ў канцлагеры Расеі, дзе амаль усе яны загінулі. Зямля і інвэнтар былі адабраныя ад сялян, якіх бальшавікі абярнулі ў нявольнікаў, прымацаваных да калгасаў бяз права зьмены мейсца працы і жыхарства.

Работнікі і дробныя службоўцы былі таксама прымацаваныя да мейсца працы, перажываючы ўсе жахі савецкага рэжыму. Іх таксама не абмінула дзейнасьць савецкага тэрору.

Адукаваная беларуская моладзь пастаянна вывозіцца на прымусовыя працы ў Расею, Казакстан і Сыбір, а на яе мейсца прывозяцца расейцы.

Беларуская мова русыфікуецца шляхам урадавых пастаноў. Аднак, і яна выціскаецца з ужытку і замяняецца расейскай. Кнігі, часапісы і газэты на беларускай мове выдаюцца дробнымі тыражамі, затое вялікімі тыражамі друкуюцца публікацыі ў Беларусі на расейскай мове.

Вонкава Беларусь упадабняецца да Расеі. Будынкі стаўляюцца ў агульным расейска-савецкім стылі. Беларускія назовы паселішчаў, вуліцаў і ўстановаў замяняюцца на расейскія.

Эканамічна Беларусь эксплёатуецца Расеяй, як звычайная калёнія. З краю вывозіцца прамысловая вытворчасьць і сыравіна па загадам з Масквы, а статыстычныя дадзеныя аб гэтым «гандлю» трымаюцца ў тайніцы. Недаяданьне і голад, нястача самых неабходных рэчаў і поўная галеча сталі пастаяннымі спадарожнікамі беларусаў пад савецкай акупацыяй. Толькі ўпрывілеяваная камуністычная шляхта належна забясьпячаецца з зачыненых партыйных крамаў, складаў, сталовак і г.п., недаступных для рэшты насельніцтва.

Савецкая ўлада трымаецца ў Беларусі пры стасаваньні масавага крывавага тэррору, спалучанага з шырака разбудаванай сыстэмай шпіцляваньня і даношчыцтва. Арышты, расстрэлы, высылкі ў турмы і канцлягеры даткнулі амаль кожную беларускую сямью. За мінулых 50 год бальшавізм зьнішчыў звыш 6 міліёнаў беларускага насельніцтва, а ў яшчэ большай колькасьці адабраў здароўе і скараціў жыцьцё.

Друкаваныя «Успаміны» П.Палягошкі даюць абраз перажываньняў толькі аднэй асобы з-пад савецкай улады. Аднак, яны даюць магчымасьць пазнаць дух тэй жахлівай атмасфэры бяспраўя, прыгнёту, прасьледу і мардаваньня, у якой жыве ўвесь беларускі народ на працягу апошніх 50 год няволі пад Савецкай Расеяй. Таму «Успаміны» зьяўляюцца дакумантам свайго часу аб Галгофе беларускага народу. Побач з гэтым, «Успаміны» ясна паказваюць на залежнасьць сучаснага цяжкага становішча беларусоў ад акупацыйнага стану Беларусі.

Толькі вызваліўшыся з пад чужацкага панаваньня, у сваёй вольнай і незалежнай дзяржаве, беларускі народ можа быць гаспадаром і арганізаваць сваё жыцьцё згодна сваім патрэбам. Таму, пры кожнай спрыяльнай нагодзе, беларусы змагаюцца за сваё вызваленьне, як гэта нядаўна было падчас 2-ой Сусьветнай вайны. Другі Ўсебеларускі Кангрэс у 1944 г. сфармуляваў беларускія дзяржаўныя пастуляты і выбраў Беларускую Цэнтральную Раду, як дзяржаўнае прадстаўніцтва, для змаганьня за незалежнасьць Беларусі.

Мы верым, што, пры дапамозе Ўсемагутнага Госпада, дзяржаўна-незалежніцкія імкненьні і барацьба беларускага народу астаточна прывядуць да дзяржаўнай самастойнасці Беларусі і вызваленьня ад усіх камуністычных злыбедаў і жахаў.

 

ПРАДМОВА АЎТАРА

 

Мне з невялікай колькасьцяй людзей удалося, хаця скалечаным, але яшчэ жывым, выбрацца з катаргі, дзе будаваўся Беламорска-Балтыцкі канал імя Сталіна. Там сотні тысяч людзей: беларусаў, украінцаў, казакаў, расейцаў і іншых нацыянальнасцяў, сваймі касьцямі і крывёй сцэментавалі пабудову гэтага каналу.

Цывілізаванаму сьвету яшчэ невядома, як будаваўся Беламорскі канал і падобныя яму пабудовы, як то: Байкала-Амурская магістраля, Беразьнякоўскі хімічны камбінат, пабудова жыдоўскай «рэспублікі» Біра-Біджан, магістралі Масква-Менск і шмат іншых пабудоў, фабрык і заводаў усесаюзнага значэньня.

Людзі, ня быўшыя ў савецкім «раю», можа, мне не павераць, таму я раджу слухаць і іншых людзей, якія засталіся жывымі пасьля пабудовы гэтых каналоў, і аднесьціся да гэтага паважна. Я і людзі, якія пражылі там 27 год, з поўнай сьвядомасьцяй кажуць тут жахлівую праўду, што робіцца за жалезным занавесам, і што чакае народ у цэлым і кожнага паасобку там, дзе край апануюць камуністыя.

Гэта праўда няхай будзе перасьцярогай для людзей, яшчэ веручых хлусьлівай камуністычнай прапагандзе, каб не папасьціся ў крывавыя кіпцюры ГПУ і ня быць абрабаванымі і бяспраўнымі нявольнікамі, якімі сталіся народы, падпарадкаваныя крамлёўскім злачынцам.

Перад усім хачу кароценька затрымацца над тым, як выглядаюць савецкія канцэтрацыйныя лягеры. Савецкія канцлягеры не падобныя да турмы, дзе звычайна трымаліся злачынцы, а ёсьць копіяй савецкай дзяржавы і камуністычнай дыктатуры. У канцэнтрацыйных лягерох тая самая палітыка, як і на «волі» - перапрацоўка людзей у безгалосую і бяспраўную працоўную жывёлу. Там ёсьць асабовые турмы, так званыя ізалятары, суды-тройкі, сьледчыя, шпіёны, свая газэта «Перакоўка», стаханаўшчына, сацыялістычнае спаборніцтва і на кожным пункце абавязкова палітычны выхаваўца. Розьніца ад жыцьця на «волі» тая, што ў канцэнтрацыйных лягерох людзі трымаюцца за калючым дротам. Па рагох абгародкі стаяць вежы, на якіх стаяць «вохраўцы» і без папярэджаньня вязьня страляюць у яго, калі падыходзіць да дроту. Калі вязьні выводзяцца на работу, то ззаду за імі ідуць «вохраўцы», трымаючы зброю на пагатоўі. На «волі» людзей на работу ня выводзіць, а яны самі бягуць без агляду, каб не спазьніцца на 10 хвілін, памятаючы закон аб прагулах, спазьненьнях і прымацаваньні да працы, каб не трапіць у канцлягеры за дрот. Калі на «волі» за імі ззаду ня ходзяць узброеныя «вохраўцы», дык за кожным сочыць абавязкова шпіён НКВД, як: на фабрыках - спэц. часткі, у войску - асабовыя аддзелы, у калгасах - камзчэйкі і камсамольцы. Усе яны падпарадкаваныя НКВД.

Пачынаючы пісаць кароткія ўспаміны аб перажытым, муках і зьдзеках, якія перажываў народ на пабудове Беламорскага каналу, кароценька затрымаюся над паступовым разьвіцьцём савецкай улады і камуністычнай дыктатуры, над тымі мэтадамі і шляхамі, якімі камуністыя на чале з Ленінам і Сталіным канчаткова абманулі і прыдушылі паняволеныя імі народы і прымусілі іх будаваць каналы і іншыя будовы, прысвойваючы ім імя Сталіна, Кагановіча і ім падобных.

Дакладна пазнаюць палітыку і мэтады камунізму тыя, хто пабываў у савецкіх канцлягерох хаця год ці два, і гэта даець больш ведаў аб камунізьме, як вывучэньне тэорыяў Маркса-Леніна-Сталіна. Ад тых, каму хаця скалечаным альбо інвалідам, удалося вырвацца з камуністычных лягероў, часта можна пачуць, што яны практычна скончылі вышэйшую школу камунізму. Мне таксама давялося скончыць такую школу ў канцлягерох на будове Беламорскага каналу імя Сталіна.

Я не поет і не пісьменьнік, але хачу так, як умею, пераказаць тое, што давялося мне перажыць і бачыць у камуністычным «раю» на працягу 27 год. Пісаць мне аб гэтым вельмі цяжка і адначасна лёгка. Цяжка таму, што, успамінаючы трагічную і цяжкую долю народу, падуладнага Крамлю, тыя бесчалавечныя мукі і зьдзекі над народам і ўяўляючы сабе тое, што перажывае там цяпер народ і застаўшыеся родныя, мае надарваныя нэрвы не даюць супакою і ня ведаю, ці ўдасца мне знайсьці словы, каб перадаць хаця частку перажытага. Лёгка пісаць таму, што мне ня трэба складаць пляну майго апавяданьня, ня трэба выдумляць і шукаць мейсца, дзе адбываліся тыя альбо іншыя падзеі, ня трэба шукаць і вымышляць герояў і г.д. Усё мне добра памятаецца, як мейсцы падзеяў, так і гэроі, пачынаючы ад садыстых гэпэўшнікаў і канчаючы вымучаным і прыдушаным народам. Гэта не забудзецца да самай магілы. Падзеі, аб якіх пішу, падзяляюцца на 3 пэрыяды:

1. Вайсковы камунізм.

2. НЭП - Новая эканамічная палітыка 1921-1928 гг.

3. СТЭП - Сталінская эпоха ад 1929 г. да часу яго сьмерці.

 

І. ВАЙСКОВЫ КАМУНІЗМ

 

Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі пачалася грамадзянская вайна, якая праводзілася выключна за рахунак сялянства, бо камуністыя ў той час ня мелі нічога, асабліва патрэбнага харчаваньня для вядзеньня грамадзянскай вайны. Тады на селяніна ўзваліўся ўвесь цяжар вайсковага камунізму. З вялізным бюрократычным апаратам бальшавіцкая партыя, ЧК, міліцыя і чырвоная гвардыя выконывалі дэкрэты пра «продразвёрстку». На падставе гэтых дэкрэтаў ніякіх лішкаў хлеба не павінна было быць у селяніна. «Взять хлеб из деревни силой», і «за хлебом в деревню для города» - вось з якімі лёзунгамі накінуліся на сялянства галодныя камуністыя і чырвонагвардзейцы, падмацаваныя крымінальнымі элемэнтамі. Хутка бальшавікі зразумелі, што кінутая ў вёску сіла не так добра можа справіцца і абрабаваць сялянства, як ім гэтага хацелася. Яны баяліся, што сялянства пад пагрозай голаду можа схаваць частку хлеба, каб уратавацца ад галоднай сьмерці. Ленін, прадбачыўшы гэта, хутка выдаў дэкрэт аб арганізацыі «комбедов» (камітэтаў беднаты) і арганізацыя гэтых камітэту даручана была тым-жа рэквізыцыйным збройным аддзелам, якія былі скіраваныя ў вёскі і сёлы «выкачываць» ад сялян хлеб. Такім парадкам, пры дапамозе гэтых камбедаў (камітэтаў беднаты), сялянства было канчаткова абрабавана.

 

ВЫНІКІ ВАЙСКОВАГА КАМУНІЗМУ

 

Вайсковы камунізм, як і трэба было чакаць, у выніку сваёй злачыннай дзейнасьці, давёў дзяржаву да цяжкага гаспадарчага крызісу, а народ - да голаду. Уся ўвага бальшавікоў была скіравана на ўмацаваньне дыктатуры партыі, а не на разваленую прамысловасьць. У сёлах і вёсках ня стала ня толькі хлеба, а нават і солі. Аб рэчах, неабходных для штодзённага ўжытку, ня было чаго і думаць. Сельска-гаспадарчы інвэнтар за час вайны быў зношаны, і здатнага для апрацоўкі зямлі мала засталося, а купіць ня было дзе і ня было за што.

Пасьля вайсковага камунізму бальшавікі, шукаючы вінаватых,сталі крычаць, што ў дзяржаве не хапае хлеба, амаль што зьнікла мяса, не хапае паліва, солі і г.д. Водны і чыгуначны транспарт быў развалены.

Сялянства, канчаткава абрабаванае «продразвёрсткамі» і рэквізіцыямі, страціла ўсякае жаданьне для выпрацоўкі харчовых і спажывецкіх прадуктаў больш тэй нормы, акая патрэбна толькі для пракармленьня сябе і сваёй сям'і, у выніку чаго ня стала прадуктаў на рынак. Адным словам, сталі разам галадаць сяляне і працоўныя гораду. Усё гэта разам узятае давяло да поўнага эканамічнага і палітычнага банкроцтва і заняпаду і выклікала цэлы шэраг пратэстаў і нездавальненьняў ды бунтаў ня толькі з боку сялянства, але таксама і з боку працоўных гарадоў. Бальшавікі адносілі гэта зьявішча не на свой рахунак, а на рахунак «клясавага ворага» і называлі гэта «кулацкімі паўстаньнямі». У выніку голаду паўстаньні сталі выбухаць у Беларусі, на Ўкраіне, Каўказе, Сібіры і г.д.

 

АБРАБАВАНЬНЕ ЦЭРКВАЎ І МАНАСТЫРОЎ

 

Бальшавікі не задаволіліся абрабаваньнем сялянства. Яны ведалі, што ў праваслаўнага народу застаўся яшчэ адзін незакрануты скарб - гэта цэрквы і манастыры. Хутка «мудрыми вождями пролетарията» выдаецца новы дэкрэт: «Об изьятии из церквей и монастырей ценностей». Выданьне гэтага дэкрэту бальшавікі тлумачылі неабходнасьцяй і жаданьнем улады дапамагчы,за рахунак царкоўных каштоўнасьцяў, галадаючаму насельніцтву. Выкананьне гэтага дэкрэту было ўскладзена ў першую чаргу на ЧК, якую ўзначальваў вядомы польскі садысты Фэлікс Дзяржынскі і, зразумелая рэч, на гэту работу былі змабілізаваныя ўсе камуністыя і камсамольцы. Выдаючы гэты дэкрэт, камуністыя мала думалі аб тым, каб дапамагчы даведзенаму да голаду насельніцтву. Тут яны мелі на ўвазе тры мэты: першая - абрабаваць і выкарыстаць для ўмацаваньня сваёй дыктатуры царкоўныя каштоўнасьці; другая - забраўшы са сьвятыні чашы, крыжы і г.д., яны гэтым думалі спыніць багаслужэньні, а гэта было Леніну вельмі патрэбна, бо царква і рэлігія - «опиум для народа» - былі яму страшней бяльма на воку; і трэцяе - духавенства карысталася вялікай папулярнасьцю і павагай сярод насельніцтва, што асабліва адчувалася ў вёсках сярод сялян. Як вядома, духавенства ставілася супраць мерапрыемстваў бальшавіцкай напасьці і бараніла царкву і рэлігію. Гэта паслужыла падставай для ЧК і камуністых, каб расправіцца і зьліквідаваць больш актыўную і папулярную частку духавенства, якога яны ў той час баяліся, бо ведалі, што ў кожным сяле сьвятар карыстаецца аўтарытэтам, і яму насельніцтва верыць. Вядомы ўсяму сьвету кат Дзяржынскі шчыра выканаў дэкрэт і загад Леніна ў гэтым напрамку. Пачаліся ў цэрквах вобыскі і рабункі. Усе каштоўныя рэчы - чашы, крыжы, рызы з абразоў - ЧК і камуністыя забіралі і зрывалі сваімі бруднымі крывавымі рукамі. У многіх выпадках духавенства, якое супрацьставілася гэтаму, расстрэлівалася на мейсцы. Запрацавалі і суды, у якіх паўсталі працэсы супроць сьвятароў, якія быццам захавалі каштоўныя царкоўныя рэчы і г.п. Гэта быў першы наступ азьвярэлага камунізму на сьвятую праваслаўную царкву і рэлігію. З болем у сэрцы праваслаўны народ глядзеў, як бруднымі рукамі ЧК рабавалася і зьневажалася ягонае Сьвятое Сьвятых. Але ў гэты час бальшавіцкія агітпропы супакоівалі галоднае насельніцтва, кажучы, што за рахунак царкоўных каштоўнасьцяў будзе дадзена дапамога галадаючаму насельніцтву. А фактычна гэтае абяцаньне засталося хлусьнёй, як наагул усе іхнія абяцаньні. Народ убачыў, што і цэрквы абабралі, а голад павялічваецца. Дзе-ж тая дапамога? - пыталіся людзі. Але той, хто больш рашуча спытаў пра гэту дапамогу, атрымаў ад Дзяржынскага столькі дапамогі, што навекі замоўк.

Што сродкі, сабраныя камуністымі з абрабаваньня цэркваў, ня выкарыстаныя на дапамогу галадаючым, відаць з таго, што калі Мітрапаліт Петраградзкі, Веніямін, згадзіўся на выдачу царкоўных каштоўнаўсьцяў для дапамогі галадаючым, але лічыў мэтазгодным уключыць у кантроль прадстаўнікоў ад веруючых, то з гэтым камуністыя не пагадзіліся, а за гэта па прысуду трыбуналу мітрапаліта расстралялі.

Як ужо сказана, з прычыны «прадразвёрсток», рэквізіцыяў і голаду, цэлыя краіны і вобласьці былі ахопленыя паўстаньнямі. Паўстаньні гэтыя ня спыняліся ад пачатку захопу ўлады камуністымі.

 

БАРАЦЬБА НАРОДУ З КАМУНІЗМАМ

 

Ад пачатку захопу ўлады камуністымі барацьба паняволеных нерасейскіх народаў за волю і свае чалавечыя правы была, ёсьць і будзе да таго часу, пакуль ня будзе паваленая чырвоная банда і паняволеныя народы вызваляцца. Каб ня быць галаслоўным, прывяду некалькі выпадкаў барацьбы народаў з камунізмам ад пачатку яго існаваньня:

1917 год

1. У лістападзе 1917 г. зарганізавалася дабраахвотная расейская армія, якая вяла збройную барацьбу з камуністычным рэжымам на працягу 3 год.

2. Арганізаваныя казацкія антыкамуністычныя сілы на Доне.

3. У сьнежні 1917 г. сабраўся Першы Ўсебеларускі Кангрэс у Менску, які распачаў адбудову самастойнай беларускай дзяржавы.

1918 год

4. Паўстаньне ў Маскве пад кіраўніцтвам левых эсэраў. Забойства першага старшыні ЧК Урыцкага. Замах на Леніна. Забойства Валадарскага. Узрыў у доме Маскоўскага к-ту камуністычнай партыі - забіта і ранена больш 40 актыўных камуністых.

5. У лютым дабраахвотная расейская армія пачала збройную барацьбу супроць чырвонай арміі.

6. У красавіку пачаліся паўстаньні казакаў на Доне.

7. Супроцьбальшавіцкі пераварот украінцаў у Кіеве і заснаваньне Ўкраінскай Народнай Рэспублікі.

8. У Беларусі ў Барысаве адмова змабілізаваных ісьці служыць у чырвоную армію і бараніць камуністычны лад.

9. Абвешчаньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 г.

10. У траўні паўстаньне казакаў Данской вобласьці становіцца ўсегульным; паўстае дзяржава Ўсевялікага Войска Данскога. Разам з гэтым паўсталі супроць бальшавізму ўсе казакі Кубані.

11. На ўсходзе Расеі ў траўні зьвольнены ад бальшавікоў расейскімі войскамі Калчака г. Томск і Чэлябінск. Зліквідаваная савекцая ўлада ў Уладівастоку. Фармуецца самастойная дзяржава Сібіру.

12. На заходняй частцы зьвольнены ад бальшавікоў г. Рыга і зроблены пачатак расейскага паўночна заходняга фронту.

13. Паўстаюць самастойныя дзяржавы на захадзе - Летува, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Польшча.

14. На поўначы паўстаўшым насельніцтвам звольнены ад бальшавікоў г. Архангельск і зроблены пачатак паўночнага фронту.

15. У цэнтральнай частцы Расеі цэлы шэраг паўстаньняў у Яраслаўлі, Растове Яраслаўскім, Мураме і Рыбінску. Рабілася спроба паўстаньня і ў Маскве.

16. Летам 1918 г. распачалася грамадзянская вайна на ўсіх фронтах Расеі і цягнулася да 1920 г. Змагаліся: з аднаго боку - нерасейскія народы за свае самастойныя дзяржавы; з другога боку - расейскія нацыяльналістыя за адбудову расейскай імпэрыі пад іншым назовам; з трэцяга боку - інтэрнацыяналістыя і расейскія бальшавікі за пабудову бальшавіцкай імпэрыі.

1920 год

17. У Беларусі - Слуцкае збройнае паўстаньне, пачатак якому пакладзены 14.11.1920 г., калі ў Слуцку адбыўся зьезд пры ўдзеле 107 дэлэгатаў ад 15 валасьцей Слуцкага павету. У зьезьдзе прымалі ўдзел прадстаўнікі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і беларускіх вайсковых аддзелаў генерала Булак-Балаховіча. Зьезд выбраў часовы ўрад - Раду Случчыны, у складзе 17 асобаў. Выбраная Рада Случчыны адразу прыступіла да рэалізацыі сваіх заданьняў і 21.11.1920 г. выдала сваю дэклэрацыю. У гэты час бальшавікі і палякі ў Барысаве і Менску вялі перамовы аб міры, у выніку якіх імі была ўстаноўленая дэмаркацыйная мяжа, дзелячая Беларусь між Польшчаю і Савецкай Расеяй. Случчына дасталася Расеі. Калі польскія войскі пакідалі занятую раней Случчыну і адыходзілі на свой бок дэмаркацыйнай мяжы, тады беларусы Случчыны пастанавілі: не дапусьціць на сваю тэрыторыю бальшавікоў. Яшчэ раней арганізаваная для самааховы народная міліцыя, у ліку 500 чалавек, стала ядром рэгулярных вайсковых беларускіх аддзелаў. Аднак, часу было мала для падрыхтоўкі абароны Слуцка, і таму галоўнае камандаваньне загадала вайсковым аддзелам і міліцыі адступіць са Слуцка і зьбірацца ў Семежаве. Там сабралася каля 10 000 вайскоўцаў, з якіх быў створаны Слуцкі полк, пад камандай палкоўніка Гаўрыловіча, і Грозаўскі полк, пад камандай капітана Семянюка. З гэтых палкоў стварылася першая Слуцкая дывізія. Палкавыя сьцягі былі выкананыя рукамі беларускіх дзяўчат. 27.11.1920 г. першая Слуцкая дывізія пайшла ў бой з бальшавікамі. Фронт змаганьня цягнуўся па лініі Вызна-Лютавічы-Садавічы-Быстрыца-Капыль і Цяладавічы. Зацятыя баі адбываліся ў ваколіцы Вызны, Садавіч, Лютавіч, Капыля і Маразоў. Невялікія беларускія збройныя сілы з вялікім гэройствам і адвагай стрымлівалі націск пераважаючых сілаў. Ня маючы дастатковай колькасьці зброі і амуніцыі, случчакі не маглі доўга вытрымаць націску пераважаючых сілаў ворага і мусілі адступіць да ракі Лань. Адтуль рабіліся ўдалыя контр-атакі і дасягаліся мясцовыя посьпехі. Аднак абараніць волю і бацькаўшчыну ад бальшавікоў не ўдалося. Ня хочучы здавацца ў бальшавіцкі палон, Слуцкая дывізія 28.12.1920 г. перайшла польскую мяжу. Палякі абяззброілі яе і інтэрнавалі каля Сіняўкі ў Белавескай пушчы. Так закончыўся ўздым супроцьбальшавіцкага змаганьня на Случчыне. Аднак ня ўсе паўстанцы пайшлі ў польскі палон. Частка іх арганізавала ў Слуцкіх лясох партызанскія аддзелы, і яны некалькі гадоў змагаліся з камуністычнай уладаю Савецкай Расеі.

18. Канфэрэнцыя рабочых мэталістых у Маскве патрабавала свабодны гандаль, свабоды слова з жаданьнем скінуць савецкую ўладу. Канферэнцыя шахцёраў таксама патрабавала свабоднага гандлю. Пачаліся забастоўкі і незадавальненьне ў гарадох у сувязі з недахопам харчаваньня.

19. Найбольш вялікія былі сялянскія паўстаньні пад кіраўніцтвам Антонава, ахапіўшыя Тамбоўскую, Варонескую і Саратаўскую губэрні.

20. Кранштацкае паўстаньне маракоў вайсковага флоту, якія ў большасьці былі з сялян і супроцьставіліся самавольлю камуністычнай дыктатуры над сялянствам.

 

ІІ. НЭП (Новая эканамічная палітыка)

 

Антысавецкія паўстаньні прымусілі бальшавікоў часова адступіць назад ад камуністычнай праграмы. Гэты адыход і ўстанавіў НЭП - новую эканамічную палітыку, аб якой патрэбна сказаць некалькі слоў. Абвясьціўшы новую эканамічную палітыку, камуністыя адмянілі «продразвёрстку» і рэквізіцыі, а замянілі іх адзіным падаткам, дазволіўшы сялянству, выканаўшаму поўнасьцю падаткі, збываць лішкі прадуктаў для сваёй карысьці. Гэта дапамагло камуністым спыніць паўстаньні. Сялянства, не прадбачыўшы нічога наперад, даверліва аднеслася да гэтага мерапрыемства і ахвотна стала працаваць на сельскай гаспадарцы, спадзяючыся палепшыць сваё жабрацкае становішча, да якога было даведзена ў выніку дзейнасьці вайсковага камунізму. Мясцовым кавалям і рамесьнікам таксама была дазволена прыватная праца. Яны ў першую чаргу стараліся вырабляць сельска-гаспадарчыя прылады, пераважна плугі, бароны і іншыя рэчы, патрэбныя сялянству, за што атрымоўвалі хлеб, бульбу і інш. Такім парадкам голад стаў зьмяншацца.

Хутка бальшавіцкімі правадырамі быў выкінуты новы кліч: «Дарогу і пашану культурнай сельскай гаспадарцы». Для выкананьня і ажыцьцяўленьня гэтага клічу на мясцовыя павятовыя выканаўчыя камітэты і сельскія саветы быў ускладзены абавязак выявіць усе культурныя гаспадаркі, прычым патрабавалася дакладна ўлічыць усю маёмасьць, якая мелася ў гаспадарцы, пачынаючы ад колькасьці зямлі, жывога і няжывога інвэнтару, канчаючы курамі. Нават трусы, і тыя не забываліся. Мала гэтага, кожны год пры павятовых камітэтах арганізаваліся сельска-гаспадарчыя выстаўкі, куды зьбіраліся лепшыя экспанаты ад так званых культурных гаспадарак. На выстаўцы можна было ўжо ўбачыць добрых коней, кароў, расьліны і г.д., і былі выпадкі, што сяляне за ўзорныя экспанаты атрымоўвалі як прэмію плуг альбо барану.

 

ВЫНІКІ НЭПу

 

НЭП быў, бязумоўна, вялікім ашуканствам народу, бо, абвяшчаючы яго, камуністыя ня думалі адыходзіць ад сваіх мэтаў, а рабілі гэтым толькі вымушаны часовы адыход. Гэта цяпер добра стала вядома, і таксама добра стала вядома і тое, што камуністыя выкарысталі НЭП для выяўленьня больш творчай і разумнай грамадзкай сілы, якой яны баяліся. Потым яны гэтую сілу зьнішчылі, бо ў першую чаргу былі раскулачаныя і высланыя на запалярную поўнач або ў Сыбір тыя сяляне, гаспадаркі якіх былі зарэгістраваныя як узорныя альбо культурныя. Гэтым камуністыя праклалі сабе вольны шлях для канчатковага паняволеньня народу.

Дэкрэт аб увядзеньні НЭПу быў падпісаны Леніным, але пасьля ягонай сьмерці Сталін, дабраўшыся да ўлады, увесь час падрыхтоўваў глебу для ліквідацыі НЭПу, а ліквідуючы НЭП, ён ліквідаваў і дзесяткі міліёнаў паняволенага народу. Ужо ў 1926-27 гадох пачалася весьціся падрыхтоўчая праца для арганізацыі калгасаў. Культурныя сялянскія гаспадаркі сталі абкладацца больш высокімі падаткамі. Гаспадаркам гэтым застаўлялася мінімальная падушная норма, а лішкі зямлі адбіраліся, прычым адбіралася зямля, больш прыгодная для апрацоўкі. З гэтага часу і пачалася Сталінская эпоха, альбо СТЭП, як звалі камуністыя.

 

АДАБРАНЬНЕ ЗОЛАТА І ЗАЛАТЫХ РЭЧАЎ У НАСЕЛЬНІЦТВА

 

Вядучы падрыхтоўчую працу да арганізацыі калгасаў, «мудры з мудрэйшых вождь» пралетарыяту і «бацька народаў» незадаволены быў тым, што абрабаваў сялянства і цэрквы. Яму захацелася большага, бо ён ведаў, што за часы «праклятага царскага рэжыму» ў Расеі была ў звароце залатая валюта, і ў многіх людзей на руках былі, відаць, залатыя вянчальныя пярсьцёнкі, што для кожнага было дорага. Але даражэй было для Сталіна і ягонай клікі падабраць гэта золата да сваіх рук. Зразумелая рэч, што, калі хто меў залатую манэту альбо пярсьцёнак, яго лягчэй і скарэй можна было схаваць ад «нядрэмлючага вока» ГПУ. Гэта ня хлеб. Тут ГПУ паказала сваю шчырую і адданую працу «бацьку народаў». Зьбіраліся весткі праз сваіх шпіёнаў і камсамольцаў, якія былі ў кожным сяле, аб людзях, у якіх, па думцы бальшавікоў, магла быць адна альбо больш залатых манэт, ці іншых залатых рэчаў. У працягу некалькіх начэй гэтыя людзі былі арыштаваныя ГПУ. Запоўненыя былі ўсе, падрыхтаваныя для гэтай мэты, турмы, падвалы і іншыя памяшканьні. На працягу некалькіх месяцаў рабілася «выкачка» золата. Зразумела, што ніхто дабраахвотна не хацеў аддаць катам залаты вянчальны пярсьцёнак, крыжык альбо запрацаваную за царскага ўраду залатую манэту. Таму да людзей былі застасаваныя такія мэтады фізычнага ўзьдзейнічаньня, ад якіх многія адышлі ў магілу альбо засталіся інвалідамі і калекамі. Ня стану пералічваць мэтадаў фізычнага ўзьдзейнічаньня. Што рабілася з людзьмі, чытач зразумее, але факт той, што ўсе людзі, арыштаваныя ГПУ, здавалі свае грошы і залатыя рэчы «дабраахвотна». Спытацца ў чалавека, аддаўшага «дабраахвотна» свае рэчы ГПУ, было немагчыма. Па-першае, ён вам нічога ня скажа, і па-другое, ён баіцца з кім-небудзь гаварыць. Калі хто да яго падыходзіў, дык ён, як перапужаны заяц, аглядаўся ўва ўсе бакі, баючыся, каб ніхто не пабачыў і не пачуў, што ён гаворыць. Звычайна, калі каго-небудзь ня было пасьля ночы і ён ня прыходзіў на работу, то людзі ціханька адзін другому казалі, што ён захварэў на «залатуху». Аднойчы пайшоўшы ў лес на паляваньне, на дарозе спаткала мяне жанчына, муж якой быў арыштаваны для «дабраахвотнай» здачы золата. На маё запытаньне, ці вярнуўся дамоў муж, яна заплакала і сказала, што ён вярнуўся, ляжыць хворы і прасіў, каб я прышоў наведаць яго. Калі я запытаўся, чым ён хворы, яна, плачучы, адказала: «Я баюся казаць, можа, сам ён скажа». З гэтай жанчынай я пайшоў у вёску, бо мне хацелася пабачыць яго і ведаць, чым ён захварэў. Прыйшоўшы ў хату, я ўбачыў ляжачага на ложку яе мужа, якога, спаткаўшы ў іншым месцы, пазнаць было-б трудна: ён асунуўся, твар пачарнеў, пад вачыма сінякі і забінтаваная рука. На маё запытаньне, што здарылася, ён сіплым голасам адказаў: «За пяць рублёў золата, якія ў мяне засталіся ад часоў царскага ўраду, у мяне адабралі здароўе і скарацілі жыцьцё». «А пяцёрку залатую ты аддаў ім?» - спытаў я. «Аддаў, - адказаў ён, - добра што душу яшчэ не аддаў ды паміраць прышоў у сваю хату», - скрозь слёзы прашаптаў ён. «Дык на вошта-ж яны зьдзекваліся над табой, калі ты сваю пяцёрку аддаў «дабраахвотна?» «Калі хочаце, я вам пакажу сваю дабраахвотнасьць», - сказаў ён і стаў разьвязваць забінтаваную правую руку. Убачыўшы скалечаную руку, мяне ўзяў жах - ногці на пальцах былі аддушаныя і пачарнелі, пальцы ў суставах таксама былі перацятыя, рука пачарнела і апухла. «Гэтак маю руку душылі дзьвярыма, пакуль я ад болю не сказаў: «аддам, пусьцеця!» Пяцёркі гэтай пры мне ня было,я ім мусіў сказаць, дзе яна ляжыць дома. Мяне ізноў укінулі ў камэру, а самі паехалі да маёй хаты забіраць грошы. Спадзяваліся, што ў мяне ёсьць болей. Жонка таксама набралася страху. Будзе да сьмерці памятаць, што такое ГПУ. Яна пасьля ўсяго гэтага ходзіць як няпрытомная, і дзеці таксама перапалоханыя, цяпер хварэюць. Вярнуўшыся назад, забраўшы ў жонкі толькі адну пяцёрку, бо больш ня было, яны выклікалі мяне на допыт і сталі браць на «пушку». Паказалі мне не адну забраную ў жонкі пяцёрку, а тры манэты па пяць рублёў, кажучы: вось, твая жонка заместа аднэй пяцёркі дала нам тры і казала, што ў цябе ёсьць больш золата, але ты схаваў, і яна ня ведае дзе. Я гэтаму запярэчыў, бо болей ня было і разумеў, што мяне бяруць на «пушку». «Ах, дык ты ня хочаш аддаць грошы дзяржаве?!» - закрычаў на мяне ГПУшнік і пачалося тое самае катаваньне». Кажучы словы «тое самае», хворы, падняўшы з падушкі галаву, паказаў мне раны на галаве. З левага боку ў двух мясцох была расьсечана скура, відаць, што ўдары былі зробленыя нейкім тупым і цьвярдым арружам. На маё запытаньне, чым білі па галаве, ён адказаў,што ня бачыў, бо ўдары былі зроблены стаячым з-заду ГПУшнікам, а пасьля трэйцяга ўдару ён паваліўся і стаў няпрытомным. Далей ён, апавядаючы мне пра мэтады і тактыку ГПУ, вымагаючага золата, казаў, што вельмі моцна зьдзекваюцца над сялянствам, якое больш трывалае, і шмат гіне таму, што ў многіх не хапае сілы перанесьці інквізіцыю, яны аддалі-б «дабраахвотна» золата, але яго ў іх няма. Лягчэй паддаюцца жыды. Да іх падыход быў у некаторых выпадках іншы, як, напрыклад: на працягу аднаго або двух дзён ім не давалі нічога есьці, а тады кармілі вельмі салёнымі селядцамі і на працягу двух-трох дзён не давалі піць вады. Выкліканы на допыт да сьледчага арыштаваны бачыў стаячы на стале графін з вадой. Калі гэта не памагала, то арыштаваныя выганяліся на сьнег. Гэдак золатапрамыслоўцы працавалі, а «отец народов» спакойна курыў сваю грузінскую папяроску.

Разьвітваючыся са мной, гэты чалавек вельмі прасіў нікому не казаць пра тое, што ён мне казаў, бо ГПУ, выпускаючы яго з турмы, узяло падпіску аб тым, што ён нікому ня будзе казаць пра «дабраахвотнасьць» здачы золата і ўжываньня мэтадаў фізычнага ўзьдзейнічаньня, і дадаў, што сьледчы папярэдзіў яго: «Калі ты што-небудзь скажаш, то мы будзем гэта ведаць, і тады ты ня ўбачыш ні жонкі, ні дзяцей». Праз некалькі дзён я спаткаў яшчэ знаёмага жыда, які таксама быў арыштаваны за золата і, вядомая рэч, «дабраахвотна» яго аддаў. На маё запытаньне, як яго здароўе і за што яго арыштавалі, быў наступны адказ: «уй, уй, уй, не кажы і не пытайся». Так і кожны чалавек, пабачыўшы там, нічога нікому не казаў, бо ад кожнага бралася забавязаньне маўчаць і даваліся тыя самыя папярэджаньні. Так выдабывалася золата, патрэбнае Сталіну для ўмацаваньня сваёй дыктатуры.

 

ТОРГСІНЫ

 

Загнаўшы нямала людзей у магілу, здабываючы золата, Сталін і ягоныя супрацоўнікі былі перакананыя, што яшчэ ня ўсё золата выпампавана з насельніцтва. Дзякуючы цяжкаму эканамічнаму становішчу краіны, голад і жабрацтва з кожным днём павялічваліся. Гэтыя два саюзьнікі - голад і жабрацтва - дапамагалі Сталіну заўсёды праводзіць у жыцьцё ўсе ягоныя намеры і мерапрыемствы. І тут, каб канчаткова выцягнуць з народу залатыя рэчы, якія засталіся, і, карыстаючы з нагоды, што яму дапамогуць голад і галеча, Сталін са сваёй клікай адчыняюць па ўсіх гарадох так званыя торгсіны. Торгсіны - гэта магазыны, якія прадавалі свае тавары выключна за золата і замежную валюту. На вагу прымаліся залатыя рэчы. Магазыны торгсіну былі перапоўненыя харчовымі прадуктамі і тлушчамі, якіх нідзе нельга было ўбачыць у магазынах савецкага гандлю; быў там розны абутак, вопратка і г.п. Цэны былі прыстасованыя да цэнаў, якія існавалі ў часы царскае ўлады, напрыклад: калі добрыя жаночыя чаравікі ў савецкіх гандлёвых крамах каштавалі 500 рублёў савецкімі грашыма, дык у магазынах торгсіну гэткія чаравікі можна было купіць за 4-5 рублёў золата або іншую залатую рэч, якая па вазе і якасьці раўнялася 5 рублям золата. У савецкім гандлю адзін фунт масла каштаваў 100-150 рублёў, а ў торгсіне яго можна было купіць за 15 капеяк.

У першыя часы пасьля адчыненьня магазынаў торгсіну насельніцтва недаверліва адносілася да гэтага гандлю. Яно баялася, што праз торгсіны будзе высьветлена, у каго ёсьць залатыя рэчы, і тады пачнуцца ізноў арышты і ламаньне касьцей пад лёзунгам: «давай, давай, а то згубіш». Але верны супрацоўнік і саюзьнік Сталіна голад рабіў сваё. Галоднае насельніцтва, каб здабыць крыху масла або кілёграм белае мукі для паміраючага ад голаду дзіцяці, нясло залатыя рэчы - крыжыкі, якія даваліся пры хрышчэньні або шлюбныя залатыя пярсьцёнкі. Усё гэта ненажэрліваму камунізму прыдалося. З боку працоўных было, бязумоўна, вялікае абурэньне. Заработную плату людзі атрымлівалі выключна савецкімі папяровымі грашыма. Але з гэтымі грашыма ў магазыны торгсіну ня ўпушчалі нават заходзіць. Там купляла публіка, маючая золата, і асаблівы попыт быў на амэрыканскія даляры. Працоўныя маглі толькі бесперашкодна паглядзець з вуліцы на багатыя вітрыны ў магазынах торгсіну. За запрацаваныя савецкія грошы людзі не маглі нічога купіць у магазынах штодзённага савецкага гандлю, бо там ня было чаго купляць. Праходзячы каля такіх магазынаў торгсіну, рабочыя ціхінька часта запявалі: «Как в магазинах торгсина есть и сыр и колбаса, рабочий от досады рвёт на себе волоса»; або так: «За савецкія тут грошы ні чорта вам не дадуць, а папросіш, каб прадалі - у «кутузку» завядуць».

 

ПАДРЫХТОЎКА ДА АРГАНІЗАЦЫІ КАЛГАСАЎ

 

І вось прышоў канец НЭПу. З вялікай надзеяй спаткала насельніцтва абвяшчэньне НЭПу, але зь яшчэ большым сумам баялася калектывізацыі, на арганізацыю якой ужо пераключылася камуністычная партыя. На ўсіх мітынгах і сходах сталінскія агітпропы (агітацыйныя прапагандыстыя) хвалілі «мудрую» сталінскую палітыку і будучае райскае жыцьцё ў калгасах. Па вёсках сталі праводзіцца сходы, на якіх камуністыя да няпрытомнасьці хвалілі калгасны лад. Але жадаючых дабраахвотна пераходзіць на калгаснае жыцьцё ня было, бо селяніну цяжка было аддаць сваю зямельку, якую ён атрымаў ад бацькі, а яшчэ горш было цяжка аддаць апошнюю кароўку ці коніка, зрабіцца парабкам і працаваць на чужую камуну. Сяляне сумавалі. Дзе-б не спаткаліся адзін з адным, толькі і гутарылі аб жахлівасьці і страху аддаць усё сваё дабро і жывёлу ў калгас. За заганяньне ў калгасы шчыра ўзяліся камсамольцы, якія па заданьню партыі мусілі дапамагаць, а дзе трэба, то і ўзначальваць барацьбу за арганізацыю калгасаў.

У нашай вёсцы, як на няшчасьце, была настаўніца-камсамолка, якая і ўзяла на сябе ініцыятыву збудаваць калгас. Але сяляне баяліся яе, глядзелі на яе, як на кару, прысланую чортам. Так можна было чуць ад сялан, размаўляючых паміж сабою. Гэта «чортава кара» склікала сходы, але вынікі былі адмоўныя. На сходы людзі стараліся не хадзіць. Адзін раз гэтая камсамолка зьвярнулася да мяне, просячы дапамогчы арганізаваць калгас, і ў канцы размовы падкрэсьліла, што камсамольская ячэйка переканана, што я карыстаюся ў сялан аўтарытэтам, да мяне сяляне прыслухоўваюцца і мне павераць, а таму я мушу выступіць на сходзе і сказаць прамову, а яшчэ лепш будзе, калі я першым уступлю ў калгас і пасьля буду ўзначальваць гэты рух. На гэта я адказаў, што ўзначальваць калгас не магу з тае прычыны, што я працу маю, апрача калгасу, па-другое, я не зьяўляюся кіраўніком на гаспадарцы. Фактычны гаспадар ёсьць мой бацька, гаспадарка ягоная, і яго добрая воля - ісьці ў калгас альбо не, а я толькі жыву ў ягонай хаце, бо іншай кватэры ня маю. У далейшай гутарцы з тэй самай асобай я выказаў свой пагляд на немэтазгоднасьць адразу праводзіць калектывізацыю поўнасьцю на ўсе сто адсоткаў; лепш было-б стварыць узорныя калгасы і калі-б сяланства ўбачыла, што там сапраўды добра жывецца, дык само-б дабраахвотна аб'ядналася ў калгасы, і вам ня трэба было-б кожны дзень праводзіць сходы. На гэтым мы разьвіталіся і, адыходзячы, яна мне сказала: «Заўтра будзе скліканы сход і я спадзяюся, што вы мне дапаможаце». На другі дзень быў скліканы сход, на які прыехаў і прадстаўнік райкому, але мне не давялося быць на сходзе з тае прычыны, што захварэў мой бацька, і я павёз яго да дохтара. Прыехаўшы дамоў, я даведаўся, што сход не адбыўся, бо мала хто прышоў, і прадстаўнік райкому паехаў назад вельмі незадаволены. За мной два разы прысылалі.

 

ПЕРШЫ АРЫШТ

 

Мая размова з камсамолкай-настаўніцай стала вядомая ў ГПУ, бязумоўна, праз тую самую камсамолку. На трэці дзень прыехаўшымі агэнтамі ГПУ ў мяне быў зроблены вобыск - усе рэчы, вопратка, кнігі былі прагледжаны, не забыліся паглядзець у печ, пад печ, нават і сабачую будку ня мінулі. Пасьля вобыску мяне арыштавалі і адвезьлі ў раённае ГПУ ды пасадзілі ў турму, якая была прыстасавана ў драўляным будынку. Вокны былі заслоненыя тоўстымі жалезнымі кратамі. Камэра, у якую я быў закінуты, была невялікая. Там знаходзілася ўжо 30 чалавек і кожную ноч дабаўлялася па 5-10 чалавек. Праз тры дні ў камэры стала ўжо больш 50 чалавек. Суседнія камэры былі таксама перапоўненыя. Людзі ляжалі на юрцах (нары для спаньня), пад юрцамі, на падлозе і каму ня было месца, дзе прылегчы, тыя стаялі каля сьценаў. Уначы спаць было немагчыма, бо верныя дапаможнікі ГПУ - плюсквы і вошы - тэрарызавалі ўсю камэру. Людзі, якія знаходзіліся ў камэры, у большасьці мне былі асабіста вядомыя. Я даведаўся, колькі людзей сядзела ў суседніх камэрах, і хто там сядзеў. Аб гэтым было чуваць вечарам, у часе спраўджаньня, калі дзяжурныя міліцыянеры перадавалі наступным варту, і ўсіх арыштованых пераклікалі па прозьвішчах. Я пераканаўся, што тут сабраныя па некалькі «прадстаўнікоў» ад кожнай вёскі, дзе сялянства адмоўна ставілася да калектывізацыі. Сярод арыштованых у нашай камэры быў селянін з суседняга хутара - стары, гадоў 65, які яшчэ ў часы царской улады езьдзіў на працу ў Амерыку, прабыў там 5 гадоў і, вярнуўшыся дамоў, купіў сабе 20 дзесяцінаў зямлі, пабудаваў і абсталяваў хутар, і гаспадарка ягоная ў часы НЭПу была ўлічана як узорная і культурная. Гэты стары ў камэры любіў апавядаць пра парадкі і жыцьцё ў Амэрыцы. Камэра ўважна слухала і яму задавалі розныя пытаньні. Тады адзін селянін, што сядзеў у кутку пад юрцамі, неспадзявана запытыў: «А ці ёсьць у Амэрыцы калгасы?» «Не, - адказаў стары, - там ня было калгасаў і ніколі ня будзе, бо народ амэрыканскі жыве вольна, кожны чалавек ёсьць гаспадар свайго становішча». Седзеўшы побач са мною на юрцах сусед, ужо пабываўшы ў кіпцюрох ГПУ яшчэ да гэтага арышту, ціха спытаў мяне: «Навошта ён тут хваліць Амэрыку; тут сярод нас ёсьць, напэўна, шпіён ГПУ (сакрэтны інфарматар), і яму за гэта не паздаровіцца». Я з гэтай ягонай засьцярогай згадзіўся і стараўся размову схіліць на іншую тэму, але стары амэрыканец (так звалі яго ў камэры) працягваў гутарку пра Амэрыку і жыцьцё народу там. Каб спыніць гэту размову, я падышоў да гэтага старога, падаў яму капшук з махоркай і ціха на вуха сказаў: «Кінь хваліць Амэрыку, а то будзе табе дрэнна». Наш амэрыканец здагадаўся, у чым справа, і пачаў гутарку на іншую тэму. Засьцярога мая поўнасьцю спраўдзілася. Увечары былі пакліканыя на допыт дзьве асобы, у камэру вярнуўся адзін, а другі, як мы лічылі, напэўна, быў звольнены. На другі дзень быў пакліканы і вядомы наш «амэрыканец», якога гадзіны праз дзьве ці тры прывялі назад у камэру; ён быў сумны і, нікому нічога не кажучы, апусьціўся на юрцы. Увечары адзін вязень стаў прасіць старога амэрыканца расказаць яшчэ што-небудзь пра Амэрыку, але ў адказ той сказаў: «Я ўжо забыўся, што бачыў у Амэрыцы. Калі так хочацца, то паедзь сам, паглядзі і будзеш ведаць». Людзі моўчкі пераглянуліся паміж сабой і больш старога не турбавалі, бо што было на допыце і як яму заткнулі рот, ён нікому нічога не сказаў. На чацьверты дзень пачаліся больш інтэнсыўныя допыты. Міліцыянеры забіралі з камэры па два-тры чалавекі і некаторых з іх прыводзілі назад у камэру, але ніхто з тых, што вярнуліся, не сказаў ніводнага слова, за што арыштаваны і што ў яго пыталі. Мы гэта разумелі, і кожны чакаў з жахам свае чаргі.

 

ДОПЫТ У СЬЛЕДЧАГА ГПУ

 

На шосты дзень першы быў пакліканы я. Міліцыянер пры выхадзе на двор дастаў з кабуры наган, узьвёў курак і сказаў: «Ідзі наперад і назад не аглядайся». Забараніў ісьці тратуарам, а гнаў мяне пасярод вуліцы і, дайшоўшы да памешканьня ГПУ, крыкнуў: «Вярні ў права». Праз хвіліну я апынуўся ў габінэце сьледчага. За сталом сядзеў рыжы тып з шырокім пляскатым носам, на каўняры былі шырокія чырвоныя пятліцы з прымацаванымі да іх «шпаламі». Гэта быў сам упаўнаважаны раённага ГПУ. Ён сіплым прыдушаным басам сказаў міліцыянеру выйсьці і апошні, павярнуўшыся па-вайсковаму, выйшаў за дзьверы. Мы засталіся ўдвух. Хвіліны тры, а можа, і болей гэты ГПУшнік глядзеў на мяне чырвонымі вачыма. Мне здавалася, што супроць мяне сядзіць не чалавек, а нейкая дзікія страшная зьвярына, якой палохаюцца ня толькі людзі, але і жывёла. Памаўчаўшы яшчэ з хвіліну, зьмерыўшы яшчэ раз вачыма мяне з ног да галавы, гэтая рыжая асоба паказала рукою на стаячае супроць яго крэсла і сказала: «Сядай». Я падыйшоў да стала, апусьціўся на крэсла і на думку набегла пытаньне: «А колькі гадоў давядзецца сядзець?» На стале ў сьледчага ляжала анкета на двух аркушах, уся запоўненая пытаньнямі. Пачалося запаўняньне анкеты з прозьвішча, імя, веку, сямейнага стану, як зваць жонку, век яе, дзявочае прозьвішча, імёны дзяцей, век іх, скуль паходзіць жонка, хто яе бацькі, чым займаліся да рэвалюцыі, пасьля рэвалюцыі і г.д. На ўсе яго пытанні я адказваў коратка, але запісваючы ў анкету мае адказы, сьледчы часта выцягваў са стала шуфляду і туды заглядаў. Я разумеў, што ўсе дадзеныя аба мне і маіх родных ужо сабраныя праз інфарматараў. Ён, заглядаўшы ў шуфляду, пастаянна сьцьвярджаў праўдзівасьць маіх адказаў. Пры запаўняньні адказаў аб маім маёмасным становішчы ў нас паўсталі спрэчкі. Сьледчы хацеў у анкеце паказаць, што фактычным гаспадаром маёмасьці зьяўляюся толькі я, чаму я запярэчыў і сказаў, што фактычным гаспадаром зьяўляецца мой бацька, а я працую не на гаспадарцы, а, не маючы сваей кватэры, толькі жыву ў бацькавай хаце, я паказаў яму быўшы пры мне «акладны ліст» на выплату сельска-гаспадарчага падатку і страхоўкі на імя бацькі. Гэта патрэбна мне было давесьці, каб зьменшыць націск на мяне на абавязковы ўступ у калгас, бо я прадбачыў, што ў канцы допыту гэты націск будзе зроблены. Запісваючы ў анкету маёмаснае становішча нашай сям'і, сьледчы затрымаўся на колькасьці паказанай быўшай у бацькі зямлі. Калі я падаў лічбу зямлі 5 га, то сьледчы паглядзеў ізноў у шуфляду стала, чмыхнуў носам і працяжна прамовіў: «Та-а-к. У бацькі толькі 5 га. А чаму ў дзеда твайго было 10 га?» На гэта я адказаў, што ў дзеда майго ніколі 10 га ня было; у яго было толькі 5 га, а таму што дзед служыў у абшарніка лясьніком, дык карыстаўся ад яго яшчэ 5 га, як службовым надзелам. Гэта была ягоная заработная плата, а ня ўласнасьць. Пералічыўшы сельска-гаспадарчы інвэнтар, сьледчы, панюхаўшы яшчэ раз у стол, закрычаў: «Чаму ты хаваеш малатарню?» Я яму заўважыў, што драўляная малатарня саматужнага вырабу належыць тром гаспадаркам, і на рахунак бацькі можна аднесьці толькі ейную адну трэцюю частку. З гэтым ён не згадзіўся, кажучы, што калі малатарня стаіць у гумне бацькі, дык належыць яму. Спрачацца з гэтай рыжай бэстыяй было небясьпечна, бо ён пачаў лыпаць сваімі чырвонымі вачыма, закалаціліся ў яго рукі, і ён выцягнуў з шуфляды стала наган і палажыў яго на стол. Успомніць ўсе пытаньні, на якія я даваў адказы да канца запаўненьня анкеты, цяпер цяжка. Памятаю толькі, што ён пытаўся, дзе жывуць браты, што яны робяць, дзе жывуць сёстры, за кім замужам, ці ёсць хто з родных альбо знаёмых за граніцай і г.п.

Скончыўшы запаўняць анкету, сьледчы прыступіў да допыту. Першае пытаньне было: «Чаму вы не ў калгасе?» Мяне зьдзівіла, што сьледчы панізіў тон і зьвярнуўся да мяне на «вы». Я адказаў, што працую не на сельскай гаспадарцы, гаспадарка належыць бацьку, і яго добрая воля, аддаваць гаспадарку ў калгас ці не. Пасьля гэтага сьледчы паставіў другое пытаньне: «А чаму бацька не ў калгасе?» Я адказаў, што ў вёсцы, дзе я жыву, яшчэ калгасу няма і, магчыма, калі будзе калгас, бацька і згодзіцца быць калгаснікам. «А чаму ў вашай вёсцы няма калгасу?» - задаў мне трэцяе пытаньне. На мой адказ, што гэта мне невядома, сьледчы, махаючы рукамі, пачаў крычэць: «У вашей вёсцы няма дагэтуль калгасу толькі таму, што там жывіцё вы; на вас людзі глядзяць, а вы ня хочаце разумець таго, што камуністычная партыя і тав. Сталін дамагаюцца стварыць калгасную форму землякарыстаньня. Гэта нам дапаможа хутчэй пабудаваць сацыялізм, а там і да камунізму будзе недалёка. Вам трэба добра запамятаць, што ўсякія перашкоды гэтаму будуць зьнішчаны. Мне як ўпаўнаважанаму ГПУ добра вядома Ваша праца і шкодная дзейнасць». Я маўчаў. Далей ён стаў мне паўтараць тыя самыя заўвагі, якія мне рабіла настаўніца-камсамолка, патрабуючы ад мяне дапамагчы ёй збудаваць калгас. Тады я канчаткова пераканаўся, што арышт мой і дадзеныя аба мне весткі, гэта справа працы настаўніцы. Тут-жа было ўзята ад мяне пісьмовае забавязаньне нікому не казаць аб тым, за што я быў арыштаваны і што пыталіся на допыце. Пасьля гэтага, па званку ўпаўнаважанага, увайшоў той самы міліцыянер і адвёў мяне назад у камэру. Я таксама маўчаў і нікому нічога аб допытах не казаў, будучы ўпэўнены, што сярод арыштаваных, бязумоўна, ёсьць інфарматар ГПУ. А 12-й гадзіне ўночы я быў пакліканы зноў на допыт, але прыймаў ня той упаўнаважаны, які дапытваў, а нейкі малады хлапчук гадоў 20 у цывільным пальце. Ён мне сказаў: «Пакуль-што Вас рашылі звольніць з-пад арышту, і будзем спадзявацца, што Вы дапаможаце настаўніцы зарганізаваць у вёсцы калгас». Ад мяне была ўзятая падпіска аб непакіданьні месца жыхарства бяз ведама ГПУ. У камэру я больш не вяртаўся, а выйшаў на вуліцу. Цёмная ноч. Ісьці 8 кілёмэтраў да сваёй вёскі ды яшчэ праз лес не хацелася, а тым больш не хацелася ісьці і прасіцца ў каго-небудзь пераначаваць. Мяне ў гэтым мястэчку ўсе добра ведалі, і кожны з прыемнасьцю пусьціў-бы пераначаваць. Але стала сумна і сорамна за сябе. Думаю - усе ведаюць, што я арыштаваны, і да каго б не зайсьці начаваць,будуць пытацца: за што быў арыштаваны, што пыталіся, і мне прыдзецца хлусіць і выдумляць нешта іншае, бо праўду сказаць я не магу, мне забаранілі і ўзялі пісьмовае забавязаньне нікому не казаць пра тое, што пыталіся і за што быў арыштованы. У думцы паўстала дакорлівае пытаньне: навошта я даў падпіску не казаць людзям праўду? Побач з гэтым паўстае адказ: калі-б не даў гэтага забавязаньня, дык бы цяпер не стаяў на вуліцы, а сядзеў-бы ў камэры ды падкармліваў сваёй крывёю «чырвоную гвардыю» - плюскваў. Такім чынам, ня гледзячы на цёмную ноч, я пайшоў у вёску, да дому. Прышоўшы дамоў, я не стаў хлусіць жонцы ці бацьку, лічыў патрэбным сказаць праўду, і тут узьнікла неабходнасць папярэдзіць іх нікому не казаць праўды, бо гэта было-б небясьпечна для мяне, тым больш, што вёска была абстаўленая інфарматарамі, а галоўная з іх, як вядома мне, была камсамолка-настаўніца. У гэты час сказаць усё жонцы і бацьку я не мог, бо прачнулася большая 5-ці гадовая дачка, забралася да мяне на рукі і стала весьці свой допыт. На пытаньне яе: «Папа, за што цябе арыштавалі?» я адказаў, што гэта няпраўда, я ня быў арыштаваны, а хадзіў у лес на работу. «А чаго мама плакала, а чаго дзед казаў, што хоча лепш памерці, каб не папасьці на прыгон». І тут з больлю на сэрцы прышлося хлусіць. Каб заспакоіць дзіцё, я тлумачыў, што мама проста плакаць захацела, дык і плакала, а дзед многа жыў і памерці хоча. І так заспакоўшы дзяцей, я прылёг аддыхнуць, не сказаўшы поўнасьцю ўсяго таго, што са мной адбылося. Ня гледзячы на тое, што я быў змучаны, некалькі начэй я не спаў, ня мог заснуць. Галава набівалася чорнымі думкамі, станавілася жудасна і сумна, да чаго дойдзе народ, калі ўлада забараняе казаць праўду. Усюды хлусяць камуністыя самі і ўсіх людзей таксама застаўляюць хлусіць. Мне страшна было выйсьці на вуліцу і спаткацца з суседам, бо кожнаму трэба будзе хлусіць, а сказаць праўду нельга. «Вось вам і старонка, «дзе так вольна дыша чалавек», - падумаў я, але сказаць гэтага нікому не сказаў.

Дапамагаць камсамольцы-настаўніцы зарганізаваць у вёсцы калгас, як патрабаваў ад мяне ўпаўнаважаны ГПУ, я не зьбіраўся і ня мог. Пасьля майго арышту і таго, што я даведаўся, мне лягчэй было паглядзець на любую праціўную жывёліну, чым на гэтую настаўніцу. Выступаць на сходзе і агітаваць за калгаснае «шчасьце» я не мог, бо ведаў, што за гэта сяляне будуць праклінаць ня толькі мяне, але ні ў чым не вінаватых і дзяцей маіх. Я бачыў, што вёска сумавала і з жахам чакала новых падзеяў, тым больш, што дзейнасць камбедаў (камітэтаў беднаты) і вясковага актыву стала ажыўляцца. Сярод актывістых больш за іншых выдзяляўся Янка Сапляк. Праўдзівае прозьвішча яго было іншае, але Сапляком яго ўся вёска звала толькі таму, што пад носам у яго заўсёды было мокра. Вясковыя актывістыя сталі распаўсюджаваць чуткі аб надыходзячай новай рэпрэсыі - раскулачваньню і высылках. Хутка я спаткаў аднаго знаёмага з суседняй вёскі, які сядзеў у аднэй са мной камэры, але допыт ягоны адбыўся пасьля звальненьня мяне. Мы з ім добра зналі адзін другога і даверліва гутарылі пра допыты ў ГПУ. Аб сваім допыце ён расказаў мне наступнае: яго дапытвалі на другі дзень пасьля майго звальненьня. Анкета запаўнялася гэтаксама, як і мая. Нежаданьне людзей «дабраахвотна» ўступаць у калгас адносілі таксама на ягоны рахунак, а самае галоўнае - дамагаліся даць яму «пасаду» сакрэтнага інфарматара (осведомителя). Калі ён стаў адмаўляцца, спасылаючыся на сваю малапісьменасьць, яны запэўнілі яго, што гэта ня так важна, як ты не напішаш, мы прачытаем і разьбяром. Убачыўшы, што гэтым абараніцца трудна, ён пачаў скардзіцца, што пасьля перанесенай хваробы ён стаў кепска чуць, і гэта дапамагло яму пазбавіцца гэтакай «ганаровай пасады». У канцы размовы ён раіў мне сьцерагчыся людзей, якія вольна ці нявольна пабывалі ў ГПУ, бо ён ведае дзьве асобы, якія, будучы запалоханымі, згадзіліся быць інфарматарамі, такіх, бязумоўна, было многа. Падпіска «заткні рот» (так называў ён гэты дакумэнт) ад яго таксама была ўзятая.

Адчуваючы, што пасыўныя мае адносіны і невыкананьне наказу ў часе допыту ў ГПУ дапамагчы настаўніцы збудаваць калгас будуць расцэненыя ГПУ як «кантррэвалюцыйная дзейнасьць» з майго боку, і гэта можа дрэнна скончыцца для мяне, я пачаў шукаць выхаду з гэтага становішча. Параіўшыся з бацькам, мы вырашылі прасіць лесавода, з якім я працаваў, паслаць мяне, хоць часова, на працу ў далейшае месца, каб толькі ня быць дома і ня бачыць, што тут робіцца. Калі я зьвярнуўся да лесавода з гэтай просьбай, ён, не разумеючы ў чым справа, пачаў з мяне сьмяяцца, кажучы: «Няўжо табе дрэнна дома жыць і блізка працаваць?» Ведаючы яго як разумнага чалавека, які часта пры гутарках падзяляў мае пагляды і глядзеў на мерапрыемствы савецкай улады, як на згубу і няшчасьце для народу, я сказаў яму ўсю праўду, чаму мне патрэбна ня быць дома. Не задумваючыся доўга, ён мне запрапанаваў у аднэй крайняй дачы на адлегласьці 15 км. ад дому зрабіць пашырэньне квартальных лініяў і ў адным квартале зрабіць выбарчую рубку лесу, запэўніўшы, што работы там хопіць да вясны, а тым часам можа гэтае ліха заспакоіцца. На другі дзень я выехаў туды на працу і дамоў прыяжджаў толькі адзін раз у тыдзень наведаць сям'ю.

 

РАСКУЛАЧВАНЬНЕ І ВЫСЫЛКІ

 

Набліжаліся жахлівыя падзеі. Камуністыя, як галоднае зьвяр'ё, рыхтаваліся прыглынуць і зьнішчыць больш сьвядомую частку сялянства, якую яны залічылі ў катэгорыю «кулацкага элемэнту». Я сачыў за падзеямі і прасіў бацьку паведамляць мне аб усім, што будзе адбывацца ў вёсцы. Скора ад бацькі я атрымаў вестку, што ў нашай вёсцы арыштаваныя ў начы двое сялян і вывезеныя ў напрамку Менску. Сем'ям іх прапанована падрыхтавацца ў дарогу і дазволена ўзяць з сабою мінімальную колькасьць адзеньня, з харчоў - некалькі пудоў хлеба і частку сухароў, а каб, астаючыся яшчэ дома, сям'я не «разбазарвала» маёмасьці, як вартаўнікі, былі прыстаўленыя вясковыя актывістыя пад наглядам вядомай камсамолкі-настаўніцы. Сялянства хадзіла перапалоханае. Працуючыя пры мне ў лесе сяляне ня выйшлі на працу. Здавалася, нейкая чорная хмара накрыла сьвет. Я паехаў да дому. Бацька хадзіў сумны і казаў: «Прышоў канец. Народ хацеў згубы, дык паверыў гэтым зладзеям, а гэтыя дурні актывістыя думаюць, што ім усё гэта застанецца. Іх таксама раскулачаць і забяруць у калгас усё. Розьніца толькі тая, што адных вывязуць у Сібір і там яны будуць гібець і галадаць, а гэтыя дурні, аддаўшы ўсё сваё ў калгас, будуць таксама дарма працаваць галодныя і рады будуць, калі ім дадуць кавалак хлеба». Жонка таксама сумавала. Яна шкадавала суседак-жанчын, з якімі дзяліла радасьць і гора, і наагул ня было амаль ніводнай хаты, дзе-б не аплаквалі гэтых няшчасных «кулакоў». На другі дзень ноччу прыехалі забіраць сем'і і раскулачваць гаспадаркі. (Гэта значыць - усё абрабаваць і ліквідаваць гаспадарку). Гэты рабунак узначальваў прыехаўшы з райкому камуністы, якому дапамагала камсамолка-настаўніца і падрыхтаваны да гэтага вясковы актыў. Сем'і былі пасаджаныя на вазы. Толькі старэнькая жанчына, жонка ўжо арыштаванага і вывезенага суседа, была зусім хворая, упала ў няпрытомнасьць і на падводу яе трэба было выносіць на насілках. Вазоў бракавала, і таму прыехаўшы з райкому камуністы вывозіць гэту жанчыну ня стаў, кажучы: «Няхай падыхае тут, ад яе ўжо кулацкага прыплоду ня будзе». Чытач можа ўявіць сабе жудасны абраз, калі дзеці разьвітваліся з бездапаможнай маткай, ня ведаючы, куды дзелі арыштаванага тры дні таму назад бацьку. Прадстаўнік райкому, насупіўшыся, паглядаў з-падылба і важна пакрыкваў: «Хутчэй давай». На вуліцы стаяў натоўп жанчын, якія голасна плакалі, і ў кожнага чалавека, як кажуць, з жалезнымі нэрвамі ад болю сьціскалася сэрца і халадзела кроў у жылах. Па камандзе: «Паехалі» абоз крануўся, і плачучыя сем'і паехалі. Так плакалі сяляне, плакала вёска і плакала ўся Беларусь, топячы ў сьлязох сваю волю. Зараз-жа пачалася ліквідацыя маёмасьці. З суседняй вёскі, дзе ўжо быў закладзены калгас, прыехалі хурманкі і пачаўся рабунак. Забірілася збожжа, кармы для жывёлы, коні, каровы і г.д. Камсамольцы пачалі паляваньне на курэй. Вульлі з пчоламі ўскідаліся на сані і адвозіліся ў бліжэйшы саўгас (савецкая гаспадарка). Так гінулі сялянскія гаспадаркі, так гінулі сяляне.

Каб людзям зразумела было, што гэта былі за «кулакі», я пастараюся кароценька апісаць гэтыя гаспадаркі, паказаць, якая маёмасьць была ў гэтых гаспадарках, і тыя абставіны, якія, па маёй думцы, былі галоўнай прычынай для іхняй ліквідацыі.

Першы гаспадар, недалёкі мой сусед, чалавек у веку больш 65 гадоў, няпісьменны. У гаспадарцы меў 20 га зямлі, разам ворнай і сенажаці. Старэйшага сына ён аддзяліў, даўшы яму частку зямлі і іншай маёмасьці. Такім парадкам у яго было ня больш 15 гэктараў. Ён любіў пчолы і лес. Часта ў сьвяточныя дні ён хадзіў на паляваньне. Зямля ягоная была пясчаная, мала ўраджайная, таму вельмі многа працы трэба было аддаваць на яе апрацоўку і ўгнаеньне. Сям'я складалася з 6 душ: два дарослых сыны, дзьве дачкі і двое старых. Маючы мала карысьці ад гэтай гаспадаркі, стары ўсё-ж такі стараўся трымаць у добрым стане двух коней і іншую жывёлу. Маладыя дзеці, будучы ўжо дарослымі, хацелі як прыгажэй апрануцца, у чым стары не адмаўляў ім, за тое сам заўсёды хадзіў у лапцёх, я ніколі ня бачыў яго ў ботах. Сам ён быў вельмі працавіты, любіў гаспадарку, часта адмаўляў сабе ў чым-небудзь, а за рахунак гэтага падтрымліваў гаспадарку. Вельмі ня любіў ён камбедаўцаў (сяброў камітэту беднаты) і вясковых актывістых. Ён з іх сьмяяўся, кажучы: «Калі будзеце малоць языкамі, а не будзеце працаваць, дык будзеце камбеднічаць увесь свой век». Гэта ён ім казаў у вочы і пры іншых людзях. Магчыма, гэта і было галоўнай прычынай ягонай гібелі. Як даведаліся потым, ён быў высланы ў Комі-Пермяцкую вобласць і там з голаду загінуў сам і ягоная сям'я.

Другі раскулачаны і высланы быў сялянін такога самага веку. Ён меў сям'ю 5 душ, у гаспадарцы было 10 га зямлі, 1 конь, 2 каровы і іншая дробная жывёла. Гэты селянін, у процілежнасьць першаму, быў добра пісьменны, апранаўся больш прыгожа. Ён адзначаўся ад іншых сваёй рэлігійнасьцю, кожную нядзелю лічыў абавязкам бываць у царкве і, будучы паважаны народам, некалькі разоў выбіраўся старшынёй царкоўнай рады. Камуністыя ў тыя часы вялі свой ваяўнічы наступ на царкву і рэлігію. За царкву трэба было плаціць арэнду і на права Богаслужэньня патрэбен быў дазвол ад савецкай пракуратуры. Ён усё гэта рабіў, як: зьбіраў сродкі на выплату арэнды за царкву, езьдзіў у пракуратуру і дамагаўся дазволу адпраўляць Богаслужэньні ў царкве. Гэта апошняе, напэўна, і было прычынай яго высылкі і раскулачваньня. Вось якія былі «кулакі» і завошта яны гінулі.

 

ПАЧАТАК КАЛГАСУ

 

Пасьля гэтых вывазаў справа з арганізацыяй калгасу пайшла лягчэй. Сяляне, пасьля гэтакіх падзеяў, былі запалоханыя. Для будучага калгасу звольнілася дзьве хаты з іншымі будынкамі высланых гаспадароў. Чалавек 3-4 актывістых запісалася ў калгас і тут-жа атрымалі частку маёмасьці па раскулачаных, на пачатак заснаваньня калгасу. Пасьля гэтага прыехаўшы на сходку прадстаўнік райкому, сагнаўшы ў школу народ, доўга ня гутарыў. Пытаньне аб арганізацыі калгасу ён паставіў на галасаваньне. «Хто супраць калгасу, падымеце рукі», - закрычэў ён зычным голасам. Сяляне сядзелі, як прыдушаныя. Ніхто не адважыўся сказаць ні аднага слова, бо ўсе разумелі, што ўзьняць руку супраць калгасу - гэта значыла паехаць у Сібір за высланымі ўчора суседзямі. «Ага, апамяталіся», - забурчэў сабе пад нос прадстаўнік райкому і, зьвярнуўшыся да сакратара сходу, сказаў: «Запішэце, што сход аднагалосна пастанавіў пабудаваць калгас, бо супраць няма ні аднаго чалавека». Сяляне моўчкі разышліся. Але існаваў яшчэ такі парадак, што кожны сялянін павінен быў падаць заяву аб «дабраахвотным» уваходзе ў калгас, і тады забіралася ўся маёмасьць, пачынаючы ад каня і канчаючы дробнай жывёлай. Збожжа, бульба гэтак сама забіралася на складку насеннага фонду. Такая была «дабраахвотнасьць» пры арганізацыі калгасаў.

Мой бацька на сходы не хадзіў і калі я яму сказаў, як адбывалася сходка і якая запісалася пастанова, ён сказаў: «Памятаю першы прыгон (крепостное право), але гэты будзе горшы». Я яму заўважыў, што быў адзін прыгон, а цяпер дачакаліся да другога і розьніцы між імі няма. «У тым-то і справа, што розьніца ёсьць вялікая», - сказаў бацька і пачаў тлумачыць, у чым ёсьць вялікая розьніца. Першы прыгон быў не такі страшны, як яго малююць камуністыя. Праўдаю ёсьць, што сяляне залежнымі былі ад абшарніка, да якога яны былі прымацаваны, але кожны сялянін меў сваю ўласную гаспадарку; ўся сям'я працавала на сваёй гаспадарцы, для сваёй карысьці; ад сям'і альбо ад двара, толькі адзін чалавек мусіў ў тыдзень два-тры дні хадзіць на працу да пана. Калі ў селяніна здаралася няшчасьце, як, напрыклад, згарэла хата альбо згінула карова, то ён зьвяртаўся да свайго пана, і той мусіў даць дапамогу лесам на хату альбо карову. І ў выпадках нястачы хлеба ён таксама атрымоўваў хлеб, бульбу і інш. Гэты прыгон, за які сёньня так галасавалі «аднагалосна», будзе, бязумоўна, горшы ад першага прыгону. Такога прыгону яшчэ гісторыя ня ведае і нідзе на сьвеце няма такога месца, дзе-б існавала такое беспраўе і зьдзек над народам. Ад цябе забяруць усё: зямлю, жывёлу, будынкі, хлеб і кожны дзень усёй сям'ёй, ад малога да вялікіга, мусіш па званку бегчы на працу, бо калі спозьнісься, дык гэты пан-камуністы цябе не пашкадуе, а загоне туды, дзе «Макар цяляты пасе». Цяжка ўздыхнуўшы, стары палез на печ. Мы з жонкай маўчалі. Пасядзеўшы трохі на печы, стары сказаў: «Ах як добра было-б памерці яшчэ ў сваей хаце, а то чаго добрага яшчэ вывязуць туды, куды павезьлі суседзяў, і там ад голаду і холаду загінеш». Мы разумелі, што пераканаць бацьку падпісаць заяву аб «дабраахвотным» уступе ў калгас было немагчыма, і пытаньня аб гэтым не падымалі, бо ён быў вельмі ўсхваляваны і гатоў быў расплакацца.

 

ІНДЫВІДУАЛЬНЫ ПАДАТАК

 

Я паехаў назад на працу і праз два тыдні дамоў не паказваўся. Скора прыехаў да мяне бацька і сказаў, што гаспадарку нашу сельсавет аблажыў індывідуальным падаткам. Гэтакім падаткам абкладаліся гаспадаркі, якія не хацелі «дабраахвотна» ўступаць у калгасы. Індыдальны падатак быў у такой вялікай суме, што калі-б прадаць усю гаспадарку, дык гэтым нельга было-б пакрыць накладзенага падатку. Звычайна сельсаветы рабілі зараз-жа вопісь маёмасьці гэтай гаспадаркі і калі ў вызначаны кароткі тэрмін гаспадар ня змог аплаціць, прадавалася маёмасьць, а сам ён быў кандыдатам на высылку. «Які далі тэрмін для аплаты індывідуальнага падатку?» - спытаў я. «Здаецца, 4 ці 5 дзён, - адказаў бацька. - Ды што гэты тэрмін, калі ўсё-роўна выплаціць гэтакую суму мы ня зможам, а калі і выплацім, дык зараз-жа дадуць другі індывідуальны падатак, яшчэ большы, і ўсё-роўна задушаць». «А ці зрабілі вопісь маёмасьці?» - запытаў я. «Не, - адказаў бацька. - Затым я і прыехаў параіцца з табой, як ратавацца». Я выказаў думку, што добра было-б, пакуль не зроблена вопісь майна, больш каштоўныя рэчы і хлеб аддаць каму-небудзь з добрых людзей. Бацька сказаў, што гэтак думае і ён, і казаў ужо аб гэтым аднаму добраму чалавеку, які абяцаў уночы прыехаць і забраць што-небудзь з каштоўных сялянскіх рэчаў. Зрабіць гэта можна было толькі глыбокай ночай, каб не заўважыў ніхто з вясковага актыву. Мы паехалі дамоў і падрыхтавалі рэчы, якія лічылі патрэбным ня трымаць дома, як: вэлёсыпэд, швейную машыну, гадзіньнік, лепшую вопратку і насыпалі ў мяшкі збожжа, бо на гэтыя рэчы вельмі накідаліся камуністыя і іхныя памоцнікі. Кожны стараўся набыць сабе гэтыя рэчы і надзець лепшую вопратку. А 12-й гадзіне ўначы прыехаў наш добры прыяцель на двух падводах, а з ім яшчэ два надзейныя хлапцы. «Ну, прыехалі раскулачваць», - сказаў ён, увашоўшы ў хату. «Так, хлопцы, забярэце ўсё лепшае і, крый Божа, што з намі здарыцца, скарыстайце вы, толькі не папала-б ў рукі азьвярэлым камуністым», - сказаў бацька. Хутка ўсё больш каштоўнае было наладавана на адну хурманку. На другую хурманку паклалі пўдоў 20 збожжа. Бацька прасіў яшчэ забраць адну карову і адну сьвіньню. Карову яны забралі, а свіньню забраць было немагчыма, баяліся, што яна стане квічэць, і могуць пачуць вясковыя актывістыя. Так засталіся пакуль што «раскулачаныя», чакаючы вопісі маёмасьці. Я паехаў на працу і чакаў далейшых падзеяў. Скора бацька паведаміў, што вопісь маёмасьці ня была, а можа і ня будзе, бо яму адзін з вясковых камбедаўцаў казаў, быццам абкладаньне нашай гаспадаркі індывідуальным падаткам адклікана. Скора жонка прыслала за мною чалавека і пісала, што бацька цяжка захварэў, просіць хутка прыехаць. Даручыўшы лясьніку кіраваць працай, я разам з прысланым па мяне чалавекам паехаў дамоў. Бацька ляжаў хворы. Калі я падышоў да яго, дык ён мне ціха сказаў: «Ну, дзякуй Богу, мукі мае канчаюцца; я перажыў адзін прыгон, а гэтага савецкага прыгону перажываць ня буду. Бараніся і ратуйся ды сьцеражы дзяцей - яны яшчэ малыя». Я стаў прасіць быўшага ў хаце пляменьніка хутка запрэгчы каня і ехаць па дохтара. Бацька стаў прасіць не пасылаць па дохтара, бо яму хочацца памерці, каб не бачыць зьдзекаў над народам і над сабой. З гэтай ягонай просьбай мы ня лічыліся. Праз тры гадзіны прыехаў стары фэльшар, добры сябра бацькі (дохтара дома нябыло). «Ну, браток, лячыў ты мяне, дапамагаў мне, дзякуй, што прыехаў, але ня турбуйся, больш не лячы. Я не хочу жыць. Шкада толькі маленькіх унукаў, няхай жывуць і мучацца, бо дабра яны ня ўбачаць». Стары фэльшар, агледзеўшы бацьку, сказаў мне, што ў яго вострае запаленьне лёгкіх, і стан ягоны безнадзейны. Напісаў рэцэпт і паехаў. Вечарам бацьку стала горш і я паклікаў суседа. Бацька быў яшчэ ў прытомнасьці, прасіў прывезьці сьвятара, каб спавядацца і пахаваць яго, як праваслаўнага чалавека. Я пайшоў і стаў рыхтавацца запрагаць каня, каб ехаць па сьвятара, але вышаўшы з хаты сусед сказаў: «Ня трэба». Старога ня стала. Выконваючы ягоную волю, быў запрошаны сьвятар, хаця я ведаў, што за гэта прыдзецца мець няпрыемнасць. Так і здарылася. Спаткаўшы мяне, заступнік дырэктара па палітычнай часьці спытаў мяне: «Ну что, похоронили отца?» «Так», - адказаў я. «И, конечно, с попом?» - спытаўся ён. «Гэта мая справа, - адказаў я і дадаў: Я ніколі ў вас пытацца ня стану, з кім вы будзеце хаваць свайго бацьку, з чортом ці д'яблам». Хацелася ўхапіць са стала чарнільніцў і разьбіць гэты бычыны лоб. Убачыўшы, што я моцна ўсхваляваўся, ён, апусьціўшы вочы, сказаў: «Ой, які вы сярдзіты і не разумееце маіх жартоў». Не сьцярпеўшы далей, я яму павышаным тонам адказаў: «Ад вашых жартоў народ плача, а вы гэтага не разумееце». І пайшоў ад яго.

 

ДАЛЕЙШАЯ «ПАБУДОВА» КАЛГАСУ

 

Калгас у нашай вёсцы будаваўся. Амаль палавіна ўсіх сялян ужо пайшла «дабраахвотна» ў калгас. У парожныя будынкі высланых «кулакоў» зводзілася жывёла: коні, каровы і іншае. Ад сялян вывозілася збожжа на засыпку насенных фондаў. Жанчыны плакалі. У вёсцы панаваў гвалт і жах. Так будавалася калектывізацыя і «пабеданосным» сацыялізмам была ахоплена вёска.

Пасьля сьмерці бацькі гаспадарка перайшла ў маё карыстаньне. Казаць далей, што гаспадарка не мая, а бацькава, нельга было. Заставалася адно: падаць заяву аб «дабраахвотным» уступленьні ў калгас, аддаць усё і ісьці кожны дзень адбываць прыгонную працу. Ісьці ў калгас я баяўся ня меней таго, як баяўся мой памёршы бацька. Трэба было шукаць выхаду, як пазбавіцца ад гаспадаркі, якую так любілі мой дзед і бацька. Але як? Я вырашыў заклікаць да сябе старшыню калгасу, ведаючы, што ён любіць выпіць добрую чарку і ніколі не адмаўляецца ад гэтага. Старшыня калгасу ня прымусіў доўга чакаць і вечарам быў у мяне ў хаце. Для прыняцьця гэтай «важнай» асобы я дабыў літар моцнага самагону, і, лыкнуўшы шклянку яго, гэта «важная» асоба загаварыла. «Бацькі твайго ўжо няма, цяпер ня будзе перашкоды для ўваходу ў калгас». Даўшы яму яшчэ больш выпіць, я стаў прасіць яго прыняць гаспадарку ў калгас, бо мне трэба працаваць у лесе, а не на гаспадарцы. Ён не адмаўляўся забраць гаспадарку, але пераконваў мяне кінуць працу ў лесе і перайсьці на працу ў калгас, дзе я буду патрэбен яму як рахункавод, бо сам ён малапісьменны, а рахункавода няма. Каб пераканаць мяне ў гэтым, ён мне стаў даводзіць, што працаваць у лесе няма ніякага сэнсу з тае прычыны, што, па яго думцы, начальства мяне ня любіць і перакінула на працу за 15 км. ад дому. (Ён ня ведаў таго, што я сам прасіўся перавесьці мяне на працу далей ад дому.) Нарэшце, прыняўшы трэцюю дозу самагону, ён разьмякчэў і сказаў: «Добра. Падавай мне цяпер заяву аб дабраахвотным уступе ў калгас. Заўтра прыедзем абагуліваць (забіраць) маёмасць, а калі ня хочаш працаваць са мной, працуй сабе там, дзе працуеш. Я сабе рахункавода як-небудзь знайду». Я тут жа напісаў і аддаў яму заяву, і ён стаў зьбірацца выходзіць з хаты, але, падняўшыся з крэсла, запытаў мяне: «А што ў цябе ёсьць абагуліваць?» Я яму адказаў, што маюцца ў гаспадарцы ўсе сельска-гаспадарчыя прылады: плугі, бароны, калёсы, кабыла з жарабём і адна карова. «А дзе другая?» - запытаў ён. Я адказаў, што зьбегла невядома куды. Ён зразумеў, што значыцца «збегла», і, апусьціўшыся назад на крэсла, стаў мне казаць: «Ня ведаю, што будзе з гэтага. Да пачатку калектывізацыі ў нашай вёсцы было 130 кароў, а як пачалі будаваць калгас, дык большая частка кароў і коней паразьбеглася, і засталося ня больш 50 кароў і мала засталося коняй. Вось што нарабіла калектывізацыя». Сказаўшы гэтыя словы, ён пайшоў з хаты. Я пачаў зьбірацца, каб на другі дзень рана паехаць на працу, а жонцы раіў, не хвалюючыся, аддаць усё, што яны знойдуць патрэбным забраць у калгас.

 

ВЫНІКІ КАЛЕКТЫВІЗАЦЫІ

 

Калектывізацыя - гэта была трагічная згуба і развал сельскай гаспадаркі. Жывёла за бясцэнак прадавалася мясьнікам і ў многіх выпадках забівалася самім сялянствам. Ня было нічога дзіўнага, калі да канца калектывізацыі пагалоўя скаціны зьменшылася на 50-60%, але затое ў пачатку 1932 году партыя і ўрад БССР рапартавалі «вялікаму, мудраму, гэніяльнейшаму» Сталіну, што, выконваючы ягоныя «мудрыя» ўказаньні, калектывізацыя ў БССР праведзена на 99% і што пад яго кіраўніцтвам «клясавы вораг» разьбіты.

Зіма 1929-30 гг. народам названая страшэннай і крывавай зімой па таей нябывалай жорсткасьці, з якой камуністыя рабілі зьвярыную расправу з народам, пераважна з сялянствам. У гэту зіму мільёны вольных сялян былі загнаныя ў калгасы і сталі безгалоснымі і бяспраўнымі нявольнікамі. Яны страцілі права мець сваю зямлю, скаціну і наагул маёмасьць. Праўдзіва кажучы, ў гэту зіму адбыўся нябывалы ў гісторыі чалавецтва рабунак, арганізаваны камуністычнай партыяй. Сотні тысяч сялян, моцных не сваёй заможнасьцю, а сваёй маральнай сілай, былі закінутыя ў турмы і падвалы ГПУ, а пасьля - адныя расстраляныя і напоўненыя імі засакрэчаныя брацкія магілы, а іншыя - скончылі жыцьцё на будове Беламорскага каналу, ў Калыме, Варкуце і шмат іншых мяйсцовасьцях, дзе знаходзяцца канцэнтрацыйныя лягеры. Сем'і іх выкідаліся на вуліцу альбо высылаліся на поўнач ці ў Сібір таксама на пагібель.

Дакладная колькасьць рэпрэсаваных і загубленых сялян па ўсяму СССР ў часе калектывізацыі вядомыя толькі крамлёўскім злачынцам ды НКВД. Гэтыя лічбы камуністычнага тэррору на 1933 г. былі паміж 15-20 міліёнаў чалавек, у тым ліку ў Беларусі звыш 1 500 000.

Правесьці гэту пякельную, бесчалавечна жорсткую работу мясцовыя камуністыя і ГПУ, бязумоўна, не змаглі-б, бо з боку сялян у некаторых мясцовасьцях быў моцны адпор. Таму ў вёскі было паслана ў дапамогу для правядзеньня калектывізацыі 25 000 мабілізаваных камуністых і ў дадатак яшчэ ЧОН (камуністычныя «части особого назначения»), так званыя - карныя аддзелы. Гэтыя зьверствы надумана рабілі людзі з маскоўскага Крамля, якія хочуць «ашчасьлівіць» сьвет, абяцаючы народам рай на зямлі.

Сталіну было вельмі прыемна атрымоўваць тысячы рапортаў аб праведзенай у такі кароткі тэрмін калектывізацыі. Гэта быў ягоны намер і мэта, але яго адзічэлыя вушы чулі, як стагнаў і плакаў народ пад тэррорам «дабраахвотнай» калектывізацыі. Ён разумеў, што партыя давала яму вельмі многа падхалімства, называючы «бацькам» ды яшчэ «мудрэйшым з усіх мудрых». Ён са свомай яму хітрасьцяй і подступам вонкава стараўся паказаць, што ён усё-ж такі «любіць і шкадуе» народ, як і належыць бацьку. Нечакана ў газэтах зьяўляецца артыкул Сталіна пад назовам «Галавакружэньне ад посьпехаў».

Гэты артыкул згуляў вялікую правакацыйную ролю, каб выявіць людзей, якія больш рашуча і сьмела ставіліся супроць калектывізацыі і з іх стварыць вялікія кадры дармовай паднявольнай працоўнай сілы, якая патрэбна яму была для асваеньня паўночных абшараў і для пабудовы вялікіх будоўляў агульна дзяржаўнага значэньня. Асабліва патрэбна была такая працоўная сіла для пабудовы запраектаванага Беламорска-Балтыцкага каналу, якому яшчэ да пачатку будовы наданы назоў «Канал імя Сталіна».

У сваім «гістарычным» артыкуле - «Галавакружэньне ад посьпехаў» (камуністыя завуць усе прамовы і артыкулы Сталіна гістарычнымі) Сталін крытыкаваў дзейнасьць некаторых райкомаў, якія прымусова заганялі сялянства ў калгасы, і зазначыў, што калгаснае будаўніцтва павінна праходзіць па прынцыпу дабраахвотнасьці і што насельніцтва, не жадаючае аб'яднацца ў калгасы, можа заставацца па-за калгасамі і весьці аднаасабовую гаспадарку.

Сяляне, атрымаўшы газэту з гэтым артыкулам, бегалі адзін да другога і многія, ня ведаючы яшчэ на што здольны «бацька», паверыўшы гэтаму артыкулу, сталі падаваць кіраўніцтву калгасаў заявы аб выхадзе з калгасаў, патрабуючы звароту сваей маёмасьці. У сёлах і вёсках ізноў падняўся гвалт і рух. Жанчыны ўрываліся ў стайні і хлявы, забіралі сваіх коней. Сяляне з мяшкамі абступалі калгасныя сьвірны, дамагаючыся звароту збожжа. Калгасны актыў і адміністрацыя станоўча не дапушчалі сялян да хлебных складоў, і пачыналіся сваркі і бойкі. У многіх выпадках актывістых разганялі палкамі і разьбіралі збожжа. На працягу некалькіх дзён у многіх калгасах засталося ня больш 50% сялянства, а ў іншых калгасах усе разьбегліся, забраўшы сваю маёмасьць. Для заспакаеньня народу і ўмацаваньня дасягнутых посьпехаў у справе калектывізацыі, Сталін зноў даручае нядрэмлючаму воку камуністычнай дыктатуры ГПУ навесьці парадкі і вінаватых пакараць. Адным словам, пры дапамозе свайго артыкулу Сталін пад'ехаў да народу з другога боку. ГПУ пачало сваю крывавую працу. Толькі тады народ зразумеў, на якія подласьці здольны «бацька» Сталін, і што бяда таму, хто паверыў ягонаму правакацыйнаму артыкулу. Але было ўжо позна. Бізун і наган пачаў працаваць.

 

ДРУГІ АРЫШТ

 

Я асабіста і ня думаў аб звароце з калгасу маёмасьці і быў задаволены тым, што збыў гаспадарку і разьвязаў сабе рукі. Я прадбачыў, што вынікі пасьля гэтага будуць сумныя, і каб быць ад гэтага далей, пайшоў з дому ў лес на працу. Дамоў я зьвярнуўся праз тыдзень позна вечарам. Гэта было 3 красавіка 1932 г. Дата гэта мне добра памятаецца, і яна не забудзецца і на тым сьвеце. Дома жонка і дзеці яшчэ ня спалі і чакалі на мой прыход. Разам зь імі чакала і сястра жонкі, якая жыла ў другім раёне і прыехала наведаць нас і паслухаць, што тут робіцца. Між іншым яна казала, што тут у нас калгасы разьбягаюцца больш спакойна, як у іхным раёне. Там ёсьць выпадкі забойстваў камуністых і вясковых актывістых. Прайшоўшы кілёмэтраў з 20, я адчуваў сабе вельмі змораным. Мне хацелася аддыхнуць, і я, абяцаючы пагутарыць аб усім заўтра, лёг адпачываць. Але нядоўга прышлося адпачыць. А першай гадзіне ўначы пачуўся грукат у дзьверы. На запытаньне, хто стукае, быў чуваць голас сябры сельсавету, які прасіў адчыніць дзьверы, бо ў яго ёсьць да мяне паважная і неадкладная справа. Я адчыніў. У хату ўвайшлі: начальнік міліцыі, з ім камсамолец-настаўнік з суседняй вёскі, сябра сельсавету і вядомы вясковы актывісты Сапляк, якога баялася ўся вёска, бо ведалі, што ён працуе для ГПУ як інфарматар. Убачыўшы гэтых «гасьцей», жонка і дзеці пачалі плакаць. Начальнік міліцыі спакойным тонам стаў супакоіваць, кажучы, што нічога страшнага няма і што ён зайшоў толькі папрасіць мяне на гадзіну ў сельсавет па вайсковай справе. Зьвярнуўшыся да дзяцей, ён яшчэ раз сказаў: «Ня плачце, бацька ваш зараз вернецца». Я разумеў, чым пахне гэтае «зараз». Разьвітаўшыся з сям'ёй, бо верыць гэтаму чалавеку я ня мог, бо быў перакананы, што ўсё пабудавана толькі на хлусьні, а калі жонка падала мне торбу з хлебам, то гэты нахабны нягоднік яшчэ раз прасіў не турбавацца, запэўняючы, што я хутка буду дома. Да сельсавету было тры кілёмэтры. Па дарозе начальнік міліцыі, зьвярнуўшыся да камсамольца-настаўніка, запытаў: «Дзе жыве грамадзянін Адам», бо яму трэба да яго таксама зайсьці. Гэтага чалавека я добра ведаў. Ён быў разумны селянін гадоў з 65 і добра разьбіраўся ў сучасных падзеях. Ён быў чалавекам бедным, сваёй гаспадаркі ня меў, раней служыў касьцельным вартаўніком, адным словам, па сацыяльнаму становішчу быў поўным пралетарам, і толькі ў часы НЭПу яму, як беззямельнаму і маючаму вялікую сям'ю, давялося атрымаць 5 га зямлі ад былога маёнтку. «Што, яго таксама выклікаюць па вайсковых справах?» - запытаў я начальніка міліцыі. Устрымаўшыся, ён мне адказаў: «Невядома, можа і так». Не задаволіўшыся гэтым адказам, я сказаў, што гэты чалавек ніколі ў войску ня служыў, і па якой вайсковай справе ён можа быць патрэбен у сельсавеце. «Там будзе відаць», - злосна адказаў міліцыянер, і больш я ня стаў нічога пытаць. Тым часам мы падыходзілі да хаты гэтага чалавека. Хата стаяла каля лесу, і з надворку будынкаў быў толькі адзін невялікі хлеў, дзе стаялі конь і карова. Карова, пачуўшы топат людзей, замычала ў хлеве, а калі мы ўваходзілі ў двор, абгароджаны дзераўляным плотам, раптам з-пад ганку выскачыў невялікі сабака і, голасна брэшучы, кінуўся пад ногі начальніка міліцыі, які, адхінуўшыся назад, выцягнуў з кабуры наган. У дапамогу яму падбег камсамолец-настаўнік і нагой ударыў чуйнага сабаку. Ён з піскам адкаціўся назад. У хаце пачуўся голас старога: «каго тут чэрці ў начы прыгналі?» - і хутка адчыніліся дзьверы хаты. Усхваляваны і спужаны сабака кінуўся гаспадару пад ногі, але ён, убачыўшы начальніка міліцыі, закрычэў на сабаку і голасна сказаў: «Што ты, сваіх не пазнаў?» У хаце запалілі лямпу, папрачыналіся дзеці і жонка, усе, перапалоханыя, сядзелі на ложку. Жонка, зразумеўшы ў чым справа, пачынала плакаць. Начальнік міліцыі загадаў старому апранацца, кажучы, што яго на гадзінку выклікаюць у сельсавет па важнай і тэрміновай справе. Надзяючы на ногі боты, стары загаварыў: «Знаю вашу гадзінку і знаю вашыя важныя і тэрміновыя справы». Апранаючы кажух, ён зьвярнуўся да жонкі, папрасіў палажыць яму на дарогу ў торбачку хлеба. «Навошта хлеб?» - запярэчыў міліцыянер і дадаў, што да сельсавету застаўся адзін кілёмэтр, а да раніцы ён вернецца дамоў да бабы на гарачыя бліны. «Не, - сказаў стары, зьвярнуўшыся да старой жонкі. - Мне тваіх блінаў больш ня бачыць. Гэтая гадзіна будзе гадамі, а можа, і да канца жыцьця». Ён пачаў разьвітвацца з дзяцьмі. У хаце падняўся плач і гвалт. Настаўнік-камсамолец стаяў каля печы і, разявіўшы рот, лыпаў вачыма. Начальнік міліцыі падганяў хутчэй пайсьці з хаты і, стоячы каля стала, як папугай цьвердзіў: «Давай, давай». Старая, падыйшоўшы да печы, каб узяць і даць у дарогу старому рукавіцы, якія на печы сушыліся, прамовіла да стаячага настаўніка: «Дзяцей вучыць табе няма часу, валочышся па начох, як сабака, ды людзей душыш». Настаўнік адыйшоў ад яе да парогу і стаяў ціха, не знайшоўшы ніводнага слова для адказу. Так мы выйшлі з хаты. Далёка было чуваць, як плакала сям'я старога. Я ішоў побач з Адамам. Выбраўшы адпаведную хвіліну, калі адсталі ад нас трохі саправаджаючыя нас асобы, стары ціха спытаў мяне: «Вас таксама просяць на гадзінку па важных справах?» «Так», - адказаў я. Ноч падыходзіла да канца. Калі мы праходзілі праз вёску, дзе знаходзіўся сельсавет, у многіх сялян былі ўжо вагні ў хатах. У сельсавеце таксама было асьветлена. Каля дзьверей стаялі два міліцыянеры з вінтоўкамі. Як толькі мы падыйшлі да іх, начальнік міліцыі сказаў: «Вось вам яшчэ два ўпартыя». Нас увялі ў канцэлярыю сельсавету. Там ужо было такіх самых пакліканых па «важных справах» больш, як 30 чалавек. Нам прышлося там прабыць да раніцы толькі таму, што ня ўсе людзі былі сабраныя, якім выпала ў гэтую ноч разьвітацца з сем'ямі. Пасьля нашага прыходу яшчэ было прыведзена больш 10 чалавек. Тут быў упаўнаважаны ГПУ, юркі брунэт з вялікім носам, чалавек 10 ГПУшнікаў у малінавых шапках і чалавек 15 міліцыянераў. Праверыўшы, ці ўсе патрэбныя людзі арыштованыя, нас, сабраных разам чалавек 45-50, выгналі на двор, абступілі ГПУшнікі і міліцыя і па камандзе: «трымаць зброю на пагатове», як бараноў на бойню, пагналі ў раённы цэнтар. Турма там была перапоўненая. Большасьць людзей у камэры стаяла і, каб адпачыць, стаячыя мяняліся з сядзячымі месцамі, бо ад доўгай стаянкі ацякалі ногі. Карміць арыштаваных ГПУ і ня думала. Арыштаваныя былі сяляне мясцовага раёну, і ў вызначаныя дні прымаліся перадачы. Кожнаму прыносілі з дому можа апошні кавалак хлеба. Турма знаходзілася каля царквы. Яна была абсталявана ў былых царкоўных будынках, бо ў часы царскае ўлады ў гэтым мястэчку ніякай турмы ня было. Людзі сядзелі, ня ведаючы, за што арыштованыя. На допыт нікога ня бралі. Агульна праўдападобна лічылі, што арышты адбыліся ў сувязі з пачаўшымся распадам калгасаў, які быў справакаваны «гістарычным» артыкулам Сталіна «Галавакружэньне ад посьпехаў». Надыходзіла вялікае сьвята праваслаўнага народу - Вялікдзень. У Вялікую Пятніцу, пры вынасе плашчаніцы чуваць было, як сьпявалі: «Благаобразны Іосіф з древа снем і г.д.» Нехта з арыштаваных у суседняй камэры голасна сказаў: «Расьпялі Хрыста, а цяпер расьпінаюць народ, які верыць у Ягоную навуку». Пачуўшы гэта, дзяжурны на карыдоры ГПУшнік сярдзіта закрычэў: «Хто там прапагандай займаецца?» - і хутка адчыніў камэру. У камэры стала ціха. На запытаньне яго, хто тут займаецца прапагандай, адказу не атрымаў і, вылаяўшыся, зачыніў камэру. У суботу мы атрымалі перадачы, хто змог, прыслаў кавалак белага хлеба і што-небудзь з іншых прадуктаў. Кожная сям'я старалася падаць хоць адно яйцо, але яйкі ня былі афарбованыя, а белыя і, як пасьля даведаліся, афарбаваныя яйкі перадаваць арыштаваным было забаронена. Мне перадачу падала сястра жонкі, якая жыла ў гэтым мястэчку, хаця ведала, што перадаваць «палітычнаму злачынцу» для яе было небясьпечна. Сама жонка передачу не магла прынесьці за 10 км., бо была хворая, ды да таго - нельга было пакінуць трое малых дзяцей. У суботу вечарам ніхто з вязьняў спаць не лажыўся. Усе чакалі поўначы, каб пачуць сьпевы ў часе Крэснага Ходу каля царквы, бо званоў ужо пачуць нельга было - ГПУ забараніла званіць. Як толькі пачуліся сьпевы: «Васкрасеньне Тваё, Хрысьце Спасе», вязьні ў камэрах пачалі ціха хрыстосвацца, іншыя плакалі. Нечакана з тэй самай суседняй камэры пачуўся зычны голас: «Хрыстос Уваскрос». На карыдоры ізноў закрычэў дзяжурны ГПУшнік: «Гэта ізноў, мусіць, тая морда крычыць. Пачакай, будзеш помніць, як бунтаваць народ». Мы разгавеліся тым, каму што было пададзена, а з тымі, якія передачы не атрымалі, - падзяліліся.

Праходзілі сьвяты. Народ сядзеў у камэрах, сумна чакаючы вынікаў, і толькі праз месяц пачаліся допыты. Як дапытваліся людзі і ў чым іх абвінавачвалі, - даведацца было цяжка, бо калі хто зьвяртаўся з допыту, то быў сумны, маўчаў і гутарыць аб адбыўшымся допыце не хацеў. Толькі пасьля допыту мяне я пераканаўся, што гэта праводзіцца чарговая кампанія па ўмацаваньню калгаснага будаўніцтва. Мяне павялі на допыт звычайна па ўсім правілам існуючага ў ГПУ парадку: - з-заду міліцыянер, у правай руцэ - наган, назад не аглядайся і г.д. Іншыя, бязумоўна, вадзіліся таксама. Прышоўшы да дзьвярэй ГПУ, міліцыянер пастукаў у дзьверы і на покліч: «давай сюды» ўвеў мяне ў кабінет сьледчага, а сам хутка выйшаў. За сталом сядзеў у вайсковай форме ГПУшнік з чырвонымі пятліцамі на каўняры. Гэта асоба была гадоў 25-30, брунэт, валасы трохі кучаравыя, вялікі крываваты нос, ніжняя губа адвіслая. Запрапанаваў мне сесьці на крэсла і, не пачынаючы размовы, падняў са стала пачку цыгарак і прапановаў закурыць. Ад цыгаркі я адмовіўся, сказаўшы, што цыгарак я не ўжываю, а куру толькі махорку і маю сваю, якую падалі мне дзеці. «Так вот, - пачаў сьледчы. - Я вас паклікаў, каб прад'явіць вам абвінавачаньне і пачуць, што вы на гэта скажаце». Я маўчаў і чакаў далейшага пытаньня. Далей сьледчы прадаўжаў: «Вы абвінавачаны ў агітацыі супроць мерапрыемстваў савецкай улады. Ці прызнаеце сябе вінаватым у гэтым?» Я не згадзіўся з пастаўленым пытаньнем і сказаў сьледчаму, што паўстаўленае пытаньне мне не зразумела, бо не падпіраецца фактамі, і прасіў яго ставіць пытаньне канкрэтна, бо мне як абвінавачанаму патрэбна ведаць, дзе я агітаваў, дзе выступаў з прамовай супроць мерапрыемстваў савецкай улады, каму што казаў і г.д.

Сьледчаму мая заўвага вельмі не спадабалася. Ён, стукнуўшы кулаком па стале, закрычэў: «Што ты мяне, савецкага сьледчага, ды яшчэ сьледчага ГПУ, будзеш вучыць, як ставіць пытаньне і весьці сьледства? Я яшчэ раз пытаю - прызнаеш сябе вінаватым ці не ў агітацыі супраць мерапрыемстваў савецкай улады і камуністычнай партыі?» Я яму яшчэ раз адказаў, што на гэткае пытаньнея адказываць ня буду, адкажу тады, калі пытаньне будзе пастаўлена больш выразна і канкрэтна, спасылаючыся на факты. Сьледчы больш пытаць у мяне ня стаў. На гэтым сьледства і скончылася. Ён, усхваляваны, падсунуў мне падпісаць паперу. Гэта было забавязаньне нікому нічога не гаварыць, пра што пыталіся мяне на допыце. Гэтага забавязаньня я не падпісаў, сказаўшы сьледчаму, што мне расказываць няма чаго, бо вы ў мяне нічога ня пыталіся, а за што я арыштаваны, таксама ня ведаю. Пакліканы міліцыянер адвёў мяне назад у камэру. Прыбіральні ў турме ня было, а нас па 10 чалавек выводзілі ў школьную прыбіральню, якая знаходзілася недалёка ад турмы. Аднаго дня, пайшоўшы ў прыбіральню, мы знайшлі ў сярэдзіне падаткнутую пад стрэху запіску, нікім не падпісаную, з якой даведаліся, што ў вёскі, адкуль ёсьць арыштаваныя людзі, езьдяць ГПУшнікі і з актывістамі сакрэтна вядуць нарады. Пасьля гэтага мы зразумелі, што допыты, якія адбываюцца тут, нічога ня вартыя, і што лёс наш вырашаецца на вёсцы пры дапамозе актывістых. Звольненых пасьля допыту было вельмі мала. Трэба было думаць, што звольненыя людзі далі забавязаньне весьці актыўную барацьбу за калектывізацыю і зрабіліся інфарматарамі ГПУ. Праз два тыдні пад вялікім канвоем нас павялі на чыгуначную станцыю. У гэты дзень праходзіў цягнік з турэмнымі вагонамі. Гэта было раніцай яшчэ да ўсходу сонца. Ня гледзячы на такі раньні час людзі даведаліся аб нашай адпраўцы. Усьлед ішлі жанчыны і дзеці, несьлі: хто кошычак, а хто торбачку з хлебам. Суправаджаючыя нас вартаўнікі няслі вінтоўкі з прымацаванымі штыхамі на пагатове. Начальнік канвою ехаў конна і, выняўшы шаблю, разганяў плачучых жанчын і дзяцей. З маей сям'і нікога ня было. Яна жыла за 10 км. ад раённага цэнтру і ня ведала, калі будзе адпраўка. Аднак мяне пабачыла знаёмая жанчына, прыйшла ўсьлед на станцыю і ўпрасіла начальніка канвою перадаць мне кошык з хлебам і здалёку сказала, што жонка і дзеці здаровыя. Неўзабаве прыйшоў цягнік. Нас увагналі ў «спецвагон», у якім ужо было шмат такіх, як і мы, «падарожных», і пад плач жанчын і дзяцей мы паехалі. Праз паўтары-дзьве гадзіны мы прыехалі ў сталіцу Беларусі - Менск. Там нас спаткаў спецканвой у малінавых шапках і, выклікаючы па адным з вагону, нас выводзілі праз асобны выхад каля станцыі і садзілі ў сталінскія «чорныя вораны». («Сталінскімі воранамі» завуць адмысловыя закрытыя машыны, ахварбаваныя ў чорны колер, на якіх перавозяцца вязьні.) Машыны на вуліцы каля ГПУ не затрымліваліся, а заяжджалі ў двор ГПУ, і там вязьні злазілі з машыны. Прышлося стаяць на дваре больш гадзіны, пакуль не пазвозілі з цягніка ўсіх людзей. Нас усіх загналі ў падвал пад будынак ГПУ. Гэта была кутняя камэра, ў якую сьвятло прабівалася праз вузкую шчыліну з вуліцы. Сярод быўшых там людзей сядзеў адзін у польскай вайсковай форме, гэта быў перабежчык з польскага войска, які лічыў, што, перайшоўшы ў краіну чырвонага сацыялізму, ён будзе жыць прыпяваючы. Гэты жаўнер нэрвова хадзіў па камэры і ціха пад нос сабе бурчэў і шаптаў, а калі прыносілі «баланду» (турэмную ежу), ён накідаўся на яе і еў з такой прагнасьцю, як быццам некалькі дзён быў ня еўшы (можа так і было). Потым ён садзіўся ў куток і кратаў губамі, відаць, штось гутарыў сам сабе. Паглядзеўшы на гэтага жаўнера, вытваралася ўражаньне, што ён псыхічна хворы. Тут-жа сядзеў яшчэ адзін чалавек, на выгляд здаровы, поўны, твар трохі прыпэцканы, рукі брудныя, у замазаным рабочым камбінэзоне. Для дасьведчанага вока было зразумелым, што гэта не рабочы, а сам сапраўдны ГПУшнік, пераапрануты ў рабочую вопратку і, як відаць, ён там сядзеў і сачыў за польскім жаўнерам. Увечары нас сталі перавозіць у чорных воранах у сталічную турму. Пры ўваходзе ў турэмны двор нас заганялі ў прыёмны пакой, а адтуль па адным выводзілі ў вартаўнічы пакой і там рабіліся вобыскі. Разьдзявалі да ніжняй бялізны, перамацвалі ўсё, і кавалак хлеба, які падала мне знаёмая жанчына, паламалі на часткі. Пасьля гэтага нас пераводзілі ў турму і закідалі ў розныя камэры. З тымі людзьмі, з якімі я сядзеў у раёне, я быў разлучаны, а трапіў на трэйці паверх у камэру нумар 76. Там было больш 60 чалавек, пераважна сяляне, 4 сьвятары і чалавек каля 20 інтэлігэнтаў. Кожную ноч у камэру закідалі ўсё новых людзей, да якіх кучкай зьбіраліся вязьні і стараліся даведацца, што робіцца на волі. Новапрыбылыя былі негутарлівыя, дзіка аглядаліся ў бакі і баяліся многа гутарыць. Аднак мы ўсё-ж такі даведаліся ад гэтых людзей, што арышты на волі прадаўжаюцца. Аднэй ночы ў нашу камэру быў закінуты былы адвакат - «прысяжны павераны». Да яго як адваката зьвярталіся вязьні за рознымі парадамі, думаючы, што існуе нейкае права і закон. Аднак, даведаўшыся ад многіх, што яны арыштаваныя і ня ведаюць за што, ён казаў, што ніякага права цяпер няма, бараніць вязьня, арыштаванага ГПУ, адвакатам забаронена, што суду ў ГПУ ніякага няма, а ёсьць нейкія тройкі ГПУ, якія робяць прысуды завочна, ня лічучы патрэбным запытаць хоць адно слова ў чалавека, якога пасылаюць на катаргу або караюць сьмерцяй. Ён разважаў, што цяпер расстрэлы, магчыма, зьменшацца, бо патрэбна рабочая сіла для пабудовы запраектаванага Беламорска-Балтыцкага каналу імя Сталіна і што кіруючая праца пабудовы гэтага каналу, праўдападобна, узложана ГПУ на УСЛОН. Што такое ГПУ ўсе добра ведалі, а што за ўстанова УСЛОН - для вязьняў было невядома. Сталі пытацца, што гэта за новая ўстанова і адкуль яна ўзялася? Адвакат растлумачыў, што УСЛОН - гэта скарочаная савецкая назва, а поўны назоў будзе такі: «Управление Соловецких Лагерей Особого Назначения», і што гэта ўстанова ня новая. Яна існуе амаль ад пачатку прыходу да ўлады камуністычнай партыі. Аб тым, што робіць гэтая ўстанова, ён ня стаў казаць, спасылаючыся на тое, што сьвет некалі даведаецца, што там робіцца. Ня гледзячы на гэтыя размовы, людзей не пакідала думка, што ўсё-ж такі нейкае права і хоць трохі праўды засталося ў савецкай улады, і кожны спадзяваўся, што тут пачнуцца больш грунтоўныя допыты, і далей кожнаму сьнілася воля, родная хата і дзеці. Гэтакай думкі быў і я; хацелася верыць і думаць, што тут усё-ж такі запытаюць даць якое-небудзь тлумачэньне адносна свайго абвінавачаньня, бо сьледства, якое адбылося ў раёне, нічым ня было абгрунтавана. Вядомага ката і садыстага Дзяржынскага ўжо ня было. ГПУ ўзначальваў ягоны вучань і заступнік Ягода. У той час голад ужо добра адчуваўся. Нас у турме кармілі адпадкамі і сапсаванымі прадуктамі. Штодзённа давалі тухлую кіслую капусту, у якую, як прыправа, кідаліся галовы рыбы і лупіны ад бульбы. Пачыналіся хваробы на аснове голаду і дрэннай ежы. З «ласкі» Ягоды дазволена было вязьням раз у тыдзень прыймаць перадачы прадуктамі і бялізнай, бо ў гэтым адчувалася вялікая патрэба. Вошы, плюсквы і ськікуны давалі моцна адчуваць, што ў краіне ідзець «шпаркімі тэмпамі пабудова сацыялізму». Дзень для прыйма перадачаў быў вызначаны - серада. У гэты дзень, яшчэ з ранку, з трэцяга паверху турмы відаць была стаячая супраць турэмнай брамы тысячная чарга жанчын з кошыкамі і торбачкамі. Вартаўнікі ГПУ, якія прыймалі ад жанчын перадачы, адчувалі сябе вельмі добра; лепшыя прадукты, пераважна мяса і тлушчы, дзяліліся папалам, а то і зусім вязьням не траплялі. Гэтыя рабункі з боку вартаўнічых ГПУ сталі вядомыя ўсяму грамадзтву, і гэта прымусіла кіраўніцтва ГПУ выдаць новы загад аб парадку перадачы прадуктаў, а пайменна: кожная асоба, якая падавала перадачу, мусіла прыкладаць запіску і пералічыць там усё тое, што падавалася, а ў дадатак да гэтага дазволена было напісаць два словы: «Дома здровыя». Атрымаўшы перадачу, вязень мусіў напісаць, што ўсё ім атрымана, і мог дадаць адно слова: «Здароў». Гэтая зьмена парадку перадачаў вельмі не спадабалася вартаўнікам, і яны, спраўджаючы перадачы, сталі псаваць прадукты, напрыклад: калі перадавалася каўбаса або сала, яны ў лепшым выпадку рэзаліся нажом на дробныя кавалкі, а ў горшым выпадку проста ламаліся і разрываліся бруднымі рукамі. Зразумелая рэч, што кожная сям'я, жонка або дзеці, можа, апошняе ці за апошнія грошы здабытае харчаваньне стараліся перадаць бацьку, мужу або брату. Але і тут ставіліся перашкоды. ГПУ сурова забараніла вязьням глядзець праз краты вокнаў на двор, і калі хто-небудзь неасьцярожна падыходзіў да вакна і праз краты быў заўважаны вартаўніком, стаячым на вежы, то ў камэру зараз-жа прыбягалі ГПУшнікі і шукалі асобу, якая падыходзіла да вакна. Калі ўдавалася ім знайсьці «вінаватага», то ён забіраўся ў карцэр і там мусіў стаяць па калені ў вадзе суткі, а то і болей, бо сесьці ня было на чым. Не заўсёды ім удавалася знайсьці вінаватага. Камэра звычайна не выдавала гэтых «злачынцаў». Тады на камэру накладалася «кара», і ў камэру, на працягу аднаго або двух дзён не давалася сталінская баланда (ежа), а галоўнае - для ўсіх людзей гэтакай штрафной камэры, якая адмовілася выдаць злачынцу, не прымаліся ад родных перадачы і не адна жонка або сястра, прынёсшы за 50-70 км. кавалак хлеба, вярталася да дому, плачучы, з тым-жа кавалкам хлеба. Убачыўшы, што і гэтыя мэтады не даюць патрэбных вынікаў, кіраўніцтва ГПУ дало загад варце, што ў выпадку, калі заўважаць падыходзячага да кратаў вязьня, без усякага папярэджаньня яны павінны страляць. Турэмная варта вельмі шчыра выконвала гэты загад, і на працягу двух дзён некалькі чалавек было забіта праз краты. Вельмі небясьпечна было падыходзіць да ваконных кратаў у пару, калі іншыя камэры выганяліся на двор на праходку. Тады станавіліся супроць вакон турмы вартаўнікі і трымалі вінтоўкі на пагатоўі. У гэты час кожнаму хоць з-за вугла вакна хацелася глянуць на ходзячых па дварэ людзей. Многія бачылі сваіх жонак або іншых сваякоў, якіх яны заставілі яшчэ дома. Арышты мужа, а пасьля жонкі - былі звычайнаю зьявай, бо ў многіх выпадках мужа і жонку абвінавачвалі за арганізацыю паўстаньня ў складзе толькі іх двух асобаў альбо за змову супроць Сталіна і г.п. Як ня сумна і дзіўна, але многа жонак і мужоў за змову між сабою паехалі будаваць каналы.

