epub
 
падключыць
слоўнікі

Пётра Садоўскі

Прадмова да зборніка Барыса Жанчака "Жменя насення"

…Ў самым цэнтры сьвету Думкай набрыняў…
На каго падобны Барыс Жанчак?
Складаны просты паэт
Бясконцы акрэслены паэт
Шлях да нябачнага хрысьціянскага Бога
Над чыстымі гарадамі і вёскамі ў чыстай траве
Чысты і нягучны патрыятызм
Чытанне для стрыманых мужчын
Чаму Барыс Жанчак ня можа не пісаць?


 

 

ПРАДМОВА

Барыс Жанчак "ЖМЕНЯ НАСЕНЬНЯ"

 

 

…Ў самым цэнтры сьвету Думкай набрыняў…

 

Гэта радок зь верша Барыса Жанчака. Словы пра свайго паэтычнага alter ego. У розных кропках Зямлі і ў розны час пра паэтаў і паэзію казалі нешта накшталт: тыя, што ўглядаюцца ў траву і неба. Помніце, у Янкі Брыля – “глядзіце на траву”. Гэта і пра вершы гэтай кніжкі.

 

Углядацца ў траву і неба цяжка. Асабліва ў наш час. Ідзе ў галаву, што паэт або эпігон або какетка. Але ня гэтым разам. Усякая простая праўда банальная: Барыс Жанчак жыве ў сваіх словах, радках, вершах. Ягоныя пачуцьці і думкі разьлітыя ў прадметах навакольля, гуках, пахах, рухах, відзяжах аж да самага неба.

 

І вышэй за неба. Пра кожную ягоную “звычайную” страфу ці хокупадобную карацельку можна пісаць эсэ. Але ж ці словам акрэсліш тое, што адчуваеш, чуеш, бачыш, ведаеш? Хіба толькі музыкай, жывапісам, рухам… Гэтыя вершы трэба нетаропка чытаць, яны нетаропка пісаныя. Яны несучасна-сучасныя.

 

 

На каго падобны Барыс Жанчак?

 

Я маю месца, якое ніхто ня зойме,-- кажа ён. Але, каб “наблізіцца” да паэтыч- нага alter ego аўтара, добра было б “наблізіцца” да: Рыльке (раньняга і позьняга), хоку, Алеся Разанава, Арсенія Таркоўскага (чалавек), Пушкіна і Багдановіча (яны ў прыродзе), Лермантава (я і зоркі), першых радкоў хрэстаматыйнай казані Кірылы Тураўскага, карцінаў Чурлёніса, Рэрыха, ілюстрацыяў Красаўскаса да “Чалавека” Межалайціса, музыкі Дэбюсі і нават Антона фон Вэберна, уявіць сабе кітайскі іерогліф, што абазначае Чалавека… І ўсё гэта пад скрыпку і арган.

 

Натуральна, гэта мае асацыяцыі, мой шлях. Але ня варта нават неспрактыкаванаму чытачу Паэзіі баяцца. У Барыса Жанчака верад тонкі ад незавершанага верша перацякае ў ёмкі выраз

 

 

Складаны просты паэт

 

Вершы не абгрувашчаныя культурна-цывілізацыйнымі алюзіямі ці непасрэд- нымі ўзгадкамі. Хіба што: кентаўр, скіфскі грабянец, зьмяя-спакусьніца, ньютонаў яблык, дыснейленд ды беларускія Нарач і Ўшача, Барысаў і Слуцак

 

 

Бясконцы акрэслены паэт

 

Сам пра сваё: Талент – тое сузіраньне, сузіраньне – тое акрэсьленасьць, акрэсьле- насьць – тое асэнсаваньне, асэнсаваньне – тое адзінота, адзінота – тое ўсё… Гётэ ў свой час напісаў: Wer Grosses will muss sich zusammenraffen.In der Beschrдnkung zeigt sich erst der meister. (Хто хоча дасягнуць вялікага, павінен – спахапіўшыся --сабрацца. Толькі ў самаабмежаванасьці праяўляецца майстар).

