epub
 
падключыць
слоўнікі

Пітэр Джойс

Цікі

Раздзел першы. Цікі пакідае родную вёску
Раздзел другі. Гарыла Чыколве
Раздзел трэці. Юны воін
Раздзел чацверты. Аленяня Дзік-Дзік
Раздзел пяты. Лясны пажар
Раздзел шосты. Нашэсце бабуінаў
Раздзел сёмы. Разгром браканьераў
Раздзел восьмы. Выратаванне слана
Раздзел дзевяты. Канец падарожжа


Раздзел першы. Цікі пакідае родную вёску

 

- Я самы шчаслівы хлопчык у Афрыцы, - радасна сказаў сам сабе Цікі, - таму што заўтра пачынаюцца мае вялікія прыгоды.

Хлопчыка вельмі хвалявала думка аб падарожжы, якое чакала яго, і аб усім новым, што ён убачыць.

Але калі Цікі акінуў позіркам маленькую, залітую сонцам афрыканскую вёсачку, дзе ён пражыў усе свае адзінаццаць гадоў, да пачуцця радасці прымяшаўся смутак. Давядзецца развітацца з многім, што ён любіў.

А пачалося ўсё на мінулым тыдні, у той дзень, калі Кафундзі, іх школьны настаўнік, атрымаў ліст з Вялікага Горада.

Вядома, усе адразу ж даведаліся пра гэтую падзею, бо да іх рэдка прыходзілі пісьмы, а калі хто іх атрымліваў - уся вёска ходырам хадзіла.

- Я павінен прачытаць ліст у цішыні, - важна прамовіў Кафундзі, - і каб ніхто мне не перашкаджаў, - дадаў ён і з пісьмом у руцэ накіраваўся ў пустое школьнае памяшканне.

Але неўзабаве вакол школы ўсё ж сабраўся невялікі натоўп: старыя мужчыны, жанчыны, некалькі дзяцей. Усё астатняе насельніцтва вёскі пайшло ў поле сеяць маіс.

Сонца ў той дзень пякло неміласэрна, але людзі моўчкі чакалі, калі зноў з'явіцца Кафундзі. Ім дужа карцела даведацца, пра што пішацца ў лісце.

Праз даволі доўгі час са школы выйшаў Кафундзі.

Ён абвёў уважлівым позіркам натоўп, зняў акуляры, потым надзеў іх і паглядзеў на пісьмо, якое трымаў у руцэ.

- Пра што там пішуць? - пачуўся нецярплівы голас.

Кафундзі зноў зняў акуляры і адкашляўся.

- Гэты ліст, - абвясціў ён, - прыслаў нам дырэктар Сярэдняй Школы, што непадалёку ад Вялікага Горада. У ім пішацца пра таго, каго вы ўсе ведаеце. Імя яго - Цікі.

Натоўп усхвалявана загуў. Якая справа такому паважанаму чалавеку, што жыве недзе вельмі далёка, да маленькага вясковага хлапчука Цікі?

Кафундзі глядзеў на людзей, не хаваючы свайго задавальнення, што выклікаў такое хваляванне незвычайнай навіной.

- У лісце гаворыцца, - сказаў ён далей, калі шум сціх, - што Цікі паказаў выдатныя поспехі ў вучобе, і таму павінен паступіць у Сярэднюю Школу. Там ён шмат чаму навучыцца, зробіцца вучоным і мудрым чалавекам, і вёска будзе ганарыцца ім...

Людзі запляскалі ў далоні і, гучна размаўляючы, падаліся дадому.

Калі Цікі даведаўся пра навіну, яго захліснула вялікая радасць. Да таго ж, ён ганарыўся, што з такой колькасці вучняў менавіта яго пасылаюць вучыцца ў Сярэднюю Школу.

Ён не мог дачакацца, пакуль вернуцца з поля бацька і маці, і з усіх ног кінуўся бегчы праз лес да ракі. На другім беразе ракі раскінуліся маісавыя палі. Хлопчык перабег цераз драўляны мосцік і хутка знайшоў сваіх бацькоў, якія старанна працавалі матыкамі.

- Мамачка! Тата! - закрычаў Цікі. - Цудоўная навіна! - І, захліпаючыся ад хвалявання, расказаў пра пісьмо.

Калі ён змоўк, маці радасна засмяялася, а на твары бацькі заззяла гордасць.

Але раптам бацька насупіў бровы.

- Тое, што ты расказаў, вядома, прыемна, - сказаў ён. - Але як ты дабярэшся да той школы, што ля самага Горада? Нам нельга адлучацца - трэба працаваць на полі, а то ў наступным годзе нічога не вырасце. Мы не можам павесці цябе.

- Я сам пайду, адзін, - запярэчыў Цікі. - Я дужы. Пайду проста насустрач узыходзячаму сонцу і хутка дабяруся.

- Сын мой, - усміхнуўся бацька, - нават дарослы чалавек добра падумае, перш чым падацца ў такое падарожжа. Ісці туды сем дзён праз лес і хмызняковы гушчар. Трэба перабірацца цераз безліч крутых узгоркаў, пераходзіць уброд імклівыя рэчкі...

- Мне нікога не трэба, - не здаваўся Цікі. - Я смелы. Усё гэта я магу зрабіць.

- А яшчэ, - гаварыў далей бацька, - уся мясцовасць кішма кішыць дзікімі звярамі. Я ведаю, ты хлопчык смелы, але не такі дужы, каб змагацца з леапардам Імбвіле, львом Нкаламам ці сланом Нсофу. Не, трэба прыдумаць што-небудзь іншае.

На душу Цікі нібы камень лёг. Значыць, ён не зможа хадзіць у школу. Давядзецца застацца ў вёсцы, магчыма, назаўсёды. Ён павярнуўся, каб ісці.

- Цікі, - лагодна сказаў бацька. - Мы знойдзем выйсце, не хвалюйся. Пойдзем да правадыра. Ён дасць параду. Сёння ж увечары пойдзем.

Вечарам, пасля захаду сонца, правадыр і яго дарадцы прымасціліся каля агню.

Цікі з бацькам прыселі на кукішках непадалёку. Ім дазвалялася слухаць, але ўдзельнічаць у нарадзе і гаварыць забаранялася.

Святло вогнішча мігцела на тварах людзей, калі яны абдумвалі пытанне. А там, у лесе, гучна квакалі жабы і стракаталі мільёны цвыркуноў.

Цікі ўважліва глядзеў на правадыра і яго дарадцаў.

«Прыдумайце што-небудзь!» - шаптаў ён.

Нарэшце слова ўзяў старэйшы дарадца.

- Зараз пара сяўбы, - прамовіў ён. - Нікога нельга адпускаць.

- Аднак, - запярэчыў маленькі тоўсты чалавечак, - Цікі павінен ісці. З гэтым мы ўсе згодны.

- Каго ж паслаць? - запытаў старэйшы.

Запанавала цішыня.

Тады загаварыў правадыр:

- Чаму б нам не паслаць Мафуту?

Дарадцы аж раты паразяўлялі ад здзіўлення. Высокі і мажны Мафута, з твару якога ніколі не сыходзіла ўсмешка, быў вядомы вясковы гультай. Нават дзеці за гэта не паважалі яго.

- Мафута - найгоршы з усіх, каго можна паслаць, - абурыўся высокі хударлявы дарадца.

- Ён найвялікшы гультай ва ўсёй вёсцы, - згадзіўся таўстун.

- Ад яго ніякай карысці. Спіць сабе толькі цэлымі днямі на сонцы - абібок.

- І расказвае ўсялякія казкі і байкі.

- І іграе на чарацянай дудцы.

- Так, - прамовіў старэйшы дарадца. - Ён, можа, і найлепшы казачнік ва ўсёй Афрыцы, умее выводзіць на сваёй дудцы самыя цудоўныя мелодыі, але гэта ўсё, на што ён здатны. Нельга даверыць яму клопаты аб Цікі ў час такога небяспечнага падарожжа.

Правадыр паволі паківаў галавой і сказаў:

- Я згодзен з усім, што тут гаварылася. Мафута гультай, і ад яго мала карысці. Можа, праўда і тое, што яму нельга давяраць хлопчыка ў час такога цяжкага падарожжа. Але скажыце: ён дурань?

- Не, - адказаў тоўсты дарадца. - Ён, можа, і гультай, але чалавек разумны.

- Ён слабасільны? - пытаў правадыр.

- Не, - адказаў высокі дарадца. - Можа, у яго і таўставаты жывот, але ж у яго шырокія плечы. Ён дужы, як пара валоў.

- Тады, можа, ён ліхадзей які? - дапытваўся правадыр.

- Вядома, не ліхадзей, - у адзін голас запярэчылі ўсе. - Мы можам не паважаць яго, але любім усе. Ён прымушае нас смяяцца, а расказы яго заўсёды хвалююць. Не, чалавек ён добры.

- Значыць, вырашана, - закончыў правадыр. - Пойдзе Мафута. Ён будзе ўвесь час забаўляць Цікі сваёй дудкай і казкамі. Яго сіла і розум абароняць хлопчыка.

Дарадцы ў знак згоды па чарзе паківалі галовамі.

- Да таго ж, - сказаў высокі дарадца, - яго адсутнасць у вёсцы прынясе карысць, асабліва цяпер, калі настала самая гарачая пара - сяўба. Калі сяляне працуюць у полі, яны стараюцца і Мафуту прымусіць што-небудзь рабіць, але ён толькі абапрэцца на сваю матыку і расказвае людзям розныя цікавыя гісторыі. І некаторыя кідаюць работу і слухаюць яго.

- А іншы раз, - дадаў тоўсты дарадца, - ён пачынае іграць на дудцы, і сяляне ідуць у скокі пасярод поля.

- Правільна, - згадзіўся правадыр. - Без Мафуты сяўба пойдзе спарней і дружней.

Такім чынам, Мафуце выпала ісці з Цікі.

Дарадцы абмяняліся ўсмешкамі, задаволеныя сваім рашэннем.

Цікі з палёгкай уздыхнуў і, усміхаючыся, павярнуўся да бацькі:

- Значыць, я пайду - так, тата?

- Так, - таксама ўсміхнуўся бацька. - Ты пойдзеш у школу.

- Ты задаволены рашэннем савета? Значыць, ты давяраеш Мафуце?

- Я Мафуце веру, сынок. Не забудзь, мы ведаем адзін аднаго з маленства.

- Я вельмі рады, тата.

- Пайдзі пашукай Мафуту. Раскажы яму пра рашэнне, - сказаў бацька.

Цікі пабег да хаціны Мафуты. Перад хацінай ярка гарэла вогнішча. Мафута сядзеў ля яго на кукішках і назіраў, як у вялікім гаршчку гатуецца маісавая каша. Побач стаяла талерка з вельмі смачнай на выгляд прыправай.

Мафута ўзняў вочы, і твар яго расплыўся гасціннай усмешкай - ён любіў кампанію.

- Прывітанне, малыш Цікі! - грымнуў ён басам. - Ты прыйшоў падзяліць са мной вячэру? Здаецца, на двух хопіць. Сядай вось тут, ля агню.

- Не, - адказаў Цікі. - Я прыйшоў вам нешта сказаць.

І, страшэнна хвалюючыся, хлопчык расказаў Мафуце пра іх будучае падарожжа.

- Вы не адмовіцеся, праўда, Мафута? - спытаў ён пад канец. - Пойдзеце са мной?

Мафута на момант задумаўся. Цікі трывожна пазіраў на яго.

- Добра, - нарэшце сказаў Мафута. - Я з табой пайду. Гэта будзе добры адпачынак пасля той цяжкай працы, якую даводзілася рабіць у полі.

Такім чынам, усё ўладзілася. Цяпер засталося толькі падрыхтавацца да падарожжа.

У кожнага для Цікі знайшлася парада.

Маці папярэдзіла яго, каб цёпла ўкрываўся халоднымі начамі ў лясным гушчары.

Бацька сказаў, каб ён асцерагаўся дзікіх звяроў і не сыходзіў са сцежак.

Кафундзі, школьны настаўнік, адвёў яго ўбок і расказаў, як трэба паводзіць сябе ў школе.

Правадыр паклікаў Цікі да сябе ў крааль і расказаў пра ўзгоркі і рэчкі, што ляжаць на ягоным шляху.

Усе сябры Цікі радаваліся за яго.

- Ты шчасліўчык, - тужліва прамовіў Муленга. - Убачыш мноства новых і цікавых рэчаў...

- І да таго ж, - з лёгкай зайздрасцю дадаў Мвапе, - цэлыя сем дзён ты будзеш ісці разам з самым цудоўным казачнікам ва ўсёй Афрыцы! Ты сапраўды шчаслівы чалавек!

Нарэшце настаў вялікі дзень. Сонца ўзыходзіла ў чыстым бязвоблачным небе, дзьмуў лёгкі прыемны ветрык, і нават птушкі весела спявалі, быццам і іх захапіла агульная ўрачыстасць.

У маці Цікі твар быў сумнаваты. Яна пацалавала сына і дала яму неабходныя для падарожжа рэчы: тоўстую чырвоную коўдру, каб было цёпла ўначы, зробленую з гарбуза бутэльку з вадой, скураны мяшок з маісавай мукой і тры мангавыя плады, каб было чым асвяжыцца, калі надта прыпячэ сонца.

Бацька з гордасцю паціснуў сыну руку і даў паляўнічы нож, што некалі належаў дзеду, і талісман з леапардавага зуба, які трэба было насіць на шыі.

- Беражы нож, - сказаў бацька. - Нож добры. Чысці яго і вастры, і ён паслужыць табе, як служыў твайму дзеду, які быў вялікім воінам. Зуб леапарда Імбвіле засцеражэ цябе ад бяды. Ніколі не здымай яго з шыі.

Цікі развітаўся з правадыром, з настаўнікам Кафундзі і са сваімі сябрукамі.

Потым абняў маці і бацьку.

Усё было гатова.

Не было толькі Мафуты, казачніка. Ён некуды знік!

У вёсцы ўзнялася трывога. З самага ранку ніхто і ў вочы не бачыў Мафуту.

Усе кінуліся на пошукі. Зазіралі ва ўсе хаціны, аглядзелі ўсе дрэвы вакол вёскі - нідзе ніякага следу!

Час ішоў, а Мафута не з'яўляўся.

- Казаў жа я вам, - сказаў старэйшы дарадца правадыра. - Абібоку давяраць нельга.

Нарэшце, амаль апоўдні, жыхары вёскі пачулі далёкія гукі музыкі. Недзе каля ракі спявала чарацяная дудка.

- Гэта Мафута! - крыкнуў нехта. - Бяжым да рэчкі!

І ўсе - мужчыны, жанчыны, дзеці і нават вясковыя сабакі - кінуліся па сцежцы, што вяла да ракі.

Неўзабаве ўбачылі Мафуту - ён разлёгся на ўвесь рост у засені вялізнага бананавага дрэва. Вочы яго былі прыплюшчаны, галава ляжала на кучы бананавага лісця, і выгляд у яго быў самы шчаслівы.

Без усялякай цырымоніі яго паднялі з зямлі...

Нарэшце Цікі з Мафутам выбраліся ісці.

Вяскоўцы акружылі іх цесным колам, і, калі сонца пачало апускацца, кожны - дарослыя і малыя - паціснуў ім рукі і пажадаў шчаслівай дарогі.

Натоўп расступіўся, каб даць ім прайсці, і Цікі з Мафутам рушылі ў дарогу.

 

Раздзел другі. Гарыла Чыколве

 

Той ноччу Цікі з Мафутам спыніліся на начлег на беразе маленькай рачулкі, што вілася праз лес.

Яна весела цурчала паміж ярка-зялёнымі бамбукавымі гаямі.

Селі вячэраць. Вогнішча ярка гарэла, а над галавой у чыстым небе зіхацелі зоркі. За светлым кругам ад іхняга агню ўзвышаўся цёмны, таямнічы лес. Спявалі цвыркуны, у чароце румкалі жабы, і час ад часу па лесе рэхам пракочваўся рык драпежнага звера, што выйшаў на паляванне.

Цікі праглынуў апошні кавалак манга і аблізаў пальцы.

- Мафута, - сказаў ён, - раскажы мне перад сном казку, добра?

Мафута ўсміхнуўся.

- Добра, - адказаў ён і задумаўся.

Праз нейкі час ён спытаў:

- Ты чуў што-небудзь пра Адзінокага Гарылу?

- Не, Мафута. Гэтай казкі я не чуў. Раскажы, калі ласка, - адказаў хлопчык, бліжэй падсунуўся да агню і захутаўся ў коўдру.

- Дык вось, - пачаў Мафута, - гарыла Чыколве жыў у самым гушчары цёмна-зялёнага лесу пад баньянавым дрэвам, у гняздзе, якое зрабіў з вецця, лісця і пучкоў доўгай травы.

Гарыла жыў зусім адзін, таму што быў такі пачварны, што нават агідныя дзікі-бародавачнікі не хацелі з ім знацца.

У гарылы былі кароткія крывыя ногі і доўгія валасатыя рукі, такія дужыя, што маглі пераламаць напалам ствол дрэва. Твар быў нейкі смешны, расплясканы, і на ім гарэлі вялікія чорныя журботныя вочы.

Чыколве быў вельмі непрыгожы і зусім адзінокі.

У яго, праўда, быў адзін сябар - адзіны ў свеце: Соса, нектарніца. Але птушка была такая малюсенькая, што яе можна было не лічыць.

- Соса, - аднойчы тужліва запытаўся ў яе Чыколве, - чаму ўсе лясныя жыхары цураюцца мяне? Я хачу сябраваць з імі, але ніхто з іх ніколі да мяне не завітае, а калі я прыходжу да іх альбо хачу далучыцца да іхняй гульні, яны паварочваюцца да мяне спіной і ідуць прэч.

Нектарніца была птушка далікатная і не хацела крыўдзіць гарылу, таму яна нічога не сказала ў адказ.

Соса рабіла ўсё, што магла, каб неяк падбадзёрыць і парадаваць гарылу. Прыносіла мёд з пчаліных дуплаў на верхавінах дрэў. Адшуквала для Чыколве самыя мяккія парасткі і карэнні, самыя смачныя ягады і самыя сакавітыя плады.

А вечарамі, перад сном, яны гутарылі між сабой. Абмяркоўвалі ўсе лясныя навіны, пра якія паспявала даведацца нектарніца за свой доўгі рабочы дзень: як Нкалама, леў, параніў сабе лапу, як дзіця антылопы Эланда згубілася ў лесе і як Нсофу, слон, так узлаваўся, што ледзь не растаптаў Калулу, труса.

Аднак Чыколве ўсё роўна страшэнна сумаваў, адчуваючы, што нікому ён не патрэбны.

Але аднойчы, калі прайшлі дажджы і скончылася разводдзе, усё перамянілася.

А здарылася вось што.

Пад вечар слон Нсофу няспешна прытупаў да гразкага берага рэчкі, што цякла непадалёку, каб выкупацца перад сном.

Сонца яшчэ ярка свяціла, усё навокал дыхала спакоем, і Нсофу радаваўся жыццю.

Але ён не ведаў, што гразь ля берага была вельмі падатлівая і глыбокая.

Нсофу пайшоў да вады, развесіўшы вялізныя вушы і паволі пагойдваючы хобатам.

Ён прабіраўся ўсё далей і далей і раптам заграз.

Ногі яго з гучным хлюпаннем пачалі тануць у мяккай твані.

Слон пачаў вырывацца, кідацца ўзад і ўперад, паварочваць сваё вялізнае цела ва ўсе бакі. Ён прыгінаўся, горбіўся, абхапіў нават хобатам бліжэйшае дрэва і падцягнуўся з усяе сілы. Але ўсё было марна - балота ўчэпіста трымала яго.

Больш таго - яно пачало паволі засмоктваць слана ўсё глыбей у сваю бездань.

Нсофу страшэнна перапужаўся, Пачаў боўтацца, рохкаць, гучна сапці і стагнаць.

Але цяпер ужо і заднія ногі яго моцна заселі ў багне.

Неўзабаве ліпкая твань засмактала яго па самыя калені. Раз'юшаны слон шалёна затрубіў хобатам.

К гэтаму часу на беразе сабралася некалькі звяроў. Сярод іх быў леў Нкалама, леапард Імбвіле, трус Калулу, собаль Чузве, зебра Чолва, крыклівая чарада малпаў і мноства дробных істот.

- Хто з вас дапаможа мне? - гучна закрычаў слон. Ён усё глыбей апускаўся ў балота. - Што ж вы стаіце - дапамажыце!

- Ха-ха! Ты такі смешны, - захіхікала нейкая малпа.

- Каму смешна, а каму не! - зароў слон. - Я заграз у балоце. Не люблю, калі з мяне смяюцца.

Але малпы яшчэ больш нахабна захіхікалі. Чаго ім было баяцца? Пакуль слана, як кіпцюрамі, трымае балота, ім не страшны яго гнеў.

- Добра, пасмейцеся да пары, - грымеў Нсофу. - Толькі я вам гэтага ніколі не дарую.

Гразь дабралася ўжо яму да жывата.

- Нкалама! Ты дужы! - звярнуўся ён да льва. - Ты павінен выратаваць мяне. Выцягні з балота!

Нкалама паволі залыпаў вачыма.

- Я не такі дужы, як ты, - адказаў ён. - Ты мяне толькі самога зацягнеш у гразь, і тады нам абодвум не мінуць ліха. Сам выбірайся, - і з пачуццём уласнай годнасці Нкалама пабег і знік у высокай траве.

Цяпер слана зацягнула ўжо амаль па самыя вушы.

- Калулу, - упрошваў ён труса, - ты разумны. Прыдумай што-небудзь такое.

Трус зморшчыў нос:

- Табе сіла патрэбна, а не розум. Дый наогул, адкуль ты раптам узяў, што я на што-небудзь здатны? І чаму менавіта я павінен ратаваць цябе?

Нсофу апускаўся ўсё глыбей.

- Дык што ж мне рабіць? - прастагнаў ён. - Я ўтаплюся!

І слон зноў затрубіў, ды так гучна, што аж лісце на дрэвах зашамацела.

Непадалёку ад таго месца ў глыбіні лесу жыў Чыколве. Пачуўшы шум, ён высунуў галаву са свайго гнязда і прыслухаўся.

І зноў лес здрыгануўся ад трубных гукаў.

Якраз у гэты момант, махаючы крыльцамі так хутка, што і вокам не прыкмеціш, да яго падляцела птушка-нектарніца.

- Чыколве! Чыколве! - зашчабятала яна. - Спяшайся! Хутчэй! Нсофу трапіў у вялікую бяду! - І расказала гарыле, што здарылася са сланом.

- Ой, небарака! - спалохана ўсклікнуў Чыколве, калі птушка змоўкла. - Бяжым! Можа, як-небудзь выратуем беднага Нсофу.

І яны рушылі ў дарогу - маленькая птушачка ляцела наперадзе, паказваючы дарогу, а вялізная малпа дыбала за ёю так хутка, як дазвалялі ёй кароткія крывыя ногі.

Нарэшце яны выйшлі да ракі.

Жахлівае відовішча было перад іх вачыма!

Нсофу амаль зусім схаваўся пад граззю. Толькі хобат круціўся ў паветры, ды бачна была самая макаўка галавы і вылупленыя вочы.

- Ратуйце! - чуўся з гразі слабы голас, зусім не падобны на гучны бас слана.

Усе звяры цяпер зразумелі, якая жахлівая небяспека пагражае Нсофу. Яны мітусліва бегалі па сухім беразе, войкалі і гучна падавалі парады. Але звяры былі занадта малыя і слабыя, каб хоць чым-небудзь памагчы.

- Трымайся, Нсофу! - гукнуў Чыколве. - Я іду на дапамогу! - І пачаў падбірацца бліжэй да няшчаснага слана, асцярожна абмацваючы глебу пальцамі ног.

Неўзабаве Чыколве апынуўся на адлегласці выцягнутай рукі ад Нсофу.

- Падай мне свой хобат! - гучна загадаў ён.

Правай рукой Чыколве схапіў хобат слана, левай моцна абхапіў ствол тоўстага дрэва і пачаў цягнуць.

Ён торгаў, і тузаў, і цягнуў, напружыўшы ўсю сваю магутную сілу. Мускулы рук напяліся, спіна, здавалася, вось-вось пераломіцца, а рукі ледзь не выварочваліся з суставаў.

І паволі, вельмі паволі, нібы нейкае рачное страшыдла, Нсофу пачаў мала-памалу падымацца з балота. Цаля за цаляй ён выплываў на паверхню. Спачатку вылезла вялізная галава, потым шырачэзная спіна, хвост, затым тулава і, нарэшце, ногі.

І вось ужо Нсофу стаў нагамі на цвёрды грунт.

Як лёгка зрабілася Чыколве, калі ён перастаў цягнуць! Ён глыбока і стомлена ўздыхнуў.

Нсофу памахаў у паветры хобатам і прачысціў горла.

- Кхэ! Кхэ! - А потым басавіта сказаў: - Не ведаю, чым аддзякаваць табе, мой сябар.

Чыколве адчуў, як пацяплела ў яго на душы: першы раз у жыцці, калі не лічыць птушкі-нектарніцы, яго назвалі сябрам!

- Ну што там... - адказаў ён сціпла. - Я з радасцю памог табе. Галоўнае - усё мінула, і табе ўжо не пагражае небяспека.

- Так, усё мінула, - удзячна паўтарыў Нсофу. - А зараз хадзем да мяне. Павячэраем разам.

Так пасябравалі слон і гарыла.

- Потым, - закончыў Мафута, - Чыколве пасябраваў яшчэ шмат з якімі звярамі, таму што сіла і храбрасць праславілі яго на ўвесь лес.

- А ці быў ён калі-небудзь зноў адзінокі? - пацікавіўся Цікі.

- Не, больш ужо ніколі, - адказаў Мафута. - Пасля таго здарэння ўсе прыходзілі да яго ў госці. І да канца дзён сваіх ён жыў шчасліва.

- Ты расказаў вельмі цікавую казку, Мафута, - задаволена ўздыхнуў, засынаючы, Цікі.

Агонь гарэў ярка, у небе ззялі зоркі, і лясныя дрэвы маўкліва выстраіліся вакол двух сяброў, бы вартавыя, што ахоўваюць сон людзей.

 

Раздзел трэці. Юны воін

 

Сонечны зайчык прабег па твары Цікі і разбудзіў яго.

У першы момант хлопчык не ўцяміў, дзе ён, таму што не чуў навокал прывычнага вясковага шуму.

Потым успомніў.

«Гэта ж пачатак маіх прыгод! - падумаў ён. - Сёння першы дзень».

Ранак быў цудоўны, свежы. Сонечныя промні прабіваліся скрозь кроны мсасавых дрэў, што акружалі лагер, і ў гэтым месцы лес нагадваў прасторны залаціста-зялёны грот. Стракатыя птушкі прачнуліся ўжо і спявалі, цвыркалі, гучна клекаталі. Усё пакрывала раса: яна іскрылася і зіхацела, як брыльянты, на лісці дрэў, на былінках травы, на нітачках павуціння.

Цікі паляжаў яшчэ крыху нерухома, пазіраючы скрозь вершаліны дрэў на блакітнае неба. Але рэчка цурчала побач так весела, а вада здавалася такой празрыстай і прывабнай, што хлопчык не мог больш ляжаць. Праз момант ён плюхаўся ўжо ў рацэ, адчуваючы, як сцюдзёная вада праганяе апошнія рэшткі сну.

А Мафута гучна хроп!

Самога Мафуту Цікі не бачыў - бачыў толькі высокі і шырокі пагорак пад коўдрай.

Аднак трапна пушчаны каменьчык як бачыш ажывіў яго: пагорак зачмыхаў, застагнаў, пачухаўся і зноў застагнаў.

- Мафута! Прачніся! - гукнуў Цікі. - Цудоўная раніца! Ідзі сюды, пакупайся!

Мафута апасліва ўзіраўся ў рэчку.

- Сёння я, бадай-што, абыдуся без ванны, - прамовіў ён, перасмыкнуўшыся ўсім целам. - Да таго ж, калі я палезу ў гэты ручай, для вады месца не застанецца. Лепш я проста памыюся, - і Мафута спаласнуў вадой галаву і грудзі, пыхкаючы і сапучы ад холаду.

Яны распалілі агонь, і хутка згатавалася снеданне - смачная маісавая каша.

- А цяпер пачысці гаршчок і патушы агонь, - загадаў Мафута, калі каша была з'едзена. - А я тым часам дам хвіліначку адпачыць сваім стомленым касцям.

Калі Цікі зрабіў усё, што было яму загадана, яны пакрочылі насустрач ранішняму сонцу. Наперадзе ішоў Мафута.

Дзённае падарожжа пачалося.

Яны ішлі хутка, з асалодай падстаўляючы цела пад цёплыя промні сонца. Дарога была даволі лёгкая. Іншы раз ім даводзілася пераходзіць ручай ці перабірацца цераз круты скалісты пагорак альбо ісці па неглыбокім балоце. Але найчасцей сцежка вяла іх між высокай травы, часта такой высокай, што Цікі даводзілася падскокваць, каб глянуць навокал.

Калі трава дасягала такой вышыні, ісці было нуднавата, таму Мафута мурлыкаў сабе пад нос якую-небудзь песеньку, а Цікі падпяваў яму, адбіваючы далонямі такт.

Часам цераз сцежку перабягаў заяц, напалоханы шумам. Не раз ім трапляліся бабуіны. Малпы не звярталі на падарожнікаў ніякай увагі і нахабна ішлі сабе ляной хадой, замінаючы падарожнікам.

- Яны зусім як людзі, праўда? - сказаў Цікі, убачыўшы цэлую зграю гэтых істот не далей як крокаў за пяцьдзесят наперадзе. - Куды яны ідуць?

- Не люблю я бабуінаў, - адказаў Мафута. - Яны, не іначай, шукаюць, што б дзе ўкрасці. Страшэнныя зладзеі.

Неяк раз яны ледзь не наступілі на вялізнага пітона, але ён паволі адпоўз у траву. Пасля гэтага абодва сталі больш асцярожныя, і Мафута выразаў з муквы два тоўстыя кіі, з якімі яны не расставаліся ўсю раніцу. Цікі вельмі спадабаўся кій, і ён хвастаў ім усё, што траплялася на вочы.

Нарэшце Цікі з Мафутам падышлі да шырокай ракі, і тут хлопчык убачыў мноства жывых істот.

- Гэй, Мафута, зірні сюды, зірні! - закрычаў ён. - Усё, як я некалі бачыў у сне. Здаецца, тут сабраліся ўсе звяры Афрыкі!

І сапраўды, рака жыла неспакойным жыццём.

Вялізныя, нязграбныя бегемоты шумна купаліся на мелкаводдзі, і маленькія птушкі выдзёўбвалі на іх шырокіх спінах насякомых.

На процілеглым беразе мірна пасвіўся статак буйвалаў.

Удалечыні Цікі ўбачыў велізарнага слана, які абліваўся з хобата вадой.

А калі Цікі і Мафута пайшлі ўздоўж ракі, з зямлі вялікімі белымі трапяткімі воблакамі ўзляцелі чароды фламінга, і, здалося, ажыло ўсё неба.

І ўвесь час на дрэвах не спынялася балбатня мартышак.

- Што гэта за рака? - узрушана запытаў Цікі. - Такой вялікай я яшчэ ніколі не бачыў.

- Мне надаралася бываць і на большых, - пахваліўся Мафута. - Гэта - рэчка невялікая, усяго толькі малодшая сястрыца Замбезі, дзе жыве Змяіны Дух.

- Усё ж яна вялікая, - запярэчыў Цікі, ад здзіўлення круцячы галавой. - Скажы, Мафута, як мы пяройдзем яе? Яна ж глыбокая і імклівая, і ў ёй, відаць, водзяцца кракадзілы.

Мафута ўсміхнуўся:

- Пераходзіць яе не трэба. Рака цячэ якраз туды, куды мы ідзём - на ўсход. Мы доўга будзем ісці берагам.

І яны пайшлі ўздоўж ракі, што вельмі спадабалася Цікі, бо, куды б ён ні глянуў, усюды перад яго вачыма паўставала нешта новае.

Сонца пачало ўсё больш прыпякаць, заліваючы падарожнікаў спякотнымі промнямі.

Абодва моўчкі ішлі па беразе. Цікі стала вельмі горача, ён адчуваў стому і моцную смагу, і яму хацелася крыху адпачыць у лясной прахалодзе.

Абышоўшы лукавіну ракі, яны раптам убачылі юнага воіна.

Што гэта было за відовішча!

Воін стаяў, высокі і стройны, на валуне каля сцежкі. У адной руцэ ён трымаў доўгае кап'ё, а ў другой - прыгожы шчыт з антылопавай шкуры, за якім ён мог амаль увесь схавацца. Запясці яго і шчыкалаткі былі аздоблены абадкамі з малпавай шкуры, а галаву ўпрыгожвала белае страўсавае пяро.

Выгляд воіна быў суровы, але прыгожы.

Нейкі момант яны моўчкі пазіралі адзін на аднаго.

Потым Мафута прывітаў незнаёмца:

- Мутэндэ, мукваі. Мвальені бвіно?*

* - Вітаю цябе, мой пане. Ты ў добрым здароўі?

- Эндзі, мукваі. Куліла мулелья*, - адказаў юны воін і ў знак прывітання прыўзняў кап'ё.

* - Дзякую, пане. Здароўе маё добрае.

- Мяркуючы па тваім вымаўленні, ты з племені Ба-ла, - падумаўшы, сказаў Мафута.

Юны воін кіўнуў галавой.

- Ты далёка зайшоў ад дому. Значыць, ты з атрада паляўнічых? - запытаўся Мафута.

- Не, - адказаў юны воін. - Я тут адзін.

- Але ты ў ваенным убранні, - сказаў Цікі, не зводзячы вачэй з кап'я і шчыта.

Воін на момант задумаўся.

- Пасядзіце са мной, - сказаў ён нарэшце, паказваючы рукой на цень ад вялікага разгалістага дрэва, - і я раскажу вам пра сябе.

І вось Мафута і Цікі селі разам са сваім новым знаёмым у ценю дрэва.

- Як вы ўжо самі сказалі, я з племені Ба-ла, - пачаў юны воін. - Мне чатырнаццаць гадоў, я сын правадыра.

Цікі з Мафутам паківалі галовамі ў знак таго, што ўважліва слухаюць.

- У маім племені, - гаварыў далей воін, - хлопчык не можа пакінуць хаціну сваёй маці і стаць мужчынам, пакуль не пройдзе праз пэўныя выпрабаванні.

- Я чуў пра вашы выпрабаванні, - перабіў яго Мафута. - Яны вельмі цяжкія.

- Так, - адказаў юны воін. - Сярод іх - выпрабаванне на розум, выпрабаванне на вынослівасць і выпрабаванне на хуткасць. З імі я ўжо справіўся. Засталося толькі выпрабаванне храбрасці - самае цяжкае з усіх. Хлопчык павінен адзін прабыць у лесе сем дзён і начэй...

Юны воін змоўк.

- Значыць, у гэтым і заключаецца выпрабаванне храбрасці? - запытаў Цікі. - Хіба самае цяжкае - прабыць аднаму ў лесе?

- Вядома, не. Але я яшчэ не скончыў, - нахмурыў бровы юны воін. - Паслухайце. Апынуўшыся ў лесе, хлопчык павінен высачыць і забіць ільва Нкалама - цара лясных звяроў. Ён павінен зрабіць гэта без чыёй-небудзь дапамогі і, каб даказаць, што здзейсніў подзвіг, прынесці правадыру касматы кончык ільвінага хваста. - Юны воін цяжка ўздыхнуў. - Вось што гняце мяне, - закончыў ён.

- Але... я не зусім разумею, - сказаў Цікі. - Нкалама сапраўды вельмі небяспечны драпежнік, але сын правадыра, вядома, яго не баіцца?

Юны воін пакрыўдзіўся.

- Не гавары глупства, - прамовіў ён горда. - Я ўдзельнічаў у многіх паляўнічых паходах і нічога не баюся.

- Магчыма, ты не можаш высачыць Нкаламу? - выказаў здагадку Мафута.

- Не, я ведаю, дзе яго можна падпільнаваць. Кожны вечар ён разам з усім сваім вывадкам і львіцай прыходзіць на вадапой да рэчкі. Справа не ў гэтым, - юны воін глыбока ўздыхнуў. - Ведаеце, я засмучаны таму, што не хачу забіваць Нкаламу толькі дзеля ягонага хваста...

Мафута з Цікі пераглянуліся.

- Вельмі дзіўна, - прамовіў Мафута.

- Я не хачу забіваць ніякую жывую істоту, калі яна не прыдатна да яды, - растлумачыў юны воін. - Я вельмі люблю лясных звяроў і асабліва вялікага, дужага і храбрага Нкаламу - залацістага цара лесу. Я магу толькі паважаць яго, а забіць - не магу...

- Ох! - у адзін голас выгукнулі Цікі з Мафутам, таму што больш нічога не прыйшло ім на язык.

Становішча сапраўды было цяжкае.

- Сёння - шосты дзень апошняга выпрабавання, - зноў загаварыў юны воін, - а я нічога яшчэ не зрабіў. Калі вярнуся да бацькі, правадыра, з пустымі рукамі, зняслаўлю сябе, і мне ніколі не будзе дазволена заняць месца ў мужчынскім краалі. - Хлопчык апусціў галаву і зноў уздыхнуў.

Наступіла цішыня - Мафута і Цікі глыбока задумаліся. Цікі вельмі хацелася прыдумаць што-небудзь, каб выручыць юнага воіна.

Раптам Мафута, ні слова не гаворачы, падняўся з месца і пайшоў у глыб лесу. Неўзабаве Цікі і юны воін пачулі гукі чарацянай дудкі - Мафута выводзіў на ёй павольную, задумлівую мелодыю.

- Што ён там робіць? - запытаў воін.

- Магчыма, думае, як табе дапамагчы, - няўпэўнена адказаў Цікі. - Альбо проста адпачывае. Ён любіць паляжаць.

Праз некаторы час музыка сціхла, і Мафута выйшаў з гушчару.

- Я ведаю, што рабіць, - аб'явіў ён і прымасціўся на валуне. - Знайшоў выйсце.

Юны воін усміхнуўся. Відаць, падумаў, што Мафута занадта лянівы і бесклапотны, каб чакаць ад яго дапамогі.

- Вось паслухай, - сказаў Мафута. - Уся справа ў тым, што ты павінен мець хвост ільва, але не хочаш забіваць яго самога, так?

- Так, - кіўнуў галавой юны воін.

- Таму, - прамовіў Мафута, і ў голасе яго прагучала задавальненне сваёй вынаходлівасцю, - ты павінен авалодаць хвастом, не забіваючы льва!

Юны воін гучна зарагатаў, а Цікі зрабілася няёмка за Мафуту.

Мафута нецярпліва пакруціў галавой.

- Я даю табе сур'ёзную параду, - сказаў ён. - У мяне ёсць план. Слухай уважліва!

- Добра, гаварыце, - не перастаючы ўсміхацца, згадзіўся юны воін.

І Мафута расказаў яму пра сваю задуму.

- Я ведаю такія травы, - растлумачыў ён, - з якіх можна зрабіць моцнае соннае зелле. Дык вось, мы зробім такое зелле і прамочым ім кавалак мяса. Потым пакладзём мяса ля ракі ў тым месцы, куды вечарамі прыходзіць Нкалама на вадапой.

Цікі і юны воін, нарэшце, пачалі разумець, што задумаў Мафута.

- Але ў такім выпадку мы павінны перабрацца на той бок ракі, - сказаў Цікі. - А кракадзілы?

- У гэтым месцы кракадзілаў няма, - зазначыў юны воін. - Я ніводнага не бачыў. Але гаварыце далей, Мафута.

- Дык вось. Нкалама знойдзе мяса і таму, што ён галава сям'і, пачне есці першы. Ён адзін пойдзе з мясам у зацішны куток - так заўсёды робяць ільвы, тыгры і іншыя з кацінага племені.

Юны воін вельмі ўважліва слухаў, але ўсё ж перапыніў Мафуту:

- Значыць, спачатку ён паесць, а потым засне? І тады...

- Тады лаві зручны момант, - адказаў Мафута. - Рабіць трэба ўсё хутка. Падбегчы да Нкаламы і...

- ...адрэзаць хвост! - весела ўсклікнуў Цікі. Але, падумаўшы, трывожна запытаў: - А льву не будзе балюча?

Мафута ўсміхнуўся:

- Вядома, не. Ён жа страціць толькі валасяны кутасік хваста.

Юны воін радасна ўсміхнуўся.

- Прабачце, што я адразу не паверыў вам, - сказаў ён Мафуце. - План проста цудоўны.

Але Мафута з перасцярогай узняў руку і вельмі сур'ёзна сказаў:

- Аднак ёсць вялікая небяспека. Сям'я Нкаламы неўзабаве пойдзе да яго, каб таксама паласавацца. Ты павінен усё зрабіць вельмі хутка ды яшчэ паспець дабегчы да рэчкі і кінуцца плысці назад, перш чым яны ўбачаць цябе. Гэта сапраўднае выпрабаванне храбрасці!

Але Цікі і юны воін былі так радасна ўзрушаны, што і не думалі пра небяспеку. Усе паспешліва ўзяліся за справу, бо трэба было зрабіць яшчэ шмат чаго.

Юны воін і Цікі пачалі збіраць травы, якія Мафута назваў ім, а сам ён сеў пад дрэвам і расклаў вогнішча.

Толькі пад вечар юны воін і Цікі выканалі заданне, і калі апошняя чырвоная ягада была знойдзена, Цікі ўздыхнуў з палёгкай, таму што ўжо вочы забалелі ад бясконцых пошукаў.

Юны воін паказаў сваім сябрам вялікі кавалак мяса.

- Я пакінуў гэта сабе на вячэру, - з жалем сказаў ён. - Але мы аддадзім мяса льву. Адрэжу толькі маленькі кавалачак.

Калі зелле было гатова, у ім прамачылі мяса. Цяпер можна было брацца за галоўнае.

Сонца ўжо нізка скацілася да небасхілу і кідала на зямлю косыя промні. Лёгкі халаднаваты ветрык рабаціў ваду ў рацэ. У лесе панавала цішыня. Набліжаўся час ільвінага вадапою.

Трое смельчакоў рыхтаваліся пераплыць шырокую рэчку.

Юны воін паклаў на зямлю сваё кап'ё і шчыт, зняў з рук і ног абадкі з малпавай шкуры, а з галавы - страўсавае пяро.

- Калі я не вярнуся з-за ракі, - сказаў ён Мафуту і Цікі, - занясіце, калі ласка, кап'ё і шчыт майму бацьку, правадыру, і раскажыце яму, што я стараўся быць храбрым, добра?

- Мы гэта абавязкова зробім, - запэўніў яго Мафута.

- На, вазьмі паляўнічы нож майго дзеда, - сказаў Цікі. - Ён вельмі востры і моцны, лёгка перарэжа валасы на львіным хвасце. - Цікі даў юнаму воіну нож і дадаў: - А на шыю павесь вось гэты талісман з леапардавага зуба - ён прынясе табе ўдачу.

Юны воін узяў з рук Цікі нож і зуб леапарда і горача падзякаваў яму.

Усе трое ціхенька слізганулі ў ваду і пачалі пераплываць раку; Мафута трымаў на галаве вялікі кавалак мяса, а юны воін сціскаў у зубах паляўнічы нож.

- Вось бачыш, - прашаптаў Мафута, звяртаючыся да Цікі, калі яны апынуліся на сярэдзіне ракі, - зусім не было ніякай патрэбы купацца раніцой!

Калі яны выйшлі на бераг, юны воін павёў іх да невялікай і мелкай затокі.

- Вось гэтае месца, - сказаў ён ціха. - Але трэба спяшацца - пара ўжо.

- Добра, - азваўся Мафута і паклаў мяса на зямлю. Потым азірнуўся навакол: - Эге, я тут бачу нядрэннае дрэва, на якім можна схавацца, - вунь тая высокая лвамба. Ідзі хуценька туды і ўзбярыся на яе, - загадаў ён.

Марудзіць было нельга - набліжаўся час, калі львы ішлі на вадапой. Цікі баяўся за юнага воіна і амаль шкадаваў ужо, што Мафута прыдумаў гэты план.

- Кафікеніпа мунэ*, - сказаў ён юнаму воіну, і яны паціснулі адзін аднаму руку.

* - Будзь здароў.

- Жадаю ўдачы. Хай усё скончыцца добра, - прамовіў Мафута панура.

У апошні раз узмахнуўшы на развітанне рукой, Цікі з Мафутам паплылі назад цераз раку.

- Гэта сёння ў мяне ўжо другая халодная ванна! - адсопваючыся, зазначыў Мафута. - Затое заўтра раніцой я, бадай-што, таксама прапушчу.

Нарэшце яны шчасліва перабраліся на свой бераг і пачалі шукаць зручнае месца для назірання.

- Вунь там! - сказаў Цікі, паказваючы рукой на высокае дрэва, доўгія і тоўстыя галіны якога далёка навісалі над ракой.

Абодва ўскараскаліся на дрэва і пачалі прабірацца па тоўстай галіне, пакуль далёка ўнізе не ўбачылі імклівы паток.

Сховішча было выдатнае - нешта накшталт роўнай пляцоўкі, з якой можна было ўсё добра бачыць.

Яны пачалі ўглядацца ў процілеглы бераг.

Юнага воіна амаль зусім закрывала густая лістота лвамбы. Цікі разгледзеў праз лісце толькі ледзь бачныя, нерухомыя абрысы яго цёмнай постаці.

Час ішоў, але нічога не адбывалася.

Паветра было прахалоднае і нерухомае, а цені зрабіліся доўгія. Гэта быў самы ціхі час афрыканскага дня. Птушкі і нават малпы нарэшце ўціхамірыліся. Крыху далей, уніз па рацэ, Цікі ўбачыў статак антылопаў, якія пілі ваду ля самага берага; іхняя поўсць паблісквала пад мяккім вячэрнім сонцам. Больш ніякіх прыкмет жыцця нідзе не было.

Раптам за ракой зашамацела высокая трава.

Цікі стаіў дыханне.

З травы ля самай вады выйшаў леў - такога цудоўнага і прыгожага звера Цікі яшчэ ніколі не бачыў!

Павольна і мякка ступаючы, леў высока і горда трымаў галаву, акаймаваную пышнай рудавата-карычневай грывай. Сапраўды Цар звяроў!

Услед за ім з'явілася яго світа: спачатку львіца, за ёю - двое прыгожых маладых ільвянят. З пачуццём уласнай годнасці яны выйшлі на лужок каля затокі.

Нкалама адразу ўгледзеў мяса і ціхенька забурчаў. Потым абнюхаў яго і лізнуў.

Пасля прысеў на заднія лапы і ўтаропіўся на мяса.

Тры астатнія львы, стаўшы паўколам, прыпалі да зямлі, сочачы за сваім валадаром.

Нарэшце Нкалама ўхапіў сваімі вялізным сківіцамі мяса і імгненна знік у траве.

Астатнія львы засталіся на месцы, і толькі львіца паднялася з зямлі і пачала хлябтаць ваду з ракі.

Цёмная постаць юнага воіна на дрэве не зварухнулася.

Цікі амаль перастаў дыхаць.

І раптам, імкліва і бясшумна, нібы пантэра, юны воін саслізнуў з дрэва і ўслед за львом знік у высокай траве.

Цікі ўбачыў, як ільвы падазрона прыўзнялі морды, учуўшы паблізу нешта чужое. Яны павярнулі галовы ў той бок, і адзін з іх абазваўся нягучным, працяглым рыкам.

Ад таго, што адбылося потым, сэрца Цікі ледзь не выскачыла з грудзей ад жаху.

Нібы змовіўшыся, усе тры львы імкліва кінуліся ў траву - туды, дзе толькі што знік юны воін.

Цікі глянуў на Мафуту, а той - на Цікі. На іхніх тварах адбіўся жах.

Іх новаму сябру пагражала смяротная небяспека!

Раптам да іх вушэй данёсся пранізлівы крык. Потым пачуўся такі аглушальны рык, што - здалося, - здрыганулася неба.

Потым зноў усталявалася цішыня.

Цікі ўвесь калаціўся.

Але вось, імкліва, як гепард, з травы выбег юны воін. У адной руцэ ён трымаў бліскучы нож, а ў другой сціскаў кончык ільвінага хваста!

Раптам за дзесяць крокаў ад яго з травы выскачыла львіца. З кожным скачком яна набліжалася да смельчака, які ўцякаў з усяе сілы. Ільвіца ўжо амаль дагнала яго, нізка прыгнулася да зямлі, рыхтуючыся да апошняга скачка, і Цікі ўбачыў, як бліснулі яе жоўтыя іклы. Ён заплюшчыў вочы, бо не меў сілы глядзець, як праз імгненне звер раздзярэ юнага воіна на кавалкі, і нішто ўжо яго не выратуе...

- Загінуў... - пачуў Цікі тужлівы шэпт Мафуты.

Але юны воін выратаваўся!

Ён паспеў дабегчы да ракі, з гучным крыкам нырнуў у ваду, і ў паветра ўзняўся вялікі фантан пырскаў.

Ільвіца застыла на месцы. Пачуўся яе злосны, шалёны рык.

Цікі з палёгкай глыбока ўздыхнуў.

Двое львянят далучыліся да львіцы, і ўсе яны, шалёна круцячы і б'ючы хвастамі па баках, раз'юшана гойсалі па беразе.

Юны воін плыў па рацэ. Дасягнуўшы сярэдзіны і апынуўшыся амаль пад галінамі дрэва, на якім хаваліся нашы назіральнікі, юны воін пайшоў уброд, часта азіраючыся назад.

Высока ўзняўшы над галавой свой трафей, ён з радасным смехам памахаў ім ільвам.

 

Раздзел чацверты. Аленяня Дзік-Дзік

 

Было яшчэ цёмна, калі Цікі прачнуўся ад нейкага шолаху.

Спярша ён нічога не ўбачыў, акрамя цьмяных абрысаў дрэў, што раслі навокал.

Раптам заварушылася нечая цёмная постаць. Гэта быў юны воін.

- Што ты робіш? - шэптам запытаў Цікі.

- Ламачча для вогнішча збіраю, - таксама шэптам адказаў воін. - Мне час ужо выпраўляцца ў дарогу, бо сёння ж сёмы дзень, а шлях мой далёкі.

Цікі падняўся і ўзяўся памагаць сябру. Яны распалілі вогнішча і пачалі на ражне смажыць апошні кавалак мяса, што застаўся ў воіна.

У паветры разліўся прыемны пах смажаніны.

А Мафута яшчэ моцна спаў: жывот яго высока ўзнімаўся і нізка ападаў пад коўдрай.

Але неўзабаве ён чмыхнуў, перакаціўся на другі бок, шморгнуў носам і гучна цмокнуў губамі. Потым заварушыўся і запытаў сонным, але зацікаўленым голасам:

- Снеданне гатова?

- Паспіце яшчэ крыху, - адказаў воін. - Час вельмі ранні.

Але Мафута ўжо зусім прачнуўся.

- Неяк кепска спіцца, - паскардзіўся ён. - Мой страўнік зморшчыўся ад голаду, як высахлы гарбуз.

Вырашылі паснедаць і як мага раней рушыць у дарогу.

К таму часу, як яны выправіліся ісці, на ўсходняй частцы небасхілу ўзнялося сонца. Ранак быў цудоўны - свежы, бадзёры, і сэрца Цікі спявала ад шчасця.

Усе трое хутка крочылі па лясных сцежках, спярэшчаных сонцам і ценем.

Праз некаторы час воін папрасіў сваіх спадарожнікаў спыніцца.

- Тут мы з вамі павінны развітацца, сябры мае, - сказаў ён. - Адсюль я павярну на поўнач.

Яны ўрачыста паціснулі адзін аднаму рукі, і Цікі зрабілася сумна, таму што яму вельмі спадабаўся юны і храбры воін.

А той адсалютаваў ім кап'ём, павярнуўся і пакрочыў на поўнач.

Пасля гэтага Мафута і Цікі ішлі хутка і моўчкі. Мясцовасць паступова мянялася. Лес і высокі хмызняк змяніліся сухой раўнінай. Рэдка калі ім сустракаліся дрэвы, ды і то нізкарослыя, шэрыя і чэзлыя. Апаленая спёкай зямля давала жыццё толькі рэдкаму хмызняку і невысокай бурай траве.

Яны ішлі па пустыні.

Спёка рабілася ўсё больш нясцерпнай.

Гарачы вецер узнімаў і гнаў па зямлі невысокія пясчаныя віхры, і яшчэ да таго, як сонца дасягнула зеніту, Цікі адчуў, што траціць апошнія сілы. Язык зрабіўся сухі і шорсткі. Хлопчыку страшэнна хацелася адпачыць.

- Мафута, - сказаў ён, ледзь дыхаючы, - я так хачу піць, што мог бы выпіць усю ваду з Замбезі.

- Цяпер, Цікі, нічога не пі, - папярэдзіў Мафута. - Таму што, пакуль сонца так прыпякае, чым больш ты будзеш піць, тым больш будзеш пацець і толькі яшчэ мацней піць захочаш, а вады ў бутэльцы ўжо не будзе.

І Цікі не піў.

Сонца бязлітасна пякло ім у спіны, вачам балюча было глядзець на белы пясок пустыні, што акружаў іх з усіх бакоў. Смага ў Цікі ўсё расла, і ён ні аб чым ужо не думаў, а толькі бачыў у марах сцюдзёны ручай, што цурчыць між зялёных берагоў.

Мафута не зводзіў з яго вачэй.

- Цікі, - сказаў ён нарэшце, - падымі з зямлі каменьчык і пакладзі ў рот. Смага паменшае.

Цікі зрабіў, як сказаў яму Мафута, і гэта сапраўды дапамагло, самыя страшныя пакуты ад смагі прайшлі. Ён адчуў удзячнасць да Мафуты і ўжо не першы раз падумаў, што яго дарослы сябар разумнейшы, чым людзі думалі.

- Дзякуй табе, Мафута, - сказаў ён. - Я рад, што ты са мною. Пустыня гэтая - жахлівае месца.

- Не бойся, малыш, - адказаў Мафута. - Я пераходзіў яе і раней. Даўным-даўно - у час паляўнічых паходаў з бацькам. Пустыня невялікая, і яшчэ да змяркання мы выйдзем у зялёную і ўрадлівую даліну.

- Але, - з трывогай сказаў Цікі, - няўжо нам давядзецца да таго часу не піць?

Мафута засмяяўся:

- Не, Цікі. Мы хутка прыйдзем да азярца. Яго жывіць падземная крыніца, і яно ніколі не высыхае. Там мы адпачнём, нап'ёмся і паядзім.

Нарэшце скрозь мігатлівую смугу Цікі разгледзеў на даляглядзе невялічкі зялёны гаёк.

- Вунь тое азярцо, - весела сказаў Мафута, і Цікі з палёгкай уздыхнуў.

- Мне нават страшна зрабілася, - прызнаўся ён. - Гаёк такі маленькі, а пустыня такая вялікая, што мы маглі прайсці паўз яго і не заўважыць.

Абодва хутчэй пакрочылі наперад.

Аднак чым бліжэй яны падыходзілі, тым больш збянтэжаны рабіўся Мафута.

- Дзіўна... - мармытаў ён.

- Што дзіўна? - запытаў Цікі.

- Каля азярца няма ніводнай істоты. Ціха, як на могілках. Тут нешта не так...

Цікі ўвесь задрыжаў.

Але смага перамагла страх, і неўзабаве хлопчык выразна ўбачыў гаёк - усяго толькі тры невысокія дрэвы на беразе азярца з іскрыстай вадой. Азярцо было такое маленькае, што нізкае голле дрэў амаль закрывала яго.

Раптам крокаў за дваццаць перад сабой Цікі заўважыў на зямлі нейкі скрутачак аднолькавага колеру з апаленым сонцам пяском.

- Што гэта?

- Мусіць, скураны мех, пра які нейкі падарожнік ад радасці забыўся.

- Не, гэта не мех! - закрычаў Цікі. - Паглядзі, паглядзі, Мафута! Гэта маленькі Дзік-Дзік. Ён мёртвы!

Скрутачак раптам варухнуўся, і Цікі ўбачыў, што маленькае аленяня яшчэ жывое. Бакі яго жывоціка торгаліся, і раз-пораз сутарга прабягала па кволым, тоненькім цельцы. Аленяня было такое слабае, што ледзь трымала галаву, але ўсё ж умольна ўзняло на людзей вялікія, насцярожаныя вочы.

Сэрца Цікі сціснулася ад жалю. Ён паклаў руку на лоб аленяняці і ласкава пагладзіў яго.

- На што ён хворы?

Мафута ўважліва агледзеў Дзік-Дзіка. Ён шукаў на яго целе слядоў якіх-небудзь ран, але не знайшоў. Тады ён раскрыў яму рот.

- Вельмі, вельмі дзіўна, - прамармытаў ён, падымаючыся з зямлі. - Хваробы ў яго ніякай. Няма і ран... Памірае ён ад смагі!

- Ад смагі? - здзівіўся Цікі. - Не можа быць! Глядзі, ён жа ляжыць менш як за пяцьдзесят крокаў ад вады.

- Зірні на яго рот, Цікі, - збянтэжана адказаў Мафута. - Ён сухі і ўвесь у пухірах, і язык апух. Вядома ж - ад смагі. - Мафута патрос галавой. - Нічога не разумею...

- У такім разе, - цвёрда сказаў Цікі, - што б там ні было, я прынясу яму піць, - і, узяўшы чыгунок, пайшоў да азярца.

Але калі хлопчык хацеў прыгнуцца, каб прайсці пад нізкімі галінамі дрэва, у лісці раптам нешта гучна зашамацела. Цікі спалохана адскочыў назад.

І якраз своечасова!

Таму што проста над яго галавой, абкруціўшыся вялізным агідным целам вакол тоўстага сука, вісеў страшны пітон! Такога вялікага ўдава Цікі ніколі не бачыў. Нават у самых жахлівых начных кашмарах яму не снілася гэткае страшыдла. Змяя была не менш як дванаццаць крокаў у даўжыню і такая тоўстая, як чалавечае бядро. Праз лістоту прасвечвала жоўтае слізкае цела, пашча была такая шырокая, што магла б праглынуць цэлага асла, а круглыя чорныя вочы злавесна паблісквалі.

Пачуўшы трывожны крык Цікі, Мафута ў адно імгненне апынуўся каля яго.

- Пітон! - задыхаючыся, сказаў Цікі. - Ён ледзь не схапіў мяне. Я яго адразу не заўважыў.

- Каб ён здох, - прабурчаў Мафута і шпурнуў у дрэва некалькі каменьчыкаў.

Змяя паволі папаўзла па ствале ўгору і паступова знікла ў дупле.

- Цяпер я набяру вады. Нейкі час баяцца няма чаго, - сказаў Цікі.

Мафута ўважліва сачыў за дуплом, а Цікі набраў у чыгунок і бутэлькі з гарбузоў чыстай вады з азярца.

Потым абодва вярнуліся да Дзік-Дзіка. Цікі ўліў яму ў рот некалькі кропель вады. Аленяня ўздрыгнула і млява праглынула крыху жыватворнай вільгаці.

- Вось і цудоўна, - сказаў Цікі. - Цяпер самі пап'ём.

Як яны пілі! Смачная халаднаватая вада здавалася ім найцудоўнейшым нектарам.

- Раскоша! - прамовіў Мафута, выціраючы рот. - Вось чаму аленяня не магло напіцца, разумееш? Змяя не падпускала.

- Ты і гаварыў, што тут нешта не так, - напомніў Цікі. - Цяпер мы ведаем прычыну.

- Удаў адпудзіў і іншых жывёл, - гаварыў Мафута. - Калі я быў тут апошні раз, ля азярца была процьма звяроў. Алені, зебры, малпы, трусы... Каго толькі не было!

- Нядобра ўсё гэта, - абурыўся Цікі. - Трэба нешта зрабіць. Мы павінны правучыць змяю.

Мафута ў знак згоды паківаў галавой і задумаўся.

Тым часам Цікі не пераставаў ліць ваду ў рот Дзік-Дзіку.

- Пітон вельмі вялікі і крыважэрны, - нарэшце прамовіў Мафута. - Калі б удалося звязаць яго, справа была б зроблена. Але паспрабуй звяжы змяю - яна проста выслізне з вяроўкі. Ды і вяроўкі ў нас няма.

Толькі паспеў Мафута вымавіць апошнія словы, як Цікі прыйшла ў галаву бліскучая думка.

- А чаму б нам, Мафута, - радасна сказаў ён, - не скарыстаць самога пітона замест вяроўкі? І прывязаць яго да дрэва!

Нейкі час Мафута ўзважваў у думках прапанову Цікі, а потым сказаў:

- Думка цудоўная. Толькі мы не такія дужыя, каб гэта зрабіць. Як толькі дакранёмся да яго, ён праглыне нас - і канец.

На момант усталявалася цішыня.

Неўзабаве Мафута прамармытаў:

- Хіба, можа, толькі...

- Што «можа, толькі»? - усхапіўся Цікі.

Мафута ўсміхнуўся.

- Здаецца, я дадумаўся, што зрабіць, - і расказаў Цікі пра свой план. Той радасна заківаў галавой. - Але дзейнічаць трэба асцярожна, - папярэдзіў Мафута: - Змяя імклівая, каварная і небяспечная.

- Але не такая імклівая, як я, - пахваліўся Цікі.

Яны паднялі з зямлі Дзік-Дзіка, якому ўжо крыху палепшала, паклалі яго ў цень цярноўніку і ўзяліся за ажыццяўленне сваёй задумы.

Перш-наперш выразалі і завастрылі два доўгія кіі. Потым асцярожна падкраліся да гайка. Апынуўшыся амаль пад самым веццем, яны ўбачылі вытрашчаныя каварныя вочы ўдава.

- Вунь ён! - крыкнуў Цікі. - За справу, Мафута, за справу!

Яны пачалі дражніць пітона, пакуль той не раз'юшыўся: торкалі яго тоўстае цела сваімі доўгімі кіямі, грымаснічалі, кпілі з яго.

- А ну, вазьмі, - крычаў Цікі, колючы яго кіем. - У-у, страшыдла!

- І мой на, вазьмі! - роў Мафута. - Ах ты, даўжэзнае шкадлівае мяса!

Неўзабаве пітон зусім ашалеў ад злосці - малаціў хвастом, выгінаўся і так моцна трос дрэва, што на Цікі з Мафутам дажджом сыпалася лісце і голле.

Змяя спрабавала схапіць сваіх мучыцеляў, але яны імкліва перабягалі з аднаго боку гайка на другі. Яны рухаліся хутчэй за ўдава.

- Цяпер ён ужо досыць раззлаваны, - сказаў нарэшце Мафута.

І абодва пачалі выконваць галоўную частку плана.

Цікі ўзлез да сярэдзіны на адно з трох дрэў - крайняе злева.

- Я тут, пачвара! - крыкнуў ён.

Вялізны ўдаў шалёна кінуўся да яго, але, перш чым ён паспеў схапіць хлопчыка, той хуценька саскочыў на зямлю, а Мафута, які хаваўся за дрэвам з другога боку гайка, пачаў хвастаць кіем па лісці.

- Я тут, чарвяк перарослы! - гукнуў ён.

Пітон, як маланка, павярнуўся ў другі бок і кінуўся да Мафуты, але пры гэтым яго доўгае цела абвілося пятлёй вакол ствала сярэдняга дрэва.

Цікі з Мафутам не пераставалі ні на момант спрытна манеўраваць вакол купкі дрэў і па чарзе гучна цвялілі раз'юшанага пітона, пакуль той туга-туга не абкруціўся вакол дрэва. Ён прывязаўся да ствала такім заблытаным вузлом, што не мог пасунуцца ні ўзад, ні ўперад. Чым больш ён намагаўся вызваліцца, тым мацней зацягваўся вузел, і хутка ён зусім перастаў варушыцца. З мешаніны жоўтых кольцаў гіганцкай змяі злавесна і помсліва паблісквалі два страшныя вокі.

- Ха! - узрадаваўся Мафута, адыходзячы ад дрэў і атрасаючыся. - Тут ён надоўга засядзе.

Цікі з захапленнем пазіраў на справу іх рук.

- Ён вызваліцца, дай падумаць... напэўна, не раней маладзіка. Можа, нават яму перш прыйдзецца скінуць скуру.

- З голаду ён не здохне, - зазначыў Мафута. - Змеі доўга могуць жыць без ежы.

- Але гэта будзе яму ўрокам, - закончыў Цікі. - Сюды ён больш ужо ніколі не паткнецца.

Яны сабралі свае рэчы, набралі поўныя бутэлькі вады і вярнуліся да маленькага Дзік-Дзіка.

Хоць аленяня было яшчэ вельмі слабае, але вочы яго ўжо блішчалі, і яно нават скубла зялёныя галінкі, якія яму падавалі.

Цікі ўзяў Дзік-Дзіка на рукі:

- Я панясу яго да сакавітых пашаў, Мафута. Пустыня не месца для маленькага аленяняці.

І вось, узяўшы з сабой Дзік-Дзіка, мужчына і хлопчык рушылі ў сваю дарогу, а азярцо зноў магло прагнаць смагу кожнаму стомленаму падарожніку...

 

Раздзел пяты. Лясны пажар

 

Цікі прачнуўся, пачуўшы, як нехта дзынкнуў чыгунком.

Хлопчык яшчэ крыху паляжаў, думаючы, што ён зноў у сваёй роднай вёсцы, і недзе побач завіхаецца маці, гатуючы снеданне.

- Уставай, Цікі, - прагрымеў Мафута басам, і Цікі адразу ўспомніў, што на самай справе ён вельмі далёка ад дому. Хлопчыку раптам зрабілася вельмі самотна.

Але вясёлы матыў, які Мафута напяваў сабе пад нос, прымусіў Цікі ўсміхнуцца, і ён нават ціхенька рагатнуў, прыгадаўшы ўчарашні слаўны паядынак з пітонам.

- Во малайчына! - усміхнуўся Мафута. - Уставай. Ежа гатова.

Абодва весела апляталі кашу і выказвалі меркаванні наконт таго, што прынясе ім новы дзень.

- Нас зноў чакае прыгода, - упэўнена абвясціў Мафута, трэці раз напаўняючы сваю міску кашай з подліўкай мунані. - Нутром чую.

Неўзабаве яны былі ўжо ў дарозе, бадзёра крочылі па зялёнай ад травы і хмызу мясцовасці.

Праз некаторы час раўніна пачала адступаць, і апоўдні падарожнікі апынуліся сярод зарослых лесам узгоркаў, у гушчары драбналесся Нагор'я.

Цёмныя лясныя паплавы і прагаліны вабілі і страшылі сваёю патаемнасцю. З усіх бакоў чуўся няспынны шолах і шастанне нябачных істот.

І ўвесь час у лісці дрэў пакутліва стагнаў вецер, быццам там заблудзілася і ў роспачы енчыла нейкая здань.

Сэрца Цікі замірала ад страху.

- Нейкі дзіўны край, Мафута, - нарэшце сказаў Цікі, каб парушыць трывожнае маўчанне. - Рознае лезе ў галаву. Нізавошта не застаўся б тут адзін.

Мафута паківаў галавой і пачаў расказваць пра духаў, што жывуць у гэтых мясцінах - пра лесуна Фіванду, людаеда Шышымве і пра пачварнае чарцяня Кад'янгу, што хаваецца ў расколінах вялікіх імшыстых валуноў і ў трэшчынах дрэў. Мафута пераказваў Цікі цікавыя паданні і міфы пра гэтыя цёмныя гушчары і шмат іншых гісторый, якія некалі чуў ад падарожнікаў.

І зноў сэрца Цікі трывожна сціснулася, але халадок, што прабег па спіне, здаўся яму нават прыемным, таму што хлопчык адчуваў сябе ў бяспецы побач з магутным Мафутам.

Раптам Мафута спыніўся і пацягнуў носам паветра.

- Недзе гарыць, - сказаў ён.

Голас Мафуты быў спакойны, але Цікі адчуў у ім ноткі хвалявання.

Хлопчык таксама панюхаў паветра. Ледзь чутны едкі пах гарэлых раслін нагнаў на яго жах. Цікі памкнуўся бегчы - хоць куды, абы толькі далей адсюль, ад небяспекі.

- Стой! - уладна загадаў Мафута і схапіў Цікі за плячо. - Перш-наперш трэба вызначыць напрамак пажару! - Ён паволі павярнуў галаву спачатку ў адзін бок, потым у другі, нюхаючы паветра. Праз нейкі час сказаў: - Гарыць на захадзе. - Голас яго гучаў панура, і звычайна ўсмешлівы твар спахмурнеў.

- А вецер адкуль дзьме? - з трывогай спытаў Цікі.

- Таксама з захаду, - змрочна адказаў Мафута. - Вецер вельмі моцны.

- Значыць, агонь можа нас дагнаць?

- Так, - адказаў Мафута. - Духі тут зласлівыя.

Ад страху Цікі схапіўся за Мафуту.

- Што ж рабіць, Мафута? Скажы, калі ласка? Нас не схопіць Муліла, Вогненны дух?

Мафута ўсміхнуўся хлопчыку з вышыні свайго росту.

- Што ты, Цікі, - сказаў ён бадзёра. - Мы яму ў рукі, будзь упэўнены, не дамося.

- Што ж мы можам зрабіць? Калі вецер пагоніць Вогненнага духа хутчэй, чым мы пабяжым, ён неўзабаве схопіць нас. Лес сухі. Муліла будзе пераскокваць з галіны на галіну, з дрэва на дрэва і нарэшце накінецца на нас.

У гушчары драбналесся пачуўся тупат і шум, і раптам паўз іх прамчаўся алень - імпала. У вачах імпалы свяціўся страх. За ім прабег яшчэ адзін. Потым - трэці. Нарэшце - маленькае аленянятка.

Мафута пайшоў наперад, уважліва прыглядаючыся да ўсяго навокал.

Крокаў праз пяцьдзесят ён спыніўся, старанна агледзеў сцежку і ўсё абапал яе. Потым палез на бліжэйшае дрэва, гучна пыхкаючы і сапучы, бо ствол быў танкаваты і гладкі. Нарэшце ён апынуўся на самай верхавіне, прыкрыў далоняй вочы ад сонца і агледзеўся навокал. Мафута нагадаў Цікі бегемота, які нейкім цудам ускараскаўся на жэрдку.

Нарэшце Мафута злез з дрэва.

- Далей мясцовасць больш гарыстая, - сказаў Мафута. - А на ўсходзе ўзвышаецца скалісты пагорак. Даволі высокі. Дрэвы канчаюцца на паўдарозе ад падэшвы да яго вяршыні, а сама вяршыня - голы камень. Калі мы падымемся на самы верх, агонь да нас не дабярэцца.

- А далёка да ўзгорка?

- Паўгадзіны ходу.

- А Вогненны дух? Ён далёка?

- Далей ад нас, чым узгорак.

Цікі ўздыхнуў з палёгкай.

Яны паспешліва рушылі на ўсход. Крокаў сто ішлі, крокаў сто беглі трушком, потым зноў ішлі і зноў беглі - толькі так можна адолець, калі вельмі спяшаешся, непралазны афрыканскі буш - густое драбналессе і хмыз.

Паўз іх імкліва прабягала безліч перапалоханых жыхароў лесу. Як маланка, мільганулі два плямістыя леапарды. Цесным гуртам праскакалі сізавата-гнядыя антылопы і маленькія казулі. Прамчаліся трусы, прашмыгнулі мышы. Сотні малпаў імкліва пераскаквалі з дрэва на дрэва, спрытна перабіраючы голле доўгімі рукамі, - не параўнаць з тым, як яны ходзяць па зямлі на сваіх кароткіх і крывых нагах.

Цікі пачуў, як недзе далёка затрубіў хобатам слон Нсофу, а крыху бліжэй сярдзіта зарыкаў леў Нкалама.

Звяры, здавалася, не заўважалі людзей. Не звярталі ўвагі яны і адзін на аднаго. У іх быў адзін клопат - уцячы ад небяспекі.

Аднак некаторых прырода не надарыла хуткасцю і спрытам, і таму лясны пажар быў для іх смяротнай пагрозай. На зямлі Цікі ўбачыў чарапаху - яна таропка паўзла наперад. Хлопчык нахіліўся, узяў яе ў рукі і панёс з сабой.

Раптам Мафута пранізліва закрычаў ад болю і заскакаў на адной назе.

- Што з табой, Мафута? - занепакоіўся Цікі, бо любая затрымка пагражала жыццю.

- Наступіў на вожыка! - прастагнаў Мафута.

Цікі паспеў заўважыць, як пад кустом схаваўся маленькі скрутачак калючак. Хлопчык таксама падняў вожыка з зямлі і паклаў у мучны мяшок Мафуты.

- Не скажу, каб мне за яго вельмі душа балела, - прабурчаў Мафута, усё яшчэ заняты сваёй нагой.

За іх спіной быў ужо чуваць злавесны трэск - гэта вецер даносіў да іх далёкі рогат Вогненнага духа.

- Хутчэй, Мафута, - гукнуў Цікі. - Трэба спяшацца.

- Рабіць усё трэба спакойна і з розумам, - павучаў Мафута. - Нельга, як дурні, выбівацца з сілы - дарога яшчэ няблізкая.

Нарэшце мясцовасць пачала крута ўзнімацца ўгору. Дрэвы пачалі радзець, і неўзабаве гушчар драбналесся змяніўся голай скалістай пародай, дзе толькі ў некаторых мясцінах густа расла высокая трава.

Ногі ў Цікі нылі. Падымаючыся па схіле ўзгорка, хлопчык няроўна і цяжка дыхаў.

Разам з Мафутам яны падняліся на самую вяршыню і там знайшлі невялікую роўную пляцоўку, на якой можна было адпачыць.

Цікі ляжаў, заплюшчыўшы вочы, і адчуваў, як паступова да яго вяртаюцца сілы.

Раптам высокая трава зашамацела, і з яе выскачылі тры трусы. Маленечкія грудкі іх калаціліся ад няроўнага дыхання. Потым трава зноў закалыхалася, і адтуль выбеглі дзве казулькі-чарацянкі, ростам не большыя за кошку.

Звяроў усё прыбывала, і неўзабаве Цікі з Мафутам апынуліся ў коле незвычайных лясных стварэнняў, якіх раней яны ніколі не бачылі.

Дзівоснае было відовішча!

Побач з трусамі і чарацянкамі маўкліва і таямніча сядзеў леапард. Чатыры вастравухія дзікія сабакі шалёна круціліся і злосна гыркалі. З дзесятак малпаў паселі на шырокай пляскатай каменнай глыбе і ўзрушана лапаталі.

З травы асцярожна выйшаў гепард і стаіўся за вялікім валуном. Вочы яго паблісквалі, хвост нервова круціўся.

Уверх па камяні поўз хамелеон. Абодва яго лупатыя вочкі паволі паварочваліся ў розныя бакі.

Дзік-бародавачнік разлёгся на пяску. Тлустыя бакі яго высока ўздымаліся ад задышкі.

І нарэшце Цікі ўбачыў вялізнага Эланда - антылопу-кану, - які пагардліва пазіраў на ўсё зборышча.

Хлопчык на момант амаль забыўся пра пажар. Яго незвычайна ўзрушыў і здзівіў малюнак, што паўстаў перад ім.

Вось, зусім блізка адзін ад аднаго, так блізка, што ледзь не дакранаюцца, сядзяць, нібыта добрыя старыя сябры, адвечныя лясныя ворагі!

- Зірні, Мафута! - прашаптаў Цікі. - Глянь!

Мафута патрос галавой, сам не даючы веры вачам.

Але забыць пра пажар было нельга. Усё неба на захадзе пачарнела ад густога смалістага дыму - аж да самага паднябесся.

Цікі пазіраў то на полымя, што імкліва бегла далёка ўнізе па зямлі, то на жахлівую чорную хмару, якая завалакла ўсё неба, і яму зрабілася страшна.

Звяры таксама ўтаропіліся на агонь нерухомымі, круглымі ад жаху вачыма.

Моцны вецер падганяў агонь, і той падбіраўся ўсё бліжэй і бліжэй да іхняга прытулку. І перш чым Цікі зразумеў, што адбываецца, агонь дабраўся да ўзгорка і пачаў імкліва ўзнімацца па схіле.

«Напэўна, - падумаў Цікі, - агонь спыніцца там, дзе канчаюцца дрэвы, - на паўдарозе да вяршыні».

Хлопчык моцна сціснуў у руцэ талісман з леапардавага зуба.

- Мафута, - спытаў ён, - а трава не загарыцца? Агонь не дабярэцца да нас? Зірні: трава расце аж да самай вяршыні!

- Я не думаў, што тут так многа травы, - з трывогай у голасе адказаў Мафута.

Нечаканы парыў ветру закрыў абодвух густым, чорным дымам. Такім густым, што Цікі ледзь бачыў звяроў, якія іх акружалі. Толькі адны звярыныя вочы блішчалі скрозь вірлівую цемру.

Цікі закашляўся. Дым раз'ядаў вочы, і па шчоках пацяклі слёзы. Хлопчык працягнуў руку і схапіўся за Мафуту.

- Мы ў пастцы! - крыкнуў ён, стараючыся перакрычаць выццё полымя. - Больш тут нельга заставацца. Трэба шукаць спуск.

- Правільна, - прабасіў Мафута. - Трэба ратавацца.

Яны дамовіліся: Мафута абследуе паўночны і паўднёвы схілы, а Цікі - усходні.

Цікі ішоў скрозь дым, амаль нічога не бачачы перад сабой. Ён падаваўся то ў адзін бок, то ў другі, спатыкаўся, збіваючы ногі аб каменне.

І раптам, нібы цуд які, дым на імгненне рассеяўся, і Цікі паспеў убачыць схіл узгорка. Ёсць бяспечны спуск! Цікі ледзь не закрычаў ад радасці.

Па ўсходнім схіле збягала ўніз шырокая расколіна, быццам чыясьці гіганцкая баявая сякера рассекла глебу. Па баках яр быў закіданы абломкамі скал і валунамі, якія не давалі агню забрацца ўсярэдзіну.

А ў самым нізе, пад узгоркам, Цікі ўбачыў раку!

Шырокая і мелкаводная, яна ленавата цякла на поўдзень.

Па яры можна было спусціцца да ракі, не баючыся агню, і перабрацца на другі бераг. А там пажар ужо ім будзе не страшны.

Цікі пабег назад, на вяршыню ўзгорка.

Усё, як і раней, было заслана чорным дымам, але, на шчасце, Цікі амаль адразу ўбачыў свайго сябра. Звяры цесна збіліся ў кучу, як статак вясковых авечак. Гарачыня зрабілася нясцерпнай.

- Мафута! - крыкнуў Цікі. - Ёсць дарога ўніз! - І расказаў пра яр і рэчку.

Абодва паспешліва пакрочылі на ўсходні бок узгорка.

Цікі азірнуўся: усе звяры павярнулі да іх галовы і тужліва пазіралі ўслед. Хлопчык спыніўся.

- А як са звярамі, Мафута? - запытаў ён. - Трэба іх выратаваць!

- Не, Цікі, - адказаў Мафута. - Галоўная мая задача - давесці цябе жывым і здаровым да школы. Звяры самі знойдуць дарогу ўніз. Магчыма, яны пойдуць за намі. Хадзем, Цікі! Хутчэй!

Але Цікі затрымаў яго за руку:

- Прашу цябе, Мафута. Яны, можа, і пойдуць за намі, але ў гэткім дыме могуць заблудзіцца і загінуць. Трэба паказаць ім дарогу.

Навокал іх скакалі ўжо языкі полымя. Дым усё гусцеў. Цікі ўбачыў хамелеона і казульку-чарацянку - яна падышла да яго, калоцячыся ўсім целам.

- У цябе ж ёсць дудка, Мафута! Зайграй на ёй, і звяры пойдуць за намі. Калі ласка, Мафута! Зайграй на дудцы.

Хлопчык узяў у рукі хамелеона.

Мафута ўсміхнуўся.

- Добра. Хадзем, - сказаў ён і паднёс да рота дудку. Ён іграў на ёй гучна і звонка, і сярод шуму і трэску агню гукі дудкі здаваліся нейкімі незвычайнымі, дзівоснымі.

Цікі з Мафутам пачалі спускацца па яры. Абапал яго траву і дрэвы прагна паглынаў агонь.

«Як у расплаўленым цэнтры зямлі», - падумаў Цікі, рукамі прыкрываючы твар ад нясцерпнай гарачыні.

Час ад часу Цікі адставаў трошкі, каб упэўніцца, што звяры ідуць следам.

- Яны ідуць за намі, - паведамляў ён Мафуту. Той моўчкі ківаў галавой і не пераставаў іграць так гучна, як ніколі не іграў раней.

Нарэшце яр скончыўся, і яны апынуліся на беразе рэчкі. Як прыемна было ступіць у халаднаватую ваду збітымі і стомленымі нагамі!

Яны пачалі пераходзіць рэчку. За імі адзін за адным увайшлі ў ваду звяры. Спачатку - казулькі-чарацянкі. Вада даходзіла ім да самай шыі. Пасля іх - леапард; за ім балбатлівым роем рассыпаліся па вадзе малпы. Потым у ваду ступіў Эланд - антылопа-кану. Нарэшце ў раку плюхнуліся дзік-бародавачнік і дзікія сабакі.

Перабраўшыся на другі бераг, Цікі апусціў на зямлю хамелеона і чарапаху і раптам убачыў трусоў - яны гойсалі ўзад і ўперад па тым беразе, таму што рака была для іх неадольнай перашкодай.

- Трусы! - усклікнуў Цікі і пабег да іх па вадзе, выскачыў на бераг, падхапіў звяркоў на рукі і вярнуўся назад.

Нарэшце ўсе шчасліва перабраліся цераз рэчку.

А на тым баку ўся мясцовасць была ў агні.

Цікі ўсміхнуўся і весела глянуў на Мафуту. Хлопчык страшэнна стаміўся, у горле і вачах пякло ад едкага дыму. Але сэрца білася радасна.

Звяры апошні раз зірнулі на агонь і адзін за адным падаліся ў лес.

Цікі зрабілася крышачку сумнавата, калі ён убачыў, як яны пакідаюць іх, таму што ўсе яны - і звяры, і людзі - перамаглі аднаго і таго ж ворага як баявыя сябры ў час бойкі.

Нарэшце Мафута парушыў маўчанне:

- Тут цудоўнае месца для начлегу, Цікі.

Хлопчыку і самому дужа хацелася адпачыць, і ён кіўнуў галавой у знак згоды.

І вось на беразе мелкаводнай, але шырокай ракі, пад цямнеючым небам хлопчык і яго дарослы сябар пачалі гатаваць вячэру.

Калі вогнішча разгарэлася і затрашчала, Мафута ўзяў свой мяшок з маісавай мукой і сунуў усярэдзіну руку, але адразу закрычаў ад болю.

- Што з табой? - спалохана запытаў Цікі: ён падумаў, што Мафуту ўкусіла чырвоная мурашка.

Але Мафута нічога не адказаў, а толькі зноў асцярожна сунуў руку ў мяшок і выцягнуў з яго калючы скрутачак.

Гэта быў вожык! Але ён меў занадта падазроны выгляд - сыты і санлівы. Мафута памацаў у мяшку рукой.

- Усё зжор, да апошняга, - прабурчаў Мафута. - Усю муку з'еў гэты... гэты... - знямеўшы ад абурэння, ён паказаў пальцам на вожыка.

- Нічога, Мафута, - засмяяўся Цікі. - У маім мяшку крышку засталося. З голаду не памром.

Яны адпусцілі вожыка на волю і пазіралі, як ён ляніва пакаціў сваё сытае цела ў лес.

Цікі з Мафутам пераглянуліся і гучна зарагаталі.

 

Раздзел шосты. Нашэсце бабуінаў

 

- Ох! - войкнуў, прачынаючыся, Мафута. - Усе косці баляць. - Потым прысеў і пачаў асцярожна размінаць рукі і ногі.

- У мяне таксама, - азваўся Цікі і прыгадаў падзеі ўчарашняга дня - лясны пажар і выратаванне.

У паветры яшчэ вісеў едкі пах гару. Павекі ў Цікі былі чырвоныя, вочы крыху шчымелі.

Але калі Цікі і Мафута акунуліся ў халодную ваду ракі, бадзёрасць вярнулася да іх, і новы дзень падарожжа яны пачалі ў цудоўным настроі.

Падарожнікі ішлі берагам, цешачыся прыемнай свежасцю раніцы і лёгкім пяшчотным ветрыкам.

Крочылі яны нядоўга і неўзабаве падышлі да невялікага вадаспада. Вада крыху воддаль ад яго была празрыстая і спакойная. Яна так вабіла сваёй прахалодай і прыгажосцю, што, доўга не думаючы, хлопчык скокнуў у раку і плаваў, плаваў, пакуль не пачаў выбівацца з сілы. Тады ён вылез на вузкі і доўгі выступ скалы, які цягнуўся ззаду вадзянога вала.

Хлопчык пайшоў па каменнай касе, ледзь праціскаючыся паміж стромкай скалой і вадзяным каскадам.

Як тут было цудоўна і таямніча! Нібы ты перанёсся ў дзівосную, незнаёмую краіну...

Раптам Цікі ўбачыў пячору - грот, якога з берага за вадой не было відаць. Напэўна, утварыўся ён даўно-даўно, у час абвалу, калі з каменнай сцяны адваліўся вялізны кавалак скальнай пароды.

Хлопчык увайшоў у грот.

- Вось дзе сховішча Рачных духаў! - уголас падумаў Цікі. - Пэўна, я першы з людзей ступіў сюды нагой.

З заміраннем сэрца азірнуўся Цікі навокал. Промні сонца прасейваліся скрозь заслону вады, што імкліва абрыналася з вышыні, і асвятлялі сцены грота мяккім, мігатлівым святлом, падобным на серабрыстыя сонечныя зайчыкі.

Гэта быў чароўны палац са смарагдаў, у якім панавалі прахалода і спакой.

Раптам скрозь глухі гул вады Цікі пачуў сваё імя. Ён нехаця выбраўся з грота і вярнуўся на бераг да свайго сябра, на твары якога прачытаў трывогу.

- Я за цябе баяўся, - сказаў Мафута, уздыхнуўшы з палёгкай. - Думаў, ці не трапіў ты да кракадзіла альбо Рачнога духа!

Пайшлі далей, адчуваючы прыліў новых сіл. Па дарозе ім трапляліся вёскі, у якіх крыніцай біла жыццё - усюды зямля добра радзіла, таму што шмат ручаёў і рэчак шчодра паілі яе сваёй вільгаццю.

Апоўдні падарожнікі падняліся на ўзгорак, ад стомы ледзь перастаўляючы ногі. Зірнулі ўніз. Пад імі раскінулася вялікая вёска, залітая спякотным паўднёвым сонцам. Але была яна з выгляду нейкая сонная.

- Сёння мы многа і хутка ішлі, - з надзеяй у голасе намякнуў Цікі.

Мафута шырока ўсміхнуўся:

- Правільна. Тут самае, здаецца, зручнае месца для адпачынку.

Падарожнікі спусціліся з узгорка і ўвайшлі ў вёску.

Цікі адразу са здзіўленнем заўважыў, што вёска была нейкая малалюдная. Толькі некалькі старых сядзелі ля хацін; мажная жанчына памешвала нешта ў вялікім чорным гаршчку, што стаяў на агні; невялікая чародка дзяцей гуляла ў нейкую гульню. На санцапёку спалі некалькі сабак, тры-чатыры кураняткі грэбліся ў пяску.

Калі Цікі добра прыгледзеўся, яго ўразіла тое, што твары ў людзей былі засмучаны. Некаторыя старыя падперлі рукамі галовы, а таўстуха з выгляду была само няшчасце. Нават дзеці гулялі неяк нявесела, бязрадасна.

Усе так аддаліся смутку, што нават не заўважылі гасцей.

- Што ў іх тут здарылася? - здзіўлена запытаў Цікі.

- Відаць, нейкая бяда абрынулася на вёску, - усхвалявана адказаў Мафута. - Можа, чума якая?

- Альбо паводка, - выказаў здагадку Цікі.

- Ці не воіны на іх напалі?

- А можа, злыя духі праклялі?

- Ва ўсякім разе, трэба даведацца, - вырашыў Мафута.

Яны асцярожна падышлі да старога, што сядзеў бліжэй да іх, прывіталіся і селі побач.

- Што ў вас за няшчасце? - лагодна запытаў Мафута. - Дзе ўсе жыхары?

Стары тужліва патрос галавой і адказаў:

- Усе людзі ў полі. Хочуць злавіць бабуінаў.

- Нейкі дзіўны занятак! - не стрымаўся Цікі.

Стары пачаў тлумачыць:

- З году ў год у нашай вёсцы добры і ранні ўраджай, бо зямля ў нас урадлівая, вады багата. Жылі мы і гора не ведалі. Але сёлета нас чакае галеча і голад, таму што на нашы палі напала цэлая зграя пражэрлівых бабуінаў.

- Чаму ж вы не прагоніце гэтых малпаў або не пераловіце іх? - запытаў Цікі.

- Гэ! - прабурчаў стары. - Бабуіны хітрыя. Ты іх гоніш, а яны толькі рагочуць. Злавіць іх? Мы расставілі сотні пастак з гарбузоў, але пакуль што ўсяго два злодзеі папаліся ў іх.

- Што такое пастка з гарбуза? - пацікавіўся Цікі.

- А гэта выдзяўбаны гарбуз, - пачаў тлумачыць Мафута. - У ім робіцца нешырокая адтуліна, а ў сярэдзіну кладзецца прынада. Малпа прасоўвае ў дзірачку руку і хапае ежу, але назад выцягнуць руку не можа, бо моцна сціскае здабычу ў кулаку. У яе не хапае розуму разняць кулак. Так і застаецца, ушчаміўшы руку ў гарбуз.

- Гэта праўда, - пагадзіўся стары, - але праклятыя бабуіны не падыходзяць да пастак, ім больш падабаецца кукуруза. Зрываюць катахі са сцяблін, усе да аднаго. Тое, што з'есці не могуць, знішчаюць. Хутка на сцяблінах не застанецца ніводнага катаха, палі стануць голыя, і ў вёску прыйдзе голад...

Стары цяжка ўздыхнуў, а Цікі з Мафутам спагадліва пацмокалі языкамі.

Усталявалася цішыня - кожны думаў сваю думу.

Мажная жанчына перастала памешваць у гаршчку і абвясціла, што ежа гатова. Прапанавала і гасцям паесці, і тыя з удзячнасцю згадзіліся, бо былі страшэнна галодныя і вельмі хацелі піць.

Дзень быў спякотны. Сонца бязлітасна пякло амаль зусім бязлюдную, нібы вымерлую вёску, і цішыню парушала толькі нягучнае і аднастайнае гудзенне маскітаў.

Не паспеў Мафута праглынуць апошні кавалак, як пазяхнуў на ўвесь рот, лёг на спіну і адразу заснуў.

Цікі таксама ледзь перамагаў жаданне заплюшчыць вочы. Тады ён узяў Мафутаву дудку і ціхенька заіграў.

Мафута спаў. Цікі ледзь чутна іграў на чарацянай дудцы, а тоўстая жанчына вынесла з хаціны гаршчок з чырвонай фарбай і зусім новую коўдру і пачала фарбаваць тканіну.

Дзень цягнуўся ў цішыні і спакоі.

Толькі пад вечар, калі цені сталі доўгімі, а ў паветры павеяла прахалодай, з поля вярнуліся людзі. Яны ішлі па высокай траве на чале з маладым правадыром. Твары іх былі стомленыя і панурыя. З сабой яны неслі нейкую жывую істоту. Гэта была малпа-бабуін, прывязаная лапамі да жардзіны, якую трымалі два чалавекі. Бабуін раз'юшана круціў сваімі злоснымі шарыкамі-вочкамі.

Мафута прачнуўся і працёр вочы.

- Ага! Аднаго злавілі! - усклікнуў ён. - Малайцы!

- Толькі аднаго, а на маісавых палях іх асталося пяць соцень, - змрочна адказаў правадыр. - Марна патрацілі дзень.

Сяляне прывязалі бабуіна да кала, які быў убіты ў зямлю, а самі пападалі на дол там, дзе стаялі, - яны не мелі сілы нават паесці.

- Мафута, - сказаў Цікі, - трэба неяк дапамагчы няшчасным.

Абодва глыбока задумаліся. Нарэшце Мафута тужліва страсянуў галавой.

- Нічога мы зрабіць не можам. - Ён уздыхнуў і заплюшчыў вочы, зноў збіраючыся заснуць.

Цікі падняўся з месца і падышоў да жанчыны, якая ўсё яшчэ старанна фарбавала коўдру.

- Скажыце, калі ласка, - звярнуўся Цікі да жанчыны, - што зробяць з гэтай малпай?

Жанчына злосна глянула на бабуіна і адказала:

- Каб мне дазволілі, я... я... акунула б яго ў гэтую фарбу і павесіла на дрэве пасярод поля. Гэта было б добрым урокам астатнім зладзюгам!

І тут Цікі прыйшла ў галаву цудоўная думка.

- Мафута! Мафута! - крыкнуў ён. - Я ведаю, што рабіць! Ведаю, як пазбавіцца ад бабуінаў!

Яго крык падняў на ногі стомленых сялян, і яны акружылі яго цесным колам.

- Хо! - рагатнуў адзін з іх. - Мы ўжо шмат дзён змагаемся з бабуінамі і нічога зрабіць не можам. Чаму ты навучыш нас, дзіцятка?

- Паслухайце, што ён скажа, - сур'ёзна параіў Мафута. - Мой юны сябар - хлопчык разумны. Гавары, Цікі, гавары!

Хвалюючыся, Цікі расказаў пра свой план.

Калі ён скончыў, усе ў знак ухвалы паківалі галовамі, і стомленыя твары людзей засвяціліся надзеяй.

- Маленькі чужынец, - з удзячнасцю сказаў адзін селянін, - здаецца, ты нас выратаваў.

- Адразу і пачнём, - прапанаваў другі. - Марудзіць нельга.

Усе ахвотна ўзяліся за справу.

Перш-наперш папрасілі ў таўстухі гаршчок з фарбай. Тая нешта прабурчала ў адказ, але калі ёй усё растлумачылі, твар жанчыны расцвіў радаснай усмешкай.

- Увесь гаршчок бярыце, - сказала яна. - Уся фарба ваша.

Гаршчок панеслі да кала з прывязаным да яго бабуінам. Малпа нешта злосна залапатала, калі ўбачыла, што да яе набліжаюцца людзі.

- Што ж, пачнём, - даў знак Мафута, і ўсе пачалі старанна і весела мазаць бабуіна чырвонай фарбай. Неўзабаве ўвесь ён, з галавы да ног, заззяў ярка-чырвоным колерам. Толькі круглыя вочкі злосна гарэлі - чорныя шарыкі на ружовым твары.

Відовішча было такое, што і пяром не апісаць. Людзі стаялі, узяўшыся ў бокі, і качаліся ад рогату, пакуль слёзы не пацяклі па шчоках.

Жанчына падыбала ў сваю хаціну і вынесла яшчэ адзін гаршчок.

- Ад апошняй коўдры жоўтай фарбы крышачку засталося, - сказала яна. - Можна абмазаць яму далоні і ступні. Вось будзе пацеха!

Так і зрабілі. Потым двое сялян выцягнулі з зямлі кол і панеслі чырвона-жоўтага бабуіна за аколіцу.

Жыхары вёскі, смеючыся і гамонячы, рушылі за імі ў поле.

Наперадзе крочыў малады правадыр, за ім - яго дарадца, а за дарадцам - Цікі і Мафута. Ззаду два чалавекі неслі палонніка. Усе астатнія жыхары вёскі - старыя, моладзь і дзеці - замыкалі шэсце. За імі беглі сабакі.

Мафута зайграў на дудцы вясёлую мелодыю, і сяляне гучна заспявалі - неўзабаве вораг будзе пераможаны!

Працэсія пачала падымацца на ўзгорак, што панаваў над полем. З вяршыні людзі зірнулі ўніз, і перад вачыма паўстала жудасная карціна. Кукурузныя палеткі скрозь кішэлі бабуінамі. Малпы дзелавіта шнырылі між напалову аголеных кукурузных сцяблін, нібыта працавітыя мурашкі.

- Вы толькі гляньце на іх! - задыхаючыся ад гневу, усклікнуў правадыр. - Грабежнікі!

Відовішча сапраўды было страшнае, і Цікі аж затросся ад абурэння. Бабуіны зрывалі кожны кукурузны пачатак, які трапляўся пад лапы.

Правадыр нецярпліва павярнуўся да людзей, што неслі кол з бабуінам, і запытаў:

- Вы гатовы?

Тыя кіўнулі галовамі.

- Пускайце яго! - загадаў правадыр.

Стракатага бабуіна хуценька адвязалі ад кала і адпусцілі.

Малпа з усіх ног кінулася бегчы з узгорка да сваіх родзічаў, на хаду злосна агрызаючыся.

І тады ўсё адбылося так, як меркавалася. Калі чырвона-жоўты бабуін прабег паўдарогі ўніз па схіле, не перастаючы шалёна гыркаць і нешта гучна лапатаць, адзін рослы бабуін глянуў угору. Убачыўшы нейкую дзіўную жывёліну, ён абазваўся пранізлівым крыкам. Усе астатнія малпы ўзнялі вочы на ўзгорак і ўбачылі чырвона-жоўтага звера, які імкліва ляцеў на іх. Закрычаўшы ад жаху, уся зграя кінулася наўцёкі.

Нейкі момант каляровы бабуін стаяў у здзіўленні і нерашучасці, потым памчаўся яшчэ хутчэй, даганяючы сваіх прыяцеляў. Але малпы прыпусцілі з усіх ног, ратуючыся ад жахлівай пачвары.

І гэтак яны беглі - размаляваны бабуін, які ніяк не мог зразумець, чаму яго племя ўцякае ад яго, і перапалоханыя малпы, што ратаваліся ад нейкага чырвона-жоўтага д'ябла, які гнаўся за імі па пятах!

Уся зграя бабуінаў - вялізныя і маленькія, старыя і маладыя, самкі і іх вывадкі - неўзабаве зніклі за грэбенем наступнага ўзгорка, набіраючы ўсё большую хуткасць, а за імі гнаўся іх адзінокі раз'юшаны родзіч.

Сяляне пляскалі ў далоні і смяяліся.

- Перамога! Перамога! - чуліся крыкі.

Усе пачалі скакаць ад радасці.

- Яны ні на хвіліну не спыняцца, - сказаў нехта, - пакуль не ўцякуць за сотню міль адсюль, пакуль з бабуіна не сатрэцца фарба.

Цікі і Мафуту паднялі ў паветра і пасадзілі на чыесьці магутныя плечы - як герояў вялікай бітвы.

Людзі пачалі спускацца з узгорка і ўсю дарогу да вёскі спявалі гімн перамогі.

Позна вечарам яны, вядома, наладзяць урачысты баль, каб адсвяткаваць слаўную перамогу над грабежнікамі.

 

Раздзел сёмы. Разгром браканьераў

 

- Наша вёска, - абвясціў раніцой правадыр, - вырашыла аддзякаваць вам. Мы высока цэнім вашу ролю ў выгнанні бабуінаў.

Усе прысутныя сустрэлі гэтыя словы шэптам ухвалы. Мудрыя старыя дарадцы правадыра заківалі галовамі ў знак згоды, і вяскоўцы ветліва ўсміхнуліся Цікі і Мафуту.

Адчуўшы на сабе позіркі людзей, Цікі збянтэжыўся.

- З гэтай прычыны, - гаварыў далей правадыр, - мы вылучылі самых смелых воінаў суправаджаць вас да самага канца вашага падарожжа. Гэта наш знак павагі да вас.

Наперад выступілі восем высокіх воінаў у велічных ваенных уборах - на плячах яркія леапардавыя шкуры, вялікія страўсавыя пер'і на галовах, бліскучыя коп'і і моцныя скураныя шчыты ў руках.

Эскорт, як для каралёў!

- Ідзіце з маімі сябрамі, - загадаў правадыр воінам, - і ахоўвайце іх.

Мафута падзякаваў правадыру і жыхарам вёскі, і, калі ён скончыў сваю кароткую прамову і ўсе паціснулі адзін аднаму рукі, урачыстая працэсія рушыла ў дарогу.

Усю раніцу яны крочылі пад празрыстым блакітным небам - чатыры воіны ў авангардзе і чатыры ў ар'ергардзе.

Крыху пасля поўдня, калі сонца яшчэ пасылала на зямлю свае гарачыя промні, а лес нібы драмаў, падарожнікі выйшлі да шырокай ракі. Выкупаліся і добра адпачылі ў засені бамбукавых дрэў, што раслі абапал ракі.

- Трэба пераправіцца цераз рэчку, - сказаў Мафута. - Але яна глыбокая і імклівая. Ты, Цікі, сам не перабярэшся.

- Я перанясу яго, - сказаў самы рослы і дужы воін.

Цікі ўзлез на шырокія плечы воіна, і той панёс яго цераз раку.

Калі, мокрыя, яны выйшлі з вады, Цікі пачуў удалечыні нейкія дзіўныя гукі, нібы раскацістае рэха, быццам дзьмулі ў гіганцкі рог.

- Сланы, - зазначыў Мафута.

- Гэта слановы край, - растлумачыў адзін з воінаў, - цяпер у іх пара вандраванняў.

Падарожнікі пайшлі далей лесам. Паступова трубныя гукі рабіліся ўсё больш гучнымі. Раптам начальнік воінаў узняў руку і спыніў калону. Цікі з Мафутам падышлі да яго.

- Зірніце, - сказаў воін.

Перад імі была вузкая і глыбокая цясніна. Калісьці яна з'яўлялася рэчышчам вялікай ракі і яе берагі поўніліся громам неўтаймаваных парогаў і велічных вадаспадаў. Але цяпер рака высахла, і толькі некалькі спакойных азёрцаў паблісквалі на дне цясніны.

Раптам Цікі ўбачыў людзей. На схіле цясніны, хаваючыся за валунамі і густой травой, спіной да іх прытаіліся каля трох дзесяткаў вельмі дзіўных з выгляду афрыканцаў. Целы іх былі расфарбаваныя, і кожны сціскаў у руцэ доўгае і цяжкае кап'ё. Цікі нават спалохаўся: нешта нядобрае задумалі яны!

- Гэта ж вандэробы! - здзівіўся нехта з воінаў, і ў голасе яго прагучаў гнеў. - Што ім трэба?

- Хто такія вандэробы? - трывожна запытаў Цікі. - Чаму яны такія размаляваныя?

- Племя гэтае жыве на поўначы. Відаць, сюды забраўся адзін з іхніх паляўнічых атрадаў. Але я ніколі яшчэ не бачыў іх так далёка на поўдні.

- Браканьеры. Незаконна палююць на сланоў, - сказаў начальнік воінаў. - Забіваюць іх, здабываюць слановую косць і ўпотай прадаюць іншаземным гандлярам.

- Вандэробы, - дадаў другі воін, - вельмі каварнае і жорсткае племя. Яны не аруць, не сеюць, не разводзяць жывёлу. Адзіны іх занятак - браканьерства. Знішчаюць вялікія статкі сланоў. Відаць, прыйшлі сюды таму, што сваіх сланоў яны ўжо ўсіх перабілі - а іх было тысячы!

Цікі, Мафута і воіны моўчкі пазіралі ўніз на дзікуноў, якія сядзелі ў засадзе.

- Каго яны чакаюць? - нарэшце запытаў Мафута.

Неўзабаве Мафута атрымаў адказ на сваё пытанне.

Наваколле раптам здрыганулася ад гучнага тупату, і праз паўночны праход у цясніну ўвайшоў вялізны слон-самец з вялікімі вушамі, маршчыністым ілбом і доўгімі, тоўстымі, як ствалы дрэў, ікламі. Ён вёў за сабой статак сланоў. Так многа сланоў Цікі яшчэ не бачыў. Нібыта разлілося шырокае шэрае мора. Сланы ішлі паволі, цяжка тупаючы, і вакол іх карычневай хмарай узняўся пыл. А сланоў усё прыбывала і прыбывала, і Цікі здалося, што тут сабраліся ўсе сланы Афрыкі.

Вандэробы заварушыліся ў сваім сховішчы. Яны не адрывалі вачэй ад статка, які набліжаўся, гатовыя адразу пусціць у ход свае доўгія і вострыя коп'і.

Здабыча сама ішла ім у рукі.

- Страшна падумаць, што зараз будзе! - прашаптаў у абурэнні Мафута. - У сланоў няма шанцаў на выратаванне...

Воіны шэптам згадзіліся з ім.

- Давайце разгонім вандэробаў, - прапанаваў нехта з воінаў.

- Іх у тры разы больш за нас, - запярэчыў другі.

Зноў наступіла маўчанне.

Сланы падыходзілі ўсё бліжэй, і нарэшце вялізны важак апынуўся за пяцьдзесят крокаў ад першага з вандэробаў.

Раптам Мафута парушыў маўчанне:

- Здаецца, усё ж такі і мы нешта можам зрабіць, - у голасе яго прагучала слабая надзея. - Калі б нам удалося напасці на дзікуноў знянацку, зрабіўшы выгляд, што нас больш за іх, можна было б іх разагнаць.

Воіны моўчкі згадзіліся, а адзін сказаў:

- Можна ўзняць вялікі шум.

- Пачнём крычаць і размахваць коп'ямі і шчытамі, - пачуўся яшчэ адзін голас.

- Сонца ў нас за спіной, - дадаў нехта. - Яны нас добра не разгледзяць. Падумаюць, што цэлае племя!

- Так, разагнаць іх можна, - пагадзіліся ўсе.

- Ва ўсякім разе, мы хоць сланоў папярэдзім аб небяспецы, - уставіў Цікі.

- Цудоўна, - сказаў Мафута. - Аднак трэба спяшацца. Пастройцеся ў адну лінію. Гатовы?

- Гатовы! - адказалі воіны, і Цікі адчуў, як моцна забілася сэрца. Гэта ж яго першы ў жыцці бой. Вось будзе пра што потым расказваць!

Увесь статак сланоў прасунуўся ўжо далёка па цясніне, і пярэднія апынуліся амаль пад самымі дзікунамі, якія чакалі іх на адхоне цясніны.

У той момант, калі воіны на чале з Мафутам сабраліся ўжо кінуцца на вандэробаў, адзін з іх раптам падняўся ва ўвесь рост, узмахнуў над галавой кап'ём і шпурнуў сваю смертаносную зброю, цэлячы між лапатак важака.

Што тут пачалося!

Гіганцкі слон шалёна зароў ад болю і пабег нехлямяжым галопам. Увесь статак паддаўся панічнаму жаху. Сланы імчаліся па цясніне, як звар'яцелыя. Дарослыя трубілі хобатамі, малыя вішчалі. Здавалася, нібыта мёртвае рэчышча зноў ператварылася ў. бурлівую рэчку, на якой уздымаліся шэрыя навальнічныя хвалі.

Браканьеры выскачылі з засады і ўзнялі свае грозныя коп'і, гатовыя адразу пачаць бязлітасную бойню.

- Наперад! - крыкнуў Мафута. - За мной! - і імкліва пабег уніз па стромкім схіле ўзгорка.

Воіны і Цікі не адставалі ад яго ні на крок. Размахвалі коп'ямі і шчытамі, пагрозліва крычалі - узнялі такі вэрхал і шум, нібы цэлы атрад воінаў у час жорсткай бітвы.

І сапраўды страшная карціна паўстала перад вачыма захопленых знянацку вандэробаў. Яны так і застылі на месцы з узнятымі коп'ямі і, прыжмурыўшы вочы ад яркага крывава-чырвонага вячэрняга сонца, пазіралі ўгору, адкуль на іх імкліва кацілася чалавечая лавіна.

- А-яй! - хрыпла завішчалі яны ад жаху.

- Ратуйцеся! Уцякайце! - чуліся крыкі.

- Лясныя д'яблы! Чынонгі! Чынонгі! Абаронцы сланоў!

Браканьеры шпурнулі на зямлю свае коп'і і кінуліся наўцёкі, не перастаючы крычаць: «Ратуйцеся! Чынонгі! Чынонгі!»

Аднак уцячы было справай нялёгкай. Спачатку яны рынуліся ўніз, але там раз'юшаныя сланы пагражалі смерцю. Тады вандэробы павярнулі назад і, задыхаючыся, пабеглі ўгору па схіле ўзгорка, ледзь не наткнуўшыся на коп'і воінаў, што наступалі на іх.

Нарэшце з жудасным крыкам яны памчаліся па адхоне цясніны, як тыя зайцы, што не ведаюць, куды ўцячы ад сабакі, і зніклі ў высокай траве.

Гэта быў поўны разгром браканьераў. Жыццё сланоў было выратавана!

...Навокал усталявалася цішыня. Вандэробаў і след прастыў, сланы ўцяклі.

Толькі пыл, які ўсё яшчэ вісеў у вячэрнім змроку, сведчыў аб тым, што нядаўна тут адбылася бойка.

- Доўга будуць памятаць! - цяжка дыхаючы, усміхнуўся нехта з воінаў.

Усе адчувалі вялікую радасць і задавальненне.

- А што будзе з важаком? - раптам успомніў Цікі. - У яго спіне сядзіць кап'ё. Ён паранены. Трэба знайсці яго і выцягнуць кап'ё.

- Цю! - свіснуў адзін воін. - Лёгка сказаць!

- А ты, Цікі, спознішся ў школу. Нам больш затрымлівацца нельга, - сказаў Мафута. - Ты ж памятаеш - нам трэба паспець туды заўтра да захаду сонца, а шлях яшчэ далёкі.

- Але ж нельга пакідаць слана ў такой бядзе, Мафута. Ён будзе паволі паміраць.

- Хлопчык кажа праўду, - сказаў высокі воін. - Паранены слон будзе пакутаваць ад болю.

- А боль зробіць яго небяспечным, - дадаў нехта. - Слон ашалее і патопча пасевы. Можа напасці нават на вёскі. Яго абавязкова трэба знайсці.

- Добра, - здаўся нарэшце Мафута. - Мы адшукаем слана і выцягнем кап'ё.

 

Раздзел восьмы. Выратаванне слана

 

Задача перад імі стаяла нялёгкая.

Высачыць слана не самая цяжкая справа, таму што, калі такі вялізны звер прадзіраецца праз драбналессе, дарога яго ўсеяна абламаным веццем, сарваным лісцем і выдраным дзірваном.

Але паспрабуйце падабрацца да ашалелага ад болю звера і выцягнуць кап'ё з яго спіны!

- Да захаду сонца яшчэ цэлая гадзіна, - зазначыў Мафута, паглядаючы на пачырванелае неба. - Адсюль слон далёка не пайшоў.

- Ён накіраваўся на поўдзень, - дадаў высокі воін. - Чаго час марнаваць, давайце адразу і пойдзем па ягоных слядах.

Атрад рассыпаўся веерам, і ўсе пачалі шукаць сляды параненай жывёліны.

Першы ўбачыў іх Цікі - дзве глыбокія ўмяціны каля мёртвага мурашніка, зарослага мохам.

- Сюды! Сюды! - закрычаў ён. - Вось яны!

- Малайчына, хлопчык! - пахваліў яго высокі воін, і ўсе падбеглі да Цікі.

- Так, гэта важак, - пацвердзіў Мафута, уважліва агледзеўшы сляды. - А вось тут ён патаптаў траву. Наперад! Час не чакае.

Усе пайшлі за ім - вельмі асцярожна, бо ні для каго не сакрэт, што сланы бываюць вельмі каварныя і вяртаюцца назад па сваіх слядах, а потым знянацку нападаюць на таго, хто гнаўся за імі.

Некаторы час сляды вялі ў адным кірунку - проста на поўдзень. Пагнутыя дрэвы і зламанае галлё дакладна паказвалі дарогу - нібы ты крочыш па даўно знаёмай сцежцы.

Потым след пачаў круціцца то ўлева, то ўправа і, нарэшце, перад самым захадам сонца, зрабіўся зусім звілістым, быццам слон выбіўся з сілы і ўжо не разбірае кірунку.

Цікі, Мафута і воіны спыніліся і сышліся разам: трэба было вырашыць, што рабіць далей.

- Ён страціў шмат крыві, - сказаў Мафута. - Хутка мы яго знойдзем.

- Так. Ён недзе недалёка, - згадзіўся нехта з воінаў.

Цікі пачаў азірацца наўкол - акінуў позіркам дрэвы, камяністыя грудкі, зарослыя высокай травой лужкі. У яго моцна білася сэрца: слон недзе тут, зусім блізка...

- Паранены слон наўрад ці ўжо мог далей ісці, - гаварыў Мафута. - Трэба добра пашукаць у самым гушчары, бо, можна не сумнявацца, для свайго апошняга прытулку ён выбраў самыя густыя зараснікі.

Сонца ўжо схавалася за небасхіл, надаўшы небу цёмна-барвовы колер, калі яны натрапілі на мясціну, дзе мог схавацца слон, - невялікі, але густы гай на беразе маленькай рэчкі з павольнай плынню.

- Тут мы яго знойдзем, - упэўнена сказаў Мафута. Памаўчаўшы крыху, ён дадаў: - Але позна ўжо. Тут мы пераначуем, а за справу возьмемся раніцой.

Усе размясціліся на начлег, паклаўшы галовы на рукі альбо проста на валуны.

Было холадна, хацелася есці, але распальваць вогнішча было нельга - святло і дым маглі ўспудзіць слана.

Нібы вялізным чорным плашчом, цемра ахутала зямлю, і падарожнікі заснулі. Але не ўсе.

- Ой! - раптам застагнаў Мафута. - Страшэнна есці хочацца. Ад вогнішча ніякай шкоды не было б.

- Ш-ш... Агонь запальваць нельга, - прашаптаў нехта з воінаў. - Слон пачуе нас.

- Нават самага маленечкага?

- Ніякага. І вам не сорамна быць нявольнікам свайго страўніка?

- Ведаеце, - прабурчаў Мафута, - толькі неразумныя людзі забываюць пра свой страўнік. Да раніцы мы ўсе можам памерці з голаду!

- Цішэй вы! Абодва змоўкніце, - пачуліся ціхія галасы.

Нейкі час панавала поўная цішыня.

Падзьмуў халодны ветрык, вада ў рацэ зарабацінілася. І амаль адразу наляцелі раі маскітаў, ноч напоўнілася іх шалёным гудзеннем.

Скарчанелы, галодны, скусаны маскітамі, Цікі нарэшце заснуў.

- Калі б мы запалілі агонь, - раскалоў цемру гучны голас, - мы маглі б...

- Ш-шш...

- ...павячэраць...

- Ш-шш...

- ...і сагрэцца...

- Ш-шш...

- ...і пазбавіцца ад маскітаў...

- Калі ласка, Мафута, памаўчыце. Агню распальваць мы не будзем!

Мафута глуха застагнаў і заціх.

 

Халодны шэры пробліск святла ўзнік на ўсходзе. Адзін за адным прачнуліся людзі. Рукі і ногі ў іх здранцвелі, нылі ўсе косці. Але неўзабаве ўсе крыху разышліся, акунулі галовы ў рэчку і пачалі адчуваць сябе лепш.

- Як жа мы выцягнем тое кап'ё? - запытаў нехта.

Кожны прапанаваў свой план, бо кожны хацеў паказаць сваю храбрасць.

Нарэшце дамовіліся: высокі воін, які славіўся сваімі хуткімі нагамі, павінен выбавіць важака на адкрытае месца; Мафута, самы дужы з усіх, залезе на дрэва і, калі пад ім з'явіцца слон, ухопіць дрэўка кап'я і выцягне яго.

- А чым я магу памагчы? - спытаў Цікі.

- Ты, малы, не шукай небяспекі, - засмяяўся Мафута. - Памятай: я пакляўся майму сябру, твайму бацьку, што не дам цябе ў крыўду. Калі з табой што здарыцца, дадому я ўжо ніколі не вярнуся.

Усе стаіліся, прыгнуўшыся пад дрэвамі, а Мафута ўсміхнуўся, моўчкі памахаў рукой і папоўз да вызначанага дрэва.

Цікі таксама крыху прапоўз і прыўзняў галаву, назіраючы за тым, што будзе далей.

Тым часам Мафута імкліва і бясшумна прабіраўся скрозь высокую траву. Потым палез на дрэва і знік у яго лістоце.

- Цяпер мая чарга, - прашаптаў высокі воін. - Пажадайце мне поспеху, - і ён таксама падаўся да гаёчка.

Цікі зрабілася нават крыху зайздросна.

- А мне чаму нельга? - спытаў ён сам сябе.

Калі воіна ўжо не было відаць, нехта сказаў:

- Падыдзем бліжэй да таго месца - адсюль мы нічога не ўбачым.

І тады Цікі раптам хуценька пабег наперад і, перш чым яго паспелі затрымаць, апынуўся ўжо ў густой траве, ля гаёчка.

Калі хлопчык дабраўся да дрэва, на якім сядзеў Мафута, ён зірнуў угору і ўбачыў спалоханыя вочы, якія глядзелі на яго з высокага сука.

- Чаго... чаму... навошта ты прыйшоў сюды, Цікі?

- Хачу памагчы, - адказаў Цікі. - Хіба ты забыўся, Мафута? Гэта ж я першы падаў думку выратаваць слана.

- Але ж, Цікі... - запярэчыў Мафута, аднак хлопчык яго ўжо не чуў, бо зноў нырнуў у траву і пачаў шукаць у ёй воіна.

Раптам Цікі стаў як укапаны: проста перад ім быў слон!

Момант быў жудасны. Чалавек і звер пазіралі адзін на аднаго, і Цікі ад страху застыў, як каменная статуя. Ён хацеў павярнуцца і кінуцца наўцёкі, але не мог зварухнуцца.

Слон захроп нейкім глыбокім гартанным храпам і гучна заляпаў вялізнымі вушамі.

- Цікі! - каля хлопчыка апынуўся высокі воін і схапіў яго за руку. - Адкуль ты тут?

Яго голас патануў у магутным трубным гуку.

- Слон! Уцякайма! - Цікі з воінам павярнуліся і пабеглі.

Паветра зноў страсянулася ад страшэннага рыку, зямля задрыжала ад удару магутнай нагі. Амаль за самай спіной уцекачы чулі трэск галін і дрэў. Быццам ураган імчаўся па лесе альбо зямля расколвалася ад землетрасення.

Нарэшце хлопчык і воін схаваліся за тоўстае дрэва.

Звярыны рык і тупат усё набліжаліся. Раптам Цікі выпадкова глянуў угору і ўбачыў знаёмую постаць. Гэта ж Мафута! Хіба яго можна з кім-небудзь зблытаць.

Далей усё адбывалася з хуткасцю маланкі.

У паветры мільгануў хобат, за ім паказаліся велізарныя пярэднія ногі слана - не больш як за пяць крокаў ад уцекачоў. Мафута імкліва выцягнуў руку, схапіў кап'ё, што тырчала ў спіне слана, і з усяе сілы пацягнуў да сябе, аж мускулы на руках надзьмуліся. Нейкі момант кап'ё ўпіралася, але потым падалося і вылезла.

Слон абазваўся пранізлівым рыкам і захроп ад болю. Круцячыся на месцы, ён раптам убачыў Мафуту.

Ніколі раней Цікі не прыкмячаў у сваім старэйшым сябры такога спрыту! У імгненне вока Мафута ўскараскаўся на самую верхавіну дрэва, быццам за ім гналася зграя лесуноў.

А слон пакруціў хобатам, шалёна затрубіў, ударыў па зямлі пярэднімі нагамі і ўтаропіўся на Мафуту, які пагойдваўся на самай верхавіне дрэва. Потым слон павярнуўся да яго спіной і патупаў прэч. Пра Цікі і воіна ён зусім забыўся.

Цікі асцярожна вылез з-за дрэва, як яшчарка з-пад каменя, - як вельмі шчаслівая яшчарка!

- Цяпер злазь, Мафута! - гукнуў Цікі.

Воіны адзін за адным далучыліся да яго, задралі галовы і з усмешкай пазіралі на Мафуту.

- Чаго вы там сядзіце? Спускайцеся! - гукалі яны.

На нейкі час стала ціха.

Потым пачуўся Мафутаў голас:

- Я б з ахвотай...

- Дык не марудзьце.

- Хіба вы не бачыце, я не магу злезці, - сарамліва сказаў Мафута. - Як я забраўся на самую макаўку, розуму не дабяру. Я тут заблытаўся, не магу варухнуцца.

Унізе ўсе затрэсліся ад нястрымнага смеху. Але гэта быў вясёлы смех, у ім гучала ўдзячнасць Мафуце. Усе радаваліся, што слон цяпер спакойна сабе трухае да знаёмых пашаў і будзе жыць яшчэ доўга і шчасліва...

 

Раздзел дзевяты. Канец падарожжа

 

- Трэба спяшацца, - сказаў высокі воін, калі ўсе ўдосталь нагаварыліся, прыгадваючы ўсё, што адбылося. - Час у дарогу, а то спознімся.

- Нават не паеўшы? - перапужаўся Мафута. - З учарашняга дня нічога ў роце не было.

Хуценька расклалі агонь і згатавалі ежу.

Калі ўсе пад'елі, адразу рушылі ў дарогу, хоць Мафута бурчаў, што нягожа падарожнічаць на поўны страўнік.

- Самі вінаваты, - абурыўся высокі воін. - Навошта столькі елі?

Ішлі па беразе рачулкі, пакуль яна не ўлілася ў вялікую раку, што цякла на ўсход, і далей пайшлі ўздоўж яе.

Воіны крочылі так шпарка, што Цікі не раз даводзілася даганяць іх бегма. А высокі воін усё прыспешваў падарожнікаў.

Нават Мафута падганяў, і сам не адставаў ні на крок - цяжару ад лішняй ежы ён ужо не адчуваў.

Незадоўга да поўдня, у самую спёку, калі дрэвы адкідвалі кароценькія цені, падарожнікі прыйшлі ў вялікую вёску. Усе жыхары высыпалі паглядзець на прышэльцаў.

Стары правадыр узняў руку ў знак прывітання.

- Куды кіруецеся, воіны? - запытаў ён.

- У Галоўную Школу, - адказаў Мафута. - Павінны быць там да захаду сонца.

Навокал замармыталі і зацмокалі языкамі, а правадыр з сумненнем пакруціў галавой:

- Не паспееце. Дарога вельмі далёкая.

Цікі глянуў на раку, што зіхатліва пералівалася пад паўдзённым сонцам, і запытаў:

- Ці далёка на ўсход цячэ гэта рака?

- Вельмі далёка. Яна перасякае раўніну да самага канца сушы і ўліваецца ў мора. Чаму ты пытаешся, хлопчык?

- А ці ёсць у вас лодка? - пытаўся далей Цікі. - Не маленькая, а вялікая? Каб у яе маглі сесці дзесяць чалавек.

- Вунь яно што! - у адзін голас усклікнулі Мафута і некалькі воінаў - яны зразумелі, што задумаў Цікі.

Правадыр усміхнуўся:

- Мы рыбакі. Вядома, лодкі ў нас ёсць. Усякія - і вялікія, і малыя, вузкія і шырокія.

- Ці не пазычыце вы нам самую вялікую, каб мы маглі даплыць на ёй да школы?

Стары правадыр лагодна ўсміхнуўся і сказаў:

- Мы нават вось што зробім. Калі вы ненадоўга спыніцеся ў нас у гасцях, людзі падрыхтуюць для вас маё ўласнае каноэ.

Падарожнікі з радасцю прынялі прапанову.

Маладзенькія дочкі правадыра паднеслі кожнаму з іх халаднаватага гранатавага соку. Пакуль рыхтавалі каноэ правадыра, Мафута крыху паспаў у густым ценю мсасавага дрэва.

Калі да берага падагналі лодку, у Цікі дух заняло.

Лодка была цудоўная. Доўгая і зграбная, з высока ўзнятым над вадою носам і шырокім чырвоным тэнтам на карме. Барты былі аздоблены шырокімі жоўтымі і чырвонымі палосамі, і гэта надавала лодцы горды, зухаваты выгляд. Цікі не мог адарваць ад яе вачэй.

- О-о-о! - вымавіў ён у захапленні. Астатнія падарожнікі нерухома застылі на месцы, любуючыся яе хараством.

- Не будзем траціць часу, - сказаў высокі воін. - Суша з месца не кранецца.

Воіны і чацвера юнакоў-тубыльцаў ускочылі ў лодку і прыўзнялі чырвоныя вёслы. Мафута таксама залез на карму пад тэнт і ўзяў у рукі вялікае жоўтае вясло.

- Я буду рулявым, - сказаў ён цвёрда. - За стырном павінен сядзець самы мудры чалавек.

- А я сяду на носе, - гукнуў Цікі. - Буду назіраць за камянямі і парогамі.

Мафута падаў каманду, і пад развітальныя воклічы жыхароў вёскі, што стоўпіліся на беразе, лодка накіравалася на сярэдзіну ракі. А там вёслы дружна апусціліся ў ваду, і каноэ паляцела наперад, як птушка.

Цікі азірнуўся - з берага ім усміхаліся і махалі рукамі, але праз імгненне і вёска, і людзі зніклі з вачэй.

Цэлы дзень лодка плыла ўніз па цячэнню.

Такой асалоды ад паездкі ў лодцы Цікі яшчэ ніколі не адчуваў. Ён сядзеў высока на носе і ўважліва глядзеў наперад. Калі заўважаў на вадзе якую небяспеку - вялікія камяні ці бярвенні, - ён крыкам папярэджваў Мафуту.

Ні хвіліны не адпачывалі вёслы: высока ўзнімаліся і, бліснуўшы на сонцы, апускаліся ў ваду, пераліваючыся срэбрам, як пляскатыя рыбіны, і каноэ імкліва ляцела наперад.

Абапал Цікі імчаліся зялёныя берагі, і за кожным выгібам ракі перад яго вачыма адкрываліся новыя цудоўныя краявіды.

Імклівы бег лодкі наганяў страх на жывёл, што былі на берагах альбо знаходзіліся ў вадзе. Алені, не дапіўшы, спалохана ўцякалі на бераг, бегемоты з шумным плюханнем ныралі ў ваду, кракадзілы паспешліва адплывалі з мелкаводдзя.

Абапал ракі лес поўніўся тысячагалосым крыкам птушак, і ні на момант не сціхаў узрушаны лямант малпаў.

У такт вёслам воіны спявалі песню:

 

Сушы вёслы,

Мачы вёслы,

Вёслы ўгору,

Вёслы ўніз.

 

Рытм песні падганяў весляроў. На чорных спінах іскрыліся кроплі поту, на плячах і руках перакочваліся мускулы, і лодка ляцела наперад, як страла.

Падарожжу надыходзіў канец.

Вячэрнія цені моцна выцягнуліся, калі Мафута накіраваў лодку к берагу.

- Адсюль да школы ўжо блізка, - сказаў ён. - Прайсці толькі лес.

Воіны і Цікі з Мафутам выйшлі з каноэ і паціснулі рукі чатыром рыбакам, якія павінны былі вярнуцца на лодцы назад.

- Перадайце вашаму правадыру вялікае дзякуй, - сказаў ім Мафута. - Мы не забудзем яго дабрату.

Усе пастаялі на беразе, пакуль прыгожая лодка не знікла з вачэй, і падаліся ў лес. Навокал паступова цямнела, апалены сонцам лес выпраменьваў вячэрнюю духмянасць.

Ледзь прыкметная сцяжынка перайшла ў добра пратаптаную сцежку, якая, нарэшце, вывела на шырокую, роўную, пясчаную дарогу.

Неўзабаве Цікі ўбачыў здалёку школьны будынак.

Які ён быў прыгожы! Трохпавярховы, з вялікай верандай, павітай цяністымі паўзучымі раслінамі, з сотняй акон, у якіх ззяла, адлюстроўваючыся, вячэрняе сонца.

Школа была абгароджана каменнай сцяной з прыгожымі жалезнымі варотамі.

Калі яны падыходзілі, маленькі хлопчык заўважыў іх, імгненне пастаяў, вылупіўшы вочы, а потым стрымгалоў кінуўся ў вароты і знік з вачэй.

К таму часу, калі Цікі, Мафута і воіны прыйшлі на двор, навіна абляцела ўсіх, і іх сустрэў натоўп школьнікаў і школьніц, якія ўзрушана мармыталі нешта, у захапленні пазіраючы на страўсавае пер'е, скураныя шчыты і зіхатлівыя коп'і воінаў.

Цікі адначасова адчуваў і збянтэжанасць, і гордасць. Такое здарылася б і з любым іншым навічком, які з'явіўся б у школу з эскортам з васьмі суровых воінаў!

Калі яны спыніліся, з будынка выйшаў высокі чалавек і прывітаў іх.

- Хто да нас прыйшоў? - спытаў ён, весела бліснуўшы вачыма. - Вярхоўны Правадыр?

Цікі пачаў паспешліва тлумачыць:

- Не... ці бачыце, пане...

Але Мафута паклаў яму руку на плячо і, усміхнуўшыся, сказаў:

- Гэта вельмі доўгая гісторыя. Адразу не раскажаш. Ва ўсякім разе, пакуль не зусім яшчэ сцямнела, мне з воінамі трэба пакінуць вас.

Дырэктар школы ветліва кіўнуў галавой.

- Ну добра, Цікі, - прамовіў ён, - развітайся са сваімі сябрамі, а потым Нкота, вось гэты хлопчык, пакажа табе, куды ісці. Крыху пазней мы яшчэ ўбачымся з табой, - сказаўшы гэта, дырэктар вярнуўся ў школьны будынак.

Цікі падзякаваў воінам.

Потым развітаўся з Мафутам.

- Я ніколі не забуду нашага падарожжа, - сказаў ён і раптам зажурыўся і ледзь не заплакаў. Ён проста не мог уявіць сабе свет без свайго вялікага ўсмешлівага сябра.

- Я таксама заўсёды буду помніць, - буркнуў Мафута панура. - Але не сумуй, Цікі. Перад самымі канікуламі напішы мне, я прыйду па цябе.

Яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі. Потым Мафута і воіны павярнуліся і хутка пакрочылі назад, у згусцелы прыцемак.

Цікі ўбачыў, як Мафута азірнуўся, памахаў рукой і разам з воінамі знік у лесе. Ён адчуваў сябе адзінокім, пакінутым.

Раптам Цікі пачуў ціхі голас:

- Ты пойдзеш са мной, Цікі, ці пастаіш яшчэ? Я пакажу табе нашу школу.

Цікі павярнуўся і ўбачыў побач з сабой Нкоту.

- Ага, - адказаў ён. - Я хачу пазнаёміцца з маім новым домам.

Абодва хлопчыкі накіраваліся да школы. Праз нейкі момант Нкота запытаў:

- У цябе было цікавае падарожжа? Здалёк прыйшоў?

- Так, - адказаў Цікі і раптам прыгадаў усё: і юнага воіна, і маленькага Дзік-Дзіка, і бабуінаў, і лясны пажар, і браканьераў-вандэробаў, і параненага слана, і цудоўныя казкі Мафуты. Самым яркім успамінам быў сам Мафута - яго добры, дужы і мудры спадарожнік.

- Так, Нкота. Я прыйшоў здалёку, і падарожжа маё было цудоўнае. Калі-небудзь раскажу.



Пераклад: Сямён Дорскі
Крыніца: Peter Joyce. Ticky. London, 1963.