Арыштаваныя з ліку жыхароў гораду часта паклікаліся для допытаў, але прывезеныя з раёнаў людзі сядзелі і чакалі невядома чаго. На допыты ў той час выклікалі ў большасьці выпадкаў днём, але жах і сум ахопліваў усю турму, калі з камэраў пачыналі выводзіць пасьля поўначы. Гэтыя людзі больш ніколі назад не вярталіся і ніколі ня вернуцца. У большасьці выпадкаў гэтыя людзі бараніліся, крычэлі, прасілі ратунку, але ўсё гэта было дарэмным.

Аднэй ночы з суседняй камэры забіралі дваіх, чуваць было, як іх выклікалі, але яны адмовіліся выходзіць. Распачалася барацьба, крыкі нешчасьлівых ахвяраў разбудзілі ўсю турму. Яны бараніліся і крычэлі толькі ў камэры, а як толькі іх выцягнулі на калідор - крык супыняўся, толькі чуваць былі цяжкія крокі катаў, якія несьлі, або цягнулі сваю ахвяру. Каб унікнуць крыку каля камэры, на калідоры стаяў «спэц» з прыгатаванымі прыладамі. Як толькі ахвяра выцягвалася з камэры, ёй затыкаўся рот. У такія сумныя ночы ніхто ня спаў, і станавілася такая цішыня, быццам усё вымірала, а гэткія сумныя зьявішчы сталі адбывацца часьцей. Усякія думкі і мары аб звальненьні зьнікалі. Людзі сталі завідаваць тым, каго выклікаюць удзень, а не ўначы. Удзень сталі выклікаць таксама шмат каго.

 

ПРЫСУД

 

Дачакаўся і я сваёй чаргі. Адчынілася камэра, і выклікалі траіх: мяне, аднаго сьвятара і яшчэ аднаго селяніна з суседняга раёну, з рэчамі. Мы выйшлі. На калідоры стаяла шмат людзей. Выклікалі і выводзілі і з іншых камэраў усіх, таксама з рэчамі. З трэцяга паверху было выклікана больш сотні чалавек. Усіх павялі ўніз на двор да канторы турмы. Падыходзячы да канторы, думалася, авось можа, на волю. Але гэта думка зьнікла пры ўспаміне аб тым, што тыя людзі радаваліся, каго выклікалі не ўначы, а ўдзень. Сталі выклікаць па адным у кантору турмы. Пакліканы першым чалавек выйшаў і сказаў: «Тры»; другі выйшаў і кажа: «Дзесяць»; трэці: «Сем» і г.д. Паклікалі і мяне. За сталом сядзеў ГПУшнік, перад ім была куча папераў, пісаных на машынцы пад капірку. «Як цябе зваць?» - спытаўся ён. Я назваў сваё прозьвішча. «Ты маеш пяцёрку», - самазадаволена заявіў ён і працягнуў мне паперку падпісаць аб тым, што прысуд ГПУ мне абвешчаны. Я прачытаў тэкст гэтага прысуду і падам яго зьмест: «Гражданін (маё прозьвішча і імя) при П.П. ОГПУ по БВО по ст. 72 БССР УК осуждён к заключению в концлагере на 5 лет.» У канцы быў неразборчывы подпіс сакратара ГПУ. Я падпісаў, выйшаў і так, як і іншыя, каротка сказаў: «Пяцёрка».

У тую самую камэру я не вярнуўся, бо ўсіх засуджаных зганялі ў адну вялікую перасыльную камэру, якая была на першым паверсе турмы. Набралася там больш за 300 чалавек. Калі будзе адпраўка і куды павязуць, ніхто ня ведаў. Увечары, пад час спраўджваньня, я зьвярнуўся да прысутнага на спраўджаньні каманданта ГПУ з просьбай дазволіць мне пабачыць жонку і дзяцей і што мне патрэбна што-небудзь з цёплай вопраткі. На гэта ён мне адказаў, што цёплая вопратка будзе выдадзена там, на месцы, і аб гэтым турбавацца ня трэба, а адносна дазволу пабачыцца з сям'ёю ён абяцаў пагутарыць у ГПУ і скажа мне аб гэтым заўтра. На другі дзень увечары, падчас спраўджаньня, ізноў прыйшоў камандант, і калі я запытаўся, як стаіць справа адносна дазволу пабачыцца з сям'ёю, ён мне сказаў, што жонка таксама падала просьбу аб дазволе пабачыцца і, магчыма, гэта будзе дазволена. Адначасна я ў яго запытаўся, дзе будзе тое месца, куды нас завязуць і дадуць цёплую вопратку. Адказ быў, што яму нічога невядома.

Пачыналася падрыхтоўка для адпраўкі этапу; многіх выклікалі на «свидание». Назад людзі вярталіся з мяшкамі і скрынкамі, напоўненымі пераважна сухарамі з чорнага хлеба і іншымі рэчамі. Адны, ўсхваляваныя, разьвітаўшыся з роднымі, плакалі, а іншыя лаяліся, пракліналі ня толькі свой лёс і ўладу, але і дзень сваіх народзінаў.

 

РАЗЬВІТАНЬНЕ З РОДНЫМІ

 

Праз два дні і я быў пакліканы на «свидание». Мяне прывялі ў пакой, дзе адбываліся сустрэчы. Гэта быў вялікі пакой, перагароджаны на дзьве часткі драцяной сеткай. З аднаго боку заганяліся вязьні, а з другога - былі іх родныя, атрымаўшыя дазвол на сустрэчу. Каля дроту з аднаго і з другога боку стаялі ГПУшнікі, якія мусілі чуць размову, а размаўляць можна было толькі голасна праз дрот. Людзей ужо, як з аднаго боку дроту, так і з другога, было шмат. Сярод людзей я ўбачыў і сваю плакаўшую жонку, каля якой стаялі дзьве большыя дзяўчынкі: 6-ці і 4-х гадоў, а хлопчыка паўтара году яна трымала на руках. З ёй былі брат і сястра ейныя і мой брат. У пакоі ўзьняўся плач і крыкі жанчын і дзяцей. Калі дазвалялася толькі голасна гаварыць праз дрот, дык тут трэба было моцна крычаць, бо за плачам і крыкамі пачуць што-небудзь было трудна. Я папрасіў падаць мне хлопчыка на рукі і стаячы вартаўнік дазволіў. Праз адчыненае драцяное вакно мне падалі сына, які, абхапіўшы маю шыю ручкамі, моцна плакаў. Мне сказала жонка, што ўсё дазволенае і магчымае паложана ў куфэрак, а калі што яшчэ патрэбна будзе, пастараецца даслаць пасылкай. Сястра жонкі сказала мне, што дзяцей хоча забраць да сябе, што пасьля і зрабіла. Брат жонкі і мой брат, разьвітваючыся са мною, перадалі мне ў руку, каб не заўважыў вартавы, па аднэй 50 рублёвай паперцы. Я іх прасіў дапамагаць дзецям, і гэта яны да канца выконвалі, пакуль ня сталі самі такімі самымі ахвярамі, як і я.

 

САВЕЦКАЕ «ПРАВА»

 

З царскім расейскім заканадаўствам я быў знаёмы і ведаў суды прысяжных засядацеляў, дзе кожны падсудны мог бараніцца свабодна і ў вабароне кожнага рашуча выступалі і баранілі адвакаты. Калі хто абвінавачваўся ў якім-небудзь злачынстве, дык суд шукаў фактаў зробленага праступства; калі злачынства фактычна і было даведзена, то шукаліся і прымаліся пад увагу абставіны і іншыя прычыны, якія прымусілі зрабіць тое ці іншае злачынства. А тут, у «вольнай і дэмакратычнай рабоча-сялянскай» дзяржаве, нейкая тройка ГПУ засудзіла мяне на 5 гадоў катаргі за невядомую мне агітацыю, бо фактаў не далі ніякіх і даць не маглі, бо іх ня было. Яшчэ болей мяне абурыла, і я не знаходзіў адказу на ўзьнікшае ў галаве пытаньне: ці ёсьць на сьвеце такая дзяржава, дзе за сьцяной тэй камэры, у якой вы сядзіцё, судзяць вас нейкія тройкі ГПУ завочна, ня лічучы патрэбным запытаць у вас хоць пару слоў аб вашым злачынстве. Адказ быў адзін: не, няма. Такой адзінай дзяржавай ёсьць толькі СССР. Тут права абароны ў народу адабрана. Тут свабодная думка народу, яго воля і жаданьні накрыты малінавай шапкай ГПУ. Калі я дзяліўся гэтымі думкамі з быўшым разам сьвятаром, дык ён, папрасіўшы прабачэньня, запытаў мяне пра мой век, і калі я сказаў яму свой век, дык ён зьдзіўлена заўважыў, што, паводля ягонае думкі, мне павінна быць больш гадоў, бо ў такім веку людзі сівымі ня бываюць. Я, ведаючы, што да арышту ў мяне ніводнага сівога воласу ня было, запытаў: няўжо я сівы? «Так», - адказаў ён. Я гэтага ня ведаў сам, бо ад часу арышту ня бачыў люстэрка.

 

ГРАБУНКІ Ў КАМЭРЫ І ВОБШУКІ

 

У перасыльную камэру з кожным днём дабаўляліся людзі, і мы ўжо ведалі, што этап хутка будзе адпраўлены, толькі - куды, гэта была таямніца. Аднэй ночы ў камэру закінулі групу крымінальных злачынцаў, рэцыдывістых, чалавек каля 30, якія мелі ножыкі ад бяспечнай брытвы. Публіка гэта была ў большасьці бяздомная, перадачу ні ад каго не атрымлівала, а падрыхтаваныя для адпраўкі палітычныя вязьні мелі атрыманыя ад родных передачы з харчамі; вось тут і пачаліся грабункі. Уначы разразаліся гэтымі ножыкамі мяшкі і краліся харчы, зашыць жа парэзаную торбу ці мяшок ня было магчымасьці, бо ніткі і іголкі ні ў каго ня было. Каб уратавацца ад гэтай банды, усе рэчы свае мы складалі ў куток, і на рэчах удзень па пяць, а ўначы па 10 чалавек сядзелі па чарзе і так ратаваліся ад «сацыяльна блізкага для бальшавікоў элемэнту», як іх лічылі Ленін, а пазьней Сталін.

Мы даведаліся, што пры адпраўцы на этап будуць зробленыя вобшукі, каб у рэчах нічога недазволенага ня было. Асабліва сачылі за тым, каб ніхто ня меў з сабой грошай. Калі знаходзілі ў каго грошы, то яны, бязумоўна, адбіраліся да апошняй капейкі. У мяне паўстала пытаньне, як уратаваць 100 рублёў грошай, перададзеных мне роднымі падчас разьвітаньня. Адну паперку 50 рублёў я палажыў ў паясьніцу штаноў, надарваўшы для гэтага дзірку для гузіка, а другія 50 рублёў, закруціўшы ў паперку, абляпіў размочаным хлебам і падклеіў ў наску бота з сярэдзіны, каб яна там трымалася. Праз дзень пачаліся вобшукі. Усе з рэчамі з камеры былі выгнаныя на двор і там усё пераглядалася. Рэчы і сухары выкідаліся з мяшкоў або скрынак, усё абмацвалася рукамі вартавых. Вопратка і абутак таксама здымаліся. Абутак пільна аглядаўся, прыглядаліся да абцасаў, падэшвы і мацалі ў сярэдзіне. Тут 50-рублёвая паперка, падклееная ў наску бота, пераехала ў кішэню ГПУшніку, а захаваныя ў паясьніцу штаноў 50 руб. засталіся ня знойдзенымі.

 

ПАДАРОЖЖА НА КАТАРГУ

 

Пасьля вобыскаў нас назад зьвярнулі ў камэру. Думалі, што ўначы са сталіцай Беларусі мы разьвітаемся. Аднак дачакаліся поўначы, а адпраўкі ня было, і толькі раніцай чуць золак падалі каманду: «С вещами выходи». Мы выйшлі на двор. Усіх было чалавек 350-400. Нас паставілі ў рады па чатыры чалавекі ў кожным. Начальнік канвою папярадзіў: «Ісьці роўна, назад не аглядацца, выхад з радоў, крок улева або ўправа будзе лічыцца ўцёкам, і варце загадваю страляць». Падалася каманда варце: «Закласьці набоі, трымаць вінтоўкі напагатоўі». Па камандзе: «Марш» мы сталі выходзіць з двара турмы. Ня гледзячы на раньні час, абодва бакі турэмнай вуліцы былі запоўненыя народам, пераважна жанчынамі і дзяцьмі. Падняўся гвалт і плач. Тут былі жанчыны і дзеці ня толькі з гораду, але з ўсіх раёнаў. Яны чакалі, каб, можа, хоць у апошні раз убачыць мужа або бацьку. Пры павароце з турэмнай вуліцы на галоўную т.зв. Савецкую вуліцу, натоўп плачучых жанчын і дзяцей быў разагнаны аддзелам ГПУ. Мы ішлі ў напрамку таварнай станцыі. Па дарозе нас дагнаў трамвайны вагон, які, не даходзячы да нас, быў затрыманы, а нам падалі каманду: «Садись». Мы былі пасаджаныя на зямлю і, прапусьціўшы трамвайны вагон, нас паднялі і павялі далей. Мы прашлі далёка за вакзал і затрымаліся на пад'езьде. На запасным шляху стаялі 8 падрыхтаваных вагонаў, з якіх 3 былі пасажырскія, падзеленыя на сталінскія купэ, і 5 таварных, вокны якіх былі забітыя зялезнымі кратамі. Усіх, хто быў засуджаны на 10 гадоў, аддзялілі і пачалі заганяць у сталінскія купэ, а рэшту, маючых 7, 5 і 3 гады, пасадзілі ў таварныя вагоны. Вагоны былі перапоўненыя і замкнутыя. Праз гадзіну мы паехалі ў напрамку Масквы. Вокны паверху кратаў яшчэ прыкрылі зялезнымі шчытамі. Сьвятла не далі, і прышлося ехаць у цёмных вагонах да Барысова. Тут шчыты з вакон былі зьнятыя, і праз густыя краты ў вагон прабівалася сьвятло. Раздалі па вагонах хлеб - адну баханку на 4 асобы, і да хлеба далі «камсу» (маленькую салёную рыбку). Многія пад прымусам голаду адразу зьелі сваю пайку хлеба і камсы, ня гледзячы на тое, што пры выдачы былі папярэджаныя, што гэты харч выданы на тры дні. З гэтым мы паехалі далей. Людзей ад салёнай камсы мучыла смага, але вады ў вагон не падалі. Калі дарогай людзі на астаноўках прасілі вады, то канваіры адмаўлялі, кажучы, што на большай астаноўцы атрымаем ваду. Гадзін праз 6-7 мы даехалі да Воршы. Тут нашыя вагоны былі адчэпленыя і загнаныя недзе далёка ад станцыі на запасную частку чыгункі, дзе мы прастаялі два дні. Чуваць было з размовы канваіраў, што чакаецца яшчэ прыбыцьцё вагонаў з вязьнямі. На другі дзень падалі нам у вагоны ў вёдрах сырую ваду. Людзі, напіўшыся бяз меры, пачалі хварэць, а дапамогі мэдычнай ніякай ня было. Калі хворыя прасілі даць дапамогу, то быў адказ: «Вылечаць вам усякія хваробы там на мейсцы». Пасьля двухдзённай стаянкі ў Воршы нашы вагоны былі прычэплены да другога цягніка, і нас павезьлі ў напрамку не на Маскву, а на Ленінград. Да якога цягніка мы былі прычэплены, да таварнага ці пасажырскага, мы ня ведалі. Толькі таму, што цягнік ішоў ціха, рабіў доўгія затрымкі, мы прыпушчалі, што едзем таварным цягніком. Колькі прычэплена вагонаў з вязьнямі ў Воршы, было не вядома. Так мы даехалі да гор. Віцебску. Тут ізноў пачаставалі нас чэрствым чорным хлебам і камсою. Але, ня гледзячы на голад, людзі елі толькі хлеб, а камсу выкідалі вон праз краты. Вартавых у вагоне ня было. Яны ехалі асобным вагонам. Людзі, пераканаўшыся, што сярод нас няма інфарматароў, у размовах трымаліся больш адчынена. На пяты дзень мы пад'яжджалі да Ленінграду. Вось і Ленінград, сказаў вязень, седзячы на верхніх полках і гледзячы праз краты. «Які табе ў чорта Ленінград, - адклікнуўся другі з-пад полкі і далей голасна разважаў: Гэта Петраград, бо яго будаваў Пётра Вялікі і, кажуць, пры будове загінула многа народу, а як сталі яго зваць Ленінградам, то, напэўна, загіне ўся Расея. Ленін гэтага гораду ня будаваў і ніякага дачыненьня да яго не меў. Ён толькі, дабраўшыся да гэтага гораду, тут стаў сеяць камуністычную заразу, ад якой хварэе ўвесь народ». У Петраградзе мы прастаялі недзе ў тупіку яшчэ двое сутак і тут таксама чакалі далучэньня вагонаў з вязьнямі. З Петраграду нас павезьлі па Мурманскай чыгунцы, і тады стала зразумела, што нас вязуць будаваць Беламорскі канал імя Сталіна. Мы праехалі Петразаводск, былы Алонецкі губернскі горад. Праз ноч даехалі да Мядзьведжай гары. Тут ужо добра адчувалася, што прыехалі ў краіну катаржных высылак. Праз краты вагону былі відаць вязьні, працуючыя па рэмонту чыгункі, над якімі стаялі з вінтоўкамі чырвонаармейцы. Цягнік наш спыніўся. Супроць нашага вагону працавала група вязьняў, якія выцягвалі старыя і падкладалі новыя шпалы пад рэйкі. Ахоўваючы іх вартаўнік з вінтоўкай на пагатове важна хадзіў і пасьвіставаў. Выбраўшы мамэнт, калі чырвонаармеяц адышоўся, я запытаў працуючых вязьняў, ці многа вязуць сюды такіх, як мы, людзей? На гэта адзін з іх сказаў: «Вы едзеце ня першыя і не апошнія. Сюды вязуць вязьняў кожны дзень эшалёнамі». «Ды скора сюды паў-Расеі вывязуць, - дадаў другі. - У гэтай праклятай Карэліі мейсца хопіць для ўсіх». Мы ехалі далей. Калі выехалі з Петраграду, дык відаць было поле, пакрытае збожжам, затое тут, чым далей, прырода станавілася бяднейшая і дзічэйшая. Праехаўшы Петразаводск, рэдка было відаць жыта, толькі мясьцінамі на прагалінах сярод лесу відаць быў рэдзенькі авёс, а праехаўшы Мядзьведжую гару, хлебных расьлін ужо зусім ня было відаць. Кругом быў лес ды вазёры.

 

ПРЫЕХАЛІ

 

На дзесяты дзень пасьля выезду з Менску мы прыехалі на станцыю Сягежа Мурманскай чыгункі. Цягнік спынены быў, не даходзячы да станцыі. Канваіры паадчынялі вагоны і падалася каманда: «Выходи, приехали!» Ходзячы пры цягніку, конваіры крычалі: «Давай, давай скорее!» Выйшаўшы з вагону было зразумела, што ўзапраўды, затрымоўваючыся на станцыях Ворша, Віцебск і Петраград, да нашых 8 вагонаў, выйшаўшых з Менску, далучаліся больш вагоны з вязьнямі, бо сюды прыйшоў цэлы эшалён больш за сорак вагонаў, з якіх выходзілі вязьні. Нас спаткала досыць моцная ахова ў форме чырвонаармейцаў у шапках-багатырках з вострымі вярхамі, якія ў свой час уводзіў Троцкі ў бытнасьць яго вайсковым наркомам. Усіх вязьняў з гэтым эшалёнам прывезена было каля 2-х тысяч чалавек.

За паўкіламэтра ўправа відаць былі баракі, абгароджаныя калючым дротам. Гэта быў адзін з лягерных пунктаў 4-га Выгаазеррскага аддзелу. Вязьні былі пастаўленыя па 4 у рад, і пад аховай спаткаўшых вартавых нас павялі да гэтых баракаў. Перад уваходам у браму лягернага пункту нас спынілі і сталі прымаць ад камэнданта эшалёну, выклікаючы па адным, а стаячы з паперамі ГПУшнік кожнаму абвяшчаў тэрмін ягонага ўвязьненьня. Гэта рабілася хіба таму, што большасьць прывезеных ня ведала тэрміну свайго зьняволеньня, якое прызначыла яму ГПУ. Я ўжо ведаў, што атрымаў 5 год, але тут яшчэ раз сказалі, што мушу адбыць пяць год. За тым пачалася «санапрацоўка» людзей. Прыймо і апрацоўка вяліся канвэерам і складаліся з наступнага: пасьля таго, як чалавек выклікаўся, пераглядаліся яго рэчы, рабіўся асабісты вобшук, грошы адбіраліся да апошняй капейкі. Наступна вязьні адводзіліся ў лазьню, якая была тут за дротам і стаяла на беразе рэчкі. Усе рэчы і вопратка здаваліся ў дэзынфыкцыйную камэру, а распрануты вязень заходзіў у прыбудову лазьні, дзе працавалі тры цырульнікі і ў руках кожнага была машынка для стрыженьня валасоў. Хутка абстрыгалася кожнаму галава, вусы, барада і ўсе іншыя мейсцы, дзе толькі былі валасы. Тут-жа кожнаму, пры ўваходзе ў лазьню, даваўся квіток на атрыманьне вады. Мне, як і кожнаму, хацелася пабываць у лазьні, абмыцца і пазбавіцца ад сапёраў ГПУ (так вязьні звалі вошэй), бо ў кожнага за каўняром было багата яшчэ пры выезьдзе з турмы, а дарогай на працягу 10 дзён іх разьвялося яшчэ больш, і даходзілі да такога становішча, што скура на плячох пакрывалася струпамі. На жаль, так, як хацелася, не ўдалося памыцца. Кожнаму па выдадзенаму квітку выдалі толькі па аднэй чаропцы цёплай вады, ня больш як паўвядра, і на гэтым канец. Калі сталі прасіць даць болей вады, дык стаячы пры катле раздаваючы ваду сказаў, што тут на ўсё норма, трэба прывыкаць жыць па-лягернаму, бо кожны дзень прыбывае многа людзей, і трудна пасьпець грэць ваду. Калі я вышаў з лазьні, супроць лягеру стаяў ужо другі эшалён вязьняў, і людзі выгружаліся з цягніка. Я спытаў у аднаго старога вязьня, які стаяў на дварэ: «Куды прыехалі гэтыя людзі, што выходзяць з цягніка?» Ён мне адказаў,што гэтыя людзі будуць прыведзены сюды, бо цяпер кожны дзень на станцыю Сягежа прыходзяць адзін-два эшалёны з вязьнямі, якія галоўным кіраўніцтвам Беламорска-Балтыцкіх лягероў прызначаныя ў 4-е Выгаазерскае аддзяленьне. Ня ведаючы, якая істнуе сыстэма кіраўніцтва лягероў, я лічыў, што на гэтай станцыі разьмяркоўвуюцца ўсе вязьні, якіх прывозяць на пабудову каналу. Аднак гэты стары вязень мне растлумачыў, што такіх аддзелаў ёсьць адзінаццаць, і кожны аддзел падзелены на лягерныя пункты. Гэтыя аддзелы і пункты разьмешчаны па ўсей трасе пабудовы каналу. На гэтай станцыі разгружаюцца цягнікі з вязьнямі толькі для 4-го аддзелу, а з людзьмі, прызначанымі для іншых аддзелаў, цягнікі праходзяць далей. Адным словам, вязуць народ цэлымі эшалёнамі ўдзень і ўначы, як быццам салдатаў у часе вайны, дадаў ён. Будучы пакліканы кімсьці з адміністрацыі, гэты вязень спыніў са мною размову і пабег на покліч начальства.

Мы, прайшоўшы «санапрацоўку», стаялі на абгароджаным калючым дротам дварэ, прыглядаліся да навакольных абставінаў і дзяліліся ўражаньнямі. Плошча гэтага двара была каля 4-х га. Пасярэдзіне стаяла некалькі хвоек, а на краёх было 6 вялікіх драўляных баракаў. Як відаць, баракі гэтыя прастаялі ўжо доўгі час, бо сьцены былі чорныя і стрэхі мяйсцамі паправальваліся. Нас пазаганялі ў баракі. Увайшоўшы ў сярэдзіну бараку, адразу адчуваліся «прыгоды», якія прыдзецца перажыць на працягу пяці гадоў. Падлога была брудная, столь пачарнелая ад капцілкі і дыму. Пасярэдзіне быў праход, а каля сьценаў былі зробленыя ў два паверхі драўляныя юрцы (нары). Ніжнія юрцы ўжо былі запоўненыя народам, і нам прышлося лезьці на верхнія нары. Пахнула прэлым і вільгацьцю, дыхаць было цяжка. Людзі, для атрыманьня хлеба і харчоў, былі падзеленыя на групы па 10 чалавек, з якіх быў вызначаны адзін, які мусіў атрымліваць і дзяліць хлеб, а таксама і баланду. Вечарам мы атрымалі дзённы прыдзел хлеба па 400 грамаў на чалавека і прынеслі адзін бачок (чаропку) з баландаю. Аб асобнай пасудзіне ня было і гутаркі. Усе 10 чалавек елі з аднэй чаропкі. Пасьля вячэры было зроблена спраўджэньне людзей. Выклікалі кожнага пайменна і пыталіся, якую хто мае спэцыяльнасць. Было ведама, што ў лягерох быў вялікі попыт на кваліфікаваную працоўную сілу: цесьляроў, кавалёў, шаўцоў і г.д. Асабліва шукалі рахунковых працаўнікоў, бо пры існуючых дзенных нормах кожны грам хлеба выдаваўся ў залежнасьці ад выкананай нормы выпрацоўкі і такая кваліфікаваная сіла была патрэбная. Я запісаўся рахункаводам. Мне не паверылі і запыталіся, дзе працаваў па гэтай спэцыяльнасьці. Я, не задумваючыся, адказаў, што ведаю рахунковую працу каапэратыўную і лясной гаспадаркі. Гэта іх задаволіла, і допыт скончыўся. У барак прыводзілі новых людзей. На юрцах мейсца ня было. Спалі на падлозе і пад юрцамі. Уначы спаць не давялося, бо ў гэтым бараку была такая вялікая колькасьць клапоў, якая, калі-б навалілася на аднаго чалавека, дык зьела-б яго з галавой. Відаць, гэта клапіная армія была прагаладаўшыся, бо вельмі хутка накінулася на сьвежых людзей. Барак гэты быў перасыльным пунктам, у якім трымаліся вязьні да адпраўкі іх у іншыя лягерныя пункты. Пабудаваны ён быў яшчэ ў 1915-17 гадох для палонных аўстрыйцаў, якія там працавалі на будове Мурманскай чыгункі. За гадзіну да сьвітаньня сталі чутны выбухі, якія прыпаміналі гарматныя стрэлы. Учора прывезеныя вязьні ня ведалі, якія гэта адбываюцца выбухі. Пачаліся дагадкі і размовы адносна гэтых выбухаў: адны казалі, што тут недзе ёсьць артылерыйскае стрэльбішча і гэта ідзе практычная страляніна, бо саветы рыхтуюцца ваяваць - «бараніцца ад капіталістычнага абкружэньня». Другія казалі, што тут недалёка фінская мяжа - і, магчыма, гэта страляніна адбываецце на фінскай тэрыторыі. Седзячы побач з намі вязень стараўся пераканаць нас, што гэта, напэўна, пачалася вайна з фінамі, бо ў савецкай улады адносіны з фінамі былі непрыязныя. Аднак усе гэтыя дагадкі хутка былі разьвеяны. Выбухі былі чуваць не ад гарматнай страляніны, а гэта падрывалася скала на пабудове каналу.

 

ПАЧАТАК ПРАЦЫ

 

А 8-й гадзіне раніцы ўвайшоўшы ў барак вартаўнік голасна падаў каманду ўставаць і зьбірацца на працу. Людзі хутка падняліся і сталі зьбірацца. Апранацца доўга ня трэба было, бо ўсе спалі ў вопратцы, бо вопратка была перашкодай клапам высмоктваць апошнюю кроў з людзей. Пачуўся званок - гэта быў сыгнал, што сьнеданьне гатова, і вызначаныя ад кожнага дзесятка пайшлі на кухню. Хутка сталі вяртацца, кожны нёс у бачку замест баланды жаўтаватую гарачую ваду, гэта быў лягерны чай. Хлеба не далі, абяцалі аддаць пасьля працы. Шклянак альбо кубкаў ні ў каго ня было, таму чай гэты пілі ці елі, лыжкамі і даядалі хлеб, у каго застаўся ад вячэры. Некаторыя мелі яшчэ астачу хлеба альбо сухароў, перададзеных роднымі ў часе разьвітаньня. Пасьля такога сьнеданьня ўсіх выгналі на двор, і пачалося сартаваньне людзей. Выклікалі па спіску і растаўлялі па групах і спэцыяльнасьцях, як: цесьляроў асобна, шаўцоў асобна, некваліфікаваную сілу асобна і г.д. Я трапіў у групупу рахунковых працаўнікоў, у якой налічвалася 19 чалавек. Некаторыя групы даходзілі да 100 і больш чалавек. Да кожнай групы былі даданыя вартаўнікі ў чырвонаармейскай вопратцы. Трымаючы зброю на пагатоўі, яны выводзілі вязьняў за браму. Каго і куды вялі, ніхто з нас ня ведаў. З левага боку засталася група людзей, больш за 100 чалавек, якая паўстаўлена была ў рады па-вайсковаму і разьдзялялася па 10 чалавек. Нашу групу рахунковых працаўнікоў пакуль што нікуды не выводзілі. Мы стаялі і чакалі сваёй чаргі. Пасьля таго, як скончылі сартаваць людзей, стаячых з левага боку, да нас падыйшоў у катаржным бушлаце чалавек і, зьвярнуўшыся да мяне, запытаў: Вы, здаецца, працавалі ў лясной гаспадарцы і, напэўна, знаёмы з лесараспрацоўкамі». Я сказаў, што справа гэта мне вядомая. Ён запытаўся і ў іншых, хто з іх знаёмы з лясной працай? Знайшлося яшчэ дзьве асобы, і нас траіх перавялі да людзей, расстаўленых па дзесятку. Мяне ён далучыў да першага дзесятку, сказаўшы, што мы пойдзем карыць лес. Да наступных двух дзесяткаў далучаны былі яшчэ два рахунковыя працаўнікі, а далей - старэйшы брыгады вызначаўся па яго погляду. «Дзе-ж наша ахова?» - запытаўся нехта з крайняга дзесятка. Сартаваўшы нас чалавек растлумачыў, што далёка нам на працу ісьці ня трэба і, паказаўшы рукой улева, сказаў: «Вось тыя астраўкі, дзе будзем працаваць, нас ахова давядзе толькі да мосьціка і толькі адзін застанецца вартаваць на мосьціку, а там будзем працаваць без аховы, бо кругом вада, і ўцячы ніхто ня зможа». Праз 15-20 хвілін падыйшла ахова ў 7 чалавек, і яны вывялі нас за браму. Варта ахапіла нас кругом: сьпераду адзін, з бакоў па два і ззаду два. Прайшоўшы з кілёмэтар ад лягеру, мы падыйшлі да мосьціка праз рэчку, якая была шырынёй 15-20 мэтраў. Мосьцік быў вузенькі - побач можна было прайсьці толькі двум чалавекам. Прапусьціўшы нас на той бок і заставіўшы аднаго на масьце, іншыя вартаўнікі вярнуліся ў лягер. Мы былі на астраўку, акружаныя вадой. Увесь востраў быў заложаны лесаматар'ялам, пераважна яловымі бярвеньнямі і шпальнікам. Бярвеньні былі зложаныя ў штабялі вышынёй да двух мэтраў. Тут стаяў пабудаваны з дошчак новы барак - інструмэнталка, дзе хаваліся інструманты і прылады для апрацоўкі лесаматар'ялаў. У бараку знаходзіліся два вязьні, якія выдавалі працуючым інструманты і былі адказныя за іх стан. Нам выдалі сякеры, зялезныя лапаткі, каб аддзяляць ад дрэва няпрысохлую кару, скоблі - аддзіраць кару, якая ўжо прысохла, і лапаткай аддзіраць было не магчыма. Перад тым, як пачаць працу, загадчык ляснога складу растлумачыў, што тут на ўсё нормы выпрацоўкі, і ў залежнасьці ад выкананай нормы кожны атрымоўвае хлеб. Норма на акорку лесу існавала 30 штук яловага бярвеньня даўжынёй 6 мэтраў, і выканаўшы гэту норму атрымае 500 грамаў хлеба ў дзень. Перавыканаўшаму норму колькасць хлеба будзе павялічана, а недавыканаўшыя норму хлеба атрымаюць меней; у канцы ён дадаў, што прымаючы пад увагу, што мы прыехалі толькі ўчора і змораныя доўгай дарогай, на першы дзень працы норма выпрацоўкі зьменшана да 20 штук бярвеньня на чалавека.

Калі гэткае дзікае начальства і тое, паглядзеўшы на гэты народ, знайшло патрэбным на першы дзень працы зьменшыць норму выпрацоўкі, дык можна ўявіць сабе, як выглядалі людзі ў той час, якіх дарогай кармілі кавалкам чорствага чорнага хлеба ды камсой, не даючы патрэбнай колькасьці вады. Я адчуваў сябе вельмі дрэнна, як фізычна, так і маральна прыдушаным; ня лепш адчувалі сябе і ўсе іншыя. Пры такім становішчы людзей аб выпрацоўцы поўнасьцю і гэтай зьменшанай нормы не магло быць гутаркі. Людзі дзесяткамі былі расстаўлены па штабелях і пачалася праца. Зьдзіраць кару з бярвеньня адразу лапаткай было немагчыма. Сукі на бярвеньнях былі абсечаны высока, некаторыя заставаліся даўжэй пальца, і на кожным бервяне, перш чым пачаць акорку, трэба было сякерай абсякаць нагладка сучча. Сякеры і скоблі былі тупаватыя, і сукі ў большасьці выпадкаў не абсякаліся, а ламаліся. Дзяржальлі сякер былі не абгладжаныя, а зробленыя з-пад сякеры і аблепленыя смалой. Яны рэзалі рукі, і яшчэ ў першай палове дня працы на маіх руках і ў іншых людзей зьявіліся крывавыя мазалі, якія лопаліся; трымаць у руках далей сякеру было немагчыма ад болю, але людзі маўчалі і працавалі, бо ведалі, што ад выпрацоўкі нормы будзе залежыць атрыманы кавалак хлеба. Штабель бярвеньня, на якім мы працавалі, быў ужо акораны раней да паловы. Акоранае бярвеньне перакачвалася далей і складалася ізноў у высокі ярус. Колькі гадзін мы працавалі, я дакладна ня ведаю, бо гадзіньніка ні ў кога ня было, толькі к вечару праца была спынена, і пачаўся падлік зробленай акоркі лесаматар'ялу. Відаць было, што пры падліку акораных бярвеньняў папяреднімі брыгадамі робіліся адзнакі сіняй крэйдай на канцы кожнага акоранага бярвяна. Гэтакі кусок крэды намі быў знойдзены каля штабеля, і мы вырашылі яго выкарыстаць, але падліку не рабілі, ведаючы, што гэта мусіць зрабіць загадчык гэтага складу. Усіх людзей на працы было 15 брыгад, і каб улічыць працу ўсіх брыгад, аднаму чалавеку патрабавалася шмат часу. Да нас падыйшоў загадчык складу і сказаў мне падлічыць акораныя бярвеньні і даць яму лічбу акораных. Тут нам і прыгадзіўся кавалак знойдзенай крэйды. Мы на абкораных намі бярвеньнях зрабілі крэйдай такія самыя адзнакі, якія былі на бярвеньнях папярэдняй акоркі. Таму спраўдзіць правідловасьць падліку было немагчыма. Нормы акоркі 20 бярвеньняў на чалавека ніводная брыгада ня выканала, ў тым ліку і наша. Заместа патрэбнай нормы 220 штук мы ледзь абкарылі 170, але я падаў лічбу большую на 15 шт. - разам 185. Недавыканана норма была толькі на 35 штук. Загадчык складу зьдзівіўся таму, што толькі наша брыгада так добра справілася з выпрацоўкай, і захацелася яму самому паглядзець нашу выпрацоўку. Убачыўшы, што адзнакі зроблены аднолькавай крэдай з папярэднімі падлікамі, ён запытаўся, дзе ўзята крэйда для падліку. Мы яму сказалі, што кавалак крэйды ляжаў на штабелі, і мы выкарысталі яго пры падліку. Ён сказаў нам здаць назад інструманты ў барак, адкуль атрымалі, і падыходзіь да мосьціка, дзе чакалі нас «целахраніцелі», прыйшоўшыя з лягеру. Такім самым парадкам нас прывялі ў лягер, а там была такая самая вячэра, той самы барак з клапамі і г.д.

Пасьля вячэры ў барак зайшоў загадчык ляснога складу з рахункаводам лясной часткі і папярадзілі мяне, што заўтра я на працу карыць лес не пайду, а трэба будзе памагаць рахункаводу падлічваць адсоткі выпрацоўкі нормы кожнай брыгады, бо гэта праца вельмі тэрміновая і неадкладная, бо кожны вечар, як вяртаюцца з працы, трэба хутка падлічыць адсотак выпрацоўкі кожнага, каб заўтра раніцаю выдаць запрацаваны кавалак хлеба, у залежнасьці ад выкананай нормы. Я быў задаволены гэтым, бо ўтрымаць сякеру ў руках я ня змог бы, бо мазалі на руках патрэскаліся, пачалі пухнуць рукі, і я не мог сагнуць пальцаў.

Выйшаўшы на двор, мы з загадчыкам складу пачалі размову. Мне хацелася даведацца ад яго больш падрабязна пра існуючыя парадкі і дысцыпліну ў лягерох. Ён мне казаў, што парадак і дысцыпліна яму добра ведамы, бо ўжо працуе ў лягерох пяты год. Чатыры гады быў на Салаўках у лягеры, а ў 1931 г. шмат людзей перавезена ў гэты лягер на пабудову Беламорскага каналу, а ў тым ліку перавезены і ён. Па фаху ён быў лесавод і адбываў 10 год кары па 58 артыкуле п.п. 10 і 11 РСФСР (групавая агітацыя). На маё запытаньне, як жылося на Салаўках, ён адказаў, што адтуль трудна выбрацца жывому чалавеку, і праўдзіва завуць Салаўкі востравам сьмерці і катаваньняў. Калі там нішчылі народ фізычна і голадам, дзесяткамі тысяч выміралі ад эпідэміі, то тут душаць людзей непасільнымі нормамі. Больш дакладнасьцяў ён мне казаць ня стаў, а на разьвітаньне сказаў, што як пажывеце тут больш, дык будзеце ведаць усё падрабязна, і папярэдзіў, што з гэтымі размовамі тут трэба быць вельмі асьцярожным, а то можна трапіць у ІСЧ. Гэтакая ўстанова для мяне была невядомая, і пытацца пра яе я баяўся, хаця разумеў, што гэта нешта страшэннае.

Раніцай пасьля ўсіх лягерных цэрэмоніяў, якія тут адбываліся, па мяне прыйшоў рахункавод лясной часткі і мы пайшлі на працу. Кантора была тут-жа ў дварэ, абгароджаным калючым дротам. Гэта было невялікае памешканьне, зробленае з дошчак. Шчэліны былі закрытыя прыбітымі зьверху гарбылямі (аполкамі). Каля сталоў, заместа крэслаў, стаялі адрэзаныя хваёвыя чурбаны. Апрача рахункавода, прыйшоў на працу яшчэ адзін чалавек, а я быў трэцім. Мне падалі 10 рапартоў, дзе паасобна запісана была кожная асоба, колькасьць выкананае працы і паказана норма, патрэбная да выкананьня. Я пачаў рахаваць адсоткі выкананае кожным нормы. Здавалася, што праца гэта няцяжкая, аднак мне было цяжка. Па-першае - таму, што пасьля перажытага і перажыванага, галава была цяжкая. Я глядзеў на лічбы, а ў вачох у мяне стаялі бездапаможныя і галодныя дзеці, што асталіся дома. Па-другое - да падлікаў трэба адносіцца ўважна, бо зробленая памылка ў бок павялічэньня адсотка выпрацаванае нормы, за што галодны вязень атрымаў-бы лішні грам хлеба, магла быць улічана як «вялікае злачынства і эканамічная контррэвалюцыя», а там пападзеш у ІСЧ, якога я дакладна ня ведаў, але думалася, што гэта нешта страшэннае. У гэтай канторы мне працаваць прышлося нядоўга. Праз 4 ці 5 дзён у кантору прыйшоў старэйшы бухгальтар лягернага пункту, як відаць, па службовых справах і штось размаўляў з рахункаводам, якому я быў падпарадкаваны па працы. Калі рахункавод зьвярнуўся да мяне з пытаньнем, ці скончыў я вылічэньне адсоткаў па брыгадах, працаваўшых па нарыхтоўцы лесаматар'ялу і назваў маё прозьвішча, да мяне падыйшоў гэты бухгальтар і сказаў мне, што мой аднафамілец працуе старшым бухгальтарам у фінінсавай частцы 4-га аддзелу на станцыі Май-Губа, сказаў імя яго, па бацьку і апісаў знадворны яго выгляд. Я знаў вельмі добра яго, бо гэта быў ня толькі аднафамілец, дваюрадны брат мой, але ён разам з сям'ёю быў высланы яшчэ пры раскулачваньні ў першую чаргу, як меўшы ўзорную гаспадарку на хутары ў 10 км. ад тэй вёскі, дзе пражываў я. Мяне толькі зьдзівіла адно, як мог гэты чалавек апынуцца тут у канцэнтрацыйных лягерох, калі ён быў вывезены разам з сям'ёю і знаходзіўся на ссылцы ў Комі-Пермяцкай вобласьці. Бухгальтар мне паясьніў, што паколькі яму ведама са слоў Ніканора, ён тут адбывае кару 3-х гадовага ўвязьненьня за самавольную ўцечку з ссылкі, і што яму прыпісана контррэвалюцыйная агітацыя (72 арт. УК БССР). На гэта я яму заўважыў, што мне незразумела, якая магла быць агітацыя з яго боку, калі «злачынства» яго акрэсьлена толькі самачыннай адлучкай з месца высылкі. На гэта бухгальтар мне растлумачыў, што артыкулы 58 п.п. 10 і 11 УК РСФСР, 72 і 76 УК БССР - збудуюць Беламорскі канал. Для мяне стала ясна і я быў перакананы, што гэта асоба ёсьць той самы мой блізкі чалавек, якога хацелася пабачыць або паведаміць яго, што і я тут. Аб гэтым я стаў прасіць бухгальтара, і ён сказаў, што між лягерным пунктам Сягежа і фінансавай часткай 4-га аддзелу ёсьць тэлефонная сувязь і абяцаў сказаць аба мне Ніканору.

 

СУСТРЭЧА

 

На другі дзень раніцай да мяне ў барак прыйшоў бухгальтар і сказаў, што ён паведаміў аба мне па тэлефону Ніканора тады, калі прыйшоў з нашай канторы, і што Ніканор гадзіны тры таму назад уначы прыехаў цягніком да яго, каб пабачыцца са мною. Гэта мяне надзвычайна ўзрадавала. Мне хацелася хутчэй бегчы, каб пабачыць Ніканора, аднак бухгальтар мне сказаў, што ён прыехаў страшэнна змораны і цяпер яшчэ сьпіць. Як толькі ён прачнецца, дык прыйдзе да мяне. Я з дазволу бухгальтара на працу ў лясную кантору не пайшоў, а чакаў сустрэчы. І скажу праўду, што толькі дзякуючы гэтаму спатканьню, я ўратаваў сваё жыцьцё. Выконваць тыя нормы, якія патрабавала ГПУ, я ня змог-бы, бо фізычна раней не працаваў, адчуваў сябе вельмі слабым і змучаным, а за невыкананьне нормаў людзі траплялі ў ШІЗО (штрафной изолятор), і адтуль мала хто варочаўся.

Праз гадзіну да мяне прыйшлі бухгальтар лягернага пункту, а з ім Ніканор. З Ніканорам мы разлучыліся гады чатыры таму назад і калі-б спаткаліся з ім дзе-небудзь на волі ў такім выглядзе, як тады, дык, напэўна, адзін другога не пазналі-б. Памятаю яго добра да высылкі. Гэта быў хлапец малады, здаровы, 19 гадоў, а цяпер ён стаў худы, белы твар паморшчыўся, і ўзростам ён мне паказаўся меншы, чым быў. Як выглядаў я, сказаць трудна, аднак уяўляю сабе, што выгляд мой быў горшы за яго, бо ў яго, як падыходзіў да мяне, наляцелі сьлёзы, і ён запытаўся мяне: «Гэта ты? О, Божа, што з табою сталася?»

Прывітаўшыся, мы некалькі хвілін стаялі моўчкі і не знаходзілі слоў, з чаго пачаць размову. Выйшлі на двор, і там я яму растлумачыў аб усім падрабязна, што я перажыў, што там робіцца і г.д. Ён цікавіўся даведацца, што сталася з хутарам, дзе ён жыў. Хутар ягоны хутка пасьля высылкі быў ліквідаваны. Будынкі і жывёлу разьвезьлі па калгасах. Аб гэтым я яму сказаў, бо ведаў, куды і ў які калгас што трапіла. Ён мне падрабязна расказаў аб жудасьцях і цяжкіх умовах раскулачаных і высланых людзей. «Я ўцёк, - працягваў ён, - каб дзе-небудзь знайсьці працу на волі, дапамагаць і ратаваць старых бацькоў, бо народ гэты там гіне, а дзеці яшчэ пры перавозцы ўзімку ў дарозе пагінулі». Здабыўшы дакумэнты на другое імя, яму ўдалося ўцячы і стаць на працу на заводзе. Але скора ён быў арыштаваны і за ўцечку атрымаў 3 гады канцлягероў. Будучы ў лягерох, ён працаваў на ст. Апатыты, дзе катаржнай працай выдабываюцца апатыты. З пачаткам будаўніцтва Беламорскага каналу яго перавезьлі сюды, і тут ён працуе ў фінансавай частцы аддзяленьня як бухгальтар. Адбываць кару яму засталося яшчэ адзін год. У яго я сьмела мог запытаць аб парадках у лягерох, як тут жыць, як трымацца, каго і чаго баяцца і г.д. Ніканор мне сказаў, што з гэтым ён мяне пазнаёміць другі раз, бо я буду прызначаны на працу да яго ў фінансавую частку ў бухгальтэрыю. Гэта мяне абрадавала і супакоіла. На маё запытаньне, як гэта здарыцца, што я буду працаваць з ім, ён мне гэта высьвятліў. Пасьля таго, як яму па тэлефону бухгальтар лягернага пункту Сягежа сказаў аб маім прыезьдзе ў Сягежу, ён зьвярнуўся да начальніка фінансавай часткі, просячы дазволу на падарожжа ў Сягежу. На пытаньне начальніка, чаму ён так тэрмінова хоча туды ехаць, ён сказаў аб маім прыезьдзе. Начальнік фінансавай часткі, даведаўшыся ад яго, што я ведаю рахунковую працу, абяцаў забраць мяне на працу ў фінансавую частку, аб чым ужо напісана УРЧ (учётно-распределительной части), і запэўніў мяне, што праз 2-3 дні я буду пераведзены ў Май-Губу для працы ў фін-часьці. Праз некалькі дзён з Сягежы адпраўляўся этап на станцыю Май-Губа з людзьмі розных спэцыяльнасьцяў, якія былі прызначаныя на працу ў розныя пададдзелы пры кіраўніцтве аддзяленьня. З гэтым этапам забралі і мяне. Этап складаўся з 20 асоб, і гэту колькасьць людзей можна было-б правезьці цягніком. Аднак нас павялі пехатой, абставіўшы вартавымі паводля ўсіх правілаў ГПУшных прадпісаньняў. Вялі нас дарожкамі побач чыгункі, мясцамі сустракаліся малыя вазёры і рэчкі, калі хто хацеў напіцца вады, то варта не дазваляла. К вечару нас прывялі ў Май-Губу. Тут тое самае: двор, калючы дрот агароджы, пасярод баракі і па кутках двара вежы, на якіх стаяць вартавыя. Нас загналі ў двор і здалі дзяжурнаму вартаўніку. Даведаўшыся аб прыбыцьці этапу, прыйшоў да мяне Ніканор і зрабіў важнае папярэджаньне: не падыходзіць блізка да дроту, якім абгароджаны двор, бо людзі, якія падыходзілі да дроту, забіваюцца стаячымі на вышках вартаўнікамі без папярэджаньня. Тут нас толькі абшукалі, а далейшая апрацоўка, якая адбывалася пры прыняцьці ў Сягэжы, не праводзілася. Ніканор мне сказаў, што я буду памешчаны ў бараку інжынерна-тэхнічных працаўнікоў. (Так зваўся барак, у якім жылі кіруючыя рознымі работамі спэцыялістыя.) Сам ён жыў у бараку звонку дроту. Там жылі больш старыя вязьні, якія канчалі дабываць тэрмін увязьненьня. Аб пабегу з лягеру, як для тых, хто жыў за дротам, гэтак і для тых, хто жыў па-за дротам, была выключана ўсякая магчымасьць, бо лягер гэты знаходзіўся на паўабтоку, кругом была вада возера Выг. Выхад быў толькі да чыгункі, і ён закрываўся ўдзень і ўночы вартавымі патрулямі ды яшчэ з сабакамі. На дварэ за дротам, дзе я мусіў жыць, было 7 баракаў. У краіных бараках жылі вязьні палітычныя, а пасярод двара знаходзіўся новазбудаваны барак, у якім жылі крымінальныя злачынцы - УРКІ (так іх там называлі). Інжынерна-тэхнічны барак, у якім быў памешчаны і я, быў стары, пабудаваны яшчэ ў часе 1-ай Сусьветнай Вайны. У ім жылі палонныя аўстрыйцы і немцы, якія працавалі на пабудове Мурманскай чыгункі. Замест ложкаў там былі двухпавярховыя юрцы, на ўвесь барак адзін стол, а замест крэслаў - яловыя калодкі. Людзей у бараку зьмяшчалася 96 чалавек. Аб клапах успамінаць ня варта, бо іх тут было ня меняй, як у Сягэжы. Ніякая барацьба з імі не вялася; зьнішчыць іх можна было, толькі зрабіўшы серную дэзынфэкцыю, але гэта немагчыма было зрабіць дзеля адсутнасьці серкі, а калі прыпусьціць, што і былі-б дэзынфэкцыйныя сродкі, дык у дзюравым будынку дэзынфэкцыі зрабіць нельга. Калі мы паміж сабой падымалі пытаньне, як зьнішчыць клапоў, то некатарыя даводзілі безсэнсоўнасць барацьбы з імі,бо на мейсца зьнішчаных ў адным бараку клапы прыйдуць з іншых баракаў, бо ў кожным з гэтых баракаў было іх ня менш, як у нас. Улетку там былі белыя ночы і досыць цёплыя. У такія ночы асабліва жорстка нападалі клапы, і ў бараку пры такой колькасьці людзей была нязносная духата. Шмат хто, у тым ліку і я, выходзіў на двор і, падклаўшы камень пад галаву, хацеў спакойна адпачыць, але і тут знаходзілі нас гэтыя паразіты.

 

НАСЕЛЬНІЦТВА ЛЯГЕРУ

 

Я прыглядаўся і стараўся распазнаць жывучых разам са мною ў бараку людзей. Ані аднаго добра апранутага ня было. На ўсіх рубашкі былі апранутыя старыя вайсковыя зялёнага або жоўтага колеру, як відаць, сьпісаныя ў нягоднасьць у войску, затое яны былі адпаведныя для палітычных вязьняў. З верхняй вопраткі ў кожнага быў жоўтага колеру бушлат (сярмяга). Аб якасьці абутку гаварыць ня варта. Са слоў Ніканора я ведаў, што тут ёсьць прафэсары, акадэмікі, інжынеры, духоўнікі-япіскапы і сьвятары, бухгальтары, аграномы, настаўнікі, адвакаты, лесаводы, тэхнікі, паэты, журналістыя і г.д. Па нацыянальнасьці былі людзі з усіх канцоў Расейскай імпэрыі як: украінцы, беларусы, расейцы, казакі, грузіны і г.д. Размова вялася выключна на расейскай мове. У стаячым сярод двара бараку, як я ўжо казаў, жылі «уркі» (крымінальныя рэцыдывістыя). Гэтыя людзі, па сталінскай клясыфікацыі, адносіліся да сацыяльна-блізкага бальшавікам элемэнту. Яны карысталіся асобымі правамі. Кары за свае ўчынкі ў лягеры яны амаль ніякай не адбывалі. Напрыклад, калі палітычны вязень і крымінальны рэцыдівісты зрабілі ў лягерных умовах аднолькавае злачынства, дык палітвязень караўся сьмерцяй, тады як крыміналісты за гэткае самае праступства атрымліваў некалькі дзён арышту. Гэта банда тэрарызавала ўсіх палітвязьняў на гэтым дварэ. Яны рабавалі, білі, маглі зьдзерці з вас лепшую вопратку, і жаліцца на іх ня было каму, бо варта была з тых-жа крыміналістых. Былі выпадкі, калі ўрка пры нападзе альбо ў часе рабунку атрымліваў ад палітвязьня такі адпор, што недалічваўся зубоў у роце. Аднак гэта рэдка калі дарма праходзіла. У большасьці выпадкаў пасьля гэтага неспадзявана заганялі нож у сьпіну. Калі ўрка вырываў у каго-небудзь з рук хлеб альбо што іншае, несенае з капцёркі, і з гэтым украдзеным уцякаў у свой барак, ніколі ня можна было за ім туды заходзіць, бо, зайшоўшы туды, назад жывым не вяртаўся. Палітвязьні былі перакананыя, што ўркі паселеныя ў гэтым дварэ плянова і сьведама, каб павялічыць мукі і зьдзекі над імі.

Людзі былі змучаныя, выгляд быў страшны і сумны. Часта знаёмыя ў бытнасьць на волі, спаткаўшыся ў лягерных умовах, адзін другога не пазнавалі.

Зімой 1933 г. марозы былі жорсткія. Лазьня знаходзілася ад нашага бараку на адлегласьці паўкілёмэтра. Мы, як работнікі адміністрацыйна-тэхнічнага складу, мелі прапускі на выхад з лягеру і ў лазьню хадзілі без варты. У пярэдняй палове лазьні была агульная разьдзявальня. Вешалак ня было. Кожны канцлягернік здымаў верхнюю вопратку і абутак, закручваў у бушлат і клаў каля сьцяны на падлозе. Сподняя бялізна там-жа праз ваконца здавалася ў капцёрку і ў замену атрымоўваўся мэталічны жэтон. Па гэтаму жэтону вязень, памыўшыся, атрымліваў чыстую бялізну. У выпадку, калі хто згубіць жэтон, ён пазбаўляўся права на атрыманьне бялізны. Застаўляць жэтон пры верхняй вопратцы было небясьпечна, бо ўркі часта кралі абутак і верхнюю вопратку. Таму кожны прывязваў яго да нагі альбо рукі і так мыўся. Адзін раз я з Ніканорам пайшлі ў лазьню. Скончыўшы мыцца, выйшлі ў пярэднюю, атрымалі бялізну і пачалі апранацца. У гэты час да ваконца падыйшоў голы, вельмі худы і стары вязень, пачаў жаліцца, што ў яго ўкралі валенкі і верхнія порткі і дайсьці да бараку ён босы ня зможа. Быўшы ў капцёрцы чалавек ня мог яму дапамагчы, бо ў яго, апрача бялізны, ані абутку, ні штаноў ня было. Калі ў яго запыталі, як яго завуць, то старэнькі вязень адказаў, што ён ёсьць Паўскі. Тады нам прыпомнілася, што ў Менску настаяцель кафэдральнага сабору быў пратаіерэй Паўскі. Хаця ён быў вельмі слабы і старэнькі, але па абліччы быў падобны на таго Паўскага, якога пропаведзі я любіў слухаць, бываючы ў саборы яшчэ перад Першай Сусьветнай Вайною. Мы не ўстрымаліся, падыйшлі да яго і запыталі ў яго, адкуль ён паходзіць. «Я з Менску», - быў адказ. «Ці ня былі Вы настаяцелям кафэдральнага сабору?» - запыталіся мы. «Так, - адказаў ён, - я той самы Паўскі, а скажеце мне, хто вы будзеце, чаму я вас пазнаць не магу?» Калі мы назвалі сваё прозьвішча, то ён са сьлязамі на вачох сказаў: «Божа! да чаго нас давялі; жывем разам, і адзін другога пазнаць ня можам». Прыпыніўшы размову, мы папрасілі яго пачакаць у лазьні, а самі хутка пайшлі ў барак і ў старасты бараку ўзялі запасныя старыя валенкі і порткі ды занесьлі Паўскаму і разам з ім вярнуліся ў барак. Аб тым, што камуністыя ў Менску ўзарвалі Пётра-Паўлаўскі кафэдральны сабор, ён ўжо ад некага чуў, але гэтаму ня верыў. Я яму пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых чутак і сказаў, што на месцы, дзе стаяў сабор, бальшавікі паставілі зьвярынец. Аб узрыве жалезнадарожнай царквы ён яшчэ ня ведаў. Са мной працаваў разам яшчэ адзін студэнт зь Менску, Адзярыха, і спаў побач са мною на юрцах. Ён меў 10 гадоў кары і трапіў у лягеры, як нацдэм. У часе рзгрому ў Беларусі нацдэмаўшчыны вельмі многа студэнтаў і інтэлігэнцыі было расстрэляна і павысылана ў канцлягеры. Аднаго разу я яму зрабіў заўвагу, кажучы: захацеў ты самастойнасьці Беларусі - вось і маеш 10 гадоў, ды да гэтага яшчэ не далі і адукацыі скончыць. Адзярыха трымаўся бадзёра, заўсёды быў аптымістычна настроены адносна ідэалаў незалежнасьці. Ён верыў у хуткі канец камуністычнае тыраніі і ў надыход волі для беларускага народу. Часта сьмяяўся ён, кажучы, што канцлягеры - гэта «вышэйшая школа камунізму», і людзі, якім удасца жывымі скончыць гэту школу, будуць ведаць, як весьці барацьбу з камунізмам. Гэта выкоўваюцца кадры, якія заб'юць асінавы кол у магілу камунізму. З намі ў бараку быў адзін стары камуністы, гадоў 75, які да высылкі ў канцлягер быў адказным працаўніком камуністычнай газэты «Праўда». Гэты стары, як рэвалюцыянэр, адбываў ссылку яшчэ пры царскім урадзе і, будучы звольнены пасьля рэвалюцыі, уступіў у камуністычную партыю і, як журналісты, працаваў у рэдакцыі газэты «Праўда». Які тэрмін яму быў прызначаны адбываць катаргу, ён ня ведаў і, як ён апавядаў мне, трапіў у канцлягер за тое, што не пагадзіўся з пастановай ЦК аб ліквідацыі сялянскіх гаспадарак. Ён дэманстрацыйна кінуў у райкоме партыйны бялет і сказаў, што ў партыі быць ня хоча, бо лічыць сябе чэсным чалавекам. Прыйшоўшы дамоў, праз гадзіну часу ён быў арыштаваны прадстаўнікамі ГПУ і пасаджаны ў адзіночную камэру. Думалася яму, што будуць судзіць, і да гэтага ён рыхтаваўся. Але праз месяц, бяз допыту і суду, уначы ў «чорным воране» перавезьлі яго на чыгуначную станцыю, пасадзілі ў турэмны вагон, і ён хутка апынуўся ў Беламорскім канцлягеры. На які тэрмін і калі будзе канец кары - яму не сказалі. Меў ён сумны і жалюгодны выгляд. Быў забыты ўсімі, ніхто ні слова яму не напісаў, жонка таксама ня пісала. Гэта ў савецкіх умовах жыцьця зусім нармальна, бо весьці перапіску з палітычным вязьням небясьпечна. Ад цяжкай працы, пры холадзе і голадзе, людзі слаблі і хутка станавіліся няпрыгоднымі да працы, асабліва старэйшыя векам.

Такія людзі звычайна пералічваліся ў катэгорыю «доходяг» (доходящий - даходзячы да сьмерці) і іх некуды вывозілі, як казалі ГПУшнікі: «На свалку». Так і гэтыя старыя хутка былі вывожаныя дзесь «на свалку», і які быў іх далейшы лёс, казаць ня трэба. Мой прыяцель, студент Адзярыха, па сканчэньні будовы каналу, як меўшы 10-ці гадовы тэрмін, вывезены таксама невядома куды.

 

БУДОВА І СТРУКТУРА КІРАЎНІЦТВА ЛЯГЕРОЎ

 

Жыхары нашага бараку працавалі ў большасьці ў аддзелах кіраўніцтва аддзяленьня лягероў, а частка працавала ў дапаможных прадпрыемствах і на трасе каналу. Усе кіруючыя аддзелы знаходзіліся па-за дротам, і кожны, каб выйсьці на працу, мусіў мець асабісты «пропуск» на выхад з лягеру, бо выхад альбо ўваход бяз «пропуску» былі забароненыя. Я працаваў у фінансавай частцы, дзе мне даручана было весьці картатэку вытворчай групы. Дагэтуль я ў бухгальтэрыі ніколі не працаваў і апрача тых запісаў, якія рабіў у даручаную мне картатэку, нічога ня ведаў. Недахоп рахунковай сілы адчуваўся ня толькі ў нашым аддзяленьні, але наагул ува ўсей сыстэме Беламорскіх лягероў. Па загаду з гары начальніку фінансавай часткі было даручана арганізаваць бухгальтарскія курсы, каб падрыхтаваць кваліфікаваных бухгальтароў для працы ў лягерох, лягерных пунктах і на камандыроўках. Арганізацыя гэтых курсаў ускладзена была на прафэсара бухгальтэрыі Пятрова, які працаваў разам з намі ў фінансавай частцы ў якасьці старэйшага бухгальтара і ў адным з намі бараку карміў клапоў. Чалавек ён быў добры, кожнаму вязьню быў прыязны, але вельмі нэрвовы. Адбываў ён 10 год катаргі па пастанове тройкі ГПУ за «шпіянаж». Раней ён працаваў у Францыі, як галоўны бухгальтар гандлёвага прадстаўніцтва СССР. Жылося, як ён казаў, вельмі добра і, скардзячыся на сваю горкую долю, ён называў сябе дурням за тое, што, атрымаўшы адпачынак, захацеў зьезьдзіць на бацькаўшчыну і паглядзець, як расьцьвітае радзіма пад кіраўніцтвам «геніяльнейшага з геніяльных». Убачыўшы, як будуецца сацыялізм, ён хацеў вярнуцца назад у Францыю, але зоркае вока ГПУ яго прыхінула пад сваё крыло і завочна прызначыла 10 гадоў за невядомы яму шпіянаж. На бухгальтарскія курсы жадаючых было шмат. Усе рахункаводы пайшлі на курсы, каб стаць кваліфікаванымі бухгальтарамі і больш усяго цікавіліся курсамі яшчэ таму, што склад выкладчыкаў быў вельмі моцны, і яны далі шмат для слухачоў. Цяжка было вучыцца, таму што курсы адбываліся без адыходу ад вытворчасьці. Лекцыі слухалі: адну ў часе паўдзённага перапынку, а другую - пасьля вячэры. Практычную частку адбывалі ў часе працы ў бухгальтэрыі. На першай уступнай лекцыі прафэсар растлумачыў, што кожны бухгальтар павінен быць добра знаёмы з дынамікай вытворчасьці таго прадпрыемства альбо ўстановы, дзе ён працуе. Таму што нас рыхтавалі быць бухгальтарамі ў сыстэме канцлягероў, ён лічыў патрэбным пазнаёміць нас са схэмай пабудовы і працы лягероў, але гэта абяцаў зрабіць тады, калі будзе на гэта дазвол ІСЧ. Дазвол быў атрыманы, і на другі дзень мы ведалі, як пабудаваная сыстэма кіраўніцтва і будаўніцтва Беламорскіх лягероў, пачынаючы ад адміністрацыі і канчаючы дробнымі дапаможнымі прадпрыемствамі. Назву гэтых устаноў я падам у тэй мове, у якой яны назывался ў сыстэме ГПУ, як то: ГУЛАГ, ББЛАГ, аддзяленьні, лаг-пункты, камандыроўкі. Пры аддзяленьнях: НСЧ, КВЧ, ШІЗО, УРЧ, УРБ, Фін-часьць, абход шляху. Далей ідуць дапаможныя прадпрыемства пры аддзяленьні: электрастанцыі, фібралітавы завод, конны транспарт, будаўляная частка, майстэрні: сталярныя, сьлясарныя, калёсныя, шавецкія, кравецкія, сьвінафэрма, ларкі, рыбпром, інструмэнталкі, смалакуркі, кухні, хлебапякарні, лазьні і г.д. Гэта галоўныя часткі, якія п�мятаю. Але ўсіх такіх дапаможных прадпрыемстваў было больш за 50. Ведаючы, што не для ўсіх будуць зразумелыя гэтыя ўмоўныя назовы, я пастараюся растлумачыць на зразумелай мове гэтыя назовы, пазнаёміць з кадрамі гэтых аддзелаў, іх мэтай і прызначэньнем.

1) ГУЛАГ - галоўнае кіраўніцтва ўсіх канцэтрацыйных лягероў па ўсяму СССР. Сядзіба гэтай установы знаходзіцца ў Маскве, а ўзначальваў яе нейкі Берман. Гэты паважны аддзел ГПУ, пазьней званы НКВД, а цяпер - МВД. Колькі падпарадкавана канцэнтрацыйных лягероў гэтай установе - ня было вядома. Гэта трымаецца ў тайніцы, аднак ад людзей, быўшых у розных лягерох, з якімі вяліся разрахункі за розныя матарьялы і рэчы, патрэбныя на пабудове каналу, нам было вядома, што ў той час існавалі наступныя лягеры: Салавецкія, Байкала-Амурскія, далёка-Ўсходнія, Ухта-Пячорскія, Беразьнякоўскія, Біра-Біджанскія, каналу Волга-Масква, Вяземскія, Уральскія, Казахстанскія, Калыма, Ладзейнае поле і іншыя. Гэта толькі частка лягероў, пра якія давялося даведацца ў той час, а было іх і ёсьць у сапраўднасьці шмат больш. Болей падрабязны сьпісак канцлягероў будзе пададзены ў канцы гэтай працы. Сярод народу чуваць было, што на працягу стагодзьдзя на ўсей зямной кулі ня было столькі ўвязьненага і загубленага народу, сколькі яго ёсьць пры «мудрым кіраўніцтве гэніяльнейшага бацькі Сталіна» і яго злачыннай клікі.

2) ББЛАГ - Беламорска-Балтыцкі папраўча-працоўны лягер. Кіраўніцтва гэтага лягеру знаходзілася на станцыі Мядзьведжая гара Мурманскай чыгункі. Мэта і прызначэньне гэтага лягеру была пабудова Беламорска-Балтыцкага каналу імя Сталіна. Лягер быў падзелены на 11 аддзелаў, якія раськіданыя былі ўздоўж пабудовы каналу, пачынаючы ад мястэчка Павенец і да станцыі Сарока. Сярэдні лік вязьняў у кожным аддзеле быў ад 50 да 60 тысяч чалавек.

3) Аддзелы Беламорскага лягеру. З пастаноўкай працы і кіраўніцтвам буду знаёміць чытача толькі з тым аддзелам, у якім я адбываў кару за невядомае злачынства, гэта 4-ты Выгазерскі аддзел. Аб іншых 10 аддзелах пісаць нічога ня буду, бо я там ня быў. Як для мяне, так і для чытача будзе зразумела, што парадкі і кадры ў іншых аддзелах былі такія самыя. На чале гэтага аддзелу стаяў вядомы ўсяму насельніцтву Беламорскіх лягераў кат Усьпенскі. Яго добра памяталі вязьні, прывезеныя з Салаўкоў, дзе ён многа загубіў народу за намеры Сталіна. Гэты кат, як выдатны дзеяч ГПУ, скора быў прызначаны начальнікам і кіраўніком усіх Беламорскіх лягероў і пераехаў у Мядзьведжую гару. Кіраўніцтвам 4-м аддзелам абняў начальнік ВОХРА Самойлаў. Ён меў 4-х заступнікаў: Волкова, Москвіна, Гасіліна і Заікіна. Над характарыстыкай гэтых асобаў спыняцца ня варта, бо кожнаму добра вядома, што такое ГПУшнік або НКВДысты.

Пры кожным аддзеле існавалі наступныя часткі:

4) НСЧ - інфармацыйна-сьледчая частка. Прызначэньне гэтай часткі было сачыць за кожным палітвязьням. Яе мэта была - ведаць аб усіх, хто што думае, што гаворыць і г.д. Яна арганізавала сетку шпіёнаў (сакрэтных асьведаміцеляў-інфарматараў), якія былі растаўлены па ўсіх адзелах, бараках, працоўных брыгадах і г.д. На такую працу яны вербавалі несьвядомых вязьняў, дапамагаючы ім за гэта матарыяльна, а больш усяго - абяцанкай датэрміновага звальненьня з катаргі. Аснаўныя кадры гэтай установы - упаўнаважаныя і сьледчыя - складаліся з пракраўшыхся альбо прапіўшыхся ГПУшнікаў. Сюды іх прысылалі на працу для выпраўленьня сваіх памылак, зробленых па службе. Поле дзейнасьці для іх было шырокае. Тут яны маглі безадказна рабіць з бязвольным народам, што ім уздумаецца. Яны тут загартовываліся і набывалі практыку для далейшай працы ў ГПУ. Умовы для іх былі вельмі добрыя - аплата вышэйшая тэй, якую яны мелі на месцы папярэдняй працы, тут ім далічвалася, апрача асноўнай стаўкі, яшчэ даплата за працу на поўначы, за працу ў канцлягерох сярод палітвязьняў і г.д. Кватэрныя ўмовы былі таксама добрыя. Для кожнага рукамі вязьняў быў пабудаваны асобны домік. Яны ў большасьці жылі з сем'ямі. Для іх была асобная сталоўка, асобная крама з вялікай колькасьцю алькагольных напіткаў. Кожны з іх меў аднаго або двух лёкаяў з вязьняў для прыбіраньня хаты, двара, чышчэньня абутку і г.д. І нарэшце, каб не сумавалі іхныя дамы і яны самі, для іх паслугаў быў зарганізаваны з вязьняў духовы аркестр з 25 чалавек, якія, надрываючы апошнія сілы, галодныя, мусілі іграць на вечарынах для гэтай хэўры катаў. Пры гэтай інфармацыйна-сьледчай частцы быў яшчэ аддзел цэнзуры, праз які праходзілі ўсе лісты і пасылкі, атрымліваныя вязьнямі. Ні адзін ліст ня мог быць высланы ці атрыманы, не спраўджаны цэнзурай. Калі хто атрымліваў пасылку, дык пасьля спраўджаньня ён знаходзіў у скрынцы зьмешанае ў кучу ўсё, што там было. Хлеб ламалі, сыр, сала або каўбаса рэзаліся на дробныя часткі, нават махорка і тая рассыпалася і праглядалася.

5) КВЧ - культурна-выхаваўчая частка. Праца гэтай часткі была цесна зьвязана з працай НСЧ. Кадры складаліся з пракраўшыхся партыйцаў-камуністых. Іх прысылалі ў лягеры на пэўныя тэрміны, дзе яны самаахвярнай працай мусілі загладзіць свае партыйныя грахі і вярнуцца зноў у партыю сьвядомымі і загартаванымі камуністымі. Працавалі яны вельмі шчыра і энэргічна. Стараньню іх у працы ня было канца і межаў. Ня было таго месца, або дзюркі, куды-б КВЧысты ня ўтыкнуў свайго носу. Сваёй прапагандай і нахабствам яны тэрарызавалі вязьняў. Кожны вязень усімі фібрамі сваей душы ненавідзеў гэтых служакаў, і яны гэта самі добра бачылі, аднак гэта іх ня трывожыла. Яны, як дакучлівыя мухі лазячы па бараках, прапагандавалі палітыку партыі і хвалілі «мудрэйшага з мудрых», кіраўнікоў палітбюро і іншых. Былі выпадкі, калі адміністрацыя знаходзіла патрэбным даць якой-небудзь прымучанай групе дзень адпачынку. Тады КВЧыстыя былі гэтаму перашкодай. Зараз прыходзіў прадстаўнік КВЧ і пачынаў агітаваць за выхад на працу, на так званы, суботнік. Пачыналіся такія прамовы звычайна з таго, што - ваша самаахвярная праца будзе ўрахавана тав. Сталіным, кожны з вас вернецца на бацькаўшчыну да свае сям'і, уключыцца ў агульную сям'ю працоўных і г.д., - і тут-жа прапанавалася на працу - і наладаваць барку лесаматар'ялу, разладаваць вагоны з харчамі, або тачкамі вазіць зямлю на будаваную каля возера Выг грэблю. Супярэчыць ім ніхто ня мог адважыцца, бо пры аднэй думцы запярэчыць гэтаму, у вачох уяўлялася ШІЗО, а там, можа, і канец жыцьцю. Усе маўчалі, зьбіраліся і выходзілі працаваць, аддаючы апошнія сілы. Аб'яднанымі сіламі КВЧыстаў выдавалася лягерная газэта «Перакоўка», у якой пераважна ўзносіліся да нябёсаў усе кіраўнікі пабудовы каналу і прапагавалася барацьба за ўдарныя тэмпы працы. А колькі лёзунгаў выдавала КВЧ, пагражаючы буржуазнаму сьвету і выхваляючы краіну будуючага сацыялізму. Такімі лёзунгамі былі аблепленыя сьцены баракаў, устаноў і нават дрэвы, стаячыя ў лягерох. Часта вечарамі, пасьля працы, вязьні выганяліся з баракаў на двор, дзе рабілася «пераклічка» (спраўджваньне). Пасьля пераклічкі работнікі КВЧ чыталі загады па лягеру і агалошвалі сьпіскі расстрэляных паводля пастановы ГПУ вязьняў. Расстрэлы адбываліся часта і на такой «урачыстасьці» выслуханьня сьпіскаў ужо расстрэляных вязьняў трымалі доўгі час на дварэ пры 40-50 градусах марозу. Мала гэтага, амаль кожны месяц, а то і часьцей, начамі праводзілі вобшукі. Вобшукі рабіліся нечакана, і аб часе гэтай акцыі ніхто ня мог даведацца. Вядома было толькі начальніку аддзелу ды ІСЧ, якія вызначалі тэрмін і кіравалі гэтай работай. Вязьні даведваліся аб вобшуках толькі тады, калі ўначы ў барак улятала банда вохраўцаў на чале з 2-3 ГПУшнікамі. Сонныя людзі падымаліся і ў ніжняй бялізьне станавіліся ў два рады пасярэдзіне бараку. Частка вохраўцаў накідалася на вопратку і рэчы вязьняў, а іншыя абмацвалі стаячых людзей. Выварочваліся кішэні, усе рубцы як вопраткі, так і бялізны прамацваліся. Грошы, нажы і брытвы адбіраліся. Вязьням дазволена было мець толькі бясьпечныя брытвы. Кожны вязень-лягернік атрымліваў за месяц працы ад 10 да 25 рублёў заработнай платы, у залежнасьці ад займанай пасады і выконванай працы. Аплата была не савецкімі грашыма, а бонамі, што былі асобнымі лягернымі грашыма, якія выпускала ГПУ. За гэтыя грошы можна было выкупіць махорку з кантыны, і той, хто выконваў поўнасьцю норму выпрацоўкі і быў залічаны ў лік ударнікаў, мог купіць адзін кгр. хлеба, але толькі адзін раз у месяц. Калі праводзіліся кампаніі сярод жыхароў СССР па падпісцы на пазыкі абароны або на выкананьне пяцігодак, дык улады не забываліся і аб вязьнях. Настырлівыя служакі КВЧ дамагаліся падпіскі на гэту мэту ад кожнага вязьня на месячны або 2-х месячны заробак, абяцаючы за гэта ў будучыні ласку «бацькі Сталіна». Плачучы ў душы, вязьні згаджаліся, бо на востраве блізка відаць было ШІЗО. КВЧ - гэта была атрутная соль, якая сыпалася на сьвежыя раны кожнага палітвязьня рукамі бальшавіцкіх партыйцаў, што пракраліся.

6) ШІЗО - штрафны ізалятар. Ізалятар гэты знаходзіўся на астраўку сярод возера Выг. Туды звозіліся палітвязьні, ня выконваючыя нормы выпрацоўкі, тыя, з якіх, можа, дзе хто прагаварыўся або запярэчыў КВЧ, за парушэньне лягернай дысцыпліны і г.д. Справа гэтых людзей вялася сьледчай часткай НСЧ, і ў большасьці выпадкаў людзі адтуль больш ніколі не вярталіся. Адным словам, па колькасьці людзей у штрафных ізалятарах, можна было судзіць аб выніках працы НСЧ і КВЧ.

7) ВОХР - ваенізіваная ахова. Ахова гэта ўзначальвалася абавязкава «баявым» ГПУшнікам. Кадры набіраліся ў большасьці з крымінальных злачынцаў. Усе былі апранутыя ў вайсковую форму і на ўзбраеньні былі вінтоўкі і наганы. Кадры ВОХРаўцаў былі вялікія. Яны трымалі варту на вежах каля лягероў, вартавалі вязьняў пры працы на лягерных пунктах і г.д. Яны знаходзіліся ўсюды там, дзе працавала хоць невялічкая група людзей або нават адзін чалавек. У дапамогу сабе яны мелі сабачнік, і мне добра ведама, што вартаўнічыя сабакі харчаваліся ў некалькі разоў лепш, чым які-небудзь інжынер-вязень. Хаця гэтыя вартаўнічыя - крымінальныя злачынцы і былі засуджаныя судом на розныя тэрміны, аднак яны карысталіся правамі чырвонаармейцаў, харчаваліся ў асобных сталоўках і жылі ў добрых памешканьнях. Тут пералічаны тыя ўстановы, якія служылі і былі тым цяжкім прэсам, пад якім задыхаліся і гінулі палітвязьні. Далей былі ўстановы адміністрацыйныя і дапаможныя, з працай і прызначэньнем, зь якімі буду знаёміць чытачоў далей.

8) УРЧ - вучотна-разьмяркавальная частка. Выконвала працу па разьмяркаваньню вязьняў па лягерных пунктах, камандыроўках і г.д. Частка гэта ўзначальвалася ГПУшнікам, а ўсе іншыя працаўнікі былі вязьнямі.

9) УРБ - Улік рабочай сілы. Гэта частка супрацоўнічала з УРЧ і ўлічвала ўсю працоўную сілу, якая знаходзілася па лягерных пунктах, падпарадкаваных аддзелу.

Кіраўніцтва аддзелу дзялілася на чатыры важныя часткі:

1) Агульная частка, якая разьмяркоўвала карэспандэнцыю па ўсіх аддзелах і выдавала кіраўнічыя загады па ўсіх аддзелах, лягерных пунктах і камандыроўках.

2) Лясная частка, якая вяла і кіравала ўсімі лесараспрацоўкамі і сплавам лесу. Там працавалі вязьні - лесаводы і іншыя спэцыялістыя па распрацоўках лесу.

3) Вытворчая частка, якая кіравала і вяла працу будовы каналу.

4) Фінансавая частка, якая вяла ўлік матарыяльных і грашовых каштоўнасьцяў па ўсім аддзяленьні. У справаздачнасьці ёй былі падпарадкаваныя ўсе лягерныя пункты, камандыроўкі, майстэрні, дапаможныя прадпрыемствы і г.д. Кожны месяц у аддзяленьні складаўся шахматны балянс і здаваўся галоўнаму кіраўніцтву Беламорскіх лягероў у Мядзьведжай-Гары. Туды адначасна прывозіліся балянсы з іншых 10 аддзелаў і там рабіўся зводны балянс, які высылаўся ў Маскву галоўнаму кіраўніцтву лягероў (ГУЛАГ). У бухгальтэрыі фінансавай часткі аддзелу працавала больш за 30 асобаў. Усе яны былі вязьнямі, за выняткам загадчыка фінансавай часткі.

5) Сан-частка. Гэтай частцы падпарадкаваны былі: бальніца, фэльчэрскія пункты і зубныя лекары. Лекарскі пэрсанал складаўся выключна з вязьняў. Каб трапіць у шпіталь, трэба было быць запраўды цяжка хворым, як казалі вязьні. Туды траплялі тыя, каму заставалася некалькі гадзін да сьмерці. Дастацца туды яшчэ маглі цяжка абмарожаныя ды самарубы (самасекі). Самарубы - гэта вязьні, якія, не вытрымліваючы цяжкасьці працы і зьдзекаў, адсякалі сабе пальцы на руках альбо нагах. Бічом для завезенага ў Карэлію народу была цынга. Кожнаму давялося мець дачыненьне з гэтай хваробай. Адны пераносілі яе больш лёгка, а многія сыходзілі ў магілу. Спачатку пачыналі балець і развальвацца зубы. Калі вы зьвярталіся да зубнага лекара, то назад прыходзілі бяз зуба, які балеў. У лекара была толькі пляшка з эрзацам ёду ды абцугі вырываць зубы. Калі паказвалі лекару хворы зуб, то ён абмазваўся чырвоным эрзацам ёду і вырываўся абцугамі. На гэтым лячэньне зубоў пачыналася і канчалася. Заместа вітамінаў раз у тыдзень давалі есьці вінігрэт з кіслай капусты і камсы. На гэтым толькі і палягала ўся барацьба з цынгой. Так людзі хварэлі, выміралі, замярзалі, расстрэльваліся і канчалі самагубствам. Улетку капаць ямы і закопываць трупы было проста, але ўзімку, як замярзала зямля, справа была больш цяжкая. Таму ў восень з больш слабых людзей фармаваліся брыгады магільшчыкаў. Іх з лапатамі выганялі на працу і на прызначанных мейсцах капаліся вялікія ямы - магілы, якія запаўняліся ўзімку трупамі, а вясной закрываліся зямлёй. Часта ў такія магілы траплялі самі магільшчыкі.

Дадам некалькі слоў аб дапаможных прадпрыемствах, існаваўшых пры аддзелах, а пайменна: электрастанцыі, фібралітавым заводзе, конным транспарце, будаўлянай частцы, майстэрнях як: сталярныя, сьлясарныя, калёсныя, кравецкія, шавецкія, сьвінафэрмы, рыбпром, ларкі, смалакурныя заводы, лесапільні, інструмэнталкі; складах харчовых, вопраткі і г.д. Усе гэтыя дапаможныя прадпрыемства абслугоўваліся выключна палітвязьнямі і выконывалі працу, зьвязаную з пабудоваю каналу.

1) Электрастанцыі патрэбны былі для асьвятленьня ўстаноў, кватэр ГПУшнікоў, таксама і некаторых вучасткаў каналу, дзе працавалі ўдзень і ўночы.

2) Фібралітавы завод вырабляў пліты, патрэбныя для пабудовы і ацяпленьня кватэр працаўнікоў ГПУ.

3) Конны транспарт патрэбен быў для падвозкі матар'ялаў на пабудовы і, галоўнае, для вывазкі з лесу лесаматэрыялу да сплаўных пунктаў.

4) Будаўляная частка займалася пабудовай будынкаў і рыхтавала ражы (апорныя сьцены) для стварэньня ў некаторых мяйсцох штучных берагоў каналу.

5) Сталярныя майстэрні рабілі мэблю для ўстаноў, вокны для новых будынкаў і розныя рамонтныя працы.

6) Сьлясарныя майстэрні рамантавалі інструмэнты, рабілі новыя прылады, патрэбныя пры будове каналу і лясных распрацоўках.

7) У шавецкіх майстэрнях кучамі ляжаў падзёрты абутак і шаўцы старанна яго напраўлялі, ляпілі лату на лату, а калі відаць было, што шыюцца новыя боты, дык, ні ў каго не пытаючы, трэба было ведаць, што гэта сьледчаму або іншаму ГПУшніку.

8) Кравецкія майстэрні перапоўнены былі жанчынамі. Там таксама рэмантавалася старая падзёртая вопратка і латаліся мяшкі.

9) На тэрыторыі лягеру быў смалакурны завод, дзе выдабывалася смала для прасмолкі ражоў і шпалаў.

10) Інструмэнталкі - гэта былі асобныя склады інструмэнтаў, якія знаходзіліся ў эксплётацыі. Адтуль штодзённа выдаваліся прылады і інструмэнты для працы і прымаліся назад пасьля працы.

11) Пры аддзелах былі сьвінафэрмы, куды звозіліся парасяты, адкормліваліся і спажываліся ГПУшнікамі.

12) Рыб-пром - гэта была рыбнапрамысловая частка, якая знаходзілася на востраве сярод возера Выг. Туды былі сабраныя вязьні-рыбакі, якія займаліся вырабам рыбацкіх снасьцяў і лавеньнем рыбы. У возеры Выг водзіцца надзвычай каштоўная рыба сіг. Гэта рыба вялілася, падсушвалася, капцілася і спажывалася ГПУшнікамі, а частка яе адсылалася ў Маскву для Крамля і ГУЛАГА. Іншая некаштоўная рыба ішла на харчаваньне вязьняў. Далей былі розныя склады: харчовыя, адзежныя, экспэдыцыі, ларкі (страганы) і г.д. Трэба сказаць, што праца фінансавай часткі была надзвычай цяжкая і скамплікованая, бо як праца гэтых прадпрыемстваў, так і матэр'яльныя каштоўнасьці, былі дакладна ўлічаны і трымаліся на балянсе.

Кожны аддзел лягероў меў ад 50 да 60 тысяч вязьняў і, зразумелая рэч, гэтыя вязьні ня былі ў адным мейсцы. Яны былі раськіданыя ў розных мясцох па шляху пабудовы каналу, на лясных распрацоўках, на будове грэбляў, затрымліваючых ваду ў возеры і г.д. Такія асобныя групы называліся фалангамі і налічвалі каля тысячы чалавек, болей альбо меняй, у залежнасьці ад патрэбы там рабочай сілы. Такія групы называліся лягернымі пунктамі, або камандыроўкамі. Кожны пункт узначальваўся ГПУшнікамі. На кожным пункце меліся розныя склады і майстэрні, былі свае рахунковыя часткі, але ўва ўсім яны падпарадкаваліся кіраўніцтву аддзелаў. Ахоўваліся яны тымі самымі заядлымі ВОХРаўцамі і абавязкава там былі такія «паважныя» аддзелы, як НСЧ і КВЧ. Прадстаўніцтва гэтых частак было ўсюды. «Культурна-выхаваўчая» праца вялася і там, ды заводзіла людзей у ШІЗО.

Кіраўніцтва аддзелу знаходзіліся пры станцыі Май-Губа і быўшы тут лягерны пункт працаваў над будовай вялікай грэблі, якая павінна была затрымаць ваду ў возеры Выг, каб не залілося палатно Мурманскай чыгункі, бо па праекту вада на гэтым возеры павінна быць узьнята да 10 мэтраў вышэй нармальнага ўзроўню. Возера Выг было не маленькае - каля 100 км. даўжыні і 50 км. ўшырыню. Пасьля падняцьця вады ў гэтым возеры яно мусіла служыць рэзервуарам для падняцьця і спуску параходаў па Надвоіцкаму шлюзу.

Вучастак для пабудовы 4-му аддзелу быў вызначаны на адцінку ад станцыі Сягежа да станцыі Шавань. Далей працавалі і будавалі іншыя аддзелы, якім былі прызначаныя пэўныя часткі пабудовы. Наш аддзел меў многа лягерных пунктаў і камандыровак, але галоўныя былі пры станцыях: Сягежа, Май-Губа, Надвойцы і Шавань. У гэтых пунктах вяліся вялікія пабудовы, а самыя важныя і складаныя былі пры станцыі Надвойцы. Там будавалася каля таго самага возера Выг Дуброўская грэбля больш 3-х км. даўжыні. У другім мейсцы трэба было закрыць вадаспад з возера Выг у возера Войцы. На месцы вадаспаду трэба было збудаваць рэгулюючую грэблю і ў новым мейсцы прабіць шлюз з возера Выг да возера Войцы на чатыры ўсходы, па якіх падымаліся і спушчаліся параходы. Усходы гэтыя аддзяляліся адзін ад другога зялезнымі варотамі. У сувязі з такой вялікай працай на вучастку пры станцыі Надвойцы ўзімку 1932-33 году са станцыі Май-Губа туды пераехала кіраўніцтва 4 га аддзелу з усімі штабамі: - НСЧ, КВЧ і г.д., каб бліжэй быць пры гэтых пабудовах і кіраваць імі. На пабудове вялічэзнай Дуброўскай грэблі працавала некалькі тысяч вязьняў. Грунт вазіўся пераважна людзьмі на тачках і часткова коньмі. Адначасова прабіваліся камбінаваныя шлюзы для параходаў з возера Выг у возера Войцы. Праца гэта была надзвычай цяжкая, бо грунт быў не зямляны, а каменная скала і выкінуць можна было толькі тое, што ўзрывалася аманалам. Калі зранку падыходзіш да каналу, дык на працягу ўсяго шлюзу, як мурашкі, рухаліся людзі. Гэта вязьні сьвідравалі дзюркі ў скале для залажэньня набояў і ўзрыву скалы. За звонам сьвідравальных прыладаў і стукам малаткоў ня чуваць было нічога. Пасьля палудня ў прабітыя дзюркі закладаліся набоі з аманалам і пачыналіся выбухі. На працягу некалькіх гадзінаў скала ўзрывалася. Прыходзілі новыя брыгады і пачыналася зьбіраньне і вываз тачкамі ўзарванай скалы. Працавалі і начамі, пры сьвятле пражэктароў, каб да ранку выбраць узарваную скалу. Так кожны дзень і ноч сьвідравалася, узрывалася і вывозілася скала тымі самымі тэмпамі.

Сярод сьвідравальшчыкаў часта здараліся няшчасныя выпадкі, і людзі гінулі адразу дзесяткамі. Як вядома, пабудова каналу вялася пад ствалом нагану і за кошт адабранага ад селяніна хлеба. Хлеб кожны атрымліваў тут у залежнасьці ад выпрацоўкі нормы. І тут кожнаму сьвідравальшчыку давалася норма зрабіць у скале пэўную колькасьць дзюрак, якія ня толькі лічыліся па колькасьці, але вымяралася глыбіня кожнай з іх. Былі выпадкі, калі закладаючы набоі з аманалам, узрыўшчыкі, не заўважыўшы, міналі прабітую дзіру, не закладалі набою і яна заставалася не ўзарваная. Калі прыходзілі людзі пасьля вывазу ўзарванай раней скалы і знаходзілі такую незаўважаную дзіру, то прачышчалі яе сьвідрам, і ім яна ўлічвалася ў выпрацоўку нормы, а за гэта і лішні грам хлеба. Але не заўсёды так удавалася. Былі выпадкі, калі ў дзіру закладаўся ўзрыўны набой, але электраправодкай ён ня быў злучаны і дзіра заставалася не ўзарванай. У такіх выпадках, калі сьвідравальшчыкі, абрадаваныя знаходкай, закладалі ў дзіру сьвідар, каб прачысьціць, то пры ўдары малатка здараўся выбух і людзі, стаячыя навакола, гінулі. У сувязі з будовай каналу і падняцьцем вады на возеры Выг на гэтым вучастку трэба было аднесьці шлях Мурманскай чыгункі і пракласьці яго далей на больш высокім мейсцы. Праца гэта выконвалася таксама вязьнямі, а вучастак гэтай працы па лягернаму зваўся «Абход шляху». Гэты вучастак працы таксама быў падпарадкаваны 4-му аддзелу, і праца праводзілася тэрмінова, бо ад сваечасовага заканчэньня гэтай працы залежала і пабудова каналу.

 

МЭТАДЫ ДЛЯ ЎЗДЫМУ ПРАДУКЦЫЙНАСЬЦІ ПРАЦЫ

 

Сярод лёзунгаў, якімі былі аблеплены баракі, дрэвы і г.д., на відавочным мейсцы, а часьцей - на варотах кожнага лягернага пункту, знаходзіцца «выдатны» і вялікі лёзунг: «Труд есть дело чести, доблести и геройства» з патрэтам «мудрага бацькі Сталіна». Для ажыцьцяўленьня гэтага лёзунгу камуністычная банда мае два спосабы змушаць людзей працаваць - гэта: голад і кара. Лёзунг - «кожнаму паводле працы» там стасуецца поўнасьцю. Таму для кожнай группы, па працаздольнасьці, былі асобныя харчавыя катлы, як: 1) ударны, 2) агульны для цяжкіх работаў, 3) агульны вытворчы, 4) інжынерна-тэхнічны, 5) адміністрацыйны пэрсанал, 6) бальнічны і 7) штрафны - для сядзячых у карцэры або ня выконваючых нормы выпрацоўкі. Пусты жывот быў галоўнай апорай у праводжаньні працоўнай палітыкі камуністычнай партыі. Страх голаду і барацьба за жыцьцё прымушае нявольнікаў выконваць нормы. Другая мера прымусу ёсьць кара, якая стасуецца за невыкананьне нормы, за дрэнную якасьць працы, за зьнявагу адміністрацыі і г.д. Самым цяжкім злачынствам лічыцца адмова ад працы, уцечка, галадоўка, агітацыя і г.д. Пры групавых адмовах ад працы ці ўцечках - арганізатары расстрэльваюцца, а іншым удзельнікам дабаўляюцца тэрміны ўвязьненьня. Кары на вязьняў накладаюцца ў залежнасьці ад успомненых «злачынстваў», як: карцэр, штрафны ізалятар, перавод у асобныя штрафныя турмы і дадатковыя тэрміны лягероў - ад аднаго году да 10 гадоў, і апошняе самае страшнае - расстрэлы, над чым азьвярэлыя камуністыя не затрымліваюцца. На гэтым тэрроры і трымаецца савецкая рабаўласьніцкая сыстэма. Кара і голад робяць мільёны вязьняў паслухмянымі і пакорнымі рабамі.

Успамінаючы сталінскі лёзунг: «Труд есть дело чести» і інш., нельга забыцца яшчэ пра адзін лёзунг на лягерным пункце «Сягежа». Там ёсьць барак, абгароджаны калючым дротам, прызначаны для збору вязьняў, якія скончылі адбываць тэрмін кары і выпушчаюцца на «волю». Трэба сказаць, што нікога з палітычных вязьняў ехаць дамоў да сям'і ня пушчалі, давалі пуцёўкі ў Сібір, на Ўрал ці іншыя месцы з такім разьлікам, каб ня было бліжэй, як 100 км. ад дому.

На бараку гэтым вісіць партрэт Леніна з лёзунгам: «Добро пожаловать». Вязьні, падыходзчы да гэтага бараку, чыталі: «Добро пажаловать в Сибир».

 

ПОШУКІ ПРАЎДЫ

 

Адпрацаваўшы больш году ў канцлягеры, я ніяк ня мог пагадзіцца з тым таемным і завочным прысудам нада мною. Не даспаўшы адну ноч, я напісаў заяву на імя старшыні вярхоўнага савету Калініна, апісаў сваю біяграфію, матар'яльнае становішча, спасылаўся на абсурднасьць сьледзтва, якое праводзілася, завочны прысуд і г.д. У выніку ўсіх абгрунтаваньняў я дамагаўся перагляду справы. Але ня так проста было пераслаць адтуль якую-небудзь заяву. Пры падачы такіх заяваў існаваў наступны парадак: 1) на заяве павінна была быць пісьмовая апінія аб вашай працы «тройки соревнования и ударничества»; 2) Апінія кіраўніка аддзелу, дзе вы працуеце. Тады толькі хадатайства ваша трапляла ў існуючую пры НСЧ атэстацыйную камісію, якая пераглядала заяву, дадзеныя заўвагі аб вашай працы і паводзінах тройкі сац-спаборніцтва, непасрэднага начальства і вырашала: пераслаць яе па адрасу або кінуць у печ. Гэтакія патрабаваньні былі зробленыя. Тройка «Соцудару» складалася з больш выдатных, працуючых разам, вязьняў. Яны напісалі, як найляпей. Далей загадчык фінансавай часткі таксама даў вельмі добрую характарыстыку, і заява перадалася ў атэстацыйную камісію пры НСЧ (Назоў НСЧ быў зьменены, і гэта ўстанова пачала звацца 3-яй часткай). Сакратаром атэстацыйнае камісіі быў стары чэкісты-п'яніца, якога рэдка можна было бачыць цьвярозым. Калі ён бываў выпіўшым, дык у яго заўсёды быў добры настрой, ён любіў шмат гаварыць і хваліцца заслугамі з часоў ЧК. Увечары, у часе працы, я быў пакліканы па тэлефону ў атэстацыйную камісію. Хутка апранаюся і іду ў 3-ю частку. Прыглядаюся да дошкаў на кожных дзьвярах і знаходжу: «Атэстацыйная камісія». Стукаю і па дазволу ўваходжу. За сталом сядзіць, відаць добра хлябануўшы, сакратар камісіі. На рабым скалечаным воспаю і маршчыністым яго твары вясёлая ўсьмешка. Прапануе мне сесьці і пачаў размову. «Я атрымаў вашу заяву, - сказаў ён, - і хачу запытацца, ці праўда тут напісана?» Я адказаў, што яго права спраўдзіць гэту заяву, дадаўшы, што мяне меней цікавіць тое, верыць ён мне ці не, а спасылаючыся на праўдзівыя факты, пададзеныя ў заяве, я хацеў-бы, каб яна абавязкава была спраўджаная, тады, магчыма, і справа мая будзе перагледжана. Пакрывіўшыся, ён мне параіў, што лепш было-б не дамагацца перагляду справы, а прасіць памілаваньня. Я заўважыў, што просьба аб памілаваньні будзе роўназначнай прызнаньню сябе вінаватым у тым, чаго я не ведаю, а такой просьбы я ўзьнімаць ня стану. «Так, - адказаў ён мне, - магчыма, прыведзеныя ў вашай заяве факты і недарэчнасьці сьледзтва праўдзівыя, але ці разумееце вы, што пабудова гэтага каналу ў краіне будуючага сацыялізму патрэбна, як рыбе вада». Вытарашчыўшы вочы, ён чакаў майго адказу. Я згадзіўся з тым, што будова каналу - рэч патрэбная, але не пагаджаўся з мэтадамі набору працоўнай сілы. Я даводзіў яму, што працоўную сілу на будову гэтага каналу трэба было змабілізаваць калі не дабраахвотна, дык ў парадку вайсковага загаду, а не прышываць людзям злачынных учынкаў, якіх яны не зрабілі. Кажучы аб сабе, я яму даводзіў, што калі-б мяне мабілізавалі на гэту працу, як чалавека-грамадзяніна, ня робячы з мяне палітычнага злачынца, я-б спакойна сам прыехаў на гэту пабудову, ведаючы, што дзеці там ня будуць галодныя і над імі ня будуць зьдзеквацца як дзецьмі палітычнага катаржніка. На гэтым гутарка між намі скончылася. Ён мне абяцаў заяву выслаць па адрасу, аднак папярэдзіў, што спадзявацца на вынікі да канца будовы каналу ня трэба. Была высланая мая заява ў Маскву ці трапіла ў печ - мне ня ведама, бо адказу ніякага ня было. Я ведаў толькі, што без патрэбы ня спаў ноч ды зглуміў аркуш паперы. Ад прыбываючых у лягер новых вязьняў было ведама, што ў Маскве існуе нейкі жаночы камітэт, на чале якога стаіць жонка пісьменьніка Максіма Горкага, і што праз гэты камітэт можна дамагчыся перагляду справы. Уздымаць гэта пытаньне з лягеру, праз мясцовыя ўстановы, ня было ніякага сэнсу. Таму я праз адну асобу, якая ехала з лягеру на волю, перадаў ліст жонцы і прасіў паслаць там па пошце, каб мінуць лягерную цэнзуру. У сваім лісьце я прасіў жонку даведацца пра гэтую ўстанову і зьвярнуцца да яе пісьмова ад свайго імя. Атрымаўшы мой ліст, жонка вырашыла ехаць сама ў Маскву і там асабіста быць у гэтым камітэце і прасіць аб перагляд маёй справы. У Маскве былі яе знаёмыя, якія дапамаглі знайсьці гэты камітэт і спрабавалі там знайсьці спачуцьцё або праўду. Аднак, пабыўшы там, яны атрымалі тое самае, што і я ў атэстацыйнай камісіі на сваю заяву. Вось што казала жонка пра гэты жаночы камітэт «дапамогі» вязьням. Памешканьне гэтага камітэту было запоўнена размаляванымі і напудранымі жанчынамі. На руках у кожнай былі залатыя пярсьцёнкі і бранзалеткі. Установа гэта больш паходзіць на гарэм, чым на дабрачынную ўстанову. Мая жонка ўсё-ж такі гутарыла асабіста з жонкай Горкага, і апошняя, даведаўшыся, што я арыштаваны і засуджаны ГПУ, як палітычны, а не крымінальны праступнік, адказала, што ў справы ГПУ і палітычных вязьняў яна ўмешвацца ня можа, бо справы палітычныя «вельмі складаныя» і наагул, для ГПУ апэляцыйных або іншых інстанцыяў ня маецца. З гэтым яна і вярнулася да дому.

 

ЗАКОН АБ АХОВЕ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ МАЁМАСЬЦІ

 

Час ішоў, каналы і дарогі будаваліся ўдарнымі тэмпамы. Насельніцтва, пачаўшы жыць «радасным і шчасьлівым» калгасным жыцьцём, галадала. Вельмі адмоўна і ўпарта да калгаснага жыцьця ставіліся Ўкраіна і Беларусь. Сялянства, не жадаючае «дабраахвотна» ісьці ў калгасы, абрабовывалася. Голад з кожным днём пашыраўся і, зразумелая рэч, паміраючы ад голаду народ пачынаў рабіць «крыўды» калгаснай гаспадарцы: адзін вырве калгасную бручку і ціханька зьесьць сырую, каб не пабачыў кіраўнік калгасу, другі выкапае корч бульбы, трэці возьме качан капусты і г.д. На гэта «мудрая» ўлада хутка прыняла адпаведныя захады. Тэрмінова апрацоўваецце новы закон аб ахове сацыялістычнай маёмасьці і 7-га жніўня падпісваецца старшынёй вярхоўнага савета Калініным. Па гэтаму закону парушыцелі яго караліся 10 гадамі ўвязьненьня бяз погляду на тое, ці ўзяўшы калгасную бульбіну чалавек паміраў з голаду, ці не. Аджыла старая прыказка: «Масква сьлязам ня верыць». Закон дзейнічаў, суды працавалі. У лягеры сталі прыбываць новыя эшалёны 10-ці годнікаў па закону аб ахове сацыялістычнай маёмасьці: жанчыны, мужчыны, падлёткі, маладыя дзяўчаты і нават старыя людзі векам 70 і болей гадоў. Пераважная большасць прывозілася з украінцаў і беларусоў, а іншых нацыянальнасьцяў было меней. Злачынствы гэтых ахвяраў акрэсьліваліся адным законам ад 7-га жніўня, як за крадзеж 5-10 кгр. бульбы, качана капусты, зьбіраньне каласоў на полі пасьля звозу ўраджаю і г.д. Сярод прыбываючых 10-ці годнікаў было многа не працаздольных: старых, цяжарных жанчын, нават былі калекі. Гэтыя людзі, для пабудовы каналу, як працоўная сіла, былі зусім ня прыгодныя, а ўтрымліваць іх трэба было. «Разумныя галовы», выдаўшыя гэты закон, убачылі перацяжаньне транспорту праз масавыя вывазкі народу ў розныя лягеры і, што яны перапоўнілі лягеры непрацаздольнымі людзьмі. Праз ГПУ выданы быў загад спраўдзіць па ўсіх лягерох фізычны стан працаздольнасьці высланых па гэтаму закону людзей і ня здольных да працы звольніць з лягероў. Па гэтаму загаду, пасьля мэдычнага агляду, былі звольненыя калекі, старыя і цяжарныя жанчыны. Рэшта працаздольных мусілі працаваць у лягеры. Жутка ўспамінаць тое, што застаўшыеся ў лягеры жанчыны і дзяўчаты, шукаючы ратунку, стараліся мець сувязь з першым сустрэчным мужчынай, каб стаць цяжарнай і, ня гледзячы на тое, што жанчыны трымаліся ў асобных бараках, некаторым удавалася гэта. Гэтаму рады былі крыміналістыя і вохраўцы; ім усё можна было. Калі быў заўважаны палітвязень у гэтым, дык ён за сувязь з жанчынай атрымоўваў дадаткова 3 гады ўвязьненьня. Як вядома, частка людзей гэтай катэгорыі была звольненая, як непрацаздольныя, ды і на мяйсцох сталі пераглядацца судамі справы гэтакіх «злачынцаў».

Пасьля выданьня гэтага закону сялянства добра пазнала хлусьню камуністычнай прапаганды і абяцанак, бо заместа абяцанкі: «Зямля сялянству», яно атрымала кары ў канцлягеры за кілёграм бульбы, выкапанай на сваёй зямлі.

 

ТЭМПЫ БУДОВЫ КАНАЛУ ЎЗМАЦНЯЮЦЦА

 

Тэмпы пабудовы каналу набывалі ўсё большы размах. З Масквы прыходзілі тэлеграмы такога зьместу: «Тав. Ягода цікавіцца, як ідзець будова Дуброўскай грэблі» альбо: «Тав. Берман хоча ведаць, як будуецца рэгулюючая грэбля на месцы былога вадаспаду» і г.д. Гэтакія тэлеграмы чыталіся КВЧыстымі па бараках,альбо выгнаўшы вязьняў з баракаў - на дварэ. Тут-жа ў прамовах заклікалі вязьняў узьняць вышэй тэмпы працы, бо гэта будзе ўлічана партыяй і ўрадам, а асабліва прыемна будзе «бацьку народаў Сталіну», што канал яго імя так хутка будуецца. Ад гэтых тэмпаў народ ня вытрымоўваў. Вязьні пачыналі разьбягацца, хаця кожны ведаў, што ўцячы з лягероў выключана ўсякая магчымасць, але ўсё-ж такі ўцякалі. Штрафныя ізалятары (ШІЗО) расьлі. Вохраўцы не маглі спраўляцца затрымліваць альбо забіваць уцякаючых. ГПУ папярадзіла жыхароў карэльскіх вёсак, каб сачылі за зьяўленьнем у вёсках вязьняў, а як узнагароду за кожнага затрыманага вязьня давалася карэлу пуд мукі. Карэлы спачатку ахвотна затрымоўвалі ўцякаючых вязьняў за вядомую ўзнагароду, але хутка ахвота ў іх ад гэтых заробкаў адпала, бо вёскі, дзе затрымоўваліся ўцякаючыя вязьні, пачыналі гарэць і пажары пачыналіся ад тых гаспадароў, якія атрымалі пуд мукі ад ГПУ за працу. Хаця гутарка на сваёй роднай мове не ўжывалася, усё гаварылася і пісалася выключна на расейскай мова, аднак я з працаваўшым разам са мною ўкраінцам-пісьменьнікам цікавіліся нацыянальнай стараной справы. Мы зьвярталіся да вязьняў, працуючых у УРЧ, і ад іх даведаліся, што першае месца ў 4-м аддзеле па колькасьці вязьняў займалі ўкраінцы, другое - беларусы і казакі, а там ішлі: расейцы, грузіны, армяне і інш. Жыдоў ува ўсім аддзеле было толькі некалькі асоб і яны адбывалі кару ў большасьці за спэкуляцыю, а працавалі яны ў лягерных кантынах і на складах. Больш трывалыя і цярпялівыя народы гэта: украінцы, беларусы і расейцы. Народы Каўказу і іншых паўдзённых краінаў суровых паўночных марозаў не пераносілі. Ад людзей, стаячых бліжэй да падліку лягернага насельніцтва, было вядома, што на падмуроўку Беламорскага каналу закладзена касьцей больш 100 000 чалавек.

 

КАНЕЦ ПАБУДОВЫ КАНАЛУ

 

Набліжаўся канец пабудовы каналу. Упрыгожваліся і афармляліся вонкава грэблі, шлюзы і іншыя пабудовы. Прыехаўшая з Ленінграду брыгада сьлёсараў умацоўвала і заклёпвала ў шлюзах жалезныя вароты. Вязьні-мастакі малявалі партрэты Сталіна, Ягоды і іншых «правадыроў». На Надвоіцкім шлюзе была пастаўлена брама, на якой павешаны вялічэзны партрэт Сталіна. Над шлюзам павесілі шырокі чырвоны плякат з надпісам: «Путь готов». Прыйшоўшыя землячарпалкі выкідалі зямлю, якой быў зачынены праход вады ў шлюзы. Чакалі прыбыцьця камісіі, якая мусіла прыняць пабудову каналу. У прысутнасьці прыехаўшай камісіі быў прапушчаны першы параход па сходах Надвоіцкага шлюзу ўніз. Вароты і мэханізмы працавалі добра. Вада праз калодзезі з часткі шлюза ў другую пераходзіла хутка. Начальства было задаволена. На другі дзень на возеры Выг сталі зьяўляцца падводныя чоўны, якія прапушчаліся далей праз шлюзы ў напрамку Белага мора.

Ад галоўнага кіраўніцтва лягеру быў атрыманы загад хутка перадаць абсталяваньне і матар'ялы, патрэбныя пры будове каналу, іншым канцэнтрацыйным лягером, якія распачалі будаваць новы канал Волга-Масква. Усё хутка ўлічвалася, ладавалася ў вагоны і адвозілася па прызначэньню.

 

ПРАЕЗД СТАЛІНА ПА КАНАЛЕ

 

Праз некалькі дзён стала вядома, што па канале хоча праехаць «мудрэйшы з мудрых» сам «бацька» Сталін. Пачалася падрыхтоўка: па канале праводзілася так званая парыкмахэрская праца. Чысьціліся сьцены шлюзаў, маляваліся вароты, вешаліся партрэты пераважна Сталіна і іншых «выдатных дзеячоў ГПУ», прымаўшых актыўны ўдзел у пабудове каналу. На варотах шлюза побач з партрэтам Сталіна прымацавалі вялічэзны плякат, на якім быў намаляваны параплаў, на капітанскім мосьціку якога стаіць Сталін, трымаецца за кола і кіруе параплавам. Зьнізу чырвонымі літарамі быў напіс: «Великий капитан ведет страну от победы к новым победам». Хутка стала ведама дата, калі будзе ехаць сам «бацька». За некалькі дзён перад яго прыездам прыехалі адмысловыя вайсковыя часткі ў малінавых шапках. Мясцовая варта, вартаваўшая раней шлюзы і грэблі, была зьнята і заменена прыбыўшымі вайскоўцамі ГПУ. Падыход да возера Выг, па якім меўся праходзіць параход са Сталінам, быў забаронены. Начальства ў дзень праезду яшчэ з ранку рыхтавалася. ГПУшнікі, апранутыя былі па ўсіх правілах у вайсковую форму, хадзілі кучкамі і прыглядаліся, каб усё было добра, каб не заўважыла чаго-небудзь «празорлівае бацькава» вока. К паўдню параплаў «Карл Маркс» падыходзіў да шлюза. Дарэмна ўсе ГПУшнікі рыхтаваліся спаткаць «мудрага». Да параплаву вартаю быў дапушчаны толькі адзін начальнік аддзелу і ніхто больш з яго супрацоўнікаў ня быў дапушчаны. Вязьні былі замкнутыя ў бараках. Мы ў гэты дзень, працуючы ў бухгальтэрыі, з другога паверху, хоць на адлегласьць паўкілямэтра, бачылі, як з параплаву выйшаў тоўсты з чорнымі вусамі «бацька», за ім яго супрацоўнікі: Ягода, Варашылаў і Кіраў. Яны, абкружаныя вартаю, узышлі на вядомую Дуброўскую грэблю, на якой чакала аўтамашына, селі і паехалі аглядаць грэблю. Грэбля гэтая, паводля свае прыгожасьці і вялічыні, была адна з найвыдатнейшых і каштоўных пабудоваў на канале. Працаваўшы разам з намі казак падыйшоў да нас і запытаў: «Ці ўяўляеце вы, якую асалоду на сваім чорным сэрцы адчувае бацька, едучы па касьцях «любімага» ім народу?» Яму ціха заўважылі, што лепш маўчаць, бо тут і сьцены ўсё чуюць. «Гэта кепска, што чуюць толькі сьцены, - сказаў ён, - добра было-б, каб пачуў увесь сьвет, а прыйдзе час, што і пачуе». Праз гадзіну машына вярнулася. «Натхніцелі» пабудовы каналу пераселі ў параплаў, і ён ціха стаў спушчацца па сходах шлюзу ў возера Войцы. Назад «мудрэйшыя» паехалі Мурманскай чыгункай, а калі праехалі, дык аб гэтым ніхто, апрача ГПУ, ня ведаў.

 

ЧАРГОВАЯ ПРАПАГАНДОВАЯ ХЛУСЬНЯ

 

Пасьля здачы ў эксплётацыю каналу і праезду Сталіна, КВЧ распачало сваю ўдарную працу. Па ўсіх лягерных пунктах, камандыроўках і розных аддзелах працаўнікамі КВЧ праводзіліся мітынгі. КВЧыстыя праяўлялі ўсе свае здольнасьці, хвалячы «мудрую» палітыку «бацькі» Сталіна. Яны даводзілі, што нідзе на сьвеце народ так старанна ня выконвае загадаў сваіх правадыроў і што толькі ў СССР, пад «мудрым» кіраўніцтвам Сталіна і ГПУ, у кароткія тэрміны будуюцца такія вялікія пабудовы, як Беламорскі канал. Для прыкладу і параўнаньня хуткасьці пабудовы Беламорскага каналу яны бралі пабудову каналу капіталістычнымі дзяржавамі, дзе каналы будуюцца дзесяткамі гадоў, а мы, у краіне пераможнага сацыялізму, пад кіраўніцтвам правадыра народаў, збудавалі большы канал на працягу 3-х гадоў. Больш тлумачэньня і параўнаньня, як будаваліся каналы ў нас і ў капіталістычных краінах, ад іх пачуць нельга было. Параўнаньне і розьніца адзначалася толькі ў тэрмінах выкананьня. Большасьці вязьняў было вядома, што каналы ў іншых краінах будуюцца даўжэйшы час, але будуюць іх вольныя людзі дабраахвотна, за плату і па згодзе. Будаваць каналы ідуць тыя, хто хоча зарабіць, і на пабудову каналаў выдаткуюцца вялікія сродкі. Пабудова Беламорскага каналу каштавала больш сотні тысяч людзкіх ахвяр, ды некалькі цэнтнараў сьвінцу, загнанага ў заднюю частку галоў будаўнікоў каналу. Вязьні разумелі і згаджаліся з тым, што Беламорскі канал у такі кароткі тэрмін не змагла-б збудаваць ні адна дэмакратычная дзяржава, бо выконваць тую працу дабраахвотна або за такую аплату, за якую выконвалі яе вязьні, - за кавалак нішчымнага хлеба і пад пагрозаю нагану, ніхто ў вольным сьвеце не згадзіўся-б. У канцы сваіх прамоваў агітатары з КВЧ стараліся давесьці і пераканаць, што ў «бацькі» вельмі добрае сэрца. Праехаўшы па канале, ён уважна ацаніў нашу працу, і што многа вязьняў, выдатнейшых будаўнікоў, датэрмінова будзе выпушчана на волю, а ўсім іншым, дабрасумленна працаваўшым, будуць скарочаны тэрміны ўвязьненьня. Ласка гэтая была часткава выканана, але зьмены ў жыцьці лягернікаў яна ня прынесла. Некалькі тысяч людзей было звольнена, але выключна тых, каму засталося дабыць да канца тэрміну паўгода альбо год. Шмат каму былі дадзены так званыя «льготы» за пабудову каналу - гэта значыць ім зьменьшылі тэрміны ўвязьненьня ад 3-х мясяцаў да 1 году, але ў лягеры яны мусілі заставацца і дабываць да канца свайго тэрміну. Трэба адзначыць, што палітычныя вязьні, звольненыя з лягероў, дамоў да сям'і ў родную вёску не пушчаліся. Яны мусілі ехаць туды, куды дазваляла ГПУ. Ім забаранялася ехаць у сталічныя гарады і некаторыя прамысловыя цэнтры. Мейсца жыхарства для былых палітвязьняў давалася ня бліжей, як 100 км. ад дому, і там гэтыя людзі трымаліся на асобным уліку ГПУ. Вось якое добрае сэрца ў Сталіна.

Каб больш папулярызаваць сярод насельніцтва пабудову каналу, былі змабілізаваныя выдатнейшыя паэты і пісьменьнікі. Яны мусілі праехаць па каналу ды агульнымі сіламі выдаць кнігу пра Беламорскі канал. Гэта было замоўленьне і загад, а там, зразумела, - калі сказана, то мае быць і зроблена. Параплавам па каналу правезьлі пісьменьнікаў і паэтаў, якімі і была напісаная кніга, але ў лягерох, сярод вязьняў, яна была забаронена. Давялося мне бачыць гэту кнігу на волі. Па загаду партыі і ўраду, кожнае прадпрыемства мусіла мець гэту кнігу, як настольную. Кніга была ў прыгожай каляровай вокладцы, у якой зьмешчаныя былі пахвальныя гімны і вершы, прысьвечаныя Сталіну і кіраўніцтву ГПУ, якое сваёй умелай і арганізаванай працай перавыхавала крымінальных злачынцаў і пабудавала канал. Ані аднаго слова ня было аб палітычных вязьнях, якія фактычна і ўзапраўды пабудавалі канал. Няпрыемна было бачыць, што такія самыя гімны і вершы былі зьмешчаны ў гэтай кнізе і вядомага беларускага паэта Янкі Купалы. Гэта быў чалавек, які ў свой час аплаківаў цяжкую долю беларускага народу. Цяжка было думаць, каб Купала, едучы па каналу, не адчуваў і ня ведаў таго, што гэты канал сцэмэнтаваны касьцямі і крывёй беларускага народу, і што там і на далей таксама гіне народ. Так, ён ўсё гэта разумеў і адчуваў, але такі быў загад і замоўленьне, і ён выконываўся, бо кожнаму хацелася жыць. Праз нейкі час кніга гэта зьнікла са сталоў дырэктароў прадпрыемстваў. Тлумачылася гэта тым, што насельніцтву стала ведама, як будаваўся канал у сапраўднасьці. Заместа кнігі зьявіліся высокай якасьці цыгаркі «Беламор-канал».

 

НОВАЯ ПАБУДОВА

 

Пасьля заканчэньня каналу, частка вязьняў была звольнена, а застаўшыхся вывозілі ў іншыя лягеры. З нашага аддзелу большасьць вывозілася ў далёка-ўсходнія лягеры на пабудову зялезных шляхоў, на будову каналу Волга-Масква і ў лягеры Ладзейнае-поле. Шмат вязьняў яшчэ засталося ў Беламорскіх лягерох. Яны патрэбны былі для абслугоўваньня каналу, для лясных распрацовак, і на станцыі Сягежа запраектавана была пабудова вялікага папяровага камбінату. Камбінат гэты будаваўся ў раёне дзейнасьці нашага аддзелу, і арганізацыйная праца па падрыхтоўцы гэтай пабудовы была ўзложаная на кіраўніцтва гэтага аддзелу. У сувязі з гэтым кіраўніцтва аддзелу пераехала на станцыю Сягежа і распачало новую працу. Пачалася ўдарнымі тэмпамі распрацоўка і нарыхтоўка лесаматар'ялаў. Павялічылася колькасьць самагубстваў і адсяканьня сабе рук альбо пальцаў на нагах. Вохраўцы з новай сілай узяліся выконваць заданьне. У часе працы вязьняў білі, звычайна падыходзячы ззаду, прыкладам вінтоўкі ў шыю альбо плечы. Вязьні цярпелі, але былі выпадкі, калі даведзеныя да абурэньня і адчаю, яны самаахвярна баранілі сябе і іншых ад нахабных вохраўцаў. Прыходзілася бачыць такія выпадкі: вязьні ладавалі на плятформы чыгункі лесаматар'ял, адначасна выцягваючы яго з возера. Бярвеньні былі мокрыя. Вяроўкі, якімі яны зацягвалі бярвеньні на плятформу, таксама былі мокрыя і сьлізгаліся ў замерзлых руках вязьняў. Стаячыя з-заду вохраўцы з крыкам: «Давай, давай!» падыходзілі да вязьняў і білі ў плечы прыкладамі. У гэты час падбег з-заду адзін вязень з сякерай у руках і адным махам рассёк папалам галаву вохраўцу, біўшаму вязьняў. Аднаго панесьлі, а другога павялі. Якая доля чакала вязьня, агульна ведалася, і яго расстралялі ў першую ноч. Ахвяраваўшы сваё жыцьцё, ён пазбавіў іншых ад зьдзекаў і біцьця ў часе працы. На заўтра, загадам было забаронена вохраўцам падыходзіць да вязьняў бліжэй 5 крокаў. У іншых аддзелах было тое самае. Там вохраўцы баяліся наагул блізка падыходзіць да вязьняў. Калі праходзіў дзе-небудзь вязень па-за лягерам, і спаткаўшаму вохраўцу трэба было спраўдзіць яго пропуск, дык ён здалёку, не падыходзячы да вязьня, змушаў яго палажыць на зямлю пропуск і адыйсьці на 10 крокаў назад. Толькі тады вохравец падыходзіў да пропуску, аглядаў яго, клаў на тое самае месца і сам адыходзіў.

 

ВЫПУШЧЭНЬНЕ НА «ВОЛЮ»

 

Праз паўтара года пасьля пабудовы каналу я быў звольнены з канцэнтрацыйнага лягеру, але дамоў ехаць мне не дазволілі. Далі права жыць у новым мейсцы на адлегласьці больш 100 км. ад дому. Дамоў заглянуць вельмі хацелася, але было страшна, бо калі затрымаюць там без дазволу на права жыцьця, то была пагроза за гэта атрымаць яшчэ мінімальна 3 гады канцлягероў. Стаяла пытаньне: дзе прытуліцца? Дзе знайсьці працу і як сабраць сям'ю? Я ведаў, што ў вёсцы, дзе я раней жыў, засталася толькі жонка, а дзеці забраныя роднымі. Двое знаходзяцца ў аднэй сястры на адлегласьці 70 км., а двое - ў другім мейсцы. Пры звальненьні я атрымаў даведку ГПУ аб тым, што тэрмін кары адбыў, у якой было паказана, па якому артыкулу крымінальнага кадэксу была кара і мейсца, дзе дазволена пражываць. На вярху даведкі быў напіс: «Утерянное удостоверение не возобновляется и видом на жительство служить не может». У канцы даведкі сказана, што прыехаўшы на прызначанае мейсца жыхарства, я мушу зьвярнуцца на рэгістрацыю ў кіраўніцтва міліцыі і вайсковы камісарыят. Прыехаўшы, я зьвярнуўся ў кіраўніцтва міліцыі. Там зарэгістравалі. А таму, што маючаяся даведка не давала права на жыхарства, трэба было атрымаць пашпарт, за якім мяне паслалі ў мясцовае ГПУ. Там, распытаўшыся коратка аб пабудове каналу, запрапанавалі прыйсьці за атрыманьнем пашпарту праз тыдзень. Я прасіў выдаць пашпарт хутчэй, матывуючы тым, што без пашпарту мяне ніхто начаваць ня пусьціць. З ГПУ па тэлэфону сказалі міліцыі, каб мне часова дазволілі пражыць без пашпарту, пакуль ня будуць зроблены нейкія фармальнасьці. Тыдзень я праваляўся ў нейкім начлежным дварэ, а калі з'явіўся за атрыманьнем пашпарту другі раз, то ад мяне ўзялі забавязаньне кожны месяц з'яўляцца ў ГПУ для рэгістрацыі і выдалі пашпарт ружовага колеру толькі на адзін год. Звычайна пашпарты давалі насельніцтву 5-ці гадовыя.

Перад тым, як шукаць працу, мне вельмі хацелася пабачыць дзяцей. Ехаць у вёску да жонкі было немагчыма і страшна. Ведаючы, што двое дзяцей знаходзяцца ў 70 км. ад дому, я паехаў да іх. Там былі дзьве дзяўчынкі. З іх я адну пакінуў 2-х гадовай, а другая нарадзілася, калі я быў на будове каналу, і я яе яшчэ ня бачыў. Прыехаўшы на станцыю, відаць было шмат сялян, якія прывозілі і здавалі нарыхтоўку бульбы. Даведаўшыся, што сярод іх ёсьць сяляне з тае вёскі, дзе мае дзеці, я папрасіў падвесьці мяне, і адзін сялянін ахвотна пасадзіў мяне на свае калёсы. «Вось і прыехалі, тут жыве наш дохтар», - сказаў селянін, падвёзшы мяне да хаты, дзе жылі мае дзеці. Я пайшоў у двор. На дваре бегалі дзьве дзяўчынкі, гэта былі мае дзеці. Большую я пазнаў, а маленькая стаяла каля яе з забінтаваным адным вокам. На запытаньне маё ў большай дзяўчынкі, што здарылася з вокам, яна адказала: «У Шуркі баліць вочка, дык дзядзька яго забінтаваў». «А ці пазнала ты мяне?» - спытаў я. «Не, я не ведаю хто вы», - быў адказ. «А дзе твой папа, дзяўчынка?» - спытаўся я. Яна адказала: «Папу нашага некуды выслалі, мы цяпер сіроткі, і нас забраў дзядзька, а Юра і Соня - ў цёткі Сімы». Пасьля гэтай размовы мне было цяжка, душылі сьлёзы. Далей дзяўчынка мне сказала, што мама хворая, і яны даўно яе ня бачылі. На агародзе працавала сястра жонкі і, пачуўшы нашу размову, падыйшла да нас. Яна мяне, бязумоўна, пазнала і пачала плакаць. Праз гадзіну вярнуўся да дому і швагра. Я доўга дзяліўся з імі аб перажытым. Мне хацелася бачыць яшчэ двух іншых дзяцей, якія знаходзіліся недалёка ад дому ў другой сястры. Ехаць туды мне было нельга. З першым адыходзячым цягніком да жонкі паехала старая матка швагра, каб сказаць, што я прыехаў, але дома жыць мне забаронена. На другі дзень з першым цягніком прыехелі: жонка, двое дзяцей, сястра і брат жонкі. Мне трэба было шукаць працу, сабраць-жа сям'ю ў кучу ня было ніякай магчымасьці і сродкаў. Мае родныя запрапанавалі і надалей пакінуць у іх дзяцей.

З вялікімі цяжкасьцямі і перашкодамі я знайшоў працу на новым пасяленьні, аднак сям'ю забраць было немагчыма, бо зарабляў столькі, што ледзь утрымліваў сябе. Дзеці і далей жылі ў родных, карыстаючыся іх дапамогай; там яны вучыліся ў школе і г.д.

Скора ў Ленінградзе здарылася правакацыйнае забойства Кірава. Забіў яго нібы-то правы камуністычны апартуністы - Нікалаеў. У помсту за Кірава расстрэльвалі людзей правых і левых і іншых, ня толькі партыйных апартуністых, але і бязьмежную колькасьць людзей, якія ніколі да камуністычнай партыі ці апазыцыі ніякіх дачыненьняў ня мелі. Выстрэльвалася ў большасьці інтэлігэнцыя. Хвалі масавых расстрэлаў праходзілі ад паўдня да далёкага ўсходу. Лік расстраляных быў вельмі вялікі, а яшчэ больш было саслана на ка таргу.

Нядоўга мне прышлося быць на волі. У 1937 г. на чале ГПУ стаў жахлівы прыяцель і супрацоўнік Сталіна - Яжоў, які літаральна затапіў ў сьлязох і крыві падуладныя Сталіну народы. Міліёны новых ахвяраў прынёс гэты кат у ахвяру Сталіну. На маю долю выпала яшчэ 14 месяцаў пакутаваць у падвале турмы ГПУ. Аб жудасьцях і перажытым ад Яжоўскай інквізіцыі скажу далей, калі знойдуцца словы прадставіць абраз гэтай мардоўні.

 

ЯЖОЎШЧЫНА І «РЭФОРМЫ» ЯЖОВА

 

Як ужо сказана раней, ў 1937 г. замест невядома куды зьнікшага Ягоды на чале ГПУ быў пастаўлены вядомы ўсяму народу садысты - сталінскі халуй Яжоў. Ён, як і кожны дзеяч сталінскі крывавай эпохі, у першую чаргу зрабіў належную падрыхтоўку і турэмную рэформу, а пайменна:

1) На працягу кароткага тэрміну па ўсім Савецкім Саюзе ў турмах былі замураваныя вокны, а засталіся толькі ў гарэ вузкія шчэліны.

2) На рэшце вакон, пасьля замуроўкі, ён падвесіў казыркі, так што праз шчэліну можна было бачыць толькі неба, а зямлю ніхто з вязьняў бачыць ня мог.

3) На турэмных дварох пабудаваў сабачнікі - камэры для прагулкаў. Гэта круглыя пабудовы з дошчак без страхі. Будынак гэты разьдзяляўся на 4-5 клетак і пасярэдзіне была вежа (вышка), на якой стаяў ГПУшнік, трымаючы на пагатоўі зброю. У кожную клетку заганялася чалавек па сто вязьняў і яны там адбывалі 15-хвілінную праходку (прагулку).

 

АРЫШТЫ

 

Пачаліся па начах масавыя арышты. Усё гэта рабілася з халоднай жорсткасьцю і адчыненым цынізмам, пераходзячы ўсякія межы. Людзі пад гэтым азьвярэлым рэжымам былі пазбаўленыя зусім людзкой годнасьці і найэлемэнтарнейшых чалавечых правоў. Калі чалавека брала НКВД пад арышт, то ніхто ня мог яго бараніць. Установа адвакатаў фактычна не існавала, як не існавалі і адчыненыя суды для палітычных вязьняў. Міліёны людзей зьнішчаліся і невядома куды дзяваліся. Адказнасць за бацьку, ня толькі тады, калі ён быў асуджаным «злачынцам», а нават ужо і тады, калі ён быў толькі яшчэ арыштаваны, адразу ўскладалася на дзяцей і на ўсю радню. Усіх іх улады і камуністыя пачыналі прасьледаваць і тэррорызаваць, клеймячы ворагамі народу. Узяўшы ў турму чалавека, на допытах яму ламалі жэбры, выкручвалі рукі, выбівалі зубы і г.п. На заводзе, дзе я працаваў, па начах прыходзілі цяжарныя машыны і дзясяткамі людзей арыштоўвалі і вывозілі ў НКВД. Многія людзі баяліся дома начаваць. Мужчыны ў большасьці начаваць хадзілі ў лес альбо шукалі іншага мейсца. Я таксама ў кватыры ня спаў, і толькі раніцай мы вярталіся на працу, бо днём арышты не рабіліся. Прыехела да мяне знаёмая жанчына і сказала, што брат мой і шмат іншых родных ужо арыштованыя. Шукаюць і мяне, і яна радзіла мне кінуць працу і куды-небудзь выехаць. Я зьвярнуўся да непасрэднага свайго начальніка і стаў прасіць яго звольніць мяне з працы, спасылаючыся на хваробу. Ён ведаў, чаму мне трэба кінуць працу, і супярэчыць на звальненьне мяне не стаў. Атрымаўшы ад яго даведку, што з працы звольніўся дабраахвотна, і пераначаваўшы апошнюю ноч на балоце, я мусіў ехаць невядома куды, ратуючыся ад арышту. На Ўрале на распрацоўках зялезнай руды працавалі мае родныя і знаёмыя, высланыя, як «кулакі». Я да іх і паехаў, спадзяваючыся там знайсьці працу і хаця маленькі прытулак. Але дарма. Прыехаўшы туды, я пабачыў, што думаць аб працы альбо знайсьці там прытулак было немагчыма. Там тварылася нешта страшэннае. З былымі кулакамі НКВД днём і ўначы тварыла дзікую расправу. Мае родныя, якія там жылі, будучы перапалоханыя дзікай расправай, параілі мне вярнуцца назад і не заставацца дзяліць з імі лёс і трапляць пад тыя рэпрэсіі, якія ўзваліліся на галовы няшчасных «кулакоў». Рабіць было нечага, і я мусіў паехаць назад у Расею. Я застанавіўся ў Маскве ў знаёмых і пры дапамозе іх знайшоў працу ў Тульскай вобласьці ў вялікай савецкая гаспадарцы. Папрацаваў там да сакавіка 1938 г. і, каб ня выдаць сябе, з жонкай непасрэдна не ліставаўся. Я пісаў аднэй знаёмай, якая працавала за 220 км. ад дому. Яна, перапісваючыся з маёй жонкай, ведала, як тая жывець, і мне пісала аб гэтым.

 

ТРЭЦІ АРЫШТ

 

Аднак гэтым я не ўратаваўся. З-га сакавіка ў савецкі маёнтак, дзе я працаваў, прыехалі 3 энкавэдыстыя і мяне арыштавалі. Перавезьлі ў раённае НКВД і там пасадзілі ў турму пры НКВД, так званае КПЗ (камера предварительного заключения). Допыту ў мяне ніякага не рабілі, і мне было вядома, што буду скіраваны ў сталіцу Беларусі - Менск. Я лічыўся, як транзытны вязень. У камэры было чалавек 25, пераважна расейцы, якія дзівіліся, з якой прычыны так многа стала арыштоў, людзі назад не вяртаюцца і невядома куды прападаюць. Аднага дня ў камэру быў закінуты міліцыянер ува ўсім сваім адзеньні. Вочы яго былі чырвоныя, і мы ўважалі, што, напэўна, ён пасьля арышту плакаў, а некаторыя сталі дакорліва казаць яму: «Вадзіў людзей, папрабуй сам, як тут добра». Памаўчаўшы трохі, гэты міліцыянер загаварыў: «Ня думайце, што я такі дрэнны. Я за тое і трапіў сюды, што маю яшчэ чалавечае пачуцьцё». І ён пачаў сваё апавяданьне, за што яго пасадзілі: «Вы ведаеце, - казаў ён, - што цяпер адбываюцца масавыя арышты, і працы для міліцыі шмат. Кожную ноч і ўдзень трэба вадзіць арыштаваных. Учора мне даручылі завесьці ў турму арыштаванага, а гэты чалавек прасіў купіць яму махоркі, бо яму вельмі хацелася закурыць. Гэта я зрабіў, зайшоў з ім у краму, купіў махорку і аддаў арыштаванаму. Я яго ня вёў, як гэта патрабавалася, ісьці за ім ззаду з наганам у руцэ, але мы ішлі побач: і гутарылі, як быццам гэта быў не арыштаваны. Але ён падвёў. Як толькі мы зьвярнулі на вуліцу, дзе амаль ня было людзей, ён, раптам набраўшы жменю тэй самай махоркі, што я купіў, сыпнуў мне ў вочы. Я ад болю паваліўся, а ён адабраў у мяне наган, даў яшчэ па мордзе і ўцёк. Цяпер, калі мяне за гэта не засудзяць і ўдасца зьвольніцца з-пад арышту, я ніколі не пайду на працу ў савецкую міліцыю». Скончыўшы сваё апавяданьне, міліцыянер папрасіў закурыць, кажучы, што махорку пры арышце ў яго адабралі, відаць, баяліся, каб ён не засыпаў ім вочы.

Праз тры дні мяне перавезьлі ў паветавы горад у турму НКВД. Падыходзячы да турмы, у вочы кідаліся Яжоўскія рэформы. Вакон у турме ня было. Яны былі замураваныя, і на застаўшыхся шчэлінах відаць былі яжоўскія казыркі. Усе рэчы і грошы, якія былі ў мяне адабралі і пасадзілі ў камэру. Народу было поўна. У невялічкай камэры было больш 60 чалавек. Прыходзячыя з допытаў казалі, што пры допытах б'юць, і ў некаторых відаць былі сінякі на твары і пад вачыма. Я ведаў, што мне сядзець доўга ня прыдзецца і што з першым этапам мяне павязуць на бацькаўшчыну. Было вядома, што кожную нядзелю праходзяць 2-3 цягнікі з турэмнымі вагонамі, якія скіраваныя былі ў Маскву. Да гэтага этапу і я быў далучаны. Нас прывялі на вакзал і, калі падыйшоў цягнік са Сталінскімі вагонамі, начальнік варты (канвою) прыняў толькі тых арыштаваных, якія скіраваныя былі ў Маскву. Мяне, як транзітнага, ён не прыняў, кажучы, што Масква перапоўнена сваімі арыштаванымі і забаронена праз Маскву скіроўваць перасыльных вязьняў. Мяне прывялі назад у турму і пасадзілі ў тую самую камэру. З чарговым этапам я ізноў пайшоў на станцыю. Гэтым разам мяне пасадзілі ў турэмны вагон, які ішоў з цягніком у напрамку гораду Ялец. Хацелі мяне адправіць іншай дарогай, абмінаючы Маскву. Аднак, прымаючы вагон, канвой Ялецкай турмы ўзяць мяне для адпраўкі праз гэту турму адмовіўся, спасылаючыся на тое, што турма перапоўнена і займацца перасылкай арыштаваных у іншыя гарады яна ня можа. Так у гэтым сталінскім купэ я паехаў да апошняй станцыі, куды даходзіў гэты вагон. На другі дзень вечарам прыехалі на апошнюю станцыю. Вагон быў адчэплены і пастаўлены на канец тору (тупик), а ўсіх арыштаваных, у тым ліку і мяне, пагналі ў турму. Прышлося ісьці пяшком 4 км. Людзі якія дасылаліся ў гэту турму, былі прынятыя і адведзеныя ў турму, а мяне і яшчэ іншых перасыльных 3-х чалавек, запёрлі ў турэмнуіэ лазьню. Гэта тлумачылася тым, што і тут у турме ня было мейсца, турма была перапоўненая. На другі дзень варта нас забрала, адвяла назад на вакзал і пасадзіла ў той самы вагон. Да прыйшоўшага цягніка наш вагон быў прычэплены і нас павязьлі назад. Па дарозе мяне здалі варце тэй самай турмы, адкуль адпраўлялі. Такім парадкам я трапляю трэці раз у тую самую турму. На гэты раз я ўжо не трапіў у тую камэру, з якой вывязьлі, а мяне памесьцілі ў падвале, у так званую карантынную камэру, у якой шкло на застаўшыхся шчэлінах было выбіта. Было холадна і вільготна. Прасядзець тут прышлося больш тыдня. Нарэшце я быў прылучаны ізноў да адыходзячага этапу, і на гэты раз мяне прынялі ў турэмны вагон, ішоўшы ў напрамку на Маскву. У Маскве чакаць доўга ня прышлося. Усе прыбываючыя на вакзалы арыштаваныя звозіліся на этапна-разьмяркавальны пункт НКВД і адтуль развозіліся ў зачыненых машынах па прызначэньню. З гэтага пункту я быў перавезены на Беларускі вакзал і пасаджены ў стаяўшы ў канцы тору турэмны вагон. На другі дзень вагон быў запоўнены вязьнямі, прычэплены да пягніка, і мы паехалі. На кожнай станцыі ў гарадох, дзе былі турмы, з вагону забіраліся арыштованыя, прызначаныя туды, а іх мейсцы запаўняліся новымі. Я і група людзей, сабраных па дарозе, разам каля 50 чалавек, былі выладаваныя ў Менску і перавезеныя ўжо вядомымі машынамі ў турму. Там быў зроблены суровы вобшук, усе рэчы адабраныя, з вопраткі выразаныя гузікі, дзяга і шлейкі былі таксама адабраныя, таму после гэткага вобшуку кожны выходзіў, трымаючы рукамі порткі, каб не зваліліся.

Магчыма, маё апавяданьне пра перажытае і пра падарожжа па чыгунцы, будучы арыштаваным, у 700 км. за час, больш чым паўтара месяца, для людзей будзе не цікавым, аднак лічу патрэбным аб гэтым напісаць, каб чытачы ўявілі сабе, што перажывае народ пад пятой НКВД. Суддзячы аб такім падарожжы, можна ўявіць сабе, колькі было арыштаваных людзей у Яжоўскую эпоху па ўсім СССР, бо турмы ўсюды былі перапоўненыя.

Вось я на бацькаўшчыне ў сталічнай турме. Перад тым, як трапіць у камэру, нас пагналі ў лазьню. Там у распранутых некатарых сялян, прывезеных з раёнаў, відаць былі сінякі на целе і твары, а ў аднаго - на сьпіне чорныя плямы. Я запытаўся ў гэтага чалавека, ад чаго ў яго чорныя плямы? «Гэта на допыце мяне так зьбілі, што цяпер кашляю крывей», - адказаў ён. Больш я ні аб чым пытацца не стаў, усё было зразумела. Я трапіў на трэці паверх у адну з вялікіх камэр. Людзей там было поўна. Ложкі стаялі адно каля другога без праходоў. На ложку было па два чалавекі. Не зьмяшчаючыяся, людзі спалі пад ложкамі. Днём спаць альбо ляжаць на ложку забаранялася. Калі хто прылягаў на ложка і быў заўважаны НКВДыстым праз ваўчок (дзюрка ў дзьвярох), ён зараз-жа забіраўся ў карцэр. Днём было ціха, допыты не рабіліся. Затое па начах, пасьля 11-12 гадзінаў станавілася жутка. Кожны чакаў, што будзе пакліканы на допыт. З нашай камэры кожную ноч бралася на допыты ня больш 5 чалавек. Адны вярталіся раніцай з выбітымі зубамі альбо паломанымі жэбрамі, другія вярталіся праз 2-3 дні (да гэтых ужываўся канвэерны мэтад допыту) з апухлымі і абцёкшымі нагамі, іншыя прыносіліся ў камэру няпрытомнымі, а некатарыя вярталіся, трымаючы ў руках кавалак хлеба і пачку махоркі. Гэты падарунак яны атрымлівалі ад сьледчага, калі ня вытрымаўшы інквізіцыі, падпісалі на сябе сфабрыкаванае сьледчым абвінавачаньне.

Сярод арыштаваных было шмат вайскоўцаў і кожную ноч у камэру ўкідаліся новыя, пераважна афіцэры. Вядома, што ў часы царскай улады, калі існавалі правы і законы, то кожны грамадзянін, асабліва афіцэр, калі трапляў пад сьледства, дык ён карыстаўся правамі чалавека, і толькі паводля прысуду яго маглі пазбавіць грамадзянскіх правоў, чыноў і г.п. А тут, пад «сонцам найдэмакратычнейшай сталінскай канстытуцыі» тварылася нешта незразумелае. Калі арыштоўваўся які-небудзь афіцэр, нават высокай рангі, дык ў яго адразу ГПУшнік нажом адрэзваў ягоныя пятліцы, шпалы або ромбы і кідаў пад ногі. Гузікі з портак абавязкава вырэзваліся і на працягу 20 хвілін пасьля арышту камандзер палка або іншы высокі вайсковец стаяў з адрэзанымі адзнакамі, трымаючы ў руках порткі. Так сьвеціць і грэіць сонца сталінскае канстытуцыі. Аднэй ночы ў нашу камэру быў укінуты савецкі судзьдзя - сябра вярхоўнага суду БССР. Гэту асобу добра ведалі жыхары Менска, як заядлага камуністага, стаячага ў вабароне камуністычнай дыктатуры. Ён сваімі прысудамі жорстка караў народ. Да рэвалюцыі ён быў матросам, быў фізычна добра збудаваны і, карыстаючыся выгодамі жыцьця, меў досыць вялікі жывот. Увайшоўшы ў камэру гэты, паўгадзіны таму назад быўшы вялікі чалавек, цяпер стаяў каля парогу, трымаючы аднэй рукой порткі. Яму было асабліва трудна, бо порткі бяз гузікаў з вялікігі жывата спаўзалі ўніз. Калі яго запыталі: як ён, гэтак важная асоба, трапіў у турму, то ён упэўнена тлумачыў, што ён арыштаваны па нейкаму непаразумленьню, і лічыў, што праз два альбо тры дні будзе абавязкава звольнены. Калі пачуў ад людзей, што на допытах б'юць і такім шляхам прымушаюць людзей падпісываць розныя нябыліцы, гэты судьдзя стаў накідацца на людзей, пагражаючы карай за тое, што яны хлусяць, вядуць контррэвалюцыйную агітацыю і гэтым зьневажаюць савецкую ўладу, бо сталінская канстытуцыя забараняе біць, і гэтага ня робіцца. Усе маўчалі і чакалі часу, калі гэты абаронца канстытуцыі будзе пакліканы на допыт. Аб 12-ай гадзіне ўначы яго павялі. Вярнуўся ён раніцай, быў спакойны і цьвердзіў, што людзі ўсё-ж такі хлусяць, бо яго ня білі. На другую ноч яго паклікілі ізноў на допыт, з якога ён вярнуўся назад сумным, моцна вылаяўся, кажучы, што ён сьледчаму ня даўся. Будучы пакліканы на трэцюю ноч, ён ужо сам ня прышоў. Яго прывялі, прыбітага і амаль няпрытомнага. У гэту ноч ён атрымаў такую лекцыю па савецкай канстытуцыі, што ня вытрымаў і падпісаў на сябе нябыліцу, быццам ён зьяўляецца польскім шпіёнам, бо па паходжаньню ён быў з Заходняй Беларусі, і там жылі яго родныя. Пасьля гэтага ён папрасіў прабачэньня ў камэры, запэўняючы, што яму, як сябру вярхоўнага суду, не вядома было, што робіцца ў засьценках НКВД. Хутка яго з камэры забралі нявядома куды, і што з ім сталася, таксама невядома.

Я прасядзеў у сталічнай турме больш месяца. На допыт ня бралі. Ня ведаючы, за што арыштаваны, мяне мучыла і трывожыла пытаньне: якое абвінавачаньне будзе дадзена на допыце і як бараніцца? Мною перадумана было ўсё, і я ні да чаго не дадумаўся. Прыпушчалася: магчыма, мяне прывяжуць да справы брата, які арыштаваны паўгоду таму назад і зьнік невядома куды. Але я ня ведаю, за што арыштаваны брат. Адным словам, я блудзіў у цемнаце, ня ведаючы, што робіцца. Нарэшце дачакаўся - паклікалі мяне з рэчамі, а з рэчаў былі толькі шапка ды кажушок. У закрытай машыне перавезьлі мяне на станцыю і па чыгунцы ў спэц-вагоне перавезьлі ў сваё роднае мястэчка. Спаткаўшая варта перавяла ў турму раённага аддзелу НКВД. Там у першую ноч я быў паклікіны на допыт. Запоўніўшы патрэбную анкету, сьледчы паставіў пытаньне: «Колькі гадоў я працую ў эсэраўскай партыі і што рабіла гэта партыя, каб зьнішчыць савецкую ўладу?» Такога пытаньня я ніколі не чакаў, бо ў партыі гэтай ніколі ня быў. Я запярэчыў гэтаму пытаньню, спасылаючыся на тое, што пра гэтую партыю нічога ня ведаю. На гэта ад сьледчага пачулася самая брудная і агідная лаянка, на якую толькі здольныя падонкі роду чалавечага. На другі стол, які знаходзіўся ў пакоі, сьледчы палажыў ліст паперы, алавік і загадаў пісаць аб гэтай партыі і сваіх контррэвалюцыйных учынках. Я пісаць адмовіўся. Атрымаўшы некалькі ўдараў прэсам па галаве, я быў пасаджаны назад у камэру. Мяне выклікалі яшчэ дзьве ночы, патрабуючы напісаць гэтыя «казкі», але я станоўча адмаўляўся і атрымліваў за гэта такое біцьцё, з якім ледзь прыходзіў у камэру. На гэтым допыт пакуль што скончыўся. Праз два дні мяне адвезьлі назад у сталічную турму. Жыцьцё там не зьмянілася. Тая самая камэра, тыя самыя допыты з катаваньнямі і г.д. Праз месяц мяне выклікалі і перавезьлі ў паветавы горад, дзе дзеіла так званае, міжраённае НКВД. Там была старавінная турма з усімі абсталяваньнямі, патрэбнымі для інквізіцыі. Была і спэцыяльная цёмная камэра-клапоўня. Туды закідаліся вязьні на некалькі сутак; спаць было немагчыма, бо нельга было абараніцца ад клапоў. У сьценах былі ўглыбленьні - «мяшкі», куды ставіўся вязень і запіраўся дзьвярыма. «Мяшок» быў такі вузкі, што чалавек мог стаяць там толькі з апушчанымі рукамі. Сесьці, бязумоўна, ня мог, і так вязьні прастаівалі па некалькі сутак. Калі адчыняліся дзьверы, то чалавек вывальваўся няпрытомны з апухлымі нагамі, а то і зусім там паміраў. У падвале была асобная камэра для сьмертнікаў. На адлегласьці 4-х км. ад турмы быў збудаваны вялікі будынак міжраённага НКВД, дзе былі асобныя пакоі для сьледчых ад кожнага раёну, і там па начох рабіліся з ні ў чым не вінаватых людзей - «злачынцы». Праз два тыдні я быў пакліканы на допыт, і той самы сьледчы прывёз гатовае сфабрыкаванае маё асьведчаньне, быццам я рыхтаваў паўстаньне супроць савецкай улады. Заставалася толькі падпісаць і атрымаць кавалак хлеба і пачку махоркі. Пытаньне аб дзейнасьці ў эсэраўскай партыі ўжо адпала і не ўспаміналася. Падпісаць гэта я катэгарычна адмовіўся і кожную ноч, як толькі бралі на допыт, я адмаўляўся ад гэтага. На працягу месяца мне давялося перанесьці нялюдзкія зьдзекі. Я трымаўся па двое сутак на «канвэеры», па начах мяне прымушалі рабіць прысяданьні, садзілі на ножку табурэткі, бязмежную колькасць удароў я атрымліваў па галаве прэс-пап'е, пабываў у клапоўні і г.д. Адным словам, я пераканаўся, што ні адна жывёліна ня здольна перанесьці таго, што можа вытрымаць чалавек. Мяне давялі да такога стану, што я ня мог роўна трымацца на нагах. Часова допыты спыніліся. Праз месяц сьледчы прывёз яшчэ навейшы, «больш грунтоўны» матар'ял, дзе контррэвалюцыйная дзейнасць мая акрэсьлівалася мейсцам і тэрмінам, і сьледчы з новай энэргіяй дамагаўся маей «згоды» яго падпісаць. Я катэгарычна адмовіўся, бо гэта была самая агідная выдумка і хлусьня, ніводнага праўдзівага слова там ня было. Ня гледзячы на змучанае і цяжкае сваё становішча, я цярпліва пераносіў усе бойкі і зьдзекі сьледчага, бо ведаў, якое жыцьцё ў савецкіх канцлягерох, і ісьці туды другі раз, падпісаўшы, выдуманую сьледчым хлусьню, было-б самагубствам. Таму я вырашыў трымацца да апошняга і лепш загінуць тут, як гібець у канцлягерох. Выведзены з цярпялівасьці маёй станоўчай упартасьцю, сьледчы запляваў мне вочы і тварам паставіў да сьцяны, а потым з разгону ўдарыў мяне ззаду ў галаву. Ударыўшыся носам аб сьцяну, у мяне з носу пацякла кроў, але азьвярэлы бандыт другі раз чымсьці цьвярдым ударыў мяне па зубах і выбіў некалькі зубоў. З крыкам: «Я цябе расстраляю» ён загадаў адвесьці мяне назад у турму і пасадзіць у камэру сьмяротнікаў. Сьмяротная камэра знаходзілася ў падвале турмы, апошняя па калідору з левага боку. Яна дзялілася на дзьве часткі моцнымі зялезнымі кратамі. Пярэдняя частка прызначалася для вартавога, які мусіў праз краты сачыць за ахвярамі. У другую частку замыкаліся ахвяры, прычым там не было ні ложка, ні якой-небудзь лавы, дзе можна было-б пасядзець ці паляжаць. Вязьні мусілі сядзець ці ляжаць на голай цэмантавай падлозе. Угары, каля столі, было маленькае ваконца, прыкрытае густымі патройнымі кратамі. Праз два дні да мяне было ўкінута яшчэ двух вязьняў, таксама ўпартых. У аднаго ад пабояў па галаве былі запухлыя вочы і пасінелы твар, а другі, лежачы на падлозе, стагнаў і казаў, што ў часе допыту сьледчы палажыў яго на падлогу і скакаў на яго грудзёх; ў часе кашлю гэты вязень выплёвываў запёклую кроў. У першай палове камэры, дзе мусіў быць вартавы, нікога ня было, і таму мы маглі сьмела размаўляць паміж сабой. У часе размовы я даводзіў, што нас укінулі ў сьмяротную камэру, каб зламаць нашу ўпартасць змусіць падпісаць выдуманае абвінавачаньне. Сваю думку я абгрунтоўваў тым, што ў першай палове камэры, дзе абавязкава мусіў быць вартавы, якога ня было, а гэта тым больш, што справы нашыя сьледчымі не закончаныя. Другі вязень, які кашляў крывёю, са мною не пагаджаўся, кажучы, што бандытам верыць нельга. Прыдуць уначы ды пазабіваюць, як і заўсёды гэта яны робяць, бо ў бандытаў няма закону і права. Праз тыдзень мяне ізноў забралі і павезьлі ў КПЗ для допыту. Аб 12 гадзіне ўначы паклікаўшы мяне сьледчы сказаў, што расстрэл адлажылі, спадзяючыся, што апамятаюся, прызнаюся і падпішу тое, што імі спраўджана, і ёсць праўда. Калі я ізноў катэгарычна адмовіўся, то ён з лаянкай кінуўся на мяне, схапіўшы са стала прэс-пап'е, ўдарыў некалькі разоў па галаве, абяцаючы, што цяпер я абавязкова буду расстраляны. Пакліканы вартавы ГПУшнік адвёў мяне ў КПЗ, адкуль на другі дзень я быў перавезены назад у турму і ўкінуты ў тую самую камэру сьмяротнікаў. Пакінутых раней там двух чалавек я не засьпеў, і які быў іх далейшы лёс - невядома. Праз тыдзень мяне перавялі ў агульную камэру. Праляжаўшы 2 тыдні на цэмэнтавай падлозе, у мяне параліжавалася правая нага, і я ледзь мог перастаўляць ногі. КПЗ, куды вывозілі вязьняў на допыты, знаходзілася ад турмы ў 4-х км., чорнага сталінскага ворана ня было, і для перавозкі вязьняў НКВД брала цяжарную трохтонную машыну з фабрыкі. Машына заганялася ў двор турмы і там адбывалася ўсяданьне. У сярэдзіне вязьні мусілі лажыцца тварам уніз, а па рагох стаялі НКВДыстыя, трымаючы над вязьнямі на пагатоўі наганы. Кожны раз, як перад высылкаў вязьняў з турмы на допыты, так і ў вяртаючыхся з допытаў, абавязкава рабіліся вобшукі. Вывырачваліся кішэні, прамацваліся ўсе швы і рубцы вопраткі, заглядалі ў рот, вушы, мацалі валасы на галаве і нарэшце кожны мусіў сагнуцца, і НКВДыстыя заглядалі ў непрыемна званае мейсца. Трэба сказаць, што ў галіне дасканалых вобшукаў Яжоў выперадзіў быўшых да яго наркомаў Ягоду і інш. Пры Ягодзе таксама адбываліся вобшукі, але ў непрыемна званыя мейсцы не заглядалі.

Адзін раз у камэру ўкінулі старога жыда, вобшук у якога, безумоўна, адбыўся паводля ўсіх правілаў. Відавочна, ён яшчэ ня ведаў, як робяцца вобшукі, і для яго гэта было навіной. Пастаяўшы трохі, ён палажыў на падлогу сваю торбачку, стаў усьмяхацца і, чэшучы рукой патыліцу, загаварыў: «Ай, ёй, ёй! І куды ўжо нядрэмлючыя вочы заглядаць сталі!» А другі жыдок, сядзеўшы з намі некалькі месяцоў, заўважыў: «Можа ты туды запіхаў кулямёт альбо захаваў некалькі бомбаў!» У камэры падняўся сьмех. Калі пересталі сьмяяцца, ён ізноў запытаў: «А як часта гэта бывае?» Той самы, сьмяючыся, адказаў, што заглядаць будуць туды кожны дзень, пакуль ты не прывыкнеш. Плюнуўшы на падлогу, стары палез пад юрцы, бо на юрцах ня было мейсца.

Пачаліся зноў допыты і мукі. Я стаяў на сваім, адмаўляючы падпісаць хлусьню, якую падносіў сьледчы. Пералічваць усяго перажытага ня стану. Прышлося гэтыя допыты перажываць на працягу 14 месяцаў. Аднэй ночы, даты не памятаю, у пачатку 1939 г., прывезеныя з допыту вязьні нашэй камэры былі вясёлыя. Яны сказалі, што Яжова ўжо ня стала. У гэтым яны былі перакананыя таму, што ў сьледчых пакоях зьнятыя партрэты Яжова, а на іх мейсца павешаныя партрэты нейкага новага чалавека ў акулярах. Гэта яшчэ падмацоўваецца тым, што сьледчыя перасталі біць на допытах.

Праз некалькі дзён уначы з камэры было паклікана на допыты адразу 5 чалавек. Не вярнуліся гэтыя, а яшчэ ўзялі 5 чалавек. У тую ноч з камэры было ўзята на допыты каля 30 чалавек, і цікава было тое, што сталі выклікацца людзі, сьледства якіх было скончана, і якія, не вытрымаўшы інквізіцыі, падпісалі прызнаньні аб вельмі цяжкіх «злачынствах», пераважна дывэрсыйнага альбо тэррорыстычнага характару, як: у выпадку вайны яны меліся ўзрываць масты, чыгункі або забіваць правадыроў партыі. Такія «злачынствы» па савецкім законам караліся сьмерцяй. Колькі пакарана было да гэтага часу, ведала толькі НКВД.

Вяртаючыся назад у камэру, людзі казалі, што справы іх будуць пераглядацца. Іх дапытвалі ня тыя, якія іх білі, а новая няведамая камісія ў складзе 3-х чалавек, якая, усумніўшыся ў тых «злачынствах», якія яны падпісалі, старалася даведацца ад кожнага, ці ўзапраўды ён рыхтаваўся зрабіць тое альбо іншае злачынства, якое падпісаў. Усе арыштаваныя адмаўляліся і зракаліся сваіх прызнаньняў узлачынствах і, як доказ, паказвалі паламаныя жэбры, зыкручаныя рукі, выламаныя пальцы, выбітыя зубы і г.д. Камісія ўсе гэтыя заявы натавала, але падпісаць сваіх заяў нікому не давала. Абяцалі толькі справы перагледзець.

Праз дзень пакліканы быў і я. Першае пытаньне камісія паставіла: «З якіх прычын справа не закончана на працягу часу больш году?» Я адказаў, што гэта вядома сьледчаму і што я ніколі не падпішу тэй бруднай хлусьні, якую сфабрыкаваў сьледчы. Адзін з сяброў камісіі заўважыў мне, што гэта абвінавачаньне нельга назваць хлусьнёй, бо яно падмацавана паказаньнямі сьведкаў; аднак імя гэтых сьведкаў ён не сказаў. Тады я падрабязна вытлумачыў, якія абвінавачаньні фабрыкаваліся раней, а цяпер і ўспаміну аб іх няма. Цяпер выдумана нешта новае, якое не адпавядае сапраўднасьці. Я растламачыў, якія зьдзекі і зьнявагі рабіліся на працягу допыту і паказаў выбітыя зубы і застаўшыся шрам на носе. Я прасіў камісію як найхутчэй скончыць сьледства і абяцаў даць свае выясьненьні, калі сьведкі будуць дапытаныя ў маёй прысутнасьці. Мне абяцалі хутка скончыць сьледства і з гэтым вярнулі ў камэру. Гэта быў першы допыт на працягу 12 месяцаў, які адбыўся бяз лаянкі і бойкі. Праз тыдзень уначы на машыне я быў перавезены ў раённую турму, і на другі дзень адбылася першая «вочная стаўка» з аднэй сьведкай. Гэта была жанчына - вясковая актывістка, якую ня любіла ўся вёска за яе нахабства, лёгкія паводзіны і доўгі язык. Муж яе памёр, і яна ахвотна працавала ў НКВД, даючы розныя хлусьлівыя асьведчаньні на любога чалавека па жаданьню і, бязумоўна, за аплату. Сваім тлумачэньнем контррэвалюцыйную маю дзейнасьць яна адносіла да перыяду 1918 году. Я, запярэчыўшы гэтаму, сьцьвердзіў, што жанчына гэта ў 1918 годзе ў нашай вёсцы ня была, ня ведала мяне, так як і я яе. У нашу вёску яна прыйшла замуж толькі ў 1923 г. і ў падмацаваньне свайго пратэсту прасіў даведацца ў аддзеле запісаў грамадзянскага стану аб часе выхаду яе замуж. Зьбянтэжаная баба дадала, што яе асьведчаньне можа падтрымаць старшыня калгасу, і назвала яго імя. Мяне адвялі ў камэру, але я ўжо ведаў, што другая вочная стаўка будза са старшынёй калгасу, якога я добра ведаў і рыхтаваўся да гэтай сустрэчы. Допыты рабіў ня сьледчы, які мяне мучыў, а сам упаўнаважаны НКВД. На другі дзень на допыце я спаткаўся са старшынёй калгасу, які хлусьню першай сведкі падтрымаў, але зьмяніў дату з 1918 году на 1919 год. Хлусьня была часткова відаць. З дазволу ўпаўнаважанага я задаў яму некалькі пытаньняў:

1. Ці служыў ён ў чырвонай гвардыі? «Так», - адказаў ён горда. 2. «Вы мне і іншым казалі, што будучы ў чырвонай гвардыі, вы прымалі ўдзел у ліквідацыі паўстаньня ў горадзе Дарагабужу?» «Так, - адказаў ён, - я бараніў савецкую ўладу і бараніць буду». «А ці памятаеце вы, у якім годзе гэта было?» - запытаўся я ў трэці раз. Тут ён, замяўшыся, сказаў, што дату і год паўстаньня ён не памятае. Тады я папрасіў спраўдзіць год і дату паўстаньня і дзе тады быў гэты чалавек? Паўстаньне гэтае было ў 1919 г., а яго тады ня было ў вёсцы. Хлусьня была выкрытая. Старшыня калгасу пайшоў дамоў, а ўпаўнаважаны НКВД сказаў, што мае заўвагі будуць спраўджаныя. Праз тры дні я быў пакліканы, і мне сказалі, што довады мае пацьвердзіліся, і справа хутка будзе вырашана. Пасьля гэтага допыту першы раз на працягу 12-месячнага арышту мне дазволена было атрымаць ад жонкі перадачу хлеба і бялізну. Я ня быў звольнены з-пад арышту той раз. Мяне ізноў адвезьлі ў міжраённую турму, і там я прабыў яшчэ два месяцы. Я быў звольнены толькі 30 красавіка 1939 году. Такім парадкам я прасядзеў пад сьледствам 14 месяцоў у краіне пад аховай «найдэмакратычнейшай» сталінскай канстытуцыі. Калі-б Яжоў заставаўся далей на пасадзе наркома, то, бязумоўна, я загінуў-бы ў сьценах НКВД і не напісаў-бы гэтай сповядзі аб перажытым. Вярнуўшыся з турмы са спараліжаванай нагой, я быў настолькі слабы і вымучаны, што прышлося праляжаць у ложку 2 месяцы.

Дзеці, жонкі, браты, маткі арыштаваных НКВД «ворагаў народу»», ня ведаючы, куды зьніклі іх родныя, зьвярталіся ў НКВД, каб даведацца аб лёсе арыштаваных. Для ўсіх быў адзін адказ: «Засуджаны тройкай НКВД і высланы бяз права перапіскі». Адмова ў праве перапіскі была зразумелай - гэтыя людзі ніколі ўжо не напішуць, бо іх няма сярод жывых. Так пазбаўленыя былі права перапіскі дзесяткі тысяч трупаў, адкапаных у Віньніцы ў садзе сьмерці. Такія сады сьмерці ёсьць пры кожным аддзеле НКВД, але яны сурова закансьпіраваныя. Прыйдзе час, калі ўсе такія сады будуць выкрытыя, і камуністычным «дэмакратам» трэба будзе даць за іх справаздачу. Усё гэта рабілася па выпрацаванаму пляну і па ўказцы Крамля. Ударнымі тэмпамі праводзіўся плян «рэканструкцыі народу». Убачыўшы, што справа дайшла да абсурду, калі не заставалася ніводнай сям'і ў СССР, якая-б ня была зачэплена тэррорам, бо ў кожнай знаходзіўся «вораг народу», і калі мора заяў ад асірочаных дзяцей, жанок і матак заліло Крэмль і Крупскую - жонку Леніна, тады толькі «бацька народаў», Сталін, каб супакоіць людзей на 18 партыйным зьезьдзе ў сваей прамове адзначыў, што ворагі народу пралезьлі ў НКВД і перабілі шмат «партыйных бальшавікоў». Аб беспартыйных і ўспамінаць не хацеў; сказаўшы гэта, загадаў зьняць Яжова з пасады наркома нутраных спраў. Ці можа быць большы цынізм і глум над чалавекам, глум над міліёнамі людзей?

Гісторыя ня ведае такога выпадку, калі-б чалавек, не маючы адпаведнай адукацыі і вайсковай падрыхтоўкі, ня быўшы вайскоўцам, адразу зрабіўся гэнералісімусам і налажыў на сябе такія шырачэзныя залатыя пагоны, што робіцца прыкра глядзець на іх. А нядаўна быў час, калі гэты самы гэнэралісімус дзесяткамі тысяч зьнішчаў ні ў чым не вінаватых афіцэраў толькі за тое, што яны насілі пагоны. Няўжо, накладаючы сабе на плечы гэнэральскія пагоны, гэты «гэрой» ня ўспомніў пра тыя ахвяры, якія ён зьнішчыў толькі за пагоны? Палітбюро крычала яму «ура», убачыўшы з гэтакімі пагонамі, і з погляду гэтай кучкі падхалімаў Сталін быў, бязумоўна, грозны ваяка, які на працягу свайго дыктатарства бязупынна ваяваў са сваім народам днём і ўначы і вымардаваў столькі людзей, сколькі ня вынішчылі разам узятыя дзесяткі іншых імпэрыялістычных войнаў.

 

БАРАЦЬБА НАСЕЛЬНІЦТВА З КРАМЛЁМ І КРАМЛЯ З НАСЕЛЬНІЦТВАМ

 

Многія людзі, ня быўшыя і ня жыўшыя пад камуністычнай дыктатурай, кажуць, што людзі там, у выніку бесперапыннай хлусьлівай прапаганды, ужо скамунізаваны, а іншыя, хаця і не пагаджаюцца з гэтым, аднак думаюць, што народ там ўжо зусім прызвычаіўся да савецкіх ўмоваў і спакойна цягце камуністычнае ярмо. На гэта трэба рашуча адказаць, што людзі, так думаючыя, вельмі памыляюцца. Усе народы, падпарадкаваныя Крамлю ад пачатку захопу камуністымі ўлады і да апошняга часу, вялі, вядуць і будуць весьці барацьбу, пакуль не пазбавяцца ад камуністычнай няволі. Нерасейскія народы дадаткова вядуць рознымі спосабамі барацьбу за захаваньне сваёй нацыянальнай самабытнасьці, з аспэктам дзяржаўнай незалежнасьці ў будучыні.

Пасьля ліквідацыі НЭПу і з пачаткам калектывізацыі з новай сілай і жорсткасьцяй ўзьнялася барацьба насельніцтва з Крамлём і Крамля з насельніцтвам, якая мела наступныя вынікі:

У 1929 г. пачалася расправа камуністычнай улады з вольным сялянствам і прымусовае ўвядзеньне прыгоннай сыстэмы калгасаў. У сялян адбіраецца зямля і ўся маемасьць ды перадаецца ў калгасы. Туды заганяюцца і сяляне з прымусам працы для савецкай дзяржавы, а фактычна - на карысьць новай грамадзкай клясы - камуністычнай бюрократыі.

У 1930-31 гадох працягваецца пачатая ў 1929 г. расправа з сялянствам. Зьяўляецца арганізаваны супраціў і сабатаж з боку беспартыйных спэцыялістых у прамысловасьці пад назовам «Промпартыя».

У 1932 г. паўстаньне па ўсёй Беларусі і развал калгасаў. Сяляне палкамі разганялі і білі калгасны актыў і забіралі свае коні, каровы і іншую маёмасьць. Стыхійны сабатаж сялянствам працы ў калгасах у паўдзённай частцы СССР. Сяляне Ўкраіны, Паўночнага Каўказу, Кубані і Дону ня хочуць працаваць у калгасах. У восені 1932 г. савецкая ўлада адбірае ў гэтых раёнах усё збожжа і іншыя прадукты і даводзіць людзей да голаду.

У 1933 г. камуністычная ўлада практычна праводзіць штучна выкліканы голад на Ўкраіне, Кубані і ў іншых мясцовасьцях. Крамлёўскія ўладары дадумаліся, што голад павінен змусіць сялянства працаваць у калгасах. У выніку гэтага «мерапрыемства» савецкай улады толькі на аднэй Украіне загінула ад голаду больш 4-х міліёнаў людзей.

У 1934-35 гадох адбылося забойства Кірава, а ў сувязі з гэтым дзесяткі тысяч людзей расстраляны і сотні тысяч высланы ў канцлягеры, якіх у савецкай улады вельмі шмат.

У 1936 г. працягіваецца расправа бальшавіцкай улады з апазыцыйна настаўленым насельніцтвам па ўсім СССР з большым абсягам і з большай жорсткасьцю. Зьнішчаецца Ягода і на яго мейсца Сталін вызначае Яжова. Ахвярамі тэрору, які стаў праводзіць Яжоў, сталі мільёны людзей.

У1937-38 гадох адбывалася расправа з апазыцыйна настаўленымі элемэнтамі ў чырвонай арміі. У сувязі са «змовай Тухачэўскага» было арыштавана амаль усё кіраўніцтва чырвонай арміі. Большая частка начальнікаў акругаў была расстраляная альбо высланая ў канцлягеры. Ува ўсей арміі было арыштавана больш 50% камандуючага складу і шмат тысяч камандзёраў чырвонай арміі і флёты было расстраляна.

У 1939 годзе выдаецца антырабочы закон. Гэтым была ўзаконеная і практычна стала стасавацца нявольніцкая сыстэма працы для работнікаў і служачых у СССР. Гэта мерапрыемства камуністычныя ўлады ўвялі пры наступных абставінах:

На пачатку 1939 г. ўсюды ў прамысловасьці выявіўся ціхі сабатаж з боку работнікаў, служачых і спэцыялістых, ды поўная незацікаўленасьць у працы. Сялянства ў калгасах таксама апусьціла рукі, бо за працу нічога не плацілі, а толькі лічылі працадні. Вельмі малыя заробкі, бясконцыя адлічэньні з гэтых заробкаў не давалі магчымасьцяў для нармальнага жыцьця. Ды і купіць патрэбныя рэчы не было магчыма, бо абрабаванае сялянства нічога на рынак ня вывозіла - усё было адабрана ў калгасы. Прадукцыйнасьць працы безупынна зьніжалася, і з кожным днём павялічвалася колькасьць невыходзячых на працу. Вельмі шмат людзей стала пакідаць працу і звальняцца па свайму жаданьню. Катастрафальна расла адсутнасьць гатовых вырабаў. Работнікі ўсюды правальвалі сацыялістычныя мэтады працы. Вельмі хутка расла так званая «плыўкасьць працоўнай сілы». Работнікі і служачыя, кідаючы працу на адным мейсцы, нічога не рабілі, а хадзілі па іншых прадпрыемствах, шукаючы лепшых умоваў і большых заробкаў. Шукаючы «лепшага», людзі перахадзілі на іншыя прадпрыемствы і, атрымаўшы першы заробак, ізноў кідалі працу і шукалі «лепшага». Але лепшага нідзе не знаходзілі, бо ўсюды было аднолькава.

Гэткае зьявішча «індывідуальных забастовак» расло і пашыралася. Ніякая прапаганда гэтага не магла затрымаць. Такі пасыўны супраціў быў выкліканы нязноснай эксплёатацыяй працоўных, давёўшай іх да галоднага жабрацкага стану, і мог перайсьці да адчыненага паўстаньня. Запалоханыя такім станам рэчаў, крамлёўскія ўладары шукалі выхаду з гэтага становішча. Выхады маглі-б быць толькі два. Першы - трэба было палепшыць становішча работнікаў, зьменшыць іх эксплётацыю і павялічыць плату. Другі выхад - змусіць працаваць у наяўных умовах. Крэмль выбраў апошняе, бо практыка з ужытага тэрору і гвалту ў дачыненьні да сялянства гарантавала посьпех і ў адносінах да работнікаў. І вось 19 чэрвеня 1939 г. крамлёўскія ўладары выдалі закон «О прогулах и опозданиях», скіраваны супроць працоўных і служачых. Мэта гэтага закону была - прымусіць усіх працаваць. Гэты антырабочы закон існуе да апошняга часу. Па гэтаму закону ўсе працоўныя і служачыя Савецкага Саюзу прымушаюцца да абавязковай і штодзённай працы. За нявыхад на працу або за спазьненьне на 20 хвілін ці калі пакінуць працу на 20 хвілін перад канцом, дык працоўныя і служачыя за гэта аддаюцца пад суд і пазбаўляюцца волі на тэрмін 6 месяцаў. Калі рабочы ці служачы спазьняецца на працу меней як на 20 хвілін (пачынаючы ад аднэй хвіліны) або пакідае працу раней хаця-б на адну хвіліну да яе канца, дык такія ўчынкі квалафікуюцца як «прагулы», і працоўныя таксама падлягяюць суду за прагуляньне і караюцца пазбаўленьнем волі да 6 месяцаў. Адначасна гэтым законам забаронена работнікам і служачым зьмяняць месца працы, і яны на пастаянна былі прымацаваныя да тых прадпрыемстваў, дзе засьпеў іх гэты закон. За парушэньне гэтага закону працоўныя караюцца судом на 6 месяцаў пазбаўленьня волі.

У сувязі з гэтым працоўныя і служачыя пазбаўляюцца права перасяляцца ў іншыя месцы жыхарства пад пагрозай арышту і высылкі ў канцлягеры, як за парушэньне закону «О прикреплении к производству».

За тое, па другому закону, савецкая ўлада і яе ворганы маюць права высылаць работнікаў і служачых усюды, куды ім патрэбна, уключаючы далёкія арктычныя месцы поўначы і Сібіру. Працоўны чалавек ні ў якім выпадку не мае права адмовіцца ад такой «камандыроўкі», бо гэта разглядаецца як адмова ад працы і «прагул» ды караецца таксама ня менш 6 месяцаў пазбаўленьня волі.

Побач з гэтым быў выдадзены закон «О вредительстве» (аб шкодніцтве). Паводля гэтага закону, за невыкананьне нормы і нізкую якасьць вытворчасьці работнікі караюцца прымусовай працай або высылкай у канцлягеры. Калі перавышаецца ўстаноўлены адсотак бракоўнай прадукцыі, дык работнікі судзяцца паводля закону «О вредительстве» і высылаюцца ў канцлягеры тэрмінам да 30 гадоў. Такім парадкам праца стала прымусовай, і гэтая прымусовасьць пастаноўленая законам. Пасьля выданьня гэтых законаў работнікі і служачыя ня могуць жыць так, як-бы ім хацелася. Паводля гэтых законаў, работнікі сталі бяспраўнымі нявольнікамі і змушаныя бясспрэчна і паслухмяна выконваць усё тое, да чаго іх прымушваюць бальшавіцкія ўлады. А ў выпадку адмовы яны будуць высланыя ў канцлягеры або ў турмы. Для кожнага работніка застаецца малы выбар: ці прымацаваньне да прадпрыемства, ці прымацаваньне да канцэнтрацыйнага лягеру. Праца тут і там прымусовая і бяз права выбару або перамены. З выхадам гэтых законаў канцлягеры і турмы сталі дапаўняцца сотнямі тысяч работнікаў і служачых, якія былі засуджаныя за «прагулы» і парушэньні працоўнай дысцыпліны. Разам з гэтым шмат трапляе ў канцлягеры работнікаў, якія адважыліся выказаць незадаволеньне гэтым законам або крытыкавалі яго. Такія работнікі караюца высылкай у канцлягеры «За действия, направленые против мероприятий советской власти». Міліёны работнікаў і служачых сталі ахвярамі гэтых антырабочых законаў. А тыя, што застаюцца на «волі», мусяць паўгалодныя і выбіваючыся з сілаў выконваць стаханаўскія нормы і абавязкава хваліць савецкую ўладу і мудрую палітыку камуністычнай партыі.

Падам яшчэ некалькі фактаў аб камуністычным «гуманізьме» і бязьмежным сталінскім «клопаце аб чалавеку».

У 1940 г. каля міліёна людзей загінула ў беспатрэбнай і ганебнай агрэсыўнай вайне супроць малой Фінляндыі. Бястэрмінова былі пасаджаныя ў канцэнтрацыйныя лягеры Сібіру ўсе савецкія вайскоўцы, якія трапілі ў часе вайны ў палон да фінаў.

У 1941-42 гадох нездаволеньне і нянавісьць народаў СССР да камуністычнай тыраніі выказалася ў тым, што ад пачатку вайны з немцамі злучэньні чырвонай арміі здаваліся ў палон. Усяго здалося ў палон каля 5 000 000 чалавек, спадзяючыся, што немцы дапамогуць звольніцца ад камуністычнага рэжыму. (Аднак, палонныя памыліліся, і шмат з іх загінула ў нямецкіх палонных і канцэнтрацыйных лягерох.)

У 1943 г. на тэрыторыі Нямеччыны арганізуецца расейская армія з палонных пад кіраўніцтвам гэн. Уласава з мэтаю зьнішчэньня камуністычнага савецкага рэжыму. Аднак нямецкі ўрад не выявіў большага даверу да гэтага мерапрыемства.

У 1945 г., па сканчэньні вайны, пачалася «чыстка» ў чырвонай арміі ды ізаляваньне апазыцыйна настаўленых вайскоўцаў, як афіцэраў, так і жаўнераў, якія пабывалі ў Заходняй Эўропе. Канцэнтрацыйныя лягеры дапаўняюцца вялікай колькасьцяй вайскоўцаў, якія ахвяроўвалі сваё жыцьцё за звальненьне ад нямецкай акупацыі, але сталіся небясьпечнымі для савецкай улады пасьля пазнаньня вольнага і заможнага жыцьця заходняга сьвету.

Масавая адмова вярнуцца на бацькаўшчыну з боку вайсковапалонных і так званых «остаўцаў», вывезеных у часе вайны на працу ў Нямечыну. Адбылася прымусовая і гвалтоўная рэпатрыяція іх, у часе якой многія канчалі самагубствам. Людзі накладалі на сябе рукі, каб толькі не трапіць пад камуністычную ўладу.

Паказаныя факты яскрава сьведчуць аб тым, што народ, прыдушаны камуністычным панаваньнем, ня хоча цягнуць накінутае Крамлём ярмо няволі. Камуністычныя правадары, баючыся волі народу, міліёны сьведамых вынішчылі і міліёны трымаюць у канцэнтрацыйных лягерох, аб якіх будзе гутарка ніжэй.

 

КАНЦЭНТРАЦЫЙНЫЯ ЛЯГЕРЫ Ў СССР

 

Калі пазнаёміцца з картай, выдадзенай АБН (Анты Бальшавіцкі Блёк Народаў), то будзе відаць, што ў СССР пры пачатку вайны існавалі наступныя канцэнтрацыйныя лягеры:

1. Сарокскія лягеры - рабіліся раскопкі мэталю, будаваліся чыгункі, тунэлі, аэрадромы;

2. Северо-Нікольскія лягеры каля Мурманску - выдабываньне нікэлю, алюмінію, медзі;

3. Беламорскія - абслугоўваньне Беламорскага каналу і будова папяровага камбінату;

4. Волгастрой - пабудова каналу Волга-Масква;

5. Анежскія - пабудова чыгунак, прадукцыя цэглы і сельская гаспадарка;

6. Караганда - сельская гаспадарка і пабудова аэрадромаў;

7. Северо-Дзьвінскія - папяровая індустрыя, будова гарадоў (Молатаўск), чыгункі, каналаў і аэрадромаў;

8. Охта-Пячорскія - выдабываньне нафты, цэманту, асфальту, вугалю, радзію і пабудова дарогаў;

9. Луствінскія - вырабляньне цэглы і пабудова дарогаў;

10. Пягорскія - пабудова чыгунак і аэрадромаў;

11. Варкут-строй - пабудова чыгунак, дарогаў, аэрадромаў і выдабываньне вугалю;

12. Северо-чыгуначны лягер - пабудова чыгункі Котлас-Варкута;

13. ОУНШ - пабудова чыгунак;

14. Цемнякоўскія - вялікая канцэнтрацыя для жанчын (Поцьма, гаспадарка і ручныя вырабы);

15. Самарскія - фабрыкі вайсковай індустрыі, пабудова гораду Бязымянка, пабудова падземных аэрадромаў;

16. Особ-строй - пабудова фабрык вайсковай індустрыі;

17. Южныя лягеры на Каўказе - пабудова стратэгічнай чыгункі Ленкаран-Саляны, пабудова аэрадромаў і матар'ялаў на фартыфікацыю;

18. Вяцкія - пабудова аэрадромаў і чыгунак;

19. Усольскія - будова дарогаў;

20. Северо-Уральскія - выдабываньне чыгуну, лёгкіх і цяжкіх мэталаў, заводы для будовы самалётаў і аэрадромаў;

21. Дальлаг - будова чыгунак;

22. Табольскія - выдабываньне вугальля і мэталяў;

23. Сібірскія - выдабываньне чыгуну і пабудова дарогаў;

24. Томскія - пабудова дарогаў і лесанарыхтоўкі;

25. Нарымскія - выдабываньне вугальля і пабудова чыгункі;

26. Южна-сібірскія - пабудова чыгунак;

27. Даль-строй - лягеры з вельмі цяжкімі ўмовамі для палітычных вязьняў, якія засуджаныя на доўгія тэрміны;

28. Бур-лаг - пабудова і фартыфікацыяў;

29. Ніжня-Амурскія - пабудова аэрадромаў і вайсковых складаў;

30. Далёка-Ўсходнія - пабудова гораду Камсамольску;

31. Якутскія,

32. Северо-Восточные,

33. Чукотка,

34. Камчатка,

35. Сахалін - выдабываньне золата, плаціны, пабудова дарогаў, аэрадромаў, лаўленьне і кансэрвацыя рыбы;

36. Новая Зямля - выдабываньне вугальля і лаўленьне рыбы;

37. Краснаярскія - выдабываньне вугальля і пабудова чыгунак.

На Сібіры ёсьць яшчэ дзьве зоны з канцлягерамі; што там робіцца нікому невядома, бо цывільнае насельніцтва і паляўнічыя туды не дапушчаюцца; зоны гэтыя моцна ахоўваюцца НКВД. Да карты канцлягероў маюцца наступныя заўвагі:

Эканамічныя посьпехі Савецкай Расеі залежаць, у першую чаргу, ад багатых рэсурсаў сыравінных матар'ялаў і, галоўнае, ад працы міліёнаў засуджаных нявольнікаў, якія працуюць увесь час у т.зв. канцэнтрацыйных лягерох.

Шырака распаўсюджаная арганізацыя гэтых лягероў падзяляе Расею на пэўны лік лягерных сыстэмаў, межы якіх часта супадаюць з адміністрацыйнымі акругамі. Вышэйшым органам улады для лягероў зьяўляецца ГУЛАГ (Главное Управление Лагерей) у Маскве. Гэтая сыстэма пад кіраўніцтвам ГУЛАГа разьделена на акругі, а апошнія - на розныя пункты і г.д. Усе ступені гэтай арганізацыі - «дзяржавы ў дзяржаве» - маюць розныя эканамічныя заданьні. Харчаваньне і вопратка нявольнікаў залежаць ад выкананай колькасьці і адсоткавасьці дзённай нармаванай працы.

Ахову гэтых зьняволеных нясе сэкцыя нутраной арміі НКВД (раней ГПУ) і крымінальныя злачынцы.

Гэта карта, па якой складзены сьпіс канцлягероў, была апрацаваная на падставе арыгінальных савецкіх дакумэнтаў і пісьмовых сьцьверджаньняў ад былых засуджаных, прабываючых у гадох 1939-42 у гэтых «папраўчых» лягерох. Зьверху гэтай карты пададзеныя фатаграфіі загалоўкаў савецкіх дакумэнтаў, лягернай адміністрацыі, а пад картаю паказаная схэма арганізацыі. Карта ня была поўнасьцю вычэрпываючай. Яна зроблена на аснове толькі часткі сабраных матар'ялаў. На ёй няма ўсіх лягероў, якія ня ўключаныя ў спэцыяльную сыстэму і раскіданыя па савецкай Украіне, Беларусі, Каўказе і рэспубліках цэнтральнай Азыі. Напр.: тут прапушчана Масква, дзе маецца некалькі працоўных лягероў. Не нанесеныя на карту чыгункі, якія ідуць на паўдзённы ўсход ад Тайшэту, усходняй раўналежнай лініі з чыгункай Іркуцк-Чыта-Ўладывасток, а таксама не паказаныя і паўночныя чыгункі, якія будуюцца і зьзязваюць Мурманск з Бэрынгавай пратокай.

Апрача гэтага, маюцца канцлягеры т.зв. поўнай ізаляцыі, без права перапіскі і без ніякай сувязі з вонкавым сьветам. Там трымаюць каля міліёна чалавек найбольш небясьпечных «палітычных злачынцаў». Вязьні гэтыя выкарыстоўваюцца на асабліва цяжкіх і сакрэтных пабудовах. Павароту адтуль нікому няма. У часе вайны і пазьней, у канцэнтрацыйных лягерох зьявілася новая катэгорыя вязьняў, т.зв. «Заходнікі». Да гэтай катэгорыі залічаныя людзі, «звольненыя» ад польскіх паноў у заходняй Беларусі і Ўкраіне, з Летувы, Латвіі і Эстоніі. Туды трапілі ўсе рэпатрыяваныя «остаўцы» - работнікі, вывезеныя немцамі ў часе вайны на работы, былыя ваеннапалонныя ў Нямеччыне і іншыя. Разам, паводля няпоўных дадзеных, у савецкім «раю» пастаянна ўтрымліваецца 17-18 міліёнаў нявольнікаў. Канвэер НКВД сыстэматычна запаўняе зьвольненыя мейсцы па хутка выміраючых, гінучых і мардаваных ахвярах канцлягероў.

 

КАМУНІЗМ ТРЭБА ВЫВУЧАЦЬ

 

Калі дзе-небудзь зьяўляецца заразная для арганізмаў хвароба, то раней, як пачынаць весьці з ёй адпаведную барацьбу, звычайна стараюцца яе вывучыць і тады ўжо стасуюць належныя прафілактычныя мерапрыемствы.

Камунізм падобна гэтаму ёсьць заразная грамадзкая хвароба і то вельмі небясьпечная. Нідзе і ніколі ані адна хвароба ня вынішчыла столькі людзей, сколькі вынішчана камунізмам. Заразу гэту, як вядома, прывезла кучка людзей - інтэрнацыяналістых, у заплёмбаваным вагоне, як: Ульянаў-Ленін, Бронштэін-Троцкі і ім падобныя. Хвароба гэта ахапіла ня толькі Расею з паняволенымі ёю народамі, але перакінулася і ў іншыя часткі сьвету ды ахапіла Польшчу, Летуву, Латвію, Эстонію, Румынію, Баўгарыю, Вугоршчыну, усходнюю Нямеччыну, Кітай, частку Карэі і г.д. Няма такой краіны на сьвеце, куды-б ня былі закіданыя сыстэматычна мікробы камуністычнай заразы.

Дзеля пасьпяховай і рашучай барацьбы з камунізмам яго трэба вывучаць і то ня толькі паводля тэорыяў Маркса, Энгэльса, Леніна і Сталіна, а ў першую чаргу паводля практычнай дзейнасьці камуністых, тады можна будзе пазнаць і зразумець прычыны, чаму камуністычная зараза так распаўсюджваецца і трымаецца. Як вядома, галоўнымі лёзунгамі ў камуністых пры захопе імі ўлады былі: «Зямля - сялянам, фабрыкі - работнікам, далоў турмы, далоў пагоны і г.д.»

Даверыўшыся гэтым абяцанкам, сялянства і работнікі пайшлі за імі, але што пасьля атрымалі? Найгоршую эксплёатацыю, няволю і тэрор. Вось гэта і трэба ведаць кожнаму, вывучаючаму камунізм. Тое самае чакае іншыя народы, дзе камуністычныя мікробы ўжо закінутыя, і іх агэнты стараюцца абдурыць народ так, як абдурылі ў Расейскай Імпэрыі і іншых краінах.

1) Заместа абяцанкі «Зямля сялянам» ад сялянства адабралі і тыя дробныя надзелы, што яны мелі, разам з усей маёмасьцю, загналі ў прыгонныя калгасы і змусілі працаваць, як безпраўную жывёлу. Адным словам, камуністыя завялі такі прыгон, якога яшчэ сьвет ня бачыў, а ў дадатак яшчэ замацавалі яго «законам» аб ахове сацыялістычнай маёмасьці, па якому селянін, калі выкапае на калгасным полі 1 кгр. бульбы альбо возьме качан капусты, то высылаецца ў канцэнтрацыйны лягер на 10 год, а былі выпадкі, што і расстрэльваецца.

2) Заместа абяцанкі «Фабрыкі работнікам» работнікі атрымалі закон «о прикреплении к производству, о прогулах и опозданиях», па якому гэтыя «гаспадары прадпрыемстваў» за спазьненьне на працу высылаюцца ў канцлягеры. Калі што-небудзь у часе працы сапсуецца, то па закону «о вредительстве» падозраны работнік таксама трапляе ў канцлягеры. І так нявольніцкая праца для працоўных узаконеная ў СССР.

3) Замест лёзунгу «Далоў турмы» ў дадатак да царскіх турмаў у кожным горадзе і паветавым мястечку пры аддзелах НКВД пабудаваныя новыя турмы.

4) Калі ў царскіх турмах у 1912 г. па ўсёй Расейскай Імпэрыі было 32 000 вязьняў, то пры камуністычнай уладзе, паводля дадзеных з 1941 г., у канцэнтрацыйных лягерох было ўвязьнена каля 18 000 000 чалавек. У камуністычным «раю» для ліку вязьняў і канцлягероў няма канца, бо пасьля 2-ой Сусьветнай вайны зьявіліся новыя канцлягеры і напоўніліся турмы па ўсіх тых далейшых краінах, над якімі засьвяціла крывавае «сонца Сталінскай канстытуцыі».

5) Вынікі камуністычных зладзеяньняў, зьнішчэньняў і забойстваў сярод народаў можна бачыць па адшуканых магілах у Віньніцы, Катыне, Краснадары, Сталіне, Жытоміры, Адэсе, Вялейцы, Глыбокім і ў іншых мяйсцох. У аднэй толькі Віньніцы пры раскопах на мейсцы расстрэлаў налічана каля 12 000 трупаў. У катыні - каля 14 000 таксама. Усюды, дзе толькі ўдалося раскапаць магілы, усім ахвярам былі зьвязаныя рукі, і яны страляліся ззаду ў патыліцу. У кожным горадзе і мейсцы, дзе толькі ёсьць аддзелы НКВД, бязумоўна, маюцца магілы з тысячамі іхніх ахвяроў, расстраляных у патыліцу.

Зразумелая рэч, чаму народ не называе і ня лічыць камуністычную партыю за палітычную партыю, а завець яе камуністычнай бандай і кожнага камуністага паасобку завуць бандытам.

Што гэта не палітычная партыя, а крымінальная банда, з гэтым трэба згадзіцца поўнасьцю. Усё кіраўніцтва, дысцыпліна і дзейнасьць, пабудованая на тэроры і мардаваньні, пачынаючы згары ад Крамля і канчаючы прыдушаным народам.

Калі ў часе барацьбы «правадыроў» паміж сабой у Крамлі былі зьнішчаныя такія «лідэры», як: Зіноўеў, Бухарін, Каменеў, Сакольнікаў, Кресьцінскі, Рыкоў, Троцкі, Тухачэўскі Карахан, Крыленка, Ягода, Яжоў, Бэрыя, Радэк, Ягораў, Блюхер і шмат іншых, дык што тады можна казаць аб нішчэньні падуладнага гэтай бандзе народу?

Законы выдаюцца камуністычнай уладай дзеля таго, каб стварыць шырму для беззаконнасьці. Па камуністычных законах рэпрэсуюцца ня толькі сям'я і сваякі арыштаванага, але яго знаёмыя і тыя, хто з імі разам працаваў на прадпрыемсьцьве. Аб гэтым сьведчыць уцяканьне з СССР нават адказных працаўнікоў НКВД, якія нямала зьнішчылі людзей, выслугоўваючыся крамлёўскім злачынцам. Жылося ім там, безумоўна, добра. Яны спакойна мардавалі народ і далей мардавалі-б, але калі трапіў пад кулю іх «гаспадар» Берыя, то яго прыслужнікі бягуць цяпер на захад, ратуючы сваё жыцьцё.

Калі ў вольнай дэмакратычнай краіне, здараецца дзе-небудзь рабунак альбо забойства, то паклікаецца паліцыя, і ўлады імкнуцца злавіць забойцу і пакараць. Там, у камуністычным «раю» СССР, паводля сваіх сацыялістычных законаў ужываючы назовы: «раскулачивание, изъятие, ликвидация», рабуюць адчынена камуністычныя ўлады. Забойствамі займаецца палітычная паліцыя (НКВД), страляючы ў патыліцу, і не аднаго-двух, а дзесяткамі тысяч людзей без усякага прысуду. Хаця савецкія ўлады і мяняюць часта назовы сваёй палітычнай паліцыі: ЧК, ГПУ, НКВД, МВД, але дзейнасьць яе застаецца тая самая - адчыненыя масавыя катаваньні і забойствы нявінных людзей.

У СССР шукаць бандытаў і забойцаў ня трэба. Народ ведае, дзе яны сядзяць. І таму, баючыся народу, яны езьдзяць у бранявых машынах.

Вось з якога боку трэба вывучаць камунізм, дапаўняючы тэорыі Маркса-Энгельса, Леніна-Сталіна бальшавіцкай практыкай, і бараніцца ад гэтай заразы ўсімі даступнымі сродкамі, пакуль не позна.


1959-1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Пётра Палягошка. Успаміны. Ню-Ёрк, ЗША, 1968.
Крыніца: скан