 

 

Шлях да нябачнага хрысьціянскага Бога

 

Хрысьціянскі Бог мае (царкоўнае) аблічча. Аўтараў шукальнік Бога шукае не аблічча, а Божую сутнасьць праз Слова, шукае свой рэй і вырай. Ягоны пантэізм раьліваецца ад адзінокай чараціны да пякучых зорак. Слова Бог у вершах Барыса Жанчака хочацца пісаць як у царкоўна-славянскай ці арабскай (з цітлай і без галоснай, толькі семантыку-бясконцасьць):

 

Бг, БГ…Паводле тэорыі навышняй наканаванасці імя і прозвішча Чалавека хочацца запісаць ініцыялы Барыса Жанчака: БЖ (=БоЖа). Ён шукае Бога, укленчыўшы, звяртаецца да Яго: Божа, пакуль я стаю перад БОЛЬШЫМ, я маю працяг… Паэт не зборная (“не-соборная”, не-уцаркоўленая) істота. Ён сам-на-сам са сваім Богам. Не я сярод людзей – яны вакол мяне… Як у Відзежы Яна, паэта прычакае час, калі Імгненьне спыніцца і Ён (сам) спалучыць бязмежныя шаты, каб сілу ад неба прыймаць, калі мы станем ЯСНАЙ часткай Свету.

 

 

Над чыстымі гарадамі і вёскамі ў чыстай траве

 

у бездані чыстай крыштальнай…ляціць чалавек распрастаны… Не над гарадскімі смуроднымі акрайцамі… Як шчасьлівы стомлены араты адпачывае ў траве ды слухае тонкі і чысты сьпеў-шоргат цвыркуноў. Ды і гарадскі вусень-трамвай, атулены “правільнымі” рэйкамі (рэй-вырай) можа заўсёды павярнуць у добрым накірунку. Сам паэтычны герой ідзе да запаветнай мары, мякка адхінаючы камароў, трыпутнік абмінаючы на сьцяжынцы

 

 

Чысты і нягучны патрыятызм

 

Паэт пасылае сваё Эвангелле землякам: Я пасылаю прывітаньне народу, што ня мае сьлёз з нагоды слуцкага паўстаньня… Я проста бескарысны чалавек: дабра і зла раблю занадта мала… Мяне ў хаўрус ня возьмуць змагары: не разбуру, ня зьвергну, не прыстукну

 

 

Чытанне для стрыманых мужчын

 

Для жанчыны як да правадзейнай асобы у паэтычных пошуках адведзена на- лежнае месца і час: жаданьне злучэньня і немагчымасьць адзінства. Жанчына і су- зіральнасьць несумяшчальныя. А паэтачалавек-мужчына ляціць стрымана-распра- стана над нязьведанай безданьню вечнага, зусім як мужчына-абстынент у фрэйдаў- скіх снах-тлумачэньнях.

 

 

Чаму Барыс Жанчак ня можа не пісаць?

 

Бо трымае нетаропкую справаздачу перад Бацькам, які цяпер разліты па ўсім сьвеце. А паэт на паўшляху ці болей свайго веку у самым цэнтры сьвету думкай набрыняў. А Паэзія ж блукае недзе спаміж нас… Так што толькі трэба сузіральна супыніцца, засяродзіцца і акрэсліўшыся задзіночыцца: раптам недзе паблізу думка мільгане.

 

Жадаю кожнаму чытачу вершаў прайсці сваім шляхам і наблізіцца да гэтага вельмі беларускага паэта. І ўсё добрае застанецца з вамі. Бо сапраўдная паэзія гэта тое, што спадае на вас, калі зьнікаюць словы.

 

 

Пётра Садоўскі: беларус, філёлаг, удзячны чытач,

які ўжо прайшоў свой шлях да паэта

БЖ і просіць прабачэньня за свае

занудлівыя разважаньні

 


2